Украіна наносіць галоўны ўдар? Што вядома пра актывізацыю контрнаступу


Заходнія медыі паведамляюць пра тое, што ЗСУ распачалі новы этап контрнаступлення, у рамках якога галоўны ўдар наносіцца на захадзе Запарожскай вобласці. Ці сапраўды ўкраінскі контрнаступ пераходзіць у вырашальную фазу і што цяпер адбываецца на фронце?

Украінскі салдат трымае ПЗРК «Stinger» на сваёй пазіцыі ў Данецкай вобласці, Украіна. 26 ліпеня 2023 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Амерыканская газета «The New York Times» са спасылкай на свае крыніцы ў Пэнтагоне паведамляе, што Украіна распачала новую фазу контрнаступлення. Галоўны ўдар, паводле выдання, наносіцца на поўдзень ад Арэхава ў кірунку Такмаку (захад Запарожскай вобласці). У выпадку поспеху ЗСУ маюць намер ісці на Мэлітопаль, каб рассекчы паўднёвую групоўку войскаў РФ і перарэзаць сухапутны мост з акупаваным Крымам. «Або прынамсі рушыць далёка наперад, каб стратэгічна важны паўвостраў апынуўся ў зоне дасяжнасці ўкраінскай артылерыі», – дадае «The New York Times».

Паводле звестак журналістаў, Украіна кінула ў бой на гэтым кірунку падраздзяленні, якія былі навучаныя і аснашчаныя на Захадзе і да гэтага часу заставаліся ў рэзерве. Калі ўсё пойдзе паводле плану, то новая фаза зойме ад аднаго да трох тыдняў. «Гэта вялікае выпрабаванне», – сказаў адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў ЗША.

Пра перакідванне на поўдзень добра падрыхтаваных украінскіх рэзерваў паведамляе «Politico».

«Удар на гэтым тыдні можа стаць пачаткам першага рэальнага прарыву ўкраінскіх сілаў у контрнаступленні», – піша выданне.

Агенцтва «Bloomberg» сцвярджае, што Украіна актывізавала сваё наступленне, аперацыі ЗСУ ў цэлым пачалі «набіраць абароты». Інстытут вывучэння вайны (ISW) таксама паведамляе пра пачатак «буйной механізаванай наступальнай аперацыі» на захадзе Запарожскай вобласці (хаця з такой тэрміналогіяй не ўсе пагаджаюцца).

Раней газета «Financial Times» распавядала, што прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падчас выступу праз відэасувязь на Аспэнскім форуме бяспекі паабяцаў, што аперацыя ЗСУ вось-вось «набярэ абароты».

Ускосным сведчаннем таго, што цяпер на поўдні сапраўды распачалося нешта важнае, можа быць той факт, што Зяленскі раніцай 27 ліпеня правёў выязное паседжанне Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага ў зоне адказнасці аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Таўрыя». Падраздзяленні «Таўрыі» дзеюць якраз у Запарожскай вобласці, на бярдзянскім і мэлітопальскім кірунках.

Аналітыка
Контрнаступ супраць контрнаступу. Як Расея спрабуе перахапіць ініцыятыву на фронце
2023.07.22 16:32

ЗСУ стварылі выступ каля Работына

Публікацыі заходніх медыяў супалі з заявамі Міністэрства абароны РФ аб узмацненні атакаў ЗСУ на арэхаўскім (мэлітопальскім) кірунку. Пра актывізацыю ўкраінскага войска заявіў 27 ліпеня і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. Паводле Пуціна, поспеху ўкраінцы не маюць і нібыта нясуць вялікія страты.

Расейскія ваенкары-прапагандысты таксама сцвярджаюць, што ўзмоцненыя атакі ЗСУ ўдала адбіваюцца. Аднак некаторыя з іх усё ж вымушаныя прызнаць пэўныя дасягненні ўкраінцаў. У прыватнасці, Сямён Пегаў (WarGonzo) піша, што ЗСУ здолелі прасунуцца на паўднёвы ўсход ад Работына.

На мапе «DeepState» бачна, што цяпер украінцы стварылі на ўсход ад Работына выступ, які пагражае расейскім пазіцыям з флангу.

Паводле Інстытуту вывучэння вайны, ЗСУ на поўдзень ад Арэхава прарвалі некаторыя добра падрыхтаваныя расейскія абарончыя пазіцыі. Пад Работынам украінцы прасунуліся на 2,5 км. Потым, імаверна, расейцы выкарысталі стандартную тактыку «эластычнай абароны» і трошкі адцяснілі ўкраінскіх вайскоўцаў, але не на пачатковыя пазіцыі.

«Абарончыя лініі, якія праходзяць на поўдзень ад Работына, імаверна, менш укамплектаваныя, чым гэтыя перадавыя пазіцыі», – гаворыцца ў справаздачы аналітыкаў. ISW мяркуе, што Украіна перакінула свежыя сілы ў гэты рэгіён, а расейскія войскі застаюцца «прыціснутымі» без ратацыі і падмацавання. «Увядзенне ў бой свежых украінскіх рэзерваў, разам з геаметрыяй расейскіх абарончых лініяў ды імаверным пагаршэннем агульнага стану расейскіх сілаў у гэтай мясцовасці, можа дазволіць Украіне пачаць больш паспяховае прасоўванне на поўдзень ад Арэхава ў найбліжэйшыя тыдні», – прагназуюць аналітыкі ISW.

Поспехі ЗСУ каля Старамаёрскага: ваенкары непакояцца

Разам з тым, Z-каналы паведамляюць пра актывізацыю баёў і на мяжы Запарожскай і Данецкай вобласцяў. Тэлеграм-канал «Операция Z: Военкоры Русской Весны» піша, што на Урэмаўскім выступе ідуць цяжкія баі – украінцы тут таксама імкнуцца рассекчы расейскія сілы і перарэзаць сухапутны калідор на Крым.

Украінскія салдаты размаўляюць на пазіцыі пяхоты ў кірунку Вуглядару, Украіна. 26 ліпеня 2023 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

У зводцы Генштабу ЗСУ раніцай 27 ліпеня паведамлялася, што ў ваколіцах паселішча Старамаёрскае ўкраінскія жаўнеры мелі поспех і цяпер замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах. ЗСУ ўжо ўвайшлі ў Старамаёрскае, і Z-каналы ўжо пачалі рыхтаваць сваю аўдыторыю да страты паселішча. Былы палявы камандзір, а цяпер намеснік начальніка ўпраўлення Расгвардыі ў ДНР Аляксандр Хадакоўскі назваў страту Старамаёрскага «ўдарам па нашым ваенным самалюбстве».

«Навіна трывожная, бо Старамаёрскае – гэта яшчэ і дамінантная ў раёне вышыня, што можа ўскладніць становішча на дадзеным участку фронту», – піша Сямён Пегаў. Цяпер, паводле ваенкараў, украінцы пагражаюць Уражайнаму. «ЗСУ маюць намер узяць УС РФ у абцугі», – падсумоўвае сітуацыю на Урэмаўскім выступе тэлеграм-канал «Рыбарь».

Z-каналы звяртаюць увагу на масаванае выкарыстанне артылерыі ЗСУ. Імаверна, гэта сапраўды адметная рыса цяперашніх баёў – пра гэта, у прыватнасці, піша «Financial Times». Паводле выдання, існуюць асцярогі, што ЗСУ занадта хутка вычарпаюць свае запасы снарадаў. Але пакуль такая тактыка дазваляе ўкраінцам знізіць свае страты і «дабіцца невялікіх, але стабільных поспехаў».

Што ўсё гэта значыць

Хаця актывізацыя ЗСУ на мэлітопальскім і бярдзянскім кірунках у апошнія дні здаецца відавочнай, пакуль усё-ткі рана адназначна сцвярджаць, што галоўны ўдар летняга контрнаступу ўжо распачаўся.

Украінскія жаўнеры страляюць з артылерыі ў кірунку Аўдзееўкі, Украіна. 20 ліпеня 2023 года.
Фота: Ercin Erturk / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Як ужо тлумачыў раней Belsat.eu, камандаванне ЗСУ робіць стаўку на знясіленне праціўніка, паступовае расхістванне і расцягванне расейскай абароны. Такім чынам мусяць быць створаныя ўмовы для ўвядзення ў бой асноўных рэзерваў і нанясення галоўнага ўдару, які будзе азначаць пераход контрнаступлення ў вызначальную фазу.

Аднак станам на дзень 27 ліпеня аналіз адкрытых крыніцаў не дае падставаў сцвярджаць, што цяпер адбываецца масаванае ўвядзенне ў бой асноўных рэзерваў Украіны і кантрасная змена характару контрнаступлення. Аўтарытэтныя заходнія эксперты Роб Лі і Конрад Музыка зазначаюць, што ЗСУ, хутчэй за ўсё, кінулі ў наступленне пад Арэхавам «элементы 10-га корпусу». Але якая частка рэзерваў там уводзіцца ў бой – пакуль няясна. Само па сабе з’яўленне на фронце асобных свежых падраздзяленняў не ёсць доказам нанясення галоўнага ўдару.

Таксама не зусім зразумела, чаму заходнія медыі са спасылкаю на высокапастаўленых чыноўнікаў адкрыта кажуць пра месца галоўнага ўдару ЗСУ і перакідванне рэзерваў, хоць відавочна, што заўчаснае раскрыццё планаў можа мець негатыўныя наступствы для ўкраінскіх вайскоўцаў. Гэта можа быць як праявай легкадумнасці з боку журналістаў і іхных крыніцаў, так і наўмысным «укідам» адказных асобаў.

Калі інфармацыя «The New York Times» правільная, то прыкметы пераходу контрнаступлення ў вырашальную фазу неўзабаве стануць відавочнымі – перш за ўсё, гэта мусіць адбіцца на масавасці і маштабнасці аперацыяў на поўдні. Аднак нельга выключаць, што падзеі апошніх дзён – гэта не пачатак новага этапу контрнаступлення, а фінальная стадыя «вайны на знясіленне».

Аналітыка
Стаўка на знясіленне. Чаму невысокія тэмпы контрнаступу ЗСУ не павінны ўводзіць у зман
2023.07.13 11:41

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў