У Менску праходзяць перамовы кіраўнікоў МЗС падсанкцыйнай Беларусі і Вугоршчыны


Міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта сустракаецца ў Менску са сваім беларускім калегам Сяргеем Алейнікам. Пра гэта паведамляе БелТА. Сам Сіярта ўдакладняе, што прыляцеў абмяркоўваць мір ва Украіне.

Петэр Сіярта і Сяргей Алейнік. Менск, 13 лютага 2023 года.
Фота: Віталь Піваварчык / БелТА / belta.by

13 лютага ў Менску праходзяць перамовы кіраўнікоў МЗС Беларусі і Вугоршчыны. Вугорскі міністр замежных справаў і замежнага гандлю Петэр Сіярта абмяркоўвае з беларускім міністрам замежных справаў Сяргеем Алейнікам «далейшае ўзаемавыгаднае развіццё міждзяржаўных стасункаў». У праграме візіту кіраўніка вугорскай дыпламатыі запланаваныя перамовы з міністрам эканомікі РБ Аляксандрам Чарвяковым.

Адносна планаў візіту ў Менск Сіярта напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што «вайна ва Украіне становіцца ўсё больш жорсткай, больш людзей гіне ў выніку баявых дзеянняў. Цяпер трэба ўратаваць чалавечыя жыцці, і гэта можна зрабіць толькі з мірам».

Вугорскі міністр адзначыў: ягоная краіна «чакае, што ўсе чальцы міжнароднай супольнасці будуць дзеяць дзеля таго, каб забяспечыць неадкладны мір і пазбегнуць крокаў, якія рызыкуюць працягнуць альбо абвастрыць вайну».

«Я таксама буду рэпрэзентаваць гэтую мірную пазіцыю на сённяшніх перамовах у Менску. Відавочна, шмат хто нападзе на мяне праз візіт, але нашая пазіцыя зразумелая: каналы сувязі трэба трымаць адкрытымі. Калі б мы не паводзілі сябе так, я б таксама не змог сёння данесці паслання закліку да міру», – заявіў Петэр Сіярта.

Вядома, што гэтаму візіту папярэднічала тэлефанаванне месяц таму. Тады міністры дамовіліся «працягнуць дыялог».

Пасля тэлефанавання Петэр Сіярта напісаў у сацыяльных сетках, што добра ведаў Уладзіміра Макея, які знянацку памёр, і добра ведае Сяргея Алейніка паводле ягонай працы на пасадзе намесніка міністра. Тады ж Сіярта адзначыў, што «зацягванне канфлікту ва Украіне супярэчыць нацыянальным інтарэсам Вугоршчыны».

Адносна зместу супрацы з Беларуссю кіраўнік МЗС Вугоршчыны паведамляў, што краіны супрацоўнічаюць у сферах эканомікі, не закранутых санкцыямі, у асноўным у фармацэўтычнай прамысловасці, у сферы медычных прыбораў і сельскай гаспадаркі.

Вядома, што падчас тэлефанавання Сіярта прасіў Алейніка дапамагчы вугорскім дальнабойшчыкам, якія на той момант захраслі на заходняй мяжы Беларусі.

Петэр Сіярта мінулы раз наведваў Менск 3 сакавіка 2020 года.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў