З Беларусі за мяжу можна будзе выехаць толькі з дазволу КДБ


Як той кажа, у рэжыме шалёнага прынтара. Гэтак званыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў правялі надзвычай «плённы» дзень, а вынікі іх працы ў найбліжэйшай перспектыве могуць значна ўскладніць жыццё беларусаў. Змяненні між іншага тычацца выезду за мяжу і адтэрміноўкі ад вайсковага прызыву.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Не было сумневаў, што менавіта так яны і будуць рабіць», – лічыць Віталь Цыганкоў.

«Усе прыкметы гаварылі пра тое, што будуць абмежаванні правоў грамадзянаў, будзе змаганне з тымі хто выехалі і будзе абмежаванне правоў у тым ліку на выезд».

Некаторыя прынятыя змены толькі легалізуюць раней існыя абмежаванні. Так, Белстат вось ужо два з паловаю гады (з моманту прыходу ў Беларусь пандэміі каронавіруса), не справаздачыцца адносна колькасці памерлых. А міністэрства фінансаў перастала публікаваць дадзеныя па выкананні бюджэту. Цяпер пад гэтае маўчанне падвялі дакументальную базу. На думку палітолага Вадзіма Мажэйкі, улады маюць свае прычыны каб замоўчваць дадзеныя статыстыкі.

«Статыстыку хаваюць не першы раз і не першы год. Звязана гэта з тыповай спробай зрабіць прыгожы твар пры дрэннай гульні, калі не можаш палепшыць статыстычныя дадзеныя. Застаецца іх толькі схаваць, каб ніхто не пабачыў праблемы, якія адбываюцца ў эканоміцы».

Згодна з новым законапраектам дадатковыя функцыі атрымаў КДБ, які ў мэтах «нацыянальнай бяспекі» мае права забараніць фізічным асобам выезд з краіны.

Змены закранулі і сілавікоў. Людзі ў пагонах і нават грамадзянскі персанал сілавых ведамстваў змогуць паехаць за мяжу толькі са згоды свайго кіраўніцтва. А вось дазвол на выезд дзяржслужачых будзе даваць урад. Акрамя гэтага дэпутаты пастанавілі часова абмежаваць выезд з Беларусі грамадзянаў, у адносінах да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс. Гэта тычыцца і тых, хто праходзіць па «палітычных» артыкулах КаАП.

Віталь Цыганкоў мяркуе, што такім чынам улады хочуць спыніць бегства беларусаў з краіны:

«Нягледзячы на такую пахвальбу, быццам нам усё роўна, ад’езд гэтых дзясяткаў, а то і сотняў тысячаў людзей, які адбыўся за апошнія два гады, проста падрывае эканоміку краіны. Па-першае, яны не прыносяць даход, а будуць прыносіць яго ў іншай дзяржаве, па-другое, не плацяць падаткі».

Да таго ж дэпутаты прынялі ў першым чытанні праект закону, што ўдакладняе падставы для адтэрміноўкі ад прызыву. Плануецца, што гэта дазволіць павялічыць колькасць маладзёнаў, якія пойдуць у войска. Напрыклад, адтэрміноўка будзе прадстаўляцца студэнтам, што атрымліваюць адукацыю за мяжой толькі ў тым выпадку, калі іх туды накіравалі, цытата, рэспубліканскія органы дзяржкіравання, або дзяржаўныя арганізацыі.

Ян Федаровіч, «Белсат»