Мастак Міця Післяк: «Займацца творчасцю ў Беларусі прасцей, чым у Амерыцы»


Мы пагутарылі з Міцем пра творчасць у Беларусі і ЗША, а таксама пра тое, як творцу жывецца ў Нью-Ёрку і пра тое, калі беларусы стануць вольнымі.

Мастак Міця Післяк.
Фота: realt.by

Міця Післяк – вядомы мастак-ілюстратар, з творчасцю якога не знаёмыя, мабыць, толькі тыя, хто ніколі не быў у Менску. Малюнкі катоў на гарадскіх сценах, інтэрпрэтацыя карціны Івана Хруцкага на вуліцы Карла Маркса, дызайн для шкляначак McDonalds з выявай галоўных будынкаў Менска – гэта далёка не ўвесь пералік яго прац, дзякуючы якім горад стаў нашмат яскравейшым і цікавейшым. Некалькі гадоў таму Міця пераехаў у Нью-Ёрк па візе талентаў, а яго муралы пачалі паступова знішчаць: у ліпені 2023 года ў Менску заштукатурылі мурал Dama con l’ermellino («Дама з гарнастаям») – апошнюю працу Післяка перад эміграцыяй у Амерыку, яна размяшчалася на вуліцы Чырвонаармейскай, 22. Летась у Менску зафарбавалі мурал Still Life на вуліцы Чыгуначнай, які Післяк стварыў яшчэ ў 2017 годзе падчас фестывалю Vulica Brazil.

«Усе малюнкі для мяне як дзеці і важныя па-свойму»

– Раскажыце, як вы сталі мастаком, прыйшлі ў вулічнае мастацтва?

– Я нарадзіўся і пражыў большую частку жыцця ў Менску. Свой творчы шлях я пачаў, калі мне было 6 гадоў і школьныя настаўнікі заўважылі, што мой брат (не я) малюе лепш, чым аднакласнікі. Брата і мяне запісалі ў мастацкую студыю, потым – у мастацкую школу і Акадэмію мастацтваў (аддзяленне: манументальна-дэкаратыўны жывапіс). Я набыў усе неабходныя навыкі, каб стаць мастаком-выканаўцам. Менавіта выканаўцам, бо ў беларускіх мастацкіх і не толькі ўстановах вучаць як рабіць тое ці іншае, але не вучаць як шукаць працу і як зарабляць гэтым на жыццё. Я ўдзячны сусвету, што пасля атрымання адукацыі мне не давялося ўладкоўвацца ў адну з дзясяткаў дызайн-студыяў, распрацоўваючы этыкеткі для алкаголю не самай высокай якасці, вырабленага ў маёй краіне. Ці, яшчэ горш, сацыяльных ды рэкламных шыльдаў, якія нявечаць вуліцы майго роднага горада.

Мне пашчасціла пазнаёміцца з лепшымі архітэктарамі ды дызайнерамі інтэрʼеру і ўдзельнічаць у афармленні праектаў прыватных і грамадскіх устаноў. Я працаваў у розных стылістыках і матэрыялах. Гэта было цікава, але я рады, што гэта скончылася. У 2010-м годзе я вызначыўся са стылем, у якім мне камфортна працаваць – гэта была чорна-белая графіка. Усё, што мне было патрэбна для малявання на сценках – гэта некалькі чорных маркераў. Гэта хутка і зручна, не трэба цягаць з сабой вядро з фарбай, дыхаць аэразольным распыляльнікам.

Схіляць замоўцаў да выканання малюнка ў маёй стылістыцы было складана і большасць кліентаў адмаўляліся супрацоўнічаць. З часам мне ўдалося заваяваць давер і працаваць так, як мне падабаецца. Гэтым я і займаўся каля дзесяці гадоў. Зроблена шмат цікавых праектаў, я пазнаёміўся з дзясяткамі выдатных людзей, якія былі маімі кліентамі, а пасля сталі сябрамі. Але і гэты этап майго жыцця скончыўся.

Интерпретация картины Ивана Хруцкого на улице Карла Маркса в Минске, Беларусь. 2015 год. Фото: pisliak.com
Мурал Мити Писляка возле физфака БГУ в Минске, Беларусь. 2016 года. Фото: pisliak.com
Стрит-арт в Минске, Беларусь. 2014 год. Фото: pisliak.com

У 2019 годзе я змяніў месца жыхарства, перамясціўшыся ў ЗША. Пачаў працаваць у асноўным на iPad, рабіў лічбавыя ілюстрацыі. Гэта аказалася яшчэ зручней, чым працаваць маркерам, і я быў рады гэтаму. Новы інструмент падштурхнуў змяніць стылістыку малявання. Я палюбіў працаваць з фотаздымкам, дапаўняючы яго прыдуманымі мною персанажамі. Гэтыя маленькія вобразы і сталі маім голасам, якія дапамагаюць размаўляць з гледачом на той мове, на якой я ўмею лепш за ўсё – мове малявання.

– Ці ёсць для вас нейкія знакавыя, асаблівыя працы, якія вы зрабілі ў Менску?

– Першая, вялікая і знакавая для майго творчага шляху праца – мурал на вуліцы Карла Маркса 25 «Партрэт невядомай з кветкамі і садавінай». Гэта інтэрпрэтацыя працы І. Хруцкага з аднайменнай назвай у маёй чорна-белай манеры. З гэтага моманту мая папулярнасць стала ўзрастаць і спіс кліентаў стаў дапаўняцца такімі брэндамі як Coca Cola, McDonalds, Timberland, Luch ды іншымі.

Усе астатнія малюнкі для мяне як дзеці і важныя па-свойму.

«Мы смяемся над звычкай амерыканцаў усміхацца, а, на маю думку, гэта выдатнае вынаходніцтва»

– Вы эмігравалі ў ЗША – чаму? Ці проста далося такое рашэнне?

– У першы раз я прыехаў у ЗША ў 2003 годзе па праграме Work and Travel і з таго моманту гэтая краіна стала для мяне блізкай ва ўсіх сэнсах. Вярнуўся ў Менск, непрыкметна праляцела 15 гадоў, і, мяркую, я паспеў зрабіць за гэты час для Беларусі ўсё, што мог на той момант свайго развіцця, ды адчуваў, што варта рухацца далей. Адчуваў у сабе сілы пазнаваць новае і пачаць усё ад пачатку, жыць у іншай культуры, размаўляць на іншай мове, рабіць нешта большае, чым мог сабе дазволіць у Беларусі. Атрымаць іміграцыйную візу «Для таленавітых людзей» у ЗША у мяне атрымалася прасцей, чым легалізавацца ў Еўропе (хоць еўрапейская культура для мяне бліжэйшая) і ў 2019 годзе я прыняў рашэнне пачаць новае жыццё ў Амерыцы. Іміграцыя – гэта адно з найскладанейшых падзей, якія могуць здарыцца з чалавекам, і, вядома, прыняць такое рашэнне было няпроста, але ўсё складалася так, што я мог сабе гэта дазволіць.

– Як вы адаптаваліся да новай рэчаіснасці?

– Адаптацыя праходзіла тры гады. Менавіта такі тэрмін пайшоў на тое, каб прыняць Амерыку з яе вартасцямі і недахопамі у якасці новага дома. Тут усё крыху па-іншаму: тэмпература вымяраецца па Фарынгейце, а адлегласць– у мілях, вага – у фунтах, а вокны адчыняюцца ўверх, а не ў бакі. Я лічу Амерыку самай старамоднай краінай з тых, дзе мне давялося пабываць, і прыняць яе недахопы было не так проста. Некаторыя рэчы ў Беларусі працуюць куды лепш, чым тут (метро, заправачныя станцыі і падпампоўка колаў, абслугоўванне ў кавярнях/рэстарацыях, гарадскія ровары і самакаты) і, вядома, чысціня на вуліцах мае значэнне. Але ў ЗША напоўніцу плюсаў: разнастайнасць прыроды і народнасцяў, узаемапавага і прыняцце розных пунктаў гледжання, дэмакратыя з магчымасцю выбіраць новага прэзідэнта раз на некалькі гадоў.

– Ці маеце зносіны вы з беларусамі ў ЗША? Што вас больш за ўсё ўразіла ў амерыканцах?

– Першы час я паддаўся жаданню спрасціць сваё існаванне і меў зносіны ў асноўным з беларусамі, якія жывуць тут, або сябрамі онлайн. З часам у мяне з’явіліся новыя знаёмыя з Расеі, Украіны, ды, вядома, амерыканцы. Мне падабаецца тое, якія чалавечыя якасці праяўляюць амерыканцы. Яны спагадлівыя, таварыскія, усмешлівыя і амаль заўсёды гатовыя дапамагчы. Мне падабаецца мець зносіны з імі на павярхоўныя тэмы, працоўныя пытанні, але, каб апусціцца глыбей, трэба выдаткаваць дастаткова часу. Мы смяемся над звычкай амерыканцаў усміхацца, а, на маю думку, гэта выдатное вынаходніцтва – усмешка звонку пераходзіць ва ўсмешку ўнутры і ты адчуваеш сябе нашмат лепш.

«Перамясціўшыся ў ЗША, я зрабіў некалькі крокаў назад»

– Як выглядае ваша жыццё ў Нью-Ёрку? Чым вы зарабляеце, ці дастаткова гэтага для жыцця і творчасці?

– Па кантракце фрылансера я працую ў амерыканскай кампаніі Overall Murals – мы займаемся рэкламай на будынках і робім яе старамодна, рукамі ды пэндзлікамі. Гэта вельмі доўга і дорага для кліента. Затое вынік выклікае захапленне, і нам даводзіцца працаваць у асноўным з такімі кампаніямі як Apple, Amazon, Google, Chanel… І гэта прыемна. Гэтая праца дазваляе мне аплочваць першаступенныя выдаткі (пражыванне, харчаванне, транспарт, адзенне, забавы, падарожжы) і трохі пакідаць для развіцця ўласных праектаў. Перамясціўшыся ў ЗША, я адыйшоў на некалькі крокаў назад, і каб наблізіцца да свайго звыклага, творчага, працоўнага рэжыму, спатрэбіцца ў маім разуменні плюс-мінус 5 гадоў. Тут больш магчымасцяў, але і большая канкурэнцыя. Так што я пакуль на шляху да таго, навошта прыехаў, і нават не наблізіўся да сярэдзіны. І так, вядома, я стаўлю перад сабой задачу заставацца беларускім мастаком ды распавядаць праз свае працы амерыканцам пра сваю родную краіну.

Офис «Sette» в Минске, Беларусь. 2016 год. Фото: pisliak.com
Сетка піўных крам «ТОЧКА» у Менску, Беларусь. 2016 год. Фота: pisliak.com
Офіс кампаніі «Business Youth» у Менску, Беларусь. 2016 год. Фота: pisliak.com

– Вы займаліся творчасцю ў Беларусі і Амерыцы. Дзе з гэтым прасцей?

– Пакуль мне здаецца, што займацца творчасцю ў Беларусі прасцей, чым у Амерыцы. У Менску можна здымаць кватэру за $300 ці жыць з бацькамі і маляваць, пісаць музыку, зарабляючы гэтым невялікія грошы на першасныя выдаткі. У Нью-Ёрку ж табе трэба хадзіць на працу, каб плаціць $1000, 2000… 5000 за першасныя выдаткі, і гэта забірае амаль увесь твой прадуктыўны час. Сіл і жадання займацца чымсьці яшчэ ўвечары ці на выходных амаль не застаецца. Да таго ж, жаданне атрымаць усё тое, што ёсць у суседа, не знікае, а расце з кожным днём, і хочацца зарабляць яшчэ больш, што прыводзіць да пошуку новай наёмнай працы. Да грошай, якія стабільна прыходзяць на картку раз на тыдзень, прызвычайваешся, і адмаўляцца ад гэтага, развіваючы ўласны бізнес, не вельмі хочацца.

– Наколькі ведаю, у Амерыцы вас затрымлівала амерыканская паліцыя. Раскажыце гэтую гісторыю.

– Так, пасля вайсковага ўварвання Расеі ва Украіну я, як і ўсе нармальныя людзі, стаў суперажываць грамадзянам Украіны і хацеў далучыцца да дапамогі пацярпелым сем’ям. Задумаў зрабіць серыю NFT-выяваў, прадаць іх, а атрыманыя грошы адправіць у фонд дапамогі пацярпелым. Для прыцягнення ўвагі я зрабіў два невялікіх, несанкцыянаваных мурала ў Нью-Ёрку, і пры выкананні другой працы мяне затрымалі. Высветліўшы, што я не маю дазволу на падобныя працы, адвезлі ў пастарунак, дапыталі, склалі пратакол затрымання, сфатаграфавалі, знялі адбіткі пальцаў. Там я правёў некалькі гадзін і быў адпушчаны з прызначэннем судовага разгляду маёй справы праз месяц. Праз 30 дзён я зʼявіўся ў суд. Ён выглядаў як у фільмах: з лавамі для прысяжных і суддзёй, якая сядзіць на пʼедэстале ў канцы памяшкання. Мне быў прызначаны бясплатны адвакат, які ўдакладніў мае пажаданні, і ў выніку вынеслі прысуд у выглядзе 20 дзён выпрабавальнага тэрміну, на працягу якога я не павінен парушаць ніякіх законаў. І на гэтым усё, ні штрафу, нічога іншага. Гэта цалкам гуманна ў маёй сітуацыі, але за падобнае парушэнне і псаванне маёмасці ў ЗША пагражае тэрмін да 10 гадоў зняволення. Пасля гэтага я змог прыцягнуць у 10 разоў больш увагі да сябе і свайго праекту, чым меўся разлічваць. Гэта быў добры досвед. У Менску ж мяне ніколі не затрымлівалі за падобнае парушэнне заканадаўства.

«Мне вельмі шкада, што наш народ пакутуе, не маючы магчымасці заставацца на радзіме і будучы гнаным у іншых краінах»

– Вы сачылі за пратэстамі ў Беларусі ў 2020 годзе? Як успрымаеце тое, што адбываецца ў нашай краіне і з беларусамі?

– Вядома, я сачыў за ўсім, што адбываецца, і было вельмі складана заставацца практычна абыякавым. У 2020 годзе я маляваў, выказваўся з гэтай нагоды. У той момант NFT-рынак пачаў сваё актыўнае развіццё, што дазволіла мне стварыць уласны праект, прадаць частку твораў і перавесці атрыманыя грошы ў фонд дапамогі рэпрэсаваным беларусам BYSOL.

Фота: архіў героя

Я, зразумела, працягваю назіраць за сітуацыяй у Беларусі і ў рэгіёне; горка ўсведамляць, што сітуацыя не паляпшаецца, а хутчэй наадварот. Вайна ва Украіне перакрыла тое, што адбываецца ў Беларусі, і мне вельмі шкада, што наш народ пакутуе ўдвая ад гэтай несправядлівасці, не маючы магчымасці заставацца на радзіме і будучы гнаным у іншых краінах.

– Ці могуць беларусы стаць вольнымі?

– Беларус цалкам сабе вольны ўжо цяпер! Але нам выпаў лёс, ці мы самыя яго абралі, нарадзіцца і жыць у рэгіёне, дзе дзясяткі, сотні гадоў адбываюцца войны, адзін дыктатар змяняе іншага і 7-8 месяцаў на год неба зацягнутае шэрымі хмарамі, што не надае аптымізму, а хутчэй наадварот. Але гэта робіць нас мацней, вучыць спраўляцца са складанасцямі і пры гэтым быць вольнымі.

– Вы сумуеце па дому? Ці разглядаеце для сябе варыянт будучыні, у якой вяртаецеся ў Менск?

– Так, сумую, вядома! Але больш па блізкіх людзях, чым па горадзе, большасць з іх з’ехала з Беларусі. Вярнуцца ў Менск і прайсціся па любімых вуліцах, праехацца на ровары па дарожцы, абняцца з бацькамі і сястрой мне вельмі хочацца, але пакуль я не магу сабе дазволіць такой раскошы.

 

Інтэрв’ю
«Мы пяройдзем да класічнай пазіцыі 1937 года». Міхаіл Гулін – пра выставу ў Дрэздэне і комплекс Касандры ў беларусаў
2023.09.09 16:58

Саша Гоман / Авер belsat.eu

Стужка навінаў