Лукашэнка прыехаў да Пуціна і папрасіўся ў саюз з Паўночнай Карэяй


Аляксандр Лукашэнка 15 верасня сёмы раз з пачатку года сустрэўся з Уладзімірам Пуціным. Сустрэча прайшла ў Сочы – на тых самых фатэлях, якія сталіся крыніцаю мэмаў. На момант публікацыі не паведамлялася аб нейкіх лёсавырашальных заявах кіраўнікоў Беларусі і Расеі.

Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Сочы, Расея. 15 верасня 2023 года.
Фота: Kremlin.ru

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, былі «не тое, што перабоі, а нейкія цяжкасці» з паступленнем паліва ў Расею, але сітуацыю «стабілізавалі», хоць, як перадае сайт Крамля, Лукашэнка сказаў, што «нас намагаліся моцна нахіліць». Са сказанага ім і Уладзімірам Пуціным выглядае, што Расея прасіла павялічыць ёй продаж, хоць сабралася зрабіць умовы для беларускіх дастаўцаў менш выгаднымі. Лукашэнка ж сказаў, што «так, мы крыху збяднелі, бядней крыху жывём, трошкі-трошкі зусім».

Закраналі і тэму «паглыблення інтэграцыі»: Лукашэнка сказаў, што выканана «звыш 80 % задачаў», а што засталося, тое «даціснуць».

«У дробязях усе пытанні – пачынаючы ад ВПК і іншага, звязанага з украінскім канфліктам, – усе гэтыя пытанні практычна вырашаныя», – запэўніваў Лукашэнка Пуціна.

Перад гэтым Лукашэнка прыязджаў да Пуціна 23–24 ліпеня ў Санкт-Пецярбург, а пазамінулы раз яны сустракаліся 9 чэрвеня ў Сочы. Пуцін жа перад тым сустракаўся з кіраўніком Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам. Лукашэнка прапанаваў Пуціну «падумаць і аб супрацы недзе на траіх: Паўночная Карэя, Расея – я думаю, кавалак працы і Беларусі там знойдзецца».

Пуцін зноў прымаў Лукашэнку ў залі з нізкімі фатэлямі, якія ў 2020 годзе выклікалі хвалю мэмаў. Адметна, што Пуцін прымаў Кім Чэн Ына на фатэлях, якія не «заніжалі» госця, а ў 2019 годзе сам сядзеў перад паўночнакарэйскім літарам у «позе Лукашэнкі». На мінулай сустрэчы ў Санкт-Пецярбурзе Лукашэнка і Пуцін сядзелі на фатэлях, якія дазвалялі высокаму чалавеку не раскарачвацца. А мінулы раз у Сочы Пуцін прымаў Лукашэнку за абедзенным сталом. Акрамя таго, крамлёўскія фатографы наўмысна ці ненаўмысна выбіраюць не самыя ўдалыя кадры з Лукашэнкам і не рэтушуюць ягонага твару.

Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Сочы, Расея. 15 верасня 2023 года.
Фота: Kremlin.ru
Hавiны
Міністр абароны Кітаю знік неўзабаве пасля візіту да Лукашэнкі
2023.09.15 09:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў