У чаканні бітвы за Такмак. Тлумачым, чаму контрнаступ ЗСУ ўваходзіць у ключавую фазу


Украінскія вайскоўцы пераадолелі першую лінію расейскай абароны і рыхтуюцца да прарыву галоўнай – гэтак званай лініі Суравікіна. Імаверна, найбліжэйшымі тыднямі найбольш жорсткія баі будуць адбывацца ў раёне Такмаку. Вынік гэтай бітвы, хутчэй за ўсё, прадвызначыць лёс цяперашняга контрнаступу ЗСУ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы страляюць з рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Град» каля Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна. 13 жніўня 2023 года.
Фота: Libkos / AP Photo / East News

Што цяпер адбываецца на фронце

Збройныя сілы Украіны працягваюць наступальныя аперацыі на мэлітопальскім (заходняя частка Запарожскай вобласці) кірунку, дзе апошнім часам дасягнулі заўважных поспехаў. 22 жніўня жаўнеры 47-й брыгады ЗСУ ўвайшлі ў Работына, а 24 жніўня яго вызвалілі і паднялі над паселішчам украінскі сцяг.

Расейскі ваенкар-прапагандыст Сямён Пегаў 25 жніўня прызнае, што ЗСУ замацаваліся ў Работына (іншыя Z-каналы ў асноўным карыстаюцца эўфемізмамі і наўпрост не прызнаюць страты сяла: напрыклад, пішуць, што «баі змясціліся на паўднёвую ваколіцу»). Цяпер украінцы вядуць наступленне на Новапракопаўку ды імкнуцца прасунуцца на Вэрбовае, спрабуючы зайсці ў тыл лініі абароны акупантаў. Такім чынам, канстатуюць аналітыкі ISW, украінцы здолелі «яшчэ больш пашырыць прарыў расейскіх абарончых лініяў у гэтым раёне».

«На мяжы Работына – Вэрбовае ідуць лютыя баі. Сітуацыя цяжкая», – канстатуе расейскі мілітарысцкі канал «Рыбарь» днём 25 жніўня. Некаторыя Z-каналы пішуць пра «крытычны момант на полі бою». Аглядальнік украінскай даследчай суполкі «Інформаційний спротив» Канстанцін Машавец сцвярджае, што «камандныя структуры праціўніка калі не ў паніцы, то прынамсі ў вельмі моцным хваляванні». Паводле звестак «ІС», каля Работына камандаванне арміі РФ «кінула ўсё, што наскрэбла ў сябе ў аператыўным тыле», нават давялося здымаць падраздзяленні з суседніх кірункаў.

На фоне даволі дынамічных падзеяў каля Работына заўважна знізілася інтэнсіўнасць аперацыяў на бярдзянскім кірунку (заходняя частка Данецкай вобласці на мяжы з Запарожскай). Разам з мэлітопальскім бярдзянскі кірунак уваходзіў у лік асноўных падчас летняга контрнаступу. Менавіта тут была вызваленая найбольшая колькасць паселішчаў. Апошні поспех ЗСУ тут быў зафіксаваны 16 жніўня: у гэты дзень украінцы занялі сяло Уражайнае. Кантроль над Уражайным дае магчымасць сфармаваць даволі зручны плацдарм для далейшага прасоўвання да мора. Прычым атакі могуць разгортвацца ў розных кірунках.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія жаўнеры едуць на БТР на перадавой каля Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна. 13 жніўня 2023 года.
Фота: Libkos / AP Photo / East News

Аднак на гэтым тыдні актыўнасць ЗСУ тут знізілася: бярдзянскі кірунак у зводках Генштабу ЗСУ апошнімі днямі не фігуруе ў якасці месца контрнаступу. Аналітычны праект «DeepStateUA» характарызуе сітуацыю каротка: без зменаў.

Трываюць баі на поўдзень ад Бахмуту: тут наступальную аперацыю ЗСУ распачалі яшчэ ў траўні. Гэты кірунак застаецца другасным, разлічаным на адцягванне сілаў і ўвагі праціўніка. Таксама ўкраінцы адцягваюць увагу расейцаў, паспяхова арганізоўваючы лакальныя дэсантныя аперацыі на Дняпры ды ў Крыме: яны маюць характар дыверсійна-выведных рэйдаў.

Расея ў сваю чаргу працягвае наступальную аперацыю на лімана-купянскім кірунку на Данбасе. Яе мэты абмежаваныя: хутчэй за ўсё, галоўнае для расейцаў – адцягнуць рэзервы ЗСУ, каб аслабіць ціск на поўдні. Поспехаў агрэсар тут не дэманструе, але Міністэрства абароны Украіны прызнае, што сітуацыя каля Ліману і Купянску складаная.

Што азначаюць падзеі апошніх тыдняў

Навіны з фронту па-ранейшаму не адрозніваюцца разнастайнасцю, што можа стварыць ілюзію пазіцыйнага тупіку, аднак такое ўражанне цяпер як ніколі зманлівае. Насамрэч за апошнія тыдні ЗСУ дасягнулі істотнага прагрэсу: яны канчаткова пераадолелі добра ўмацаваную першую лінію абароны і на некаторых участках, імаверна, прыступілі да прарыву перадавых пазіцыяў галоўнай лініі расейскай абароны – гэтак званай лініі Суравікіна. Цяпер шчыльнасць мінных палёў, якія значна тармазілі прасоўванне ЗСУ, мусіць быць ніжэйшая. Гэта аднак зусім не азначае, што ўкраінскія вайскоўцы лёгка прарвуць абарону праціўніка: ім усё роўна давядзецца сутыкнуцца з магутнымі фартыфікацыйнымі збудаваннямі.

«Яны дабіліся пэўнага прагрэсу на лініі фронту, але далей будзе цяжка, і цяжкасці будуць працягвацца», – канстатаваў прадстаўнік Пэнтагону генерал Патрык Райдэр.

Вызваленне Работына тут мае асаблівае значэнне. Работына было адным з ключавых умацаваных раёнаў акупантаў на гэтым кірунку. Баі каля паселішча трывалі амаль 2,5 месяца і каштавалі Украіне «значных людскіх рэсурсаў і тэхнікі», прызнае праект «DeepStateUA». Узяцце Работына адкрывае перад украінцамі новыя перспектывы: шлях на Такмак – стратэгічна важны лагістычны вузел за 20 км ад вызваленага сяла. Горад ужо ў зоне дасягальнасці ўкраінскай ствольнай артылерыі.

Такмак у сваю чаргу можа адкрыць украінцам шлях на Мэлітопаль, што дазволіць цалкам рассекчы паўднёвую групоўку войскаў РФ і перарэзаць сухаземны мост з акупаваным Крымам. Аднак нават узяцце аднаго Такмаку, без Мэлітопалю, дасць магчымасць Украіне крытычна ўскладніць забеспячэнне паўднёвай групоўкі РФ. Праўда, да Такмаку яшчэ трэба будзе дайсці: на гэтым шляху, па трасе 0408, ЗСУ мусяць вызваліць тры паселішча – Новапракопаўку, Ільчанкава і Салодкую Балку.

«Пакуль яшчэ зарана рабіць высновы пра поспех або правал… Відавочна, што пакуль дасягнуты частковы поспех», – заявіў кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генерал Марк Мілі, каментуючы развіццё ўкраінскага контрнаступу.

Чаго чакаць далей

У канцы ліпеня амерыканская газета «The New York Times» са спасылкаю на свае крыніцы ў Пэнтагоне паведамляла, што Украіна распачала новую фазу контрнаступу, якая прадугледжвае нанясенне галоўнага ўдару ў кірунку Такмаку. Узяцце Работына на фоне зніжэння актыўнасці на бярдзянскім кірунку сведчыць пра тое, што інфармацыя «NYT» наконт галоўнага ўдару была, хутчэй за ўсё, дакладная.

Бліжэйшым часам варта чакаць, што ўкраінцы кінуць усе сілы на прарыў «лініі Суравікіна» і ўзяцце Такмаку. Расейскі Telegram-канал «Рыбарь» сцвярджае, што цяпер на мэлітопальскім кірунку Украіна канцэнтруе дадатковыя рэзервы. Пацверджання гэтых звестак няма, але такія дзеянні з боку ЗСУ выглядалі б лагічна.

Расейская армія ў сваю чаргу будзе рабіць усё, каб утрымаць свае пазіцыі каля Такмаку – ад гэтага залежыць лёс украінскага контрнаступу ў 2023 годзе.

Застаецца пры гэтым адкрытым пытанне, што далей будзе адбывацца на бярдзянскім і бахмуцкім кірунках: ці ахвяруе Украіна наступленнем там, каб засяродзіць усе сілы на захадзе Запарожскай вобласці? Мяркуючы з апошніх публікацыяў заходніх медыяў, саюзнікі Украіны лічаць памылкаю тое, што ўкраінскае войска разасяроджанае – у прыватнасці трымае зашмат сілаў на Усходзе. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі з гэтаю думкаю публічна не пагадзіўся. Аднак з публікацыі «The Wall Street Journal» вынікае, што насамрэч да гэтых заўваг украінцы прыслухаліся і на ўсходзе Запарожскай вобласці (бярдзянскі кірунак) нібыта перайшлі да абароны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Начныя вучэнні салдатаў ЗСУ ў Данецкай вобласці, Украіна. 17 жніўня 2023 года.
Фота: Libkos / AP Photo / East News

Ці здолее ЗСУ прарваць «лінію Суравікіна» і колькі часу гэта можа заняць? Ацэнкі можна сустрэць абсалютна супрацьлеглыя. Паводле The Wall Street Journal, галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны заявіў амерыканскім калегам, што ўкраінскае войска «на парозе прарыву». Пра тое, што расейская абарона праз некаторы час можа не вытрываць ціску і рэзка рассыпацца, казалі раней некаторыя заходнія аналітыкі. Эксперты аўтарытэтнага амерыканскага аналітычнага цэнтру «RAND Corporation» Рафіел Коўэн і Джан Джэнтыл праводзілі аналогіі з высадкай у Нармандыі ў чэрвені 1944 года: тады шэсць тыдняў саюзнікі ў лютых баях прасоўваліся вельмі-вельмі марудна (усяго на 30 км), але потым нямецкая абарона рухнула, і брытанска-амерыканскія войскі даволі хутка вызвалілі ўсю Францыю.

Аднак такі аптымізм падзяляюць далёка не ўсе. «Не трэба чакаць, што там будзе хуткі прарыў. Цуды божыя бываюць. Але калі зыходзіць не з надзеі на цуд, то на разбор першай лініі ў нас пайшло з два месяцы. Ёсць падставы меркаваць, што другая лінія будзе давацца прыкладна ў такім жа тэмпе», – спрагназаваў 13 жніўня ў інтэрв’ю «NV» экс-афіцэр батальёну «Айдар» Яўген Дзікій.

«The Washington Post» піша, што ў амерыканскай віведцы настроеныя скептычна: там думаюць, што ЗСУ падчас цяперашняга контрнаступу не щдасца вызваліць Мэлітопалю і перарэзаць расейскі сухаземны калідор у Крым.

Вызначальнае значэнне на гэтай стадыі будзе мець наяўнасць рэзерваў у абодвух бакоў. Для ЗСУ важна не толькі прарваць абарону, але і захаваць дастаткова рэзерваў, каб потым прасунуцца ўглыб акупаванай тэрыторыі ді замацавацца на новых рубяжах. Прынамсі частку падраздзяленняў з рэзервовага 10-га корпусу ЗСУ былі вымушаныя «распакаваць» яшчэ ў канцы чэрвеня. Аднак ёсць таксама звесткі пра тое, што дэфіцыт рэзерваў востра адчувае Расея. Ці хопіць іх у выніку для таго, каб утрымаць «лінію Суравікіна», невядома.

Аналітыка
Якой зброі Украіне бракуе для перамогі, і чаму Захад марудзіць з пастаўкамі
2023.08.21 16:58

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў