Знялі з пасады паверанага ў справах Беларусі ў Варшаве


«Выканаўца абавязкаў амбасадара Беларусі ў Польшчы» Аляксандр Часноўскі страціў пасаду саветніка-пасланніка амбасады Беларусі ў Польшчы ў сувязі са сканчэннем кантракту, пастанавіў Савет міністраў.

Часовы павераны Беларусі ў Польшчы Аляксандр Часноўскі кіруецца ў МЗС Польшчы.
Фота: Белсат

Пастановай таксама вызвалілі з пасады кіраўніка адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» Андрэя Ярцава. У яго таксама скончыўся кантракт. На ягонае месца прызначылі Паўла Марыненку.

На пасаду саветніка-пасланніка Амбасады Беларусі ў Польшчы не прызначылі нікога – толькі знялі з пасады Аляксандра Часноўскага праз сканчэнне кантракту.

Часноўскі стаў часовым павераным – «выканаўцам абавязкаў амбасадара» – пасля таго, як у кастрычніку 2020 года Беларусь адклікала амбасадара з Польшчы «для кансультацыяў» і заклікала Польшчу адклікаць свайго амбасадара. З таго часу амбасадары так і не вярнуліся ў краіны працы.

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі амаль тры гады быў «амбасадарам у выгнанні», а ў верасні 2023 года быў прызначаны спецыяльным прадстаўніком Міністэрства замежных справаў Польшчы ў кааперацыі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі – фактычна, захаваў старую працу, толькі пад новай назвай.

Хто цяпер будзе прадстаўляць рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў Польшчы, невядома. Але магчыма нават, што з Часноўскім заключаць новы кантракт у амбасадзе – і ён такім чынам захавае званне часовага паверанага.

Часноўскі вёў мала публічнай дзейнасці: ён збольшага браў удзел у мемарыяльных і святочных акцыях, а таксама хадзіў па выкліках у Міністэрства замежных справаў Польшчы, калі здараліся канфлікты Варшавы з афіцыйным Менскам.

Інтэрв’ю
Калі ў Беларусі будуць змены і як спраўляецца Ціханоўская? Вялікая гутарка з экс-амбасадарам Польшчы
2023.09.18 15:58

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў