Чаму Расея амаль перастала страляць з Беларусі ракетамі, але таемна запускае дроны-камікадзэ?


Ранкам 31 кастрычніка Расея зноў абстраляла ўкраінскія гарады. Але гэтым разам, падобна, не з тэрыторыі нашай краіны. Запускі ракетаў з Беларусі робяцца ўсё больш рэдкімі і менш заўважнымі.

Здымак мае ілюстратыўны характар.
Фота: Укроборонпром

Праект «Беларускі Гаюн», які сочыць за вайсковай актыўнасцю ў Беларусі, адзначае: апошні раз з паветранай прасторы Беларусі ракеты па Украіне запускаліся 6 кастрычніка. І гэта быў першы такі ўдар аж з канца жніўня. А з беларускай зямлі апошні раз Расея запускала ракеты ва Украіну 25 жніўня.

У першай фазе поўнамаштабнага расейскага нападу на Украіну расейскія войскі ішлі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Калі напад на кіеўскім напрамку праваліўся, Расея працягвала абстрэльваць Украіну з беларускай зямлі і паветранай прасторы. За першыя 3 месяцы поўнамаштабнай вайны ва Украіне з тэрыторыі Беларусі было больш за 600 пускаў, але з красавіка інтэнсіўнасць спадала, з канца траўня большасць пускаў была з паветранай прасторы. З ліпеня абстрэлы Украіны з тэрыторыі Беларусі сталі зусім рэдкімі.

Разам з тым ва Украіне часам паведамляюць пра запускі дронаў-камікадзэ з тэрыторыі Беларусі. «Гаюн» такіх запускаў не бачыў і не можа пацвердзіць на 100 %, але падазрае, што дроны могуць таемна запускаць з чарнобыльскай зоны адчужэння.

Іранскія дроны-камікадзэ «Shahed 136».
Фота: mil.in.ua

Чаму дроны, але не ракеты? «Белсат» спытаў украінскага вайсковага эксперта Ігара Раманенку, генерал-лейтэнанта ЗСУ ў адстаўцы і да 2010 года намесніка начальніка Генеральнага штабу ЗСУ.

«Агулам ёсць вайскова-палітычны фактар, вайскова-дыпламатычны, вайскова-тэхнічны, эканамічны…» – пералічвае спадар Раманенка прычыны, праз якія ракеты з Беларусі цяпер запускаюць нячаста.

Адна прычына – стратэгічная пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі, які кажа, што «ваяваць з Украінаю не будзе». Ён прызнае суўдзел у расейскім нападзе на Украіну, але падкрэслівае, што не пасылае Узброеных сілаў Беларусі на тэрыторыю Украіны (дакладна пацверджана толькі тое, што беларускія найміты ваююць на баку Расеі ў прыватных вайсковых кампаніях, але нейкіх баявых дзеянняў беларускага войска на тэрыторыі Украіны дасюль не пацвярджалі). Беспасярэдне напад Беларусі на Украіну для Лукашэнкі быў бы палітычнаю смерцю, кажа эксперт, таму той не хоча паказваць і ракетнага суўдзелу.

Другая прычына – запасаў сучасных дарагіх ракетаў на тэрыторыі Беларусі не так і шмат. Але, заўважае Ігар Раманенка, у Беларусь завезлі прынамсі тры самалёты МіГ-31К, што здольныя несці балістычныя ракеты «Кінжал» (авіяцыйная версія ракет комплексаў «Іскандэр-М»), ужо ёсць «авіяцыйны складнік» рэгіянальнай групоўкі войскаў.

Таму з вайскова-палітычных прычынаў таемна запускаюць іранскія дроны-камікадзэ «Shahed 129», робіць выснову вайсковы эксперт. Яны танныя і ёсць у наяўнасці. Адлегласці да стратэгічных аб’ектаў ва Украіне параўнальна малыя, а сістэма навядзення дронаў інерцыйная, то бок дае большыя памылкі на большых адлегласцях. Супрацьпаветранай абароне Украіны цяжка лавіць дроны, бо яны лятуць на малой вышыні і маюць параўнальна невялікую адлюстравальную паверхню. Даказаць месца запуску няпроста.

Аналітыка
Колькі ракетаў засталося ў Пуціна, і ці зможа Расея паўтарыць абстрэлы, як 10–11 кастрычніка?
2022.10.12 08:40

Але гэта не значыць, што Уладзімір Пуцін адмовіўся ад выкарыстання тэрыторыі Беларусі. Ён можа пастанавіць паглынуць Беларусь, перакананы Ігар Раманенка. Ён згадвае, што 30 снежня будзе 100 гадоў падпісанню дамовы аб утварэнні СССР: Пуцін можа зрабіць сабе «падарунак». Працэс паглынання Беларусі «паступова ідзе», ды новы паход на поўнач Украіны з тэрыторыі Беларусі пакуль малаімаверны:

«Ацэнка сітуацыі на цяперашні момант – групоўка на тэрыторыі Беларусі не дастатковая для эфектыўнага нападу. Можна на любую авантуру пайсці, але я не пра авантуры, я пра ваенную ацэнку. Гэтых войскаў пакуль недастаткова».

Ігар Раманенка згадвае, што ў Беларусь завезлі расейскіх мабілізаваных і кадыраўцаў: пакуль няшмат, бо Расеі войскі перадусім патрэбныя на ўсходзе і поўдні Украіны. Калі Расея стабілізуе сітуацыю там, то будзе перакідваць больш сілаў у Беларусь, каб сфармаваць паўнавартасную супольную сухаземную групоўку. Але як там складзецца сітуацыя – яшчэ пытанне.

Артыкулы
Блеф пад Херсонам, пекла ў Бахмуце і «лінія Вагнэра». Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце
2022.10.28 20:17

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў