«Гэта не дэпартацыя». Беларус Іван Красоўскі распавёў пра нюансы сваёй справы аб нелегальным знаходжанні ва Украіне


28 лютага з’явілася інфармацыя пра прымусовую дэпартацыю з Украіны былога беларускага палітвязня Івана Красоўскага. Ён сапраўды прайграў у судзе першай інстанцыі, куды падаваў заяву з просьбай аб адмене рашэння міграцыйнай паліцыі. Але гаворка ў тым рашэнні, як патлумачыў «Белсату» сам Іван Красоўскі, ішла пра «выдварэнне ў трэцюю дзяржаву», а не пра дэпартацыю, тым больш у Беларусь. Іван не збіраецца зʼязджаць з Украіны і мяркуе падаць апеляцыйную скаргу на пастанову суду.

Іван Красоўскі ў кіеўскім судзе.
Фота: @ira_lukashenkoo / Twitter

«Справу разбіраў Дняпроўскі раённы суд Кіева. Мне адмовілі ў скасаванні рашэння міграцыйнай паліцыі аб выдварэнні з краіны. 3 сакавіка атрымаем на рукі пастанову суду і будзем рыхтаваць апеляцыйную скаргу ў суд вышэйшай інстанцыі. Я вельмі спадзяюся, што наступны суд разбярэцца ва ўсіх нюансах. А калі не – буду абскарджваць аж да Рады па правах чалавека ў ААН, але, думаю, да гэтага не дойдзе», – мяркуе былы палітвязень Іван Красоўскі.

Ён падкрэслівае, што ў кожным разе яго ніхто не будзе гвалтоўна вяртаць з Украіны ў Беларусь. Нават калі б не ён звярнуўся ў суд, то цягам 10 дзён мог выехаць з Украіны ў любую трэцюю краіну, выконваючы рашэнне міграцыйнай паліцыі.

«У міграцыйнай службе – нармальныя людзі»

Івана Красоўскага затрымалі ў Кіеве 17 кастрычніка 2022 года і склалі пратакол за нелегальнае знаходжанне на тэрыторыі Украіны. Беларуса пакаралі за гэта штрафам (5100 грыўняў) і выдварэннем з краіны з забаронай уезду на тры гады. Акурат гэтае рашэнне міграцыйнай паліцыі Іван абскарджваў у кіеўскім судзе.

Ён кажа, што сітуацыя з яго «выдварэннем» магла б лёгка развязацца, калі б супрацоўнік міграцыйнай паліцыі, які афармляў пратакол, звязаўся б з міграцыйнай службай і даведаўся, што Красоўскі ўжо падаў туды дакументы і толькі праз збег абставінаў не атрымаў адтуль даведкі аб легальным знаходжанні.

«Наагул, у міграцыйнай службе нармальныя людзі, і да іх ніякіх пытанняў няма. Яны самі былі ў шоку з таго, што ў мяне такая сітуацыя. Таму што міграцыйная паліцыя ім не паведаміла пра мяне», – тлумачыць Іван Красоўскі.

У Беларусі Іван Красоўскі больш за паўгода знаходзіўся за кратамі. Прайшоў праз катаванні на Акрэсціна, пасля якіх апынуўся ў інвалідным вазку. Быў прызнаны палітзняволеным і зʼехаў з Беларусі пасля таго, як у лютым 2021 года яго прысудзілі да трох гадоў «хіміі» паводле арт. 342 КК. Некаторы час Іван хаваўся ў Расеі, а ў ліпені 2021-га нелегальна перайшоў мяжу з Украінай.

«Украіна – гэта ўжо другая радзіма для мяне»

У міграцыйную службу хлопец занёс дакументы з просьбай аб наданні статусу ўцекача ў кастрычніку 2021 года. Як расказвае, дакументы адсканавалі і паабяцалі, што перазвоняць праз некалькі месяцаў, каб забраць даведку аб легальным знаходжанні (выдаецца на час разгляду справы). Аднак, праз вялікую загружанасць і ковідныя абмежаванні, як мяркуе Іван, да канца года так і не пазванілі. На пачатку 2022-га Іван трапіў у шпіталь.

«Зʼявіліся моцныя праблемы са здароўем. Даліся ў знакі катаванні ў СІЗА. Так моцна развіўся ПТСР (посттраўматычны стрэсавы разлад – заўв. «Белсат»), што проста край. Прычым я папярэдзіў «міграцыйку», і камісар сказаў, што ніякіх праблемаў няма. У сярэдзіне лютага, калі быў яшчэ ў шпіталі, пазванілі з міграцыйнай службы і запрасілі на інтэрвʼю.

Каб я прыйшоў тады, то знялі б у мяне адбіткі, выдалі б даведку – і гэтай сітуацыі, якая здарылася, у мяне не было б, але прыйсці я не мог…» – расказаў былы палітвязень.

Праз два дні па выпісцы Івана з лякарні пачалася вайна. Нейкі час міграцыйная служба ўвогуле не працавала. Беларус спачатку займаўся валанцёрствам, а потым пачаў здымаць дакументальны фільм пра вайну. Ездзіў на перадавую. Расказвае, што, калі ўзнікалі пытанні з адсутнасцю дакументаў на блок-пастах, праблемы развязваліся званком у міграцыйную службу і спраўджаннем у інтэрнэце, што сапраўды быў палітзняволеным (меў пры сабе яшчэ паперу ад Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў). На жаль, у выпадку ягонага затрымання 17 кастрычніка ў Кіеве, куды на пару дзён вярнуўся са здымак, гэтая схема не спрацавала.

Іван Красоўскі называе сітуацыю, у якую трапіў, «абсурднай» і ўпэўнены, што рашэнне міграцыйнай паліцыі аб яго выдварэнні ў выніку будзе скасаванае, але пакуль не будзе пазітыўнага рашэння суду, працягваць здымкі фільму не атрымаецца. Варыянт жа выехаць з Украіны, напрыклад, у Польшчу Іван нават не разглядае.

«Я не хачу з Украіны выязджаць. Я тут большы карысці агульнай справе прынясу, чым у той жа Польшчы. Украіна – гэта ўжо другая радзіма для мяне», – гаворыць Іван Красоўскі.

Беларус збіраецца падаваць апеляцыйную скаргу на рашэнне Дняпроўскага раённага суду, агучанае 28 лютага.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў