Кансультацыі ідуць: ці здольны Лукашэнка дамовіцца з Захадам?


Belsat.eu разбіраўся, ці ёсць цяпер шанец на нармалізацыю стасункаў афіцыйнага Менску і Захаду, і чаму больш імаверным пакуль падаецца сцэнар захавання статус-кво.

Кіраўнік НАУ, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка ў эфіры «Белсату» 6 снежня заявіў, што многія еўрапейскія палітыкі схіляюцца да думкі, што «можа лепш паспрабаваць з Лукашэнкам дамовіцца». Яны лічаць, што, калі не ўводзіць новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі, то гэта створыць глебу для таго, каб Лукашэнка не ўцягнуўся ў вайну супраць Украіны больш актыўна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Павел Латушка ппадчас прэс-канферэнцыю ў варшаўскім «Музеі Вольнай Беларусі». Варшава, Польшча. 2 снежня 2022.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Паводле Латушкі, цяпер нават ідуць таемныя перамовы паміж афіцыйным Менскам і Еўразвязам.

«Я ведаю аб тым, што ідуць кансультацыі. Ужо тры раўнды як мінімум адбыліся па маіх звестках пры пасярэдніцтве швейцарскіх дыпламатаў, швейцарскага МЗС, і на ўзроўні намесніка міністра замежных справаў рэжыму Лукашэнкі Сяргея Алейніка (адзін з імаверных пераемнікаў Макея на пасадзе міністра – заўв. belsat.eu). Яны спрабуюць праз іх камунікаваць».

Кіраўнік НАУ таксама адзначыў, што існуе прынамсі адна буйная краіна Еўразвязу, якая лічыць, што ім такім чынам «удасца адарваць Лукашэнку ад Пуціна».

Нагодай для заўвагаў Латушкі стала сітуацыя з новым пакетам санкцыяў у сувязі з вайной ва Украіне. Еўразвяз плануе яго прыняць 12 снежня. Раней заходнія медыі паведамлялі, што ў рамках новага пакету абмежаванні будуць уведзены не толькі супраць Расеі, але і супраць Беларусі. Аднак на мінулым тыдні карэспандэнт радыё «Свабода» у Бруселі Рыкард Юзьвяк паведаміў, што ў новым пакеце санкцыяў, які плануецца прыняць 12 снежня, Беларусі не будзе. «Цікава, што Беларусь не з’яўляецца мішэнню (зноў)», – адзначыў журналіст.

Паводле Латушкі, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі заблакавалі дзве еўрапейскія дзяржавы. Адна з іх, імаверна, Вугоршчына.

Санкцыйны статус-кво

Нараканні кіраўніка НАУ на санкцыйную палітыку ЕЗ маюць свае падставы. Апошні пакет абмежаванняў супраць афіцыйнага Менску Еўразвяз прыняў яшчэ ў пачатку чэрвеня. Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі за гэты час не толькі не палепшылася, але па некаторых паказніках пагоршылася. Колькасць палітвязняў у Беларусі павялічылася на 220 чалавек – з 1221 да 1441 асобы (па стане на 7 снежня). Былі вынесены гучныя прысуды з вялікімі тэрмінамі пакарання журналістам Кацярыне Андрэевай, Ірыне Слаўнікавай, Дзянісу Івашыну, Ірыне Леўшынай, Андрэю Аляксандраву, Дзмітрыю Наважылаву, Андрэю Кузнечыку, Сяргею Сацуку ды іншым. Праваабаронцы па-ранейшаму фіксуюць факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання крымінальных справаў супраць іншадумцаў, а таксама факты ціску на палітвязняў у месцах адбыцця пакарання.

У параўнанні з пачаткам чэрвеня пагоршылася сітуацыя і адносна ролі Беларусі ў вайне супраць Украіны. У кастрычніку пачалася новая фаза эскалацыі: Лукашэнка даў дазвол на разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі. Цяпер у Беларусі сканцэнтравана каля 9 тысяч расейскіх жаўнераў, якія праходзяць навучанне на беларускіх палігонах пры дапамозе беларускіх інструктараў. Акрамя таго, толькі за кастрычнік Лукашэнка Расеі 211 адзінак вайсковай тэхнікі, у тым ліку 98 танкаў. Расейцы таксама працягвалі выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для абстрэлаў Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Журналистка «Белсату» Кацярына Андрэева і адвакат Сяргей Зікрацкі падчас суду у Менску. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Некаторыя еўрапейскія краіны выступаюць за сінхранізацыю санкцыяў супраць Расеі і Беларусі. У прыватнасці, паводле медыяў, такую пазіцыю займаюць Польшча, краіны Балтыі і Ірландыя. Але на ўзроўні ЕЗ гэты падыход не атрымаў поўнай падтрымкі.

Не былі ўведзены і персанальныя санкцыі за працяг палітычных рэпрэсіяў, хаця з адпаведнымі прапановамі выступалі беларускія дэмакратычныя сілы. Напрыклад, улетку каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення прасоўвала праект праваабарончага санкцыйнага пакету ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі за рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў, які мог бы атрымаць назву акт «За Кацярыну Андрэеву». Але такі акт не быў прыняты. 

Як адзначыў Латушка ў эфіры «Белсату» 6 снежня, ягоная каманда цяпер мае спіс з 210 прадстаўнікоў уладаў Беларусі (у тым ліку 24 суддзяў), якія мусяць трапіць пад персанальныя санкцыі. «Што перашкаджае іх унесці ў [санкцыйныя] спісы?» – задаў рытарычнае пытанне палітык.

Няўдалыя спробы перамоваў

Пра перамовы пры пасярэдніцтве Швейцарыі, аб чым распавёў Латушка, цяпер нічога не вядома. З іншых крыніцаў інфармацыя пра іх публічную прастору не трапляла, афіцыйных каментароў не было. Таму цяжка сказаць, наколькі сурёзнымі з’яўляюцца гэтыя кансультацыі і ці стаіць за гэтым рэальная гатовасць Менску і Бруселю дасягнуць пэўных дамоўленасцяў. Але варта адзначыць, што спробы ўладаў Беларусі распачаць перамовы з Захадам сёлета фіксаваліся ўжо прынамсі двойчы.

У красавіку кіраўнік МЗС Уладзімір Макей накіраваў еўрапейскім дыпламатам ліст, у якім заклікаў Еўразвяз да дыялогу. Незадоўга да гэтага, у сакавіку, на свабоду выйшлі шасцёра фігурантаў «справы TUT.by», а старшыню Саюзу палякаў Беларусі Анджэліку Борыс перавялі са следчага ізалятару на хатні арышт.

Неўзабаве пасля публікацыі ліста Макея з’явіліся чуткі пра нейкія таемныя перамовы пра змякчэнне санкцыяў, якія нібыта вёў экс-міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў. Умовы ўгоды, якая быццам тады абмяркоўвалася (факту перамоваў з удзелам Мартынава дасюль не пацвердзілі), нібыта выглядала наступным чынам: вызваленне 300 палітвязняў у абмен на аднаўленне калійнага транзіту праз порт Клайпеды.

Аналітыка
Як рэжым Лукашэнкі спрабуе памірыцца з Захадам
2022.05.24 20:14

Афіцыйны Менск спрабаваў выкарыстаць для зняцця санкцыяў харчовы крызіс, звярталіся з гэтай нагоды да генеральнага сакратара ААН. Як пісала ў траўні газета «The Wall Street Journal», улады ЗША нібыта абмяркоўвалі ідэю прыпыніць на паўгода санкцыі супраць беларускага калійнага сектару, калі Менск пагодзіцца на транспартаванне ўкраінскага збожжа праз Беларусь. Але ў выніку збожжавая здзелка была заключана без удзелу Лукашэнкі.

Што датычыць красавіцкага ліста Макея, то публічнай рэакцыі Бруселю на яго не было. Аднак факт таго, што канфідэнцыйны дакумент трапіў у медыі, сведчыў пра тое, што еўрапейскія дыпламаты тады скептычна паставіліся да звароту і не ўбачылі ў гэтай ініцыятыве перспектываў.

Наступная спроба мела месца ў верасні, калі Лукашэнка анансаваў амністыю і публічна выказаўся пра магчымасць «кампрамісаў» у пытанні вызвалення палітзняволеных. Адначасова кіраўнік Макей у Нью-Ёрку кулуарна сустракаўся з заходнімі дыпламатамі. Паводле Франака Вячоркі, падчас гэтых перамоваў Макей намякаў, што Лукашэнку трэба ратаваць ад Расеі, прапаноўваў Захаду «перагарнуць старонку», прасіў зняць санкцыі з калійнай галіны ды абяцаў павольна вызваляць палітычных вязняў пры ўмове, што не будзе ціску. Трое палітзняволеных у той перыяд былі памілаваны.

Але потым адбыліся перамовы Лукашэнкі з Пуціным, афіцыйны Менск абвінаваціў Украіну ў рыхтаванні нападу на Беларусь і абвесціў пра фармаванне супольнай расейска-беларускай групоўкі войскаў. А законапраект аб амністыі быў складзены так, каб вызваленне палітвязняў было амаль што выключана. На гэтым фоне палітычныя гульні афіцыйнага Менску з Захадам, як падавалася, гублялі ўсялякі сэнс. Прынамсі ў публічнай прасторы ніякіх сігналаў на гэты конт больш не з’яўлялася.

Аналітыка
Што азначае лукашэнкаўская амністыя?
2022.10.13 20:18

Паміж жаданнем і магчымасцямі

Калі рэжым Лукашэнкі пры дапамозе швейцарскіх дыпламатаў сапраўды цяпер спрабуе распачаць перамовы з Захадам, то прапановы афіцыйнага Менску наўрад ці будуць істотна адрозніваца ад таго, што агучвалася ў красавіку ці ў верасні. То бок улады Беларусі, імаверна, гатовыя паабяцаць не ўдзельнічаць наўпрост у вайне супраць Украіны і адпусціць частку палітвязняў узамен на частковае зняцце санкцыяў. Але каб з’явіўся шанец зрэалізаваць такі сцэнар, еўрапейскія палітыкі мусяць спачатку паверыць, што Лукашэнка гатовы да нармалізацыі не толькі на словах, але і на справе. Захад павінен убачыць ад уладаў Беларусі відавочныя крокі насустрач уласнаму грамадству і міжнароднай супольнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лукашэнка падчас праўладнага форуму на «Менск-Арэне», 17 верасня 2022 году.
Фота: president.gov.by

І ў красавіку, і ў верасні сігналы афіцыйнага Менску аб жаданні «перагарнуць старонку» не суправаджаліся рэальнымі дзеяннямі. Улады Беларусі здолелі тады пайсці на вызваленне літаральна некалькіх палітзняволеных. Хаця з улікам маштабаў цяперашніх рэпрэсіяў нават вызваленне пары сотняў палітвязняў у якасці жэста добрай волі істотна б не паўплывала на сітуацыю ў краіне. Той факт, што Лукашэнка на гэта дасюль не пайшоў, сведчыць аб тым, што ў любых паслабленнях ён працягвае бачыць пагрозу для сваёй улады.

Яшчэ больш складана выглядае сітуацыя з вайной. Ніякіх крокаў па дээскалацыі афіцыйны Менск не дэманструе – наадварот у Беларусі ў апошнія месяцы істотна павялічылася расейская групоўка войскаў. Любыя гарантыі Лукашэнкі ў такой сітуацыі выглядаюць не надта пераканаўчы. Змяніць сітуацыю мог бы вывад расейскіх войскаў з Беларусі, але гэта прывядзе да адкрытага канфлікту з Крамлём. Наўрад ці Лукашэнка да гэтага цяпер гатовы.

Варта прызнаць, што нежаданне Захаду дапусціць уцягвання беларускай арміі ў вайну супраць Украіны пакідае афіцыйнаму Менску пэўную прастору для манеўра (хай і зусім невялікую). Гэта тая тэма, на якой можна спекуляваць. Менавіта таму санкцыйная палітыка ў дачыненні Беларусі і РФ дагэтуль не сінхранізаваная, а новыя абмежаванні не ўводзіліся з чэрвеня.

Аналітыка
Рызыка ўступлення Беларусі ў вайну павялічваецца?
2022.12.05 17:49

Але прыняцце рашэнняў у межах ЕЗ на падставе кансэнсусу мае і адваротны бок для афіцыйнага Менску. Калі асобныя краіны блакуюць новыя санкцыі, то іншыя дзяржавы, якія займаюць больш бескампрамісную пазіцыю адносна Лукашэнкі, аналагічным чынам здольныя заблакаваць здзелку з афіцыйным Менскам. Асабліва калі такая здзелка будзе наўпрост супярэчыць заяўленым ЕЗ прынцыпам адносна Беларусі. А для таго, каб Захад карэнным чынам перагледзеў палітыку ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі цяпер няма ніякіх падставаў. 

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў