Генсакратар NATO – «Белсату»: Мы ведаем, што рэжым у Менску не рэпрэзентуе народу Беларусі


На прэс-канферэнцыі перад сустрэчаю міністраў абароны краінаў NATO 13 лютага генеральны сакратар альянсу Енс Стольтэнбэрг адказаў «Белсату» пра аддзяленне беларусаў ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў пытанні суўдзелу ў вайне ва Украіне.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на прэс-канферэнцыі. Брусель, Бельгія. 13 лютага 2022 года.
Фота: nato.int

Журналіст «Белсату» Сяргей Пеляса на прэс-канферэнцыі сказаў генеральнаму сакратару Паўночнаатлантычнага альянсу, што большая частка беларускага народу не падтрымлівае агрэсіі Расеі супраць Украіны, таму рэжым Аляксандра Лукашэнкі не пастанавіў адкрыта браць удзел у агрэсіі, а толькі падтрымлівае яе. І спытаў: якая пазіцыя NATO адносна гэтага суўдзелу рэжыму Лукашэнкі, ці аддзяляе NATO палітычны рэжым ад беларускага грамадства?

«Так, бо мы ведаем, што Беларусь не дэмакратычная, – адказаў Стольтэнбэрг «Белсату». – Мы ведаем, што рэжым у Менску не рэпрэзентуе народу Беларусі, бо мы бачылі, як выбары былі абсалютна падробленыя, як выбараў не паважалі. Так што мы ведаем, што людзі ў Беларусі маюць зусім не такое меркаванне пра вайну, як рэжым.

Вядома, рэжым суўдзельнічае ў расейскай незаконнай вайне. Хоць Беларусь не паслала сваіх уласных войскаў, яны дазволілі прэзідэнту Пуціну, Расеі выкарыстаць Беларусь як платформу запуску атак супраць Украіны. Вы памятаеце, як у пачатку вайны, калі пачалося ўварванне, сілы прыйшлі з поўначы, з Беларусі, планавалі ўзяць Кіеў».

Беларускую тэрыторыю працягваюць выкарыстоўваць для ракетных атак на Украіну, адзначыў Стольтэнбэрг. У 2022 годзе з тэрыторыі і паветранай прасторы Беларусі расейскія войскі неаднаразова запускалі ракеты па ўкраінскіх гарадах.

Аднак апошні раз пускі ракетаў з Беларусі фіксавалі ў кастрычніку 2022 года, потым выказваліся толькі здагадкі пра таемныя запускі дронаў-камікадзэ з беларускай тэрыторыі, ды маніторынгавыя групы не мелі пацверджанняў такіх запускаў. Але расейскія самалёты, здольныя запускаць ракеты па Украіне, лётаюць над Беларуссю ці не штодня – і ў любы дзень могуць аднавіць абстрэлы.

Стольтэнбэрг таксама згадаў супольныя вучэнні беларускіх і расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі: гэта выклік для ўкраінцаў, сказаў ён. Украінскія і заходнія аналітыкі звярталі ўвагу на гэтыя вучэнні, але пакуль не бачылі фармавання новай ударнай групоўкі, здольнай сур’ёзна пагражаць Кіеву.

«Беларускі рэжым не павінен быць суўдзельнікам, не павінен падтрымліваць незаконную расейскую вайну, – рэзюмаваў Стольтэнбэрг. – Гэта парушэнне міжнароднага права. І гэта тое, што Беларусь, вядома, мусіць асуджаць».

Аляксандр Лукашэнка тым часам адкрыта прызнаваў суўдзел Беларусі ў расейскім нападзе на Украіну, нават называў сябе суагрэсарам – жартаваў з таго, хто з іх з Пуціным больш шкодны і таксічны.

Hавiны
Ні магутнай авіяцыі, ні ПДВ, ні ракетаў. Ва Украіне распавялі пра войскі РФ у Беларусі
2023.01.25 13:54

Сяргей Пеляса, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў