«Прызнанне для рэжыму». Што хаваецца за візітам у Менск кіраўніка МЗС Вугоршчыны


У Менск 13 лютага прыбыў міністр замежных спраў Вугоршчыны Петэр Сіярта. Гэта першы за апошнія гады візіт такога маштабу ў Беларусь прадстаўніка адной з краінаў Еўрапейскага Звязу. Адбываецца ён на тле магчымага паслаблення еўрапейскіх санкцыяў у дачыненні да беларускай калійнай галіны.

Падчас візіт міністру замежных спраў Вугоршчыны Петэра Сіярта ў Беларусь. 13 лютага 2023 года. Крыніца: Szijjártó Péter / Facebook

«Я прывёз вам мір»?

У сваім Facebook міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта заявіў, што ягоны візіт звязаны з вайной ва Украіне: «Чалавечыя жыцці трэба ратаваць зараз, а гэта можна зрабіць толькі з мірам».

«Вугоршчына чакае, што ўсе чальцы міжнароднай супольнасці будуць дзейнічаць у імя міру як мага хутчэй і пазбягаць дзеянняў, якія рызыкуюць падоўжыць або абвастрыць вайну», – сказаў ён.

Паводле яго, менавіта гэтую пазіцыю плануецца прадстаўляць на перамовах у Менску, бо «каналы сувязі павінны быць адкрытымі».

«Калі б мы не дзейнічалі такім чынам, я не змог бы нават сёння перадаць пасланне закліку да міру», – сказаў Сіярта.

Менск удзячны Будапэшту

Аднак, нягледзячы на тлумачэнні самога Сіярты, беларуская дзяржаўная БелТА робіць акцэнты на іншых падзеях. Паводле агенцтва, у праграме візіту перамовы з міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Алейнікам і міністрам эканомікі Аляксандрам Чарвяковым. У парадку дня перамоваў – шляхі ўмацавання эканамічнага ўзаемадзеяння, міжнародная і рэгіянальная сітуацыя.

У прыватнасці, бакі падпісалі Праграму супрацы паміж МЗС на 2023 год. Яна прадугледжвае прадаўжэнне практыкі правядзення дыялогу паміж МЗС, комплекс захадаў для стымулявання эканамічнай супрацы, адукацыйных і культурных абменаў.

Менск, Беларусь. 13 лютага 2023 года. Крыніца: Szijjártó Péter / Facebook

БелТА адзначае, што кіраўнік МЗС Вугоршчыны толькі «закрануў украінскую тэму і яе ўплыў на сусветныя працэсы, а таксама важнасць мірнага ўрэгулявання канфлікту». Пры гэтым на сустрэчы з Алейнікам ён казаў пра неабходнасць рабіць усё магчымае для супрацы з Беларуссю.

«Сёння мы сутыкаемся з новымі выклікамі часу, – падкрэсліў Сіярта. – У нас вельмі вузкі калідор магчымасцяў у плане супрацы. Але мы павінны рабіць усё магчымае для супрацы на карысць нашых краін».

У сваю чаргу Алейнік заявіў, што Беларусь і Вугоршчына могуць слухаць і чуць адна адну. Паводле яго, беларускі рэжым высока цэніць тое, што яму ўдалося захаваць і падтрымліваць стасункі з Вугоршчынай. Прычым па розных напрамках.

Не першыя кантакты

Візіт Сіярты ў Менск з’яўляецца не адзіным прыкладам супрацы ўладаў Беларусі і Вугоршчыны на тле вайны ва Украіне і масавых рэпрэсіяў у Беларусі, нават у 2023 годзе. Напрыклад, кіраўнікі МЗС яшчэ 11 студзеня правялі тэлефонную размову, падчас якой абмеркавалі «актуальныя пытанні двухбаковай супрацы, хаду рэалізацыі дасягнутых раней дамоўленасцяў, перспектывы далейшага ўзаемадзеяння». А 31 студзеня ў Мінсельгасхарчы адбылося пасяджэнне сумеснай беларуска-вугорскай працоўнай групы, на якой абмяркоўваліся пытанні актывізацыі супрацы ў сферы сельскай гаспадаркі.

Да таго ж, у лістападзе 2022 года на пахаванне былога кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея ў Менск таемна прыязджаў намеснік Сіярты – дзяржсакратар, адказны за палітыку бяспекі ў МЗС Вугоршчыны Петэр Старай.

Праўда, 1 кастрычніка 2021 года падчас дыскусіі з удзелам абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай Сіярта заявіў, што нягледзячы на кантакты з уладамі Беларусі, Вугоршчына працягвае падтрымліваць беларусаў.

«Калі вы падтрымліваеце адносіны з дыктатарам, значыць падтрымліваеце гвалт, катаванні і зняволенне невінаватых у турмы», – сказала тады Ціханоўская.

«Лукашэнка быў бы не супраць сустрэцца»

У каментары «Белсату» гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман назваў візіт кіраўніка МЗС Вугоршчыны ў Беларусь поспехам рэжыму ў Менску, хай і сімвалічным.

«Рэжым Лукашэнкі з 2020 года і асабліва з 2021-га дамагаецца кантактаў на як мага вышэйшым узроўні. Пэўныя поспехі былі, але вымушаныя, калі тэлефанавалі Мэркель ці Бурэль [былая канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у справах вонкавай палітыкі і пытянняў бяспекі Жузэп Бурэль. – Рэд. belsat.eu] падчас міграцыйнага крызісу. Потым пачалася вайна, і ў лютым 2022 года тэлефанаваў Макрон [прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. – Рэд. belsat.eu]. І на гэтым усё скончылася. Сур’ёзныя еўрапейскія палітыкі з Лукашэнкам не размаўлялі і сапраўды высокіх сустрэчаў з міністрамі замежных справаў ні ў Макея, ні ў Алейніка не было», – адзначыў суразмоўца.

Менск, Беларусь. 13 лютага 2023 года. Крыніца: Szijjártó Péter / Facebook

Цяпер жа, дадаў ён, у Беларусь прыбыў міністр замежных справаў адной з краінаў Еўразвязу, хай і «з вельмі спецыфічнай палітыкай адносна санкцыяў, вайны і Украіны». Але самае цікавае, на яго думку, ці адбудзецца сустрэча Сіярты з Лукашэнкам. Аляксандр Фрыдман мяркуе, што «Лукашэнка быў бы не супраць сустрэцца», але пытанне, ці пойдзе Сіярта на гэта.

«Вугорскі бок не асабліва зацікаўлены ў тым, каб яшчэ пайсці на сустрэчу з Лукашэнкам. У яго такая адыёзная рэпутацыя, што сустрэча з ім можа быць зусім крытычна ўспрынятая», – падкрэсліў палітычны аглядальнік. Хоць і не выключыў магчымасць сустрэчы «за кулісамі».

Якая сапраўдная мэта візіту?

Візіт Сіярты ў Менск адбываецца на тле магчымага паслаблення заходніх санкцыяў у дачыненні Менску. Як паведамляе з Бруселю журналіст Рыкард Юзьвяк, «апошні пакет санкцыяў ЕЗ у дачыненні да Беларусі застаецца ў тупіку, галоўным чынам з прычыны прапанаваных адступленняў для беларускіх угнаенняў».

Пра санкцыі казалі і на сустрэчы ў Менску. Гэтак, кіраўнік МЗС Беларусі Алейнік адзначыў, што санкцыі «бяздумна насаджваюцца Бруселем і Вашынгтонам», «носяць відавочны антыгуманны характар, парушаюць базавыя правы чалавека, бо б’юць у першую чаргу па звычайных грамадзянах».

Каментар
Абмен «Баброўнікаў» на Пачобута. Ці прымусіць Польшча рэжым вызваліць палітвязня?
2023.02.09 21:49

«Людзі не могуць пабачыцца з роднымі і блізкімі з-за авіяэмбарга або штучна створаных нашымі суседзямі жахлівых чэргаў на межах з краінамі ЕЗ. Чальцы семʼяў і сваякі, якія раней свабодна ездзілі адзін да аднаго, у тым ліку ў памежжа, зараз вымушаныя адчуваць вялізныя цяжкасці праз незаконныя палітычныя дзеянні», – сказаў ён.

У сваю чаргу Сіярта выказаў спадзеў, што «гэтая жахлівая сітуацыя на мяжы Беларусі і Еўрапейскага Звязу таксама зменіцца да лепшага». Дый агулам назваў «памылковай» санкцыйную палітыку ЕЗ.

Як адзначыў Аляксандр Фрыдман, нельга выключаць і варыянту, што Сіярта прыехаў, каб прадставіць нейкія прапановы ад імя ўсяго Еўразвязу, бо, нягледзячы на публічную крытыку палітыкі ЕЗ, «за зачыненымі дзвярыма, калі прымаюцца рашэнні, вугорскі варыянт паводзіць сябе вельмі кааператыўна».

Агулам жа, на яго думку, вугорскі бок спрабуе сябе прадставіць як таго, хто размаўляе з усімі – і з Захадам, і з Масквой, і з Менскам. Будапэшт можа спрабаваць прадаць сябе як адзіную краіну Еўразвязу, якая можа размаўляць з рэжымам Лукашэнкі» і такім чынам падвысіць свой узровень у ЕЗ.

«Але там ёсць, канечне, і эканамічныя інтарэсы, звязаныя і з Беларуссю, і з Расеяй», – мяркуе палітычна аглядальнік.

Ён дадаў, што пазіцыі Вугоршчыны звязаныя не з сімпатыямі да Пуціна ці Лукашэнкі, а з пошукам эканамічных прэферэнцыяў і магчымасцяў. А вось рыторыка пра неабходнасць спынення вайны неабходная перадусім, «каб абгрунтаваць візіт у Беларусь».

«Пакуль усе ініцыятывы, з якімі выступала Вугоршчына, заставаліся на паперы, але там і канкрэтных ініцыятываў не было. Толькі заявы, што трэба знайсці кампраміс», – нагадаў гісторык.

Менск, Беларусь. 13 лютага 2023 года. Крыніца: Szijjártó Péter / Facebook

Рэакцыю ж афіцыйнага Кіеву, у якога з Будапэштам напружаныя стасункі, эксперт хутчэй не чакае. На яго думку, шмат будзе залежыць ад таго, якія будуць зробленыя заявы і ці сустрэнецца Сіярта з Лукашэнкам. Але, «калі нічога сенсацыйнага не адбудзецца, рэакцыі не будзе».

Сам жа візіт кіраўніка МЗС Вугоршчыны ў Менск Аляксандр Фрыдман агулам ахарактарызаваў як «прызнанне для рэжыму».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў