Пазіцыйны тупік ці «прарыў у Нармандыі»? Што цяпер адбываецца з контрнаступам ЗСУ


У канцы ліпеня заходнія медыі анансавалі пераход украінскага контрнаступу ў новую фазу і нанясенне галоўнага ўдару ў кірунку Такмаку. Аднак кантраснай змены характару аперацыяў ЗСУ дасюль не назіраюць: пакуль замест маштабнага прарыву адбываецца паступовае прагрызанне расейскай абароны. Разам з тым лёс контрнаступу Украіны не вызначаны, сітуацыя яшчэ можа карэнным чынам змяніцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы едуць на БМП у Данецкай вобласці, Украіна. 9 жніўня 2023 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Што цяпер адбываецца на фронце

На дзень 10 жніўня ЗСУ працягваюць наступальныя аперацыі на мэлітопальскім (заходняя частка Запарожскай вобласці), бярдзянскім (заходняя частка Данецкай вобласці на мяжы з Запарожскай) і бахмуцкім (Данецкай вобласць) кірунках.

На бахмуцкім кірунку трываюць баі каля Клішчыеўкі – расейцы там спрабуюць контратакаваць, але без поспеху. На мэлітопальскім кірунку ЗСУ прасунуліся на паўночны ўсход ад Работына. Telegram-канал «Рыбарь» прызнае страту расейцамі аднаго з апорных пунктаў у гэтым раёне і характарызуюць сітуацыю як складаную. Ваенкар-прапагандыст Сямён Пегаў тлумачыць, што ўкраінцы стала мяняюць участкі атакі на лініі да сяла Работына, каб прымусіць расейцаў няспынна перамяшчаць рэзервы.

Паводле Генеральнага штабу ЗСУ, на бярдзянскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы працягваюць прасоўвацца да Уражайнага, на поўдзень і паўднёвы ўсход ад Старамаёрскага. ЗСУ маюць там частковых поспех. «Рыбарь» паведамляе, што баі цяпер ідуць у паўночных ваколіцах Уражайнага, дзе спрабуюць замацавацца ўкраінцы. Некаторыя эксперты мяркуюць, што расейскае камандаванне рыхтуецца здаць Уражайнае. Акрамя таго, жорсткія блізкія баі ідуць каля сяла Прыютнае.

Адначасова Расея праводзіць наступальную аперацыю на лімана-купянскім кірунку на Данбасе. Хутчэй за ўсё, галоўная мэта аперацыі – адцягнуць рэзервы ЗСУ, каб аслабіць ціск на расейскі фронт на поўдні. У Міністэрстве абароны Украіны кажуць, што каля Купянску баі цяпер найбольш гарачыя, сітуацыя ў гэтым раёне «складаная, але кантраляваная». У звязку з актывізацыяй баявых дзеянняў у Купянскім раёне абвесцілі абавязковую эвакуацыю 37 паселішчаў: агулам вывезці плануюць 11 тысячаў цывільных асобаў.

Аналітыка
Контрнаступ супраць контрнаступу. Як Расея спрабуе перахапіць ініцыятыву на фронце
2023.07.22 16:32

Чаго дасягнулі ЗСУ

За апошні тыдзень ліпеня заходнія медыі паведамлялі пра тое, што ЗСУ пачалі новы этап контрнаступу, у межах якога галоўны ўдар наносіцца на захадзе Запарожскай вобласці. Сцвярджалася, што Украіна ўводзіць у бой новыя рэзервы і контрнаступ пачынае набіраць абароты. Заходнія выданні прадказвалі, што гэта можа прывесці да «першага рэальнага прарыву».

Аналітыка
Украіна наносіць галоўны ўдар? Што вядома пра актывізацыю контрнаступу
2023.07.28 07:07

Аднак за наступныя два тыдні характар контрнаступу не змяніўся. Прасоўванне ўкраінскіх вайскоўцаў часцей за ўсё вылічаецца ў сотнях метраў. Прычына нізкіх тэмпаў ранейшая: расейцы падрыхтавалі эшаланаваную абарону і вельмі шчыльна замінавалі палі на шляху ўкраінскіх вайскоўцаў, а таксама маюць перавагу ў авіяцыі.

Камандуючы Сілаў падтрымання ЗСУ, брыгадны генерал Дмытро Гэрэга тлумачыў, што сістэма загародаў складаецца з некалькіх палосаў, кожная з якіх мае працягласць ад 10 да 40 км і дастаткова вялікую шчыльнасць. Абарончыя палосы залучаюць супрацьтанкавыя мінныя палі і равы, бетонныя піраміды «зубы дракона», супрацьтанкавыя рагачы і драцяныя перашкоды. Каб зрабіць праходы ў такіх абарончых лініях, трэба шмат спецыяльнай інжынернай тэхнікі, якой не стае.

У выніку абарону ворага даводзіцца прагрызаць. Прычым пасля страты тых ці іншых пазіцыяў расейцы часцяком стараюцца контратакаваць, чым яшчэ больш запавольваюць тэмпы аперацыі. Адзінае вызваленае за апошнія тыдні паселішча – Старамаёрскае – ЗСУ занялі 27 ліпеня. Прычым здарылася гэта на бярдзянскім, а не мэлітопальскім кірунку, які заходнія медыі называюць галоўным і дзе, імаверна, былі ўведзеныя ў бой свежыя рэзервы 10-га армейскага корпусу ЗСУ.

Найважнейшым дасягненнем украінская арміі за апошнія тыдні можна лічыць выхад да асноўнай лініі абароны Расеі на поўдні. На некаторых адцінках расейская абарона была прарваная. «Нашыя войскі на поўдні там-сям ужо прарвалі першую лінію абароны і перайшлі на прамежкавую», – заявіла намесніца міністра абароны Ганна Маляр 4 жніўня.

«Мы ўжо зайшлі на першую лінію акупантаў, і першая лінія вельмі складаная, але нашыя вайскоўцы праціскаюць», – паведаміў 8 жніўня прадстаўнік аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Таўрыя» Сяргей Кузьмін.

Аднак пра поўнае разбурэнне расейскай абароны і перспектывы выхаду на аператыўную прастору казаць яшчэ зарана.

Аналітыка
Барацьба за глабальны Поўдзень. Ці спрацуе формула міру ў вайне Украіны і Расеі?
2023.08.10 07:06

Паўднёвы фронт – найважнейшы

Агульны замысел камандавання контрнаступу, што трывае ўжо два месяцы, імаверна, пакуль не змяніўся. Бахмуцкі кірунак застаецца другасным, разлічаным на адцягванне сілаў і ўвагі праціўніка. Галоўныя падзеі адбываюцца на поўдні.

Аперацыі на мэлітопальскім і бярдзянскім кірунках разлічаныя на тое, каб адрэзаць або рассекчы паўднёвую групоўку войскаў РФ і перарэзаць сухаземны мост з акупаваным Крымам. Паколькі хутка прарваць фронту не ўдалося, камандаванне ЗСУ цяпер робіць стаўку на знясіленне праціўніка, паступовае расхістванне і расцягванне расейскай абароны. Такім чынам мусяць быць створаныя ўмовы для ўвядзення ў бой асноўных рэзерваў і нанясення галоўнага ўдару. «Паступова мы знойдзем месца, дзе шво разыдзецца», – заявіў у інтэрв’ю The New York Times падпалкоўнік брыгады марской пяхоты ЗСУ, які ваюе на паўднёвым фронце. Афіцэр патлумачыў журналістам, што вада камень точыць: «І мы будзем рабіць тое сама, крок за крокам. Спачатку гэта будзе маленькая ручаінка, а потым яна ператворыцца ў раку».

Ці можа камандаванне ЗСУ дадаць нешта новае да цяперашняй карціны контрнаступу? Перыядычна ўкраінскія вайскоўцы актывізуюць аперацыі на Херсоншчыне, на левым беразе Дняпра.

8 жніўня ўкраінскія вайскоўцы здолелі нечакана для ворага высадзіць дэсант на левым беразе Дняпра каля Казачых Лагераў (паміж Алэшкамі і Новаю Кахоўкаю), прарваць расейскую абарону і прасунуцца амаль на 800 метраў. Імаверна, аперацыя з самога пачатку мела характар абмежаванага рэйду, праводзілася сіламі дыверсійна-выведнага атраду, які пасля паспяховага прарыву адышоў, узяўшы з сабою палонных і трафеі.

Гэты рэйд вельмі напалохаў расейцаў, бо выявіў слабасць іхнай абароны на Херсоншчыне. Расейскі вайсковец, аўтар папулярнага блогу «Тринадцатый» абураўся, што ўкраінцы «робяць на нашым беразе што хочуць». «Нашае начальства не проста праспала заход падрыхтаванай групы праціўніка, але, галоўнае, не адрэагавала на яго нават постфактум», – абураўся Z-блогер Раман Алёхін. Ваенкар-прапагандыст Уладзімір Раманаў звярнуў увагу на тое, што гэты ўчастак можа быць зручным плацдармам для ЗСУ, адкуль украінцы паспрабуюць перарэзаць трасу Е58, якая ідзе ад Новай Кахоўкі да Мэлітопалю. Страта трасы ва ўмовах украінскіх удараў па мастах у Чангары ды Гэнічэску можа пераўтварыцца ў вялізарную праблему для агрэсара.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жаўнеры ЗСУ на сваёй мінамётнай пазіцыі ў Данецкай вобласці, Украіна. 9 жніўня 2023 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Аглядальнік украінскай даследчай суполкі «Інформаційний спротив» Канстанцін Машавец сцвярджае, што гэта сітуацыя прымусіла расейцаў перакінуць у раён Казачых Лагераў дадатковыя сілы. Гэта не першы рэйд украінскіх вайскоўцаў на левы бераг Дняпра, і, хутчэй за ўсё, мэта такіх дзеянняў якраз у тым, каб адцягнуць частку расейскіх сілаў з асноўных кірункаў (ці прынамсі не дазволіць туды перакідваць падраздзяленняў з Херсоншчыны).

Разам з тым няма падставаў казаць пра тое, што камандаванне ЗСУ можа паспрабаваць зарганізаваць на левым беразе Дняпра нешта большае за проста адцягвальныя ўдары.

Аргумент на карысць трывання

«Імаверна, цяпер для Сілаў абароны трывае адзін з найцяжэйшых перыядаў у поўнамаштабнай вайне. Ідзе цяжкая барацьба на знясіленне», – падсумоўвае падзеі апошняга часу аналітычны канал «DeepState».

Гэтая ацэнка супадае са здагадкаю «Белсату», што ў канцы ліпеня пачалася не прынцыпова новая фаза контрнаступу ЗСУ, а фінальная стадыя «вайны на знясіленне», падчас якой прынцыпова характар баявых дзеянняў не зменіцца. Сцэнар, згодна з якім расейская абарона праз некаторы час не вытрывае ціску і рассыплецца, дасюль рэальны. Аднак ЗСУ мусяць не толькі прарваць абарону, але і захаваць дастаткова рэзерваў, каб потым прасунуцца ўглыб акупаванай тэрыторыі, дайсці да Бярдзянску і Марыупалю.

Той факт, што за два месяца поспехі ЗСУ аказаліся значна больш сціплыя, чымся чакалася, спарадзіў рост скепсісу, у тым ліку на Захадзе. «Калі яны не здолелі зрабіць больш прарываў на працягу апошніх сямі – васьмі тыдняў, якая імавернасць таго, што яны раптам, з больш вычарпанымі сіламі, зробяць іх?» – цытуе CNN высокапастаўленага заходняга дыпламата.

Праз невысокія тэмпы контрнаступу сітуацыю на фронце ўсё часцей параўноўваюць з бітвамі Першай сусветнай вайны, калі працяглыя крывавыя баі не прыводзілі да стратэгічных прарываў і разгрому, а канчаліся проста невялікім перасоўваннем лініі фронту.

Разам з тым ёсць і больш аптымістычныя ацэнкі сітуацыі. Эксперты аўтарытэтнага амерыканскага аналітычнага цэнтру «RAND Corporation» Рафіел Коўэн і Джан Джэнтыл падрыхтавалі артыкул, у якім тлумачаць, што параўнанні з Першаю сусветнаю вайною недарэчныя. Паводле экспертаў, больш слушныя аналогіі з Другою сусветнаю вайною, дзе пазіцыйныя баі і хуткія прарывы чаргаваліся. «RAND Corporation» прыводзяць у прыклад высадку ў Нармандыі ў чэрвені 1944 года. Тады за шэсць першых тыдняў саюзнікі ў разлютаваных баях адцяснілі праціўніка ўсяго на 30 км, але потым нямецкая абарона рухнула, і брытанска-амерыканскія войскі сталі імкліва прасоўвацца наперад. Ужо ў жніўні яны вызвалілі Парыж, а да канца 1944 года – усю Францыю.

«Нішто не гарантуе, што Украіна за найбліжэйшыя тыдні даб’ецца свайго прарыву ў Нармандыі. Але аналогія з Другою сусветнаю вайною – аргумент на карысць трывання і настойлівасці.

Амаль восем дзесяцігоддзяў таму ЗША сутыкнуліся з тымі ж цяжкасцямі, з якімі сёння сутыкаецца Украіна. Але армія ЗША ўпарцілася, а яе павольнае штодзённае прасоўванне знясілела немцаў. Сукупны эфект знішчэння аказаўся ўрэшце вызначальным», – рэзюмавалі эксперты.

Аналітыка
Стаўка на знясіленне. Чаму невысокія тэмпы контрнаступу ЗСУ не павінны ўводзіць у зман
2023.07.13 11:41

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў