Ці ўступіць Беларусь у вайну? Пяць аргументаў на карысць і супраць найгоршага сцэнара


Міністэрства абароны Беларусі 5 студзеня заявіла пра нарошчванне рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы і анансавала перакідванне ў Беларусь дадатковых сілаў расейскай арміі. Раней у Кіеве казалі пра тое, што пагроза новага ўварвання з тэрыторыі Беларусі паступова расце. Belsat.eu сабраў усе аргументы «за» і «супраць» адносна таго, што Аляксандр Лукашэнка ў найбліжэйшыя месяцы надумае ўступіць у вайну супраць Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы бяруць удзел у вучэннях непадалёк мяжы з Беларуссю ў Жытомірскай вобласці. 4 студзеня 2023 года.
Фота: Reuters / Forum

Аргументы супраць таго, што Беларусь можа ўступіць у вайну

Слабасць беларускага войска

Паводле афіцыйных звестак, колькасць беларускай арміі на сёння складае амаль 65 тыс. чалавек. З іх прыкладна 20 тыс. асобаў – цывільны персанал. Колькі ўсяго Беларусь здольная беспасярэдне выставіць супраць Украіны – невядома. Эксперты даюць розныя ацэнкі. Хтосьці кажа пра 12–15 тыс., хтосьці пра 17–18 ці нават 20 тыс.

У любым выпадку гэтага вельмі мала для такой вялікай франтавой вайны. Расея і Украіна маюць арміі з сотняў тысяч чалавек, таму некалькі дзясяткаў тысяч беларускіх жаўнераў проста не здольныя пераламаць хаду канфлікту.

Разбор
Колькі войскаў у Лукашэнкі, і ці варта чакаць мабілізацыі?
2022.10.11 19:30

Праблему недаўкамплектаванасці беларускай арміі можа вырашыць мабілізацыя: міністр абароны Віктар Хрэнін раней казаў, што ягонае ведамства пры неабходнасці здольнае выставіць рэсурс з 500 тыс. вайсковаабавязаных. Калі гэта і магчыма, то падрыхтаванасць беларускага войска ад гэтага лепшаю не зробіцца. Армія ніколі не брала ўдзелу ў баявых дзеяннях і мае ў асноўным састарэлае ўзбраенне. Яе баяздольнасць замежныя эксперты ацэньваюць невысока. 

Акрамя таго, няма падставаў разлічваць на высокі баявы дух беларускіх жаўнераў: у выпадку паходу на Кіеў ці Заходнюю Украіну яны проста не будуць ведаць, за што ваююць. На матываванасць вайскоўцаў таксама адмоўна ўплывае інфармацыя пра няўдачы і значныя страты расейцаў ва Украіне. 

Слабасць расейскай групоўкі ў Беларусі

Слабасць беларускага войска можа быць нівэляваная коштам надзейных расейскіх падраздзяленняў, якія будуць спрыяць умацаванню баявога духу свайго саюзніка і дзеяць на самых складаных кірунках. Але пакуль што расейская групоўка ў Беларусі выглядае занадта слабой для вырашэння такой задачы.

Паводле інфармацыі Генеральнага штабу Украіны, на канец 2022 года на палігонах Беларусі размяшчаліся каля 11 тыс. расейскіх вайскоўцаў. Для параўнання, напярэдадні ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года NATO ацэньвала колькасць расейскіх сілаў у Беларусі як 30 тыс. вайскоўцаў. Агулам для наступлення на Кіеў у лютым 2022 года Расея сканцэнтравала на тэрыторыі Беларусі, у Бранскай і Курскай вобласцях 45 тыс. жаўнераў, а цяпер мае там толькі 22 тыс.

Пры гэтым якасць войскаў толькі знізілася. На пачатку вайны ў Беларусі стаяла прафесійная расейская армія, у тым ліку элітныя часткі. А цяпер гаворка ідзе пра мабілізаваных, якіх набралі толькі ў канцы верасня 2022 года. Калі Расея не здолела ўзяць Кіеў у пачатку вайны ў больш спрыяльных умовах, то цяпер шанцаў у агрэсара зусім мала.

Адсутнасць эфекту нечаканасці

У лютым 2022 года на карысць Расеі гуляў эфект нечаканасці. Украінскае кіраўніцтва пазней прызнавалася, што не верыла ў тое, што праз беларускую мяжу на Кіеў пойдуць танкі. Але цяпер эфекту нечаканасці быць не можа і агрэсару прыйдзецца наступаць на добра падрыхтаваныя пазіцыі ЗСУ. 

Камандуючы групоўкай сілаў і сродкаў абароны Кіева генерал-лейтэнант Аляксандр Паўлюк кажа, што цяпер уся мяжа з Беларуссю ўяўляе сабой «суцэльныя завалы і мінныя палі».

«Кіеўская вобласць дастаткова магутна падрыхтавалася да магчымага новага наступу. Гэта некалькі межаў вакол Кіева агульнай працягласцю каля 1000 км, дзе на аснове фартыфікацыйных пазіцыяў доўгатэрміновых абаронных збудаванняў створаная магутная сістэма абароны, і так проста прайсці будзе немагчыма… Мы не плануем прапусціць іх далей за мяжу», – запэўніў ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы бяруць удзел у вучэннях непадалёк мяжы з Беларуссю ў Жытомірскай вобласці. 4 студзеня 2023 года.
Фота: Reuters / Forum

Скарачэнне рэсурсаў

На думку амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW), яшчэ адзін немалаважны фактар, які зніжае імавернасць уступлення Беларусі ў вайну, – гэта скарачэнне ўласных вайсковых рэсурсаў. Вядома, што ў другой палове 2022 года рэжым Лукашэнкі актыўна перадаваў Расеі артылерыйскія боепрыпасы і вайсковую тэхніку (праўда, у снежні назіралася адпраўка тэхнікі і ў зваротным кірунку – з Расеі ў Беларусь). 

Акрамя таго, размяшчэнне расейскіх мабілізаваных вайскоўцаў на беларускіх палігонах перагружае вайсковую інфраструктуру Беларусі. Калі Лукашэнка захоча павялічыць сваю армію і правесці мабілізацыю, то ягоныя магчымасці для трэнавання жаўнераў будуць абмежаваныя.

Аналітыка
Як аналітыкі ISW абгрунтавалі свае высновы наконт Беларусі і чаго не заўважылі
2022.12.12 17:04

Пагроза рэвалюцыі

Уступленне беларускай арміі ў вайну можа справакаваць аднаўленне масавых пратэстаў у Беларусі. Пры гэтым накіраванне значнай часткі апарату бяспекі на вайну ва Украіне аслабіць здольнасць рэжыму супрацьстаяць унутраным хваляванням. 

Уступленне ў вайну можа не толькі падштурхнуць праціўнікаў рэжыму да актыўных дзеянняў, але і падарваць аўтарытэт Лукашэнкі сярод ягоных прыхільнікаў. Сацыялагічныя даследаванні «Chatham House» і Андрэя Вардамацкага сведчаць пра наяўнасць антываеннага кансэнсусу ў грамадстве: удзел беларускага войска ў вайне гатовыя падтрымаць толькі ад 3 да 11 % апытаных. Такім чынам, нават большасць прыхільнікаў Лукашэнкі (а іх, паводле ацэнак сацыёлагаў, можа быць да чвэрці насельніцтва) выступае супраць таго, каб беларускія салдаты ваявалі ва Украіне.  

Апытанне «Chatham House», праведзенае ў жніўні 2022 года, паказвае, што большасць гарадскіх жыхароў упэўненыя: беларускія вайскоўцы ў выпадку вайны пастараюцца пазбегчы ўдзелу ў баявых дзеяннях. Прычым да адмовы вайскоўцаў выконваць загады камандавання большасць беларусаў у гарадах паставяцца або станоўча, або нейтральна. Амаль палова апытаных не супраць, каб жаўнеры наогул здаліся ва ўкраінскі палон. Войска, якое дзее ва ўмовах такіх грамадскіх настрояў, патэнцыйна ненадзейнае. 

Hавiны
ЗСУ звярнуліся да беларускіх вайскоўцаў і патлумачылі ўмовы здачы ў палон
2022.11.11 19:22

Рэвалюцыя ў Беларусі не патрэбная ні Лукашэнку, ні Пуціну. Для Масквы гэта будзе азначаць страту адзінага саюзніка на кантыненце. Калі ж Расея накіруе на задушэнне рэвалюцыі і акупацыю Беларусі сваю армію, то гэта пацягне за сабой аслабленне ўкраінскага фронту. Што таксама Крамлю нявыгадна. 

Аргументы за тое, што Беларусь можа ўступіць у вайну

Стварэнне супольнай групоўкі

Самая наяўнасць расейскіх вайскоўцаў, прычым у статусе складніка супольнай Рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы, робіць сцэнар уцягвання Беларусі ў вайну цалкам рэалістычным.

Сапраўды, 11 тыс. жаўнераў для вялікай аперацыі недастаткова, але перакінуць патрэбную колькасць войскаў у Беларусь можна цягам некалькі тыдняў. Летась перад уварваннем першы эшалон з расейскімі вайскоўцамі прыбыў на беларускую тэрыторыю 17 студзеня, а ўжо 24 лютага пачалася вайна. 

Працэс павелічэння расейскай групоўкі ў Беларусі ўжо ідзе: 5 студзеня 2023 года Міністэрства абароны Беларусі анансавала прыбыццё новых расейскіх падраздзяленняў.

Той факт, што ў Беларусі цяпер размяшчаюцца толькі мабілізаваныя расейцы, таксама не мусіць уводзіць у зман. Яны, вядома, не раўня той арміі, якая ішла на Кіеў у лютым 2022-га. Але прафесійная армія была выбітая летась, а ў параўнанні з іншымі мабілізаванымі групоўка ў Беларусі прынамсі мела магчымасць нармальна падрыхтавацца. Іхнае інтэнсіўнае трэнаванне цягнецца ўжо амаль тры месяцы. Гэта час, за які тэарэтычна можна стварыць з набраных у войска рэзервістаў баяздольнае падраздзяленне.

Аналітыка
Рызыка ўступлення Беларусі ў вайну павялічваецца?
2022.12.05 17:49

Узмоцненае рыхтаванне

Беларуская армія фактычна з вясны існуе ў стане перманентных вучэнняў, трэнаванняў і правярання баявой гатовасці. Апошняе «раптоўнае» правяранне адбылося ў снежні: беларускія войскі адпрацоўвалі выхад на пазіцыі на паўднёвых межах. Украінскі кантэкст вучэнняў нават не хаваўся. 

Акрамя таго, улады правялі беспрэцэдэнтнае паводле сваіх маштабаў правяранне мабілізацыйнай сістэмы. Некаторыя беларусы па выніках атрымалі мабілізацыйныя прадпісанні: у іх паведамляецца, што ў выпадку абвяшчэння ў Беларусі мабілізацыі яны абавязаныя цягам 38 гадзінаў, не чакаючы позвы з ваенкамату, з’явіцца з пашпартам, вайсковым білетам, рэчамі і запасам ежы на дзень на мабілізацыйны пункт на ўказаны ў прадпісанні адрас. Такім чынам, вайсковаабавязаны адразу замацоўваецца за канкрэтным вайсковым падраздзяленнем.

Hавiны
У Беларусі могуць увесці смяротную кару за здраду дзяржаве – для чыноўнікаў і вайскоўцаў
2022.12.07 13:53

Паралельна ў заканадаўства ўносяцца папраўкі з улікам расейскага досведу мабілізацыі. Напрыклад, КДБ атрымаў права абмяжоўваць беларусам выезд з краіны ў «мэтах нацыянальнай бяспекі». Палата прадстаўнікоў ухваліла смяротнае пакаранне за «здраду дзяржаве» для чыноўнікаў і вайскоўцаў.

Акрамя таго, прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе абароны і нацбяспекі Валер Сахашчык сцвярджае, што ў Беларусі створаны свой аналаг ПВК Вагнэра – прыватная вайсковая кампанія «ГардСервіс». У гэты праект Пуцін нібыта «інвеставаў вельмі сурʼёзную суму грошай».

«Такога не рабілася ніколі яшчэ ў гісторыі самастойнай Беларусі. І гэта дакладна не для трэнавання», – падкрэсліў Сахашчык.

Каментар
«Верагоднасць вельмі высокая». Сахашчык ацаніў магчымасць удзелу войскаў Лукашэнкі ў вайне
2023.01.03 20:50

Выгадны кірунак для наступлення

Для Расеі са стратэгічнага пункту гледжання наступленне з тэрыторыі Беларусі на Кіеў або на Заходнюю Украіну – гэта ледзь не адзіны спосаб пераламаць хаду канфлікту. Толькі падзенне Кіева або перакрыццё шляхоў паступлення заходняй зброі можа прывесці да перамогі Расеі ў вайне ў найбліжэйшай будучыні. 

Гэтак, шанцы на поспех гэтых маштабных аперацыяў у Расеі мізэрныя праз недахоп рэсурсаў, падрыхтаваную абарону ЗСУ і асаблівасці мясцовасці. Але наступленне на іншых кірунках у прынцыпе не здольнае прывесці да стратэгічнага пералому. Акупацыя ўсёй Данецкай вобласці, захоп Запарожжа або Харкава не прывядзе да паразы Украіны ў вайне. Ад Кіева расейскую армію ўсё роўна будуць аддзяляць сотні кіламетраў. Наступ на Адэсу і злучэнне з групоўкай у Прыднястроўі наогул выглядае нерэалістычна з улікам страты правага берагу Дняпра на Херсоншчыне.

Стратэгічная альтэрнатыва ўдару з тэрыторыі Беларусі можа быць, па сутнасці, толькі адна: паспрабаваць нанесці ўдары на запарожскім і сумскім кірунках, каб акружыць украінскія войскі на ўсходзе краіны. Разгром асноўных сілаў ЗСУ можа прымусіць Украіну да міру на ўмовах Масквы. Але такая аперацыя будзе для ўкраінскага кіраўніцтва яшчэ больш чаканай, чым удар з боку Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы бяруць удзел у вучэннях непадалёк мяжы з Беларуссю ў Жытомірскай вобласці. 4 студзеня 2023 года.
Фота: Reuters / Forum

Ператварэнне ў арэну ваенных дзеянняў 

Нельга выключаць, што Расея сканцэнтруе ў Беларусі неабходныя сілы і пойдзе ў наступленне без удзелу беларускага войска, як гэта ўжо было ў лютым-сакавіку 2022 года. Але цяпер вяртанне да сітуацыі гадавой даўніны можа пагражаць Беларусі ператварэннем у тэатр баявых дзеянняў.

На пачатку вайны ў кіраўніцтва Украіны не было ні сілаў, ні рашучасці для нанясення контрудараў па беларускай тэрыторыі. Сёння, падобна, у іх ёсць і адно, і другое. Прадстаўнікі афіцыйнага Кіева за апошнія месяцы не раз папярэджвалі, што гэтым разам яны не стануць цярпець і Беларусь атрымае такі адказ, на які і не разлічвала. Сумнявацца ў сур’ёзнасці намераў украінскага боку не выпадае: ЗСУ ў гэтай вайне не раз дэманстравалі здольнасць наносіць удары на сотні кіламетраў углыб расейскай тэрыторыі.

Аналітыка
«Самая дзёрзкая атака»: што азначае ўдар па аэрадромах у Энгельсе і Дзягілеве
2022.12.06 16:28

У сваю чаргу ракетныя і авіяцыйныя ўдары па беларускай тэрыторыі дадуць Лукашэнку магчымасць апраўдаць накіраванне беларускіх вайскоўцаў ва Украіну. Кардынальным чынам змяніць стаўленне беларускага народу да канфлікту ў рэжыму наўрад ці выйдзе. Але кансалідаваць уласны электарат Лукашэнка, імаверна, здолее – прынамсі на пачатковым этапе.  

Перамога Расеі патрэбная Лукашэнку

2022 год паказаў, што Лукашэнка не вельмі хоча беспасярэдне ўцягвацца ў баявыя дзеянні. Але не варта пры гэтым забываць, што ён асабіста зацікаўлены ў тым, каб у вайне перамагла Расея. Параза Расеі можа прывесці да сур’ёзнага аслаблення ці нават краху пуцінскай сістэмы. У такім выпадку рэжым Лукашэнкі застанецца без усялякага падтрымання, сам-насам і з Захадам, і з беларускім народам. 

«Уявіце сабе, што заўтра няма Расеі – пацярпела паразу, крах і іншае. У гэтую варонку каго зацягне? Нас не будзе назаўтра імгненна», – настаўляў ён сваіх сілавікоў у першыя гадзіны пасля пачатку расейскага ўварвання 24 лютага. 

То бок пры пэўных абставінах Лукашэнка можа пабачыць асабісты інтарэс у тым, каб дапамагчы Пуціну на полі бою і ў выніку апынуцца на баку пераможцаў у гэтай вайне.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў