Прывід другога фронту. Ці захоўваецца пагроза ўступлення Беларусі ў вайну?


Заходнія аналітыкі лічаць, што Расея ўжо распачала вялікі зімовы наступ, падчас якога асноўныя сілы агрэсара будуць кінутыя на заваяванне Данбасу. Што гэта азначае для Беларусі? Ці знізілася рызыка ўступлення нашай краіны ў вайну? Ці можа сітуацыя пагоршыцца?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія салдаты праходзяць вучэнні на палігоне «Берасцейскі». 7 лютага 2023 года.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Што вядома пра расейскую групоўку ў Беларусі

Пагроза ўступлення Беларусі ў вайну нарастала з кастрычніка 2022 году, калі на тэрыторыю краіны пачалі прыбываць механізаваныя злучэнні Заходняй вайсковай акругі РФ пад выглядам разгортвання Рэгіянальнай групоўкі войскаў. На пачатку студзеня 2023 года назіралася актывізацыя вайсковай актыўнасці: за два тыдні новага году з Расеі прыбылі больш за дзесяць вайсковых эшалонаў з тэхнікай і жаўнерамі. Паводле некаторых ацэнак, асабовая колькасць расейскай групоўкі ў Беларусі ў той момант вырасла да 13 тысячаў чалавек. У студзені таксама назіралася маштабнае перакідванне расейскай авіяцыі на беларускія аэрадромы ў межах супольных авіяцыйных вучэнняў.

Сітуацыі з расейскай групоўкай у Беларусі заўсёды надавалася пільная ўвага, бо здольнасць беларускага войска весці вялікую франтавую вайну без маштабнай дапамогі ўсходняга саюзніка шмат якія аналітыкі ставяць пад сумнеў. Разам з тым колькасць расейскіх сілаў у Беларусі засталася недастатковай для правядзення буйнамаштабных наступальных аперацыяў. Перад 24 лютага 2022 года сілы агрэсара ў Беларусі складалі 30 тысяч байцоў – то бок у два з лішнім разы больш, чым мела тут Расея ў першай палове студзеня 2023 года. Акрамя таго, няма звестак аб перакідванні і назапашванні цяжкага ўзбраення. Мяркуючы з інфармацыі неафіцыйнага каналу беларускіх чыгуначнікаў @belzhd_live і праекту «Беларускі Гаюн», у эшалонах, што прыбывалі ў Беларусь, везлі пераважна грузавікі, бензавозы і цягачы, а бранятэхнікі было зусім мала.

Больш за тое, у другой палове студзеня стала назірацца тэндэнцыя да скарачэння расейскай групоўкі: 2-я мотастралковая дывізія 1-я гвардзейскай танкавай арміі была перакінутая ў Луганскую вобласць. Колькасць расейскіх вайскоўцаў пасля гэтага ацэньвалася па-рознаму: 5800, 7500, 9000. Аднак у любым выпадку гэтага вельмі мала для новага ўварвання.

Калі прагнозы спецслужбаў і аналітыкаў наконт наступу на Данбасе слушныя, то наўрад ці ў гэтых умовах Расея здолее ў бліжэйшы час істотна нарасціць групоўку ў Беларусі. Імаверна, найбольш баяздольныя падраздзяленні цяпер будуць патрэбныя на ўсходзе Украіны. Таму, хутчэй за ўсё, для расейскіх вайскоўцаў Беларусь застанецца пакуль што трэнавальнай базай і не пераўтворыцца ў плацдарм для паходу на Кіеў.

Аналітыка
Ці ўступіць Беларусь у вайну? Пяць аргументаў на карысць і супраць найгоршага сцэнара
2023.01.06 07:00

Як падрыхтаваўся Лукашэнка

Пры гэтым вайсковыя рыхтаванні беларускага боку працягваюцца даволі інтэнсіўна. Беларускае войска фактычна з вясны 2022 года застаецца ў стане перманентных вучэнняў, трэнаванняў і праверак баявой гатовасці. У снежні, у межах «раптоўнай» праверкі баявой гатовасці, вайскоўцы адпрацоўвалі выхад на пазіцыі на паўднёвых межах, «зыходзячы з аналізу, досведу правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі на Украіне». 7–9 лютага было праведзенае трэнаванне з удзелам органаў дзяржаўнага кіравання, дзе адпрацоўваліся алгарытмы дзеянняў ва ўмовах «абвастрэння сітуацыі на межах Беларусі». А КДБ, МУС і Міністэрства абароны паралельна правялі супольныя «антытэрарыстычныя вучэнні» ў Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці.

У канцы 2022 года ўлады зладзілі беспрэцэдэнтнае паводле маштабаў правяранне мабілізацыйнай сістэмы. Некаторыя беларусы ў выніку атрымалі мабілізацыйныя прадпісанні: у іх паведамляецца, што ў выпадку абвяшчэння ў Беларусі мабілізацыі яны абавязаныя цягам 38 гадзінаў, не чакаючы позвы з ваенкамату, з’явіцца з пашпартам, вайсковым білетам, рэчамі і запасам ежы на дзень на мабілізацыйны пункт на пазначаны ў прадпісанні адрас. Такім чынам, вайсковаабавязаны адразу замацоўваецца за канкрэтным вайсковым падраздзяленнем.

Акрамя таго, улады не хавалі, што хочуць унесці ў заканадаўства папраўкі з улікам расейскага досведу мабілізацыі. Імаверна, гаворка ідзе пра дзве ініцыятывы: летась Палата прадстаўнікоў ухваліла наданне КДБ права абмяжоўваць грамадзянам права на выезд з краіны «ў мэтах нацыянальнай бяспекі» і падтрымала ўвядзенне смяротнага пакарання за дзяржаўную здраду, учыненую чыноўнікам або асобаю, «на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца».

Актывізацыю вайсковых перамяшчэнняў і вучэнняў на тэрыторыі Беларусі яшчэ можна палічыць «інфармацыйнай аперацыяй», мэта якой – адцягнуць частку сілаў ЗСУ. Такую думку, у прыватнасці, агучылі аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны (ISW) у снежні 2022 года. Але мабілізацыйныя рыхтаванні цяжка спісаць проста на нейкую імітацыю, бо яны ў адрозненні ад вучэнняў ці прапагандысцкіх заяваў будуць мець доўгатэрміновыя наступствы. Без мабілізацыі Беларусь наўрад ці зможа весці вялікую вайну, і цяпер да выканання гэтай перадумовы ўлады гатовыя значна лепш, чым год таму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы едуць на БМП-2 паблізу лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 8 лютага 2023 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

Тое ж самае датычыць пастановы Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя наконт патрабаванняў да стану здароўя прызыўнікоў. У абаронным ведамстве заявілі, што ім нібыта «паступае вялікая колькасць зваротаў грамадзянаў, якія лічаць, што патрабаванні да стану здароўя значна завышаныя». У выніку змены закранулі 22 з 89 пазіцыяў у спісе хваробаў. Цяпер у войска можна будзе прызываць грамадзянаў з блізарукасцю любога вока больш за 6,0 і да 8,0 дыёптрыяў, хворых на бранхіяльную астму, гемарой, атлусценне 2-й ступені, людзей з некаторымі формамі плоскаступнёвасці і дэфармацыі ступні.

Гэта не значыць, што такое рашэнне абавязкова прымалася з разліку на падрыхтоўку да ўварвання. Яшчэ задоўга да вайны вайскоўцы наракалі на тое, што Беларусь застаецца «на самым дне дэмаграфічнай ямы» і мабілізацыйнага рэсурсу не хапае. Разам з тым, увосень 2021 года тагачасны начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнаа ўпраўлення генерал-маёр Аляксандр Шкірэнка заяўляў, што «дэмаграфічная яма» ўсё ж не ёсць вялікай праблемаю для арміі. Па-першае, дастаткова людзей застаюцца служыць паводле кантракту, а, па-другое, Шкірэнка прагназаваў паляпшэнне дэмаграфічнай абстаноўкі ў 2025 годзе. Таму напрошваецца выснова, што на рашэнне Мінабароны знізіць патрабаванні да здароўя вайсковаабавязаных усё ж прама ці ўскосна паўплывала вайна ва Украіне.

Што гэта значыць

Актыўнае вайсковае рыхтаванне і стварэнне ўмоваў для эфектыўнай мабілізацыі могуць сведчыць, што ўступленне ў вайну з Украінай рэжым Аляксандра Лукашэнкі разглядае як цалкам рэальны сцэнар. Аднак у найбліжэйшы час гэта наўрад ці адбудзецца.

Нават калі ўявіць, што Лукашэнка наважыцца на ўварванне без маштабнага ўдзелу расейскіх сілаў, то падрыхтоўка да такога сцэнару ўсе роўна забярэ час: трэба будзе сфармаваць наступальную групоўку і, хутчэй за ўсё, правесці мабілізацыю. Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету для абароны Валерый Сахашчык 6 лютага ў інтэрв’ю «Нашай Ніве» заявіў, што прыкметы падрыхтоўкі да агрэсіі можна будзе распазнаць за 3–4 тыдні да яе пачатку. Гэтыя ацэнкі прыкладна адпавядаюць і тэмпам разгортвання расейскай наступальнай групоўкі перад уварваннем 24 лютага 2022 года – тады ўся падрыхтоўка заняла прыкладна пяць тыдняў. То бок нават калі прыкметы падрыхтоўкі да вайны з’явяцца цяпер, то раней за сакавік уварванне не пачнецца. А гэта вельмі скарачае сезоннае вакно магчымасцяў: у красавіку распачнецца вясновая бездараж, што не самы спрыяльны перыяд для наступальных аперацыяў. З гэтага можна зрабіць выснову, што як мінімум да траўня Беларусь ваяваць не будзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў недалёка ад мяжы з Беларуссю. 1 лютага 2023 года.
Фота: AP Photo / Daniel Cole / East News

Калі ўсё ж зыходзіць з таго, што ключавую ролю ва ўдары з тэрыторыі Беларусі мусяць адыграць расейскія вайскоўцы, то, імаверна, такі сцэнар магчыма рэалізаваць толькі бліжэй да восені – да гэтага часу Расея магла б правесці новую хвалю мабілізацыі і назапасіць рэзервы. Інстытут вывучэння вайны таксама лічыць, што канец 2023 года будзе найбольш зручным перыядам для расейскага ўдару з боку Беларусі.

Што да палітычнага складніка, то прыкметаў нагнятання абстаноўкі тут таксама няма. Рыторыка Лукашэнкі апошнія пару месяцаў істотна адрозніваецца ад ваяўнічых заяваў, якія ён рабіў год таму. Інцыдэнт з падзеннем ракеты С-300 каля вёскі Гарбаха на Берасцейшчыне не быў выкарыстаны для раскручвання мілітарысцкай істэрыі, хоць нагода, здаецца, была зручная. Больш за тое, Лукашэнка наогул ніводнага разу не выказаўся наконт падзення ўкраінскай ракеты. Замест гэтага ў студзені Лукашэнка пахваліў Украіну за тое, што яна не ідзе на правакацыі супраць Беларусі.

«Яны [заходнія краіны] спрабуюць і Украіну выкарыстоўваць супраць Беларусі. Але што мяне дзівіць і прыемна здзіўляе: Украіна пакуль трымаецца», – заявіў ён на сустрэчы з кіраўніком МЗС РФ Сяргеем Лаўровым.

24 студзеня Лукашэнка наогул распавёў, што Украіна нібыта прапанавала Менску падпісаць пакт аб ненападзе. Наўрад ці Лукашэнка гэтак бы сябе паводзіў, каб меў цвёрды намер у наступныя пару месяцаў уступіць у вайну.

Праўда, на палітычным і прапагандысцкім узроўні падрыхтоўка да ўварвання не патрабуе шмат часу. Беларуская дзяржава апошні год і так існуе ў прарасейскіх мілітарысцкіх наратывах, паводле якіх Украіна і краіны Захаду ёсць крыніцай пастаяннай пагрозы. Таму шлях ад «прыемнага здзіўлення» да абвінавачання Украіны ў «агрэсіі» можа быць кароткі – улады Беларусі не аднойчы дэманстравалі здольнасць імгненна змяняць рыторыку.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў