Новы нафтавы «схематоз»? У Беларусь прыляцеў кіраўнік МЗС Венесуэлы


У Беларусі сустракаюць міністра замежных справаў Венесуэлы, для якога падрыхтавалі «насычаную праграму», перадае БелТА. Акрамя словаў пра «непарушнае сяброўства і ўзаемапавагу», на перамовах у Менску прагучалі заявы пра «інвентарызацыю эканамічных пагадненняў».

Міністр замежных справаў Венесуэлы Іван Хіль Пінта і міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік. Менск, Беларусь. 16 кастрычніка 2023 года.
Фота: sb.by

У першы дзень афіцыйнага візіту міністра замежных справаў Венесуэлы запланавалі ягоныя перамовы з беларускім калегам Сяргеем Алейнікам і з кіраўніцтвам парламента, а таксама наведванне БДУ. Таксама Іван Хіль Пінта сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам.

На перамовах прадстаўнікі падобных недэмакратычных рэжымаў казалі пра «моцныя вузы сяброўства, супрацы, узаемаразумення, узаемнай павагі і даверу», пра аднолькавыя каштоўнасці і погляды ў палітыцы, пра імкненне да «пабудовы справядлівага свету».

Пры гэтым згадалі і эканоміку.

«На працягу гісторыі нашых стасункаў ухвалена 32 пагаднення. Мы дамовіліся з калегам, што зладзім пэўную інвентарызацыю гэтых пагадненняў, асабліва тых, што рэгулююць пытанні эканамічнага ўзаемадзеяння», – заявіў Алейнік.

Ён прызнаў «пэўны спад у гандлі, што звязаны з наступствамі санкцыяў», аднак анансаваў развязанне праблемаў дзеля таго, каб перазапусціць праекты ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і харчаванні, у тым ліку – аднаўленне зборачнай вытворчасці беларускай трактарнай і аўтамабільнай тэхнікі ў Венесуэле.

Беларусь плануе экспартаваць у Венесуэлу харчы, сельскагаспадарчую тэхніку. Усё гэта будзе абмяркоўваць сумесная камісія ў гандлёва-эканамічнай супрацы 28–29 лістапада.

Бакі дамовіліся, што ў беларускіх ВНУ будзе больш студэнтаў з Венесуэлы, а Менск і Каракас звяжуць наўпроставыя авіязносіны сіламі венесуэльскай кампаніі «Conviasa».

Каментар
Гуаідо сышоў з Венесуэлы. Якія ўрокі Ціханоўская можа вынесці з венесуэльскага двоеўладдзя?
2023.04.25 22:26

Пры гэтым яшчэ ў 2011 годзе, калі паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман быў у Каракасе і сустракаўся з Нікалясам Мадурам, які называе сябе прэзідэнтам рэспублікі, паведамлялася пра падпісанне дамовы аб наўпроставых авіязносінах між краінамі. Шэйман заяўляў, што бакі дамовіліся аб запуску прадпрыемства ў вытворчасці трактароў і грузавікоў ды дамагліся паразумення ў тым, як выбудоўваць працу ў транспарце і здабычы нафты.

А ў 2021 годзе пра «перазапуск праектаў у сферы будаўніцтва і прамысловасці» казаў адмысловы пасланнік кіраўніка Венесуэлы пасля сустрэчы з Лукашэнкам у Менску.

Hавiны
БРЦ: Лукашэнка застаўся вінны Венесуэле амаль паўтара мільярда долараў
2023.04.12 19:03

Эканаміст Алесь Чайчыц у каментары «Белсату» адзначыў, што Беларусь можа цікавіць у далёкай краіне толькі нафта, бо венесуэльская эканоміка, мякка кажучы, не ў бліскучым стане.

«Кірункі супрацы – звычайныя: у Венесуэле маецца нафта, у Беларусі – жаданне нафту атрымаць або спрабаваць здабываць. Эканоміка Венесуэлы ў крызісе, гэта такая ж краіна-ізгой, як Беларусь».

Кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі Уладзімір Астапенка ў размове з «Белсатам» нагадаў, што гэты візіт венесуэльскага чыноўніка адбываецца на фоне нежадання Менску вяртаць доўг за нафту – каля $1,5–2 млрд. «Гэтае пытанне, мяркую, будзе ўзнімацца», – сказаў палітык і дыпламат.

Паводле яго, цяперашнія ўлады Беларусі хочуць не плаціць валютаю, а знайсці нейкія іншыя варыянты, напрыклад, бартар. Як сказаў Астапенка, бакі паспрабуюць пабудаваць эканамічныя схемы, аднак іхная мэтазгоднасць «выклікае вельмі вялікія пытанні».

«Не так проста наладзіць супрацу з краінаю, што знаходзіцца на вялікай адлегласці», – канстатаваў наш суразмоўца.

Ён адзначыў, што Венесуэла была патрэбная дзеля шантажу Расеі, калі Менск пасварыўся з Масквою праз кошты на нафту. Тады Лукашэнка рабіў выгляд, што Беларусь дасць рады і без расейскай сыравіны. «Баліварыянскую» нафту вазілі ў нашую краіну танкерамі ў парты Украіны, Літвы і Эстоніі, а затым – чыгункаю. Аднак такая дастаўка была складанаю і дарагою.

У росквіце стасункаў паміж Менскам і Каракасам вырас гандаль, Беларусь пастаўляла на іншы канец свету тэхніку, прадукцыю машынабудавання, калійныя ўгнаенні, сухое малако, адкрыла ў Венесуэле вытворчасць трактароў і цяжкавікоў, будавала жыллё.

Пасля смерці ў 2013 годзе тагачаснага прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавэса амаль уся супраца з’ехала на нішто.

Давайце разбірацца
Зброя, нафта, тэрарызм і наркотыкі. Сакрэты беларуска-венесуэльскага сяброўства ў расследаванні «Белсату»
2017.10.12 00:43

Валянцін Васіленка, Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў