Абмен «Баброўнікаў» на Пачобута. Ці прымусіць Польшча рэжым вызваліць палітвязня?


Закрыццё ўладамі Польшчы памежнага пераходу «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю ў адказ на прысуд аднаму з лідараў Саюзу палякаў у Беларусі Анджэю Пачобуту можа спрыяць яго вызваленню. Але агулам улады ў Менску паспрабуюць гэтага пазбегнуць. Такое меркаванне ў каментары «Белсату» выказала Роза Турарбекава, кандыдатка гістарычных навук, дацэнтка, стажорка-даследчыца ўніверсітэту Юстуса-Лібіха (Нямеччына).

Фотаздымак мае ілюстрацыйны характар. Памежны пераход «Баброўнікі». 6 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Гісторык назвала «прадуманым крокам» рашэнне польскіх уладаў закрыць пункт пропуску «Баброўнікі» на беларуска-польскай мяжы ў адказ на рэпрэсіі супраць польскай дыяспары.

«Гэта не спантаннае рашэнне», – падкрэсліла экспертка.

Роза Турарбекава адзначыла, што ўлады Беларусі пры вынясенні прысуду маглі ўлічваць магчымую рэакцыю польскіх уладаў. Аднак, па яе словах, «сілавікі і сістэма «правасуддзя» працуюць згодна з уласным планам каму і які тэрмін вызначыць, і яны гэты план выконваюць».

На думку экспэрткі, адказ афіцыйнага Менску залежыць ад таго, якое ўражанне закрыццё пункта пропуску зробіць на Аляксандра Лукашэнку асабіста і ці будзе гэты ўдар дастаткова моцным і адчувальным, або рэжыму «ўжо ўсё адно». Пры гэтым Роза Турарбекава не выключыла, што польскаму ўраду прыйдзецца дзейнічаць яшчэ больш жорстка.

«Мне здаецца, што калі б перакрылі ўсе транзітныя шляхі з Беларусі ў Польшчу, асабліва напярэдадні магчымага змякчэння па калію, гэта б падштурхнула рэжым адпусціць Пачобута», – заявіла экспертка.

Тавар на «чорны дзень»

Роза Турарбекава не выключыла, што ўлады Беларусі ўсё ж могуць пайсці насустрач у пытанні асобных палітвязняў, у прыватнасці, Анджэя Пачобута.

Фотаздымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя ў падтрымку Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў у Беластоку, Польшча. 23 снежня 2022 года.
Фота: Белсат

«Але гэты гандаль, па ўсёй верагоднасці, пакуль яшчэ не пачаўся», – выказала здагадку яна.

Паводле яе слоў, беларускі рэжым пакуль спрабуе пазбегнуць гандлю па палітвязнях, «зберагаючы гэтую карту на больш чорны дзень». І замест гэтага спрабуюць «вынайсці» новую, напрыклад, камісію для вяртання палітэмігрантаў, якая, нягледзячы на імітацыю «прабачэння», накіраваная на паляпшэнне іміджу Лукашэнкі.

«На жаль, я баюся, што той, хто хоча гэта прыпаднесці як змякчэнне рэпрэсій, той і будзе гэта рабіць», – адзначыла Роза Турарбекова.

У прыватнасці, пра тое, што такі падыход працуе, можа сведчыць магчымае паслабленне санкцый у дачыненні да экспарту беларускіх калійных угнаенняў, напрыклад, у дачыненні да Івана Галаватага і Міхаіла Гуцэрыева. Але гэты меркаваны трэнд, накіраваны на змякчэнне санкцыйнага ціску, не адпавядае планам рэжыму па працягу рэпрэсій, падкрэсліла Роза Турарбекава.

У цэлым жа, нягледзячы на спробы змякчэння санкцый, і «не вельмі ясную і зразумелую палітыку ўкраінскага ўрада ў гэтай сувязі», Беларусь будзе і надалей знаходзіцца пад санкцыямі. Працягвацца гэта будзе датуль, пакуль на тэрыторыі краіны будуць знаходзіцца расейскія войскі і тым самым будзе захоўвацца пагроза іх прамога ўварвання або расейскіх нападаў з тэрыторыі Беларусі, падсумавала экспертка.

Hавiны
Журналісту Анджэю Пачобуту прысудзілі 8 гадоў калоніі
2023.02.08 14:44

8 лютага журналіста і актывіста незалежнага Саюзу палякаў Анджэя Пачобута прысудзілі да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у распальванні варожасці і закліках да санкцый. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

9 лютага міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў, што з 10 лютага будзе зачынены польскі пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю. Гэта зроблена «па прычыне важных інтарэсаў нацыянальнай бяспекі». На 9 лютага гэта быў самы загружаны пункт пропуску на мяжы дзвюх краін.

Па дадзеных польскіх медыя, закрыццё пераходу з’яўляецца адказам на прысуд рэжыму ў справе Анджэя Пачобута і рэпрэсіі Менску ў дачыненні польскай меншасці. А таксама сігнал, што Польшча можа прыняць рашэнні адносна іншых пераходаў – у Цярэспалю (на беларускім баку − Берасце) і Кукурыках (на беларускім боку − Казловічы).

Абнаўляецца
Польскае медыя: Закрыццё «Баброўнікаў» – гэта адказ на прысуд Пачобуту
2023.02.09 14:52

Марыюш Каміньскі таксама заявіў, што Польшча пашырае санкцыі супраць беларускіх уладаў, адказных за пераслед польскай меншасці ў Беларусі.

Прадстаўнік лагістычнай галіны ў ананімным каментары «Белсату заявіў, што галоўным відавочным вынікам такога рашэння для лагістычнай галіны стане тое, што «чэргі вырастуць, транзітны час таксама, а прастоі пойдуць у кошт перавозкі, а значыць і кошт перавозкі вырасце». Але пакуль самы просты прагноз.

У лістападзе 2021 года польскія ўлады ўжо закрылі памежны пераход «Кузніца». Тады гэта стала адказам на эмігранцкі крызіс, ініцыяваны ўладамі Беларусі ля мяжы з Польшчай.

Каментар
«Чэргі вырастуць, транзітны час таксама». Чаго чакаюць лагісты ад закрыцця «Баброўнікаў»
2023.02.09 14:08

Макар Мыш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў