«Без павучкоў я б з'ехала з глузду». Гісторыя беларускі Лёлі, якая шукае сабе і дзеткам новы дом у Польшчы


Беларуска Лёля са сваймі чароўнымі дзеткамі тыдзень таму пасялілася ў Доме дапамогі «Пад адным дахам» у Беластоку. У 2020-м яна тэрмінова зʼехала з Беларусі ва Украіну, а год таму – з Украіны ў Польшчу, дзе жыла ў лагеры для ўцекачоў. Каб неяк выжыць і ратавацца ад чорных думак, Лёля пачала ствараць і прадаваць папяровых павучкоў. Гэта адзіны ейны прыбытак, і сёння самотнай маці трэба падтрыманне і дапамога.

Лёля ў Доме дапамогі «Пад адным дахам» у Беластоку з папяровым павуком. Беласток, Польшча. 4 красавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Чаму павучкі? Мабыць, у іх мая душа цяпер. І яна вандруе разам з імі. Калі хтосьці пасяляе яго ў сваім доме, тады і я быццам знаходжу сваё месца пад сонцам», – кажа Лёля.

Хадзіла на маршы з дзіцячым вазком

Свой дом у Беларусі Лёля пакінула ў снежні 2020 года. На маршы ў мястэчку каля Менску хадзіла з дзіцячым вазком, у якім мірна сапла тады яшчэ двухмесячная Міраслава. Потым быў званок з дзіцячага садка, куды хадзіў старэйшы сын Цімафей. Лёлі паведамілі, што збіраюцца паставіць ейную сямʼю на ўлік як сацыяльна небяспечную. А сілавікі, якія пазней прыехалі дадому, прыгразілі: «Будзеш выказвацца наконт палітыкі – дзеці паедуць у прытулак, а ты – у турму».

«Тады я даслоўна за адзін вечар сабрала рэчы, узяла дзяцей і з адною валізаю выехала ва Украіну, дзе на той момант працаваў мой муж. Спяшаліся, бо Беларусь збіралася закрываць мяжу», – распавядае Лёля. Ейны муж – грамадзянін Украіны. Ён старэйшы за Лёлю на 6 гадоў. Пабралася з ім, калі вучылася на 4-м курсе Універсітэту культуры і мастацтваў: «Каханне з першага позірку, нічога не паробіш». Скончыла там факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацыяў і паралельна факультэт графічнага дызайну.

Лёля з дзецьмі ў Доме дапамогі «Пад адным дахам» у Беластоку.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Са смехам расказвае, што ў радзільню паехала ў дзень абароны дыплому, адразу пасля экзамену: на свет зʼявіўся Цімафей. Праз тры гады нарадзіла беласнежную Міраславу.

«Не хацела, каб усё гэта бачылі і чулі дзеці»

Муж Лёлі ў Беларусі рамантаваў тэхніку, але потым пачаў працаваць вахтавым метадам ва Украіне:

«Разлад з мужам адбыўся яшчэ ў Беларусі, калі пратэсты пачаліся. Яго не было побач. Я заставалася месяцамі адна. І ўсё гэта вылівалася на мяне адну. Ён не разумеў маіх пачуццяў і эмоцыяў».

Кажа, што яшчэ на радзіме мела з мужам непаразуменні ў пытаннях, датычных палітыкі, а таксама – выхавання дзяцей. Калі пераехала ў незнаёмую краіну, чакала элементарнай падтрымкі і бяспекі. Хацелася пачуць ад мужа, што ўсё наладзіцца, разам справімся. Не пачула. Апынуўшыся і пажыўшы на тэрыторыі мужа, паступова прыйшла да высновы, што ён ператварыўся ў абʼюзера, які дзень за днём прыгнятае ейную волю і парушае асабістыя межы.

Лёля расказвае, што сужэнец забіраў тэлефон, ёй некалькі разоў даводзілася «бегаць да суседак, каб пазваніць матулі і сказаць, што ўсё добра». Не дазваляў выходзіць у інтэрнэт, бо яму не падабаўся жончын «Instagram». Нават на жаночыя працэдуры трэба было адпрошвацца. Пры гэтым усе хатнія абавязкі былі жаночымі, як, збольшага, і справа выхавання дзяцей. Лёля прызнаецца, што не было часу ні хварэць, ні гуляць, ні адпачываць. Яе накрывала дэпрэсія, а паразуменне не наставала.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Не ведаю. Можа, ён думаў, што так будзе лепш, але… Я творчы чалавек, я не магу без гэтага: без фотаздымкаў, без сувязі з роднымі і сябрамі, без творчага нейкага працэсу ўвогуле», – кажа беларуска.

Калі пачалася вайна, а ў горадзе пачалі гучаць выбухі, дэпрэсія і страх за дзяцей накрылі яшчэ больш. Праз два тыдні Лёля сабрала дзяцей, узяла ў рукі валізу і разам з плынню ўкраінскіх уцекачоў рушыла ў Польшчу:

«Я не хацела, каб усё гэта бачылі і чулі дзеці, не адчувала сябе ў бяспецы».

Больш за год сям’я жыла ў лагеры з украінцамі каля Хайніцаў (Chojnice) на поўначы краіны. Муж, які застаўся ва Украіне, ніякім чынам сямʼі не дапамагаў і не дапамагае.

«Самыя салодкія цукеркі былі ў бабулі Чыкулі каля Менску»

«У лагеры доўга думала, як буду жыць далей: вярнуцца ў Беларусь ці вяртацца ва Украіну? Але жыццё ідзе далей – Цімафею хутка ў школу. Як бы цяжка адной ні было, буду змагацца і жыць. У Польшчы падабаецца. Штомесяц купляю сабе букет кветак, гэта мой асабісты сімвал барацьбы за жаночыя правы. Я абавязкова дам рады», – падтрымлівае сябе Лёля.

Ад польскай дзяржавы атрымлівае 1000 злотых дапамогі на дзяцей (паводле праграмы «500+»). Каб зарабіць нешта яшчэ, разам з Міраславаю хадзіла прыбіраць апартаменты, пакуль Цімафей быў у садку ў лагеры ўцекачоў. Прызнаецца, што здароўе пахіснулася. Пасля працяглых хваробаў і дэпрэсіі даводзілася прымаць супакаяльныя лекі. Каб канчаткова не зварʼяцець, шукала творчыя ідэі. Гэтак і прыйшла да павучкоў: «Каб не яны – зʼехала б з глузду. Павучкі мяне лепш за лекі заспакойваюць.

А дзецям я проста кажу, што такое ў нас жыццё: мы вандруем па свеце. Пераезды – самае цяжкае. А з адаптацыяй усё нармальна. Я добра прыжываюся, дзе б ні была. Як нейкі таракан. Не-не, як павучок! Галоўнае, каб дзецям добра было».

Павучкоў жанчына прадае пад замову ў «Instagram» – за ахвяраванні. Распавядае, што адзін паехаў ужо ў Швейцарыю, другі – ажно ў Аўстралію. Некалькі жывуць у Польшчы: у Музеі вольнай Беларусі, у кавярні «Какава» ў Варшаве ды ў сябровак.

«Для мяне гэта сімвал радзімы і дому. Штосьці роднае ў чужой краіне. Беларусаў раскідала па свеце. Хацелася б, каб мой павук абʼядноўваў. Калісьці ўсе людзі ў вымушанай эміграцыі знойдуць свой дом і месца пад сонцам, бо гэта вельмі цяжка», – прызнаецца Лёля.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пра Дом дапамогі, які заснавала ў Беластоку беларуска Алена Жаркевіч, Лёля даведалася ад сяброўкі. Маме з дзеткамі вылучылі ў ім самы вялікі пакой.

«Я Цімафей, а вунь там маё «Лега». Нармальна тут. Нядаўна прыехалі і нават не агледзеліся яшчэ. Вось разынкі, хочаш – паспрабуй, – частуе нас 5-гадовы сын Лёлі. – Я спачатку жыў у Беларусі, потым ва Украіне, потым у Польшчы. Усюды класна. Але, здаецца, самыя салодкія цукеркі былі ў бабулі Чыкулі каля Менску».

Як дапамагчы Лёлі і дзецям

«У доме спакойна, цёпла і ціха. Хоць для дзяцей гэта не зусім звыкла, бо ў лагеры жылі 10 семʼяў з дзецьмі – дык у Цімафея і Міраславы было шмат сяброў», – кажа Лёля.

Яна падыходзіць да вакна і кранае павука, які вісіць перад ім. На прыдалонні віднеецца маленькае тату з надпісам «Жыве!».

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«У Цімафея гэта ўжо сёмы пераезд! Мы не прывязваемся да Беластоку. Дзе знойдзем сабе доўгатэрміновы варыянт дому – там і будзем жыць. Хай сабе ў вёсцы, абы школка была і садочак. Каб знайшлася сямʼя, з якой можна было б скааперавацца, было б вельмі добра, бо адна я пакуль не пацягну», – кажа Лёля.

Лёля расказвае, што адраджае забытую беларускую і ўкраінскую традыцыі, калі ў кожным сялянскім доме ў чырвоным куце вісеў саламяны павук – сімвал дабрабыту і шчасця. Але робіць сваіх павучкоў з папяровых трубачак – атрымліваецца больш сучасна і трывала. Аздабляе іх пацеркамі. Сагравае любоўю і надзеяй. Надзеяй пра новае жыццё і новы дом.

Як дапамагчы Лёлі ажыццявіць ейную мару? Усё проста: замовіць павука ў інтэрнэце. Ён у кожны дом прыносіць цеплыню і спакой, сцвярджае Лёля. Запэўніваем: калі назіраеш за танцам павучка і яго чароўнымі ценямі – з галавы знікаюць усе чорныя думкі. Спраўджана.

Дапамагчы Лёлі і дзеткам зняць новае жытло ў Польшчы (бо Дом дапамогі ў Беластоку дае толькі часовы прытулак) можна і такім чынам: узяць удзел у зборы, зладжаным на сайце Pomagam.pl.

Трэба пагаварыць
Кацярына Ваданосава: «Я была блізкая да самагубства». Як пабароць дэпрэсію?
2023.04.09 13:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў