Як аналітыкі ISW абгрунтавалі свае высновы наконт Беларусі і чаго не заўважылі


Інстытут вывучэння вайны (ISW) прысвяціў чарговы агляд Беларусі: аналітыкі прааналізавалі ролю Аляксандра Лукашэнкі ў вайне і ацанілі перспектывы ўварвання беларускага войска ва Украіну. Belsat.eu распавядае, да якіх высноваў прыйшлі ў ISW і якія моманты ў дакладзе, на наш погляд, выклікаюць пытанні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Peter Kovalev / TASS / Forum

Галоўныя высновы і прагноз

У ISW мяркуюць, што ўступленне Беларусі ў вайну супраць Украіны ў агляднай будучыні вельмі малаверагоднае. Нават калі гэта адбудзецца, то, улічваючы надзвычай абмежаваную баявую моц, беларуская армія не здолее дасягнуць значных аператыўных поспехаў на полі бою. Эксперты ўпэўненыя, што Узброеныя сілы Беларусі не ў стане ні перарэзаць лініі забеспячэння на Заходняй Украіне, ні сур’ёзна пагражаць Кіеву. У найгоршым выпадку ўступленне Беларусі ў вайну адцягне ўкраінскія сілы ад іншых участкаў фронту.

Пры гэтым цяперашняе нагнятанне абстаноўкі на беларускім кірунку ў ISW называюць «інфармацыйнай аперацыяй», мэта якой якраз і заключаецца ў тым, каб адцягнуць частку сілаў ЗСУ. Але вельмі малаверагодна, што гэтая інфармацыйная аперацыя ёсць прадвеснікам рэальнага ўдзелу беларускай арміі ў канфлікце.

Інстытут вывучэння вайны прагназуе, што ў астатнім Беларусь працягне дапамагаць Расеі весці вайну ва Украіне:

«Беларусь можа прапанаваць Расеі рэсурсы, якія РФ не здольная атрымаць праз міжнародныя санкцыі, якія не выкарыстоўваюцца супраць Беларусі. Наданне Беларуссю тэрыторыі і паветранай прасторы дазваляе расейскім войскам падтрымліваць наступальныя аперацыі ва Украіне і наносіць удары па ўкраінскіх цывільных аб’ектах з бяспечнага месца».

Эксперты таксама адзначаюць, што Крэмль імкнецца ўмацаваць свой кантроль над Беларуссю. Менавіта ў гэтым кантэксце ў ISW разглядаюць намаганні Расеі ціснуць на рэжым Лукашэнкі, каб Беларусь і надалей падтрымлівала вайну супраць Украіны.

Чаму эксперты прыйшлі да такіх высноваў

Аналітыкі называюць некалькі прычынаў, чаму лічаць удзел беларускага войска ў вайне малаверагодным.

  1. Скарачэнне вайсковых рэсурсаў.

У ISW мяркуюць, што, падтрымліваючы цяпер Расею, Беларусь адначасова скарачае ўласныя рэсурсы, неабходныя для ўступлення ў вайну.

Аналітыкі спасылаюцца на звесткі праекту «Беларускі Гаюн», які паведаміў, што станам на сярэдзіну лістапада Беларусь перадала расейскай арміі 211 адзінак вайсковай тэхнікі, у тым ліку як мінімум 98 танкаў Т-72А. У Інстытуце вывучэння вайны адзначаюць: гэта прыблізна 18 % усіх танкаў беларускай арміі. У ISW кажуць, што ў «Беларусі не стае магчымасцяў для вытворчасці ўласных баявых браняваных машынаў», таму перадача гэтай тэхнікі Расеі абмяжуе здольнасць беларускіх механізаваных падраздзяленняў браць удзел ва ўварванні. Акрамя таго, Беларусь перадае расейскай арміі артылерыйскія боепрыпасы калібру 122 мм і 152 мм, праз што скарачаюцца ўласныя запасы снарадаў.

Аналітыкі ISW кажуць, што ўлады Беларусі, імаверна, імкнуцца схаваць маштабы перадачы вайсковай тэхнікі расейскай арміі. Эксперты звяртаюць увагу на ўзмацненне аховы чыгункі, а таксама захады ў абмежаванні распаўсюду інфармацыі пра перасоўванне вайсковых эшалонаў:

«Імаверна, улады Беларусі спрабуюць перашкодзіць заходнім і ўкраінскім спецслужбам цалкам ацаніць абʼём паставак беларускай вайсковай тэхнікі ў Расею. Беларусь можа скіраваць больш значную колькасць вайсковай тэхнікі расейскім войскам».

  1. Скарачэнне магчымасцяў для рыхтавання ўласных вайскоўцаў.

Інстытут вывучэння вайны адзначае, што Лукашэнка абмежаваны ў магчымасці трэнаваць асабісты склад беларускай арміі праз размяшчэнне на палігонах расейскіх войскаў.

Паводле ацэнак суполкі «Інфармацыйны супраціў», у Беларусі цяпер каля 12 тысячаў расейскіх мабілізаваных, якія тут рыхтуюцца і навучаюцца. Пры гэтым каля 10 тысяч беларусаў былі прызваныя ва Узброеныя сілы РБ у межах восеньскага прызыву. Такім чынам, вайсковая інфраструктура краіны перагружаная.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Henadz Zhinkov / Xinhua News Agency / Forum

«Падтрымка з боку Беларусі намаганняў у фармаванні расейскіх узброеных сілаў, імаверна, таксама перашкодзіць ёй падрыхтаваць больш беларускіх вайскоўцаў, калі б Лукашэнка захацеў павялічыць колькасць прызыўнікоў у наступным цыкле прызыву, каб быць гатовым да магчымых стратаў у баявых дзеяннях пасля меркаванага ўварвання Беларусі ва Украіну», – адзначаюць у ISW.

  1. Расейскія страты і настроі ў беларускім войску.

Яшчэ адзін фактар, які, на думку ISW, зніжае імавернасць удзелу беларускай арміі ў вайне, – гэта дэградацыя расейскага войска.

Аналітыкі адзначаюць, што тэарэтычна беларуская вайскоўцы павінны быць здольныя дзеяць у зводных частках разам з расейскімі сіламі. Фармаванне такіх супольных аддзелаў, у прыватнасці, адпрацоўвалі падчас вучэнняў «Захад-2021».

Выкарыстанне аб’яднаных падраздзяленняў патрабуе высокай ступені каардынацыі і падрыхтоўкі, таму раней для такіх задачаў планавалі прыцягваць менавіта элітныя часткі. Але расейскія элітныя войскі зазналі вялізарныя страты ва Украіне. Цяпер беларускім вайскоўцам у выпадку ўступлення ў вайну давядзецца дзеяць разам з дрэнна падрыхтаванымі расейскімі мабілізаванымі.

«Вынік намаганняў у фармаванні і выкарыстанні такіх абʼяднаных аддзелаў у баі, верагодна, будзе дрэнны», – падкрэсліваюць эксперты.

Аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны мяркуюць, што беларускія вайскоўцы добра ведаюць пра значныя страты расейцаў ва Украіне, і гэта адмоўна ўплывае на матываванасць арміі Беларусі. У ISW адзначаюць, што падтрыманне Лукашэнкам вайны ва Украіне і ціск з боку Крамля з патрабаваннем далучыцца да баявых дзеянняў, імаверна, выклікаюць рост незадаволенасці ва Узброеных сілах Беларусі.

  1. Пагроза пратэстаў.

Нарэшце, Беларусь наўрад ці пойдзе на ўварванне ва Украіну праз унутраную сітуацыю ў краіне, мяркуюць аналітыкі.

Паводле ISW, Лукашэнка баіцца аднаўлення пратэстаў у Беларусі. Скіраванне значнай часткі апарату бяспекі на вайну ва Украіне аслабіць здольнасць рэжыму супрацьстаяць унутраным хваляванням:

«Лукашэнка, імаверна, таксама ўсведамляе, што ўварванне ва Украіну падарвала б ягоны аўтарытэт як кіраўніка суверэннай краіны, бо было б відавочна, што намаганні Расеі забяспечыць поўны кантроль над Беларуссю зазналі поспех».

Што не трапіла ў агляд

Даклад ISW наконт перспектываў уступлення ў вайну Беларусі – імаверна, самая грунтоўная і ўзважаная аналітычная праца на гэтую тэму з тых, што з’яўліліся ў публічнай прасторы за апошні час. Аднак ахапіў гэты агляд далёка не ўсе пытанні.

Напрыклад, эксперты Інстытуту вывучэння вайны не згадваюць беспрэцэдэнтнага правярання мабілізацыйнай сістэмы Беларусі, якая пачалося ўвосень. Таксама эксперты не прааналізавалі прапагандысцкіх заяваў высокапастаўленых лукашэнкаўскіх сілавікоў наконт «баевікоў» з Украіны, якія нібыта збіраюцца захапіць райцэнтр і выкарыстоўваць яго як плацдарм для далейшага наступлення ў Беларусі. Пры гэтым прапагандысцкі наратыў пра пагрозу з боку NATO у аглядзе ISW згадваецца, але, хутчэй, як стрымлівальны фактар у кантэксце перспектываў уварвання ва Украіну.

Акрамя таго, у справаздачы Інстытуту вывучэння вайны ёсць некалькі тэзісаў, якія выклікаюць пытанні. Напрыклад, гэта датычыць разважанняў наконт перадачы расейскаму войску значнай колькасці беларускіх танкаў. Аналітыкі кажуць, што пакуль незразумела, былі танкі з дзейнага танкавага парку Беларусі ці гаворка пра тыя машыны, што былі ў кансервацыі.

Абарона танка Т-72Б ад «Javelin». Палігон Асіповіцкай 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады, Беларусь. 26 кастрычніка 2022 года.
Фота: Раміль Насібулін / Белта

Насамрэч «Беларускі Гаюн», на які спасылаюцца амерыканскія эксперты, адназначна сцвярджае: Расеі перадалі менавіта раскансерваваную вайсковую тэхніку. Называліся нават канкрэтныя базы, адкуль яна была ўзятая: 969-ая база рэзерву танкаў ва Урэччы і 288-ая база рэзерву аўтамабільнай тэхнікі ў Старых Дарогах. То бок танкі, што цяпер у страі, не павінны быць закранутыя дастаўкамі ў РФ.

Калі ж зыходзіць з агульнай колькасці бранятэхнікі ў Беларусі, то 98 Т-72А ўжо не выглядаюць крытычнаю масаю. Напрыклад, расейскі Цэнтр аналізу стратэгіяў і тэхналогіяў у сваім дакладзе за 2020 год адзначаў, што ў Беларусі на ўзбраенні застаюцца 1276 танкаў, прычым больш за 800 з іх закансерваваныя. Калі гэтыя падлікі і звесткі «Беларускага Гаюна» адпавядаюць рэчаіснасці, то атрымліваецца, што Лукашэнка перадаў Расеі толькі каля 7 % ад усіх сваіх танкаў.

Таксама выклікаюць пытанні высновы наконт пагаршэння настрояў у беларускім войску. Тут аналітыкі спасылаюцца на нядаўнюю заяву Генеральнага штабу Украіны, дзе сцвярджалася, што «расце незадаволенасць дзейнасцю вайскова-палітычнага кіраўніцтва Беларусі сярод вайскоўцаў». Праўда, ва ўкраінскім Генштабе ніяк не патлумачылі, на падставе чаго яны прыйшлі да такой высновы. Канкрэтных прыкладаў у той заяве не прыводзілася, а эксперты ISW на іншыя крыніцы не спасылаюцца.

Тое ж датычыць інфармацыі пра рост напружанасці паміж расейскімі і беларускімі вайскоўцамі ў Берасцейскай вобласці: тут таксама ўсе высновы грунтуюцца толькі на заявах Генштабу або ГУР Міністэрства абароны Украіны.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў