Украіна зноў нанесла ўдар па Чангарскім мосце


Чангарскі мост, які злучае Крым і Херсонскую вобласць, 6 жніўня быў абстраляны ўкраінскімі вайскоўцамі. Імаверна, удар быў нанесены ракетамі Storm Shadow.

Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Крыма Сяргей Аксёнаў паведамляе, што «ёсць пашкоджанні дарожнага палатна аўтамабільнага маста, рамонтныя працы ўжо пачынаюцца». Чалавечых ахвяр няма. Праезд цяпер ажыццяўляецца праз Армянск і Перакоп.

Ваенкар-прапагандыст Сямён Пегаў сцвярджае, што адзін чалавек усё-ткі атрымаў раненні, рух па мосце спынены.

Вынікі ўдару па Чангарскім мосце, 6 жніўня 2023 года.
Фота: SALDO_VGA / Telegram

Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда заявіў, што па мосце ўкраінцы білі ракетамі Storm Shadow. Мяркуючы па здымках, мост атрымаў даволі сур’ёзныя пашкоджанні.

Вынікі ўдару па Чангарскім мосце, 6 жніўня 2023 года.
Фота: SALDO_VGA / Telegram

Паводле Сальда, таксама быў абстраляны мост праз праліў Тонкій, які злучае Генічэск з Арабацкай стрэлкай. У выніку абстрэлу быў перабіты газаправод.

Пазней Упраўленне стратэгічных камунікацый ЗСУ пацвердзіла, што ўкраінскія вайскоўцы нанеслі ўдар па двух ключавых шляхах паведамлення акупантаў – Чангарскаму і Генічэскаму аўтамабільнаму мастам.

Чангарскі мост з’яўляецца важнай артэрыяй вайсковага забеспячэння расейскай групоўкі на паўднёвым усходзе Украіны. У папярэдні раз па гэтым мосце ЗСУ нанеслі ўдар у канцы чэрвеня.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў