Што вядома пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і РФ


Тыдзень таму абвесцілі пра разгортванне супольнай расейска-беларускай групоўкі войскаў. Першыя эшалоны з расейскімі жаўнерамі сталі прыбываць у Беларусь 15 кастрычніка. Belsat.eu разбіраўся, каго перакідваюць у Беларусь, у якіх раёнах размяшчаюць і чаму пры гэтым з краіны вывозяць бранятэхніку.

Міністэрства абароны на сваёй старонцы ў Facebook паведамляе, што ўзброеныя сілы краіны працягваюць выконваць задачы для ўзмацнення аховы дзяржаўнай мяжы. 17 кастрычніка 2022 года.
Фота: mod.mil.by / Facebook

Пра што заяўлена афіцыйна

Падчас нарады з сілавікамі 10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яны з Уладзімірам Пуціным пастанавілі разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і Расеі. У звязку з гэтым Лукашэнка загадаў падрыхтавацца да прыёму і размяшчэння расейскіх вайскоўцаў, якіх будзе «не адна тысяча чалавек».

У кулуарах саміту СНД у Астане 14 кастрычніка Лукашэнка наступным чынам выказаўся пра колькасць рэгіянальнай групоўкі войскаў:

«Наша войска вы ведаеце: каля 70 тысячаў чалавек. Гэта аснова. Ну, я думаю, што 10–15 тысяч ад Расеі патрабаваць цяпер не трэба. Бо дастаткова там праблемаў іншых. Вы ведаеце якіх. Таму вось будзем зыходзіць з гэтага».

Абедзве лічбы, названыя Лукашэнкам, выклікаюць пытанні. Па-першае, паводле афіцыйных звестак, колькасць беларускай арміі складае 65 тысячаў чалавек, прычым 20 тысячаў з іх – цывільны персанал. У канцы 2021 года Лукашэнка казаў пра намер павялічыць колькасць беларускага войска да 70 тысячаў, але пазней пра рэалізацыю гэтых планаў ніколі не паведамлялася. Па-другое, не зусім ясна, чаму Лукашэнка не назваў канкрэтнай колькасці расейскіх вайскоўцаў, а проста адзначыў, што 10–15 тысяч патрабаваць ад Расеі не трэба. А хто збіраўся столькі патрабаваць?

Праз некалькі гадзінаў пасля заявы Лукашэнкі намеснік начальніка Генеральнага штабу Віктар Тумар заявіў, што аснову рэгіянальнай групоўкі будуць складаць Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь «паводле штату мірнага часу» (намёк на тое, што мабілізацыі не плануюць), а таксама «асобныя вайсковыя фармаванні Расейскай Федэрацыі». І толькі 16 кастрычніка начальнік дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы Валерый Равенка паведаміў, што агульная колькасць складзе крыху менш за 9 тысячаў чалавек.

Разбор
Колькі войскаў у Лукашэнкі, і ці варта чакаць мабілізацыі?
2022.10.11 19:30

Лік пад сумневам, лакацыі – нечаканыя

Дзевяць тысяч – гэта шмат? Для параўнання: напярэдадні ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года NATO ацэньвала колькасць расейскіх сілаў у Беларусі на 30 тысяч вайскоўцаў. Тады расейскае і беларускае камандаванне нахабна хлусіла пра памеры групоўкі: сцвярджалі, што колькасць удзельнікаў манеўраў «Саюзная рашучасць» не перавысіць параметраў, вызначаных Венскім дакументам 2011 года (тыя ж 9 тысяч жаўнераў). З улікам такога бэкграўнду давяраць цяперашняй заяве Міністэрства абароны Беларусі вельмі складана.

Раней агучваліся куды больш значныя лічбы. Напрыклад, у верасні намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр паведамляла са спасылкаю на выведку, што ў Беларусі плануюць размясціць 20 тысячаў мабілізаваных з Расеі. Кіраўнік НАУ Павел Латушка наагул казаў пра 120 тысячаў расейскіх жаўнераў плюс 100 тысячаў мабілізаваных беларусаў. Праўда, пацвярджэння гэтых звестак з незалежных крыніцаў няма.

Фота: mod.mil.by / Facebook

Першыя эшалоны з расейскімі вайскоўцамі пачалі прыбываць у Беларусь у ноч на 15 кастрычніка. Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», яны разгружаліся на чыгуначных станцыях «Лосвіда», «Заслонава» (абедзве ў Віцебскай вобласці) і «Палонка» (Берасцейшчына), пасля чаго скіроўваліся на бліжэйшыя вайсковыя палігоны.

Трэба заўважыць, што расейскіх вайскоўцаў пакуль размяшчаюць не побач з украінскаю мяжой. У студзені – лютым усё было якраз наадварот: тады кідалася ў вочы актыўнасць расейцаў менавіта ў паўднёвых рэгіёнах краіны. З чым звязаныя цяперашнія лакацыі, можна толькі здагадвацца. Нельга выключаць, што гэта пэўная страхоўка на выпадак, калі ЗСУ пастановяць нанесці прэвентыўны ракетны ўдар па расейскіх войсках у Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусі таксама паведаміла 16 кастрычніка аб прыбыцці авіяцыйнага складніку рэгіянальнай групоўкі. Колькасці не называюць. Але «Беларускі Гаюн» указваў на з’яўленне над Менскам чатырох знішчальнікаў МіГ-31, якія заходзілі на пасадку на авіябазу ў Мачулішчах у нядзелю. Вядома, што МіГ-31 здольны несці гіпергукавыя ракеты «Кінжал».

Аналітыка
Хроніка эскалацыі. Як рэжым Лукашэнкі рыхтуецца да магчымага ўступлення ў вайну
2022.10.13 08:30

Каго скіроўваюць у Беларусь

Ні абароннае ведамства РФ, ні Міністэрства абароны Беларусі нічога не паведамляюць пра склад расейскіх войскаў, што цяпер перакідваюць на беларускую тэрыторыю. Але пэўныя высновы можна зрабіць нават з тых малаінфарматыўных прэс-рэлізаў, што дае ведамства Беларусі.

Гэтак, у сюжэце «ВоенТВ» аб прыбыцці першага эшалону расейскіх вайскоўцаў 15 кастрычніка паказваюць намесніка камандзіра роты Узброенных сілаў РФ Віктара Смяяна.

«Прыехалі ў Рэспубліку Беларусь дапамагчы братэрскаму беларускаму народу. Гатовыя выканаць любыя задачы, якія атрымаем ад камандавання. Настрой ува ўсіх баявы, дух баявы», – кажа ў роліку расейскі вайсковец.

Імаверна, працаўнікі «ВоенТВ» памыліліся: сапраўднае прозвішча вайскоўца Сміян, а не Смяян. Старонкі вельмі падобнага чалавека belsat.eu знайшоў у сацыяльных сетках.

Віктар Сміян, расейскі вайсковец.
Фота: ВоенТВ Беларуси / YouTube і apis77711 / Instagram

Пры вывучэнні профілю мужчыны можна зрабіць выснову, што Віктар Сміян не кадравы вайсковец, не кантрактнік, а мабілізаваны. Яму 47 гадоў, працаваў менеджарам у кампаніі «Эльдорадо» ў Маскве. Толькі ў пачатку верасня, за некалькі тыдняў да мабілізацыі, Сміян разам з сям’ёю вярнуўся з адпачынку.

У профілі Сміяна ёсць інфармацыя, што ён праходзіў вайсковую службу ў 15-м гвардзейскім мотастралковым палку Таманскай дывізіі ў 2000–2002 гадах, ягоная спецыяльнасць – артылерыст. Невядома, ці прызвалі яго паводле мабілізацыі ў тую ж частку, дзе раней праходзіў службу. Але калі гэта так, значыць, у Беларусь перакідваюць падраздзяленні 1-й танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі РФ. Да 2022 года заяўлялі, што менавіта 1-ая танкавая ўключаная ў рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і РФ.

У другім роліку «ВоенТВ» можна пабачыць: вайсковыя грузавікі, што прыбываюць у Беларусь у эшалонах, маюць нумары 50-га рэгіёну, то бок яны з Маскоўскай вобласці, з Заходняй вайсковай акругі. Пра тое, што яны прыбылі з «цэнтральнага рэгіёну Расеі», кажа і адзін з вайскоўцаў на відэа. Мужчына прызнаецца, што ён з Масквы. Праўда, у адрозненне ад Сміяна, гэты вайсковец не пажадаў называць свайго імя, а інтэрв’ю даваў у балаклаве.

Расейскі вайсковец у Беларусі. Скрыншот: ВоенТВ Беларуси / YouTube

Нагадаем, што перад расейскім уварваннем ва Украіну 24 лютага ў Беларусь перакідвалі падраздзяленні Усходняй вайсковай акругі. А 1-ая танкавая наступала на ўсходзе, у Харкаўскай вобласці. Пасля буйной паразы каля Балакліі ды Ізюму ў верасні яе вывелі з зоны баявых дзеянняў. 1-ая танкавая армія ва Украіне зазнала значныя страты, таму, імаверна, мае вострую патрэбу ў даўкамплектаванні асабовым складам (мабілізаванымі) і тэхнікаю.

Прыязджаюць людзі з’язджае бранятэхніка

Цікава, што ў абодвух відэа «ВоенТВ» з тэхнікі паказаныя толькі вайсковыя грузавікі. Танкаў, БМП, БТРаў і артылерыі на гэтых кадрах няма.

«Беларускі Гаюн» тлумачыць прыбыццё расейскіх мабілізаваных без цяжкой тэхнікі наступным чынам:

«Можна меркаваць, што рашэнне разгарнуць «рэгіянальную групоўку войскаў» – гэта прыкрыццё для навучання мабілізаваных грамадзянаў РФ у Беларусі. Іншымі словамі, гэта такая юрыдычная абгортка для ўказанага рашэння».

У суполцы «Беларускі Гаюн» дапускаюць, што пасля навучання расейскіх мабілізаваных проста перакінуць на фронт, на паўднёвы або ўсходні, але ва ўварванні з тэрыторыі Беларусі яны браць удзелу не будуць.

Пры гэтым працягваюць паступаць звесткі, што Беларусь перадае Расеі бранятэхніку, якую потым скіроўваюць на Данбас. Ёсць інфармацыю ўжо пра чатыры такія эшалоны, у кожным з іх было прыблізна 20–25 танкаў. Ці можна лічыць гэта сведчаннем таго, што весці баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі не плануецца? Насамрэч усё не так проста. Узброеныя сілы Беларусі маюць вялізарныя складскія запасы савецкай тэхнікі і зброі.

Фота: mod.mil.by / Facebook

Напрыклад, расейскі Цэнтр аналізу стратэгіяў і тэхналогіяў у сваім дакладзе за 2020 год адзначаў, што ў Беларусі на ўзбраенні застаюцца 1276 танкаў (паводле іншых ацэнак – больш за 1300). Але пераважная большасць застаецца на кансервацыі. У страі застаюцца толькі 446 танкаў, прычым Цэнтр аналізу стратэгіяў і тэхналогіяў нават гэтую колькасць лічыў моцна завышанаю.

Такім чынам, тэарэтычна рэжым Лукашэнкі здольны і скіроўваць дзясяткі танкаў на Данбас, і перадаваць бранятэхніку расейскім мабілізаваным, што прыбываюць у Беларусь, і ў яго ўсё яшчэ будзе дастаткова танкаў для ўласнай арміі. Праўда, у асноўным беларуская армія мае на ўзбраенні састарэлыя танкі, але гэта ўжо зусім іншая праблема.

З другога боку, перакідванне цяжкой тэхнікі ў Беларусь таксама чакаецца. Як паведаміла 17 кастрычніка выданне «РИА Новости» са спасылкаю на беларускае Міністэрства абароны, з Расеі ў межах разгортвання рэгіянальнай групоўкі войскаў прыбудуць 170 танкаў, да 200 бронемашынаў і каля 100 гарматаў і мінамётаў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў