news
Аналітыка
Якой зброі Украіне бракуе для перамогі, і чаму Захад марудзіць з пастаўкамі
У пытанні паставак F-16 намеціўся рэальны прарыў.
21.08.202316:58

З самога пачатку поўнамаштабнай вайны ЗША ды іх саюзнікі паступова пашыраюць межы вайсковай дапамогі Украіне. Але, не зважаючы на відавочны прагрэс у гэтым кірунку, маштабы дапамогі застаюцца недастатковымі, каб кардынальным чынам змяніць сітуацыю на фронце. Акрамя таго, падчас баявых дзеянняў часта ўзнікаюць новыя запыты і выклікі, якія першапачаткова не пралічваліся. Belsat.eu тлумачыць, што цяпер ёсць прыярытэтам для ЗСУ і чаму заходнія пастаўкі часта не паспяваюць за дынамікаю вайны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы едуць на БМП у бок Бахмуту, Украіна. 20 траўня 2023 года.
Фота: Sergey Shestak / AFP / East News

Станам на лета 2023 года Украіна адназначна валодае непараўнальна больш багатымі вайсковымі рэсурсамі, чымся ў пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання. У першыя тыдні вайны ўкраінцы мелі ад саюзнікаў толькі лёгкую зброю. Потым ЗСУ сталі паступова атрымліваць сучасную дальнабойную артылерыю і РСЗА, браняваную тэхніку (спачатку старую савецкую, а потым і сучасную заходнюю) і найноўшыя сістэмы паветранай абароны. Аднак з цягам часу ўскладняліся і задачы, якія стаялі перад ЗСУ. Тое, чаго хапала для абароны ў 2022-м, таго ў 2023-м для стратэгічнага наступу на добра падрыхтаваныя пазіцыі расейскіх сілаў ужо недастаткова.

Цяперашнія тэмпы і маштабы заходніх паставак не дазваляюць забяспечыць крытычнай перавагі Украіны над Расеяй у рэсурсах і тэхніцы. Гэта прызнаюць і на Захадзе – часам адкрыта, часам канфідэнцыйна. У злітых дакументах амерыканскай выведкі, якія трапілі ў сеціва за некалькі месяцаў да пачатку контрнаступу ЗСУ, канстатавалася, што Украіна не мае дастаткова тэхнікі, каб разграміць Расею.

Нядаўна на нястачу рэсурсаў указаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

«Ці мае Украіна дастаткова зброі, каб змяніць баланс у вайне і ўзяць верх? – задаў прэзідэнт рытарычнае пытанне ў інтэрв’ю The Washington Post. – Адказ, напэўна, адмоўны. У іх, верагодна, недастаткова зброі. І мы ведаем гэта з таго, што цяпер яны не ў стане ажыццявіць вельмі рашучы контрнаступ супраць расейскіх вайскоўцаў. Карацей кажучы, яны маюць патрэбу ў большай дапамозе».

Аналітыка
Вайна Украіны і РФ скончыцца ў 2023-м або зацягнецца на гады? Аргументы «за» і «супраць»
2023.04.18 07:00

Рэаліі контрнаступу дыктуюць свае патрэбы

Перад пачаткам контрнаступу ў цэнтры ўвагі былі пастаўкі ва Украіну заходняй бранятэхнікі: напрыклад, нямецкіх танкаў «Leopard 2» і брытанскіх «Challenger 2», амерыканскіх БМП «Bradley». Паводле The New York Times, 20 % тэхнікі ЗСУ страцілі ў першыя тыдні аперацыі, пры гэтым дасягнуць удалося толькі абмежаваных тактычных поспехаў. Высветлілася, што танкі і браняваныя машыны, якія маглі б адыграць ключавую ролю ў выпадку прарыву фронту і выхаду на аператыўную прастору, пры атаках на эшаланаваную абарону і шчыльна замінаваныя палі не забяспечваюць вызначальнай перавагі.

Аналітыка
Пазіцыйны тупік ці «прарыў у Нармандыі»? Што цяпер адбываецца з контрнаступам ЗСУ
2023.08.11 07:15

На першы план выйшлі спецыяльныя сродкі размінавання, якіх ЗСУ не стае. На гэтую праблему ў прыватнасці наракаў камандуючы Сілаў падтрымання ЗСУ, брыгадны генерал Дмытро Гэрэга. Пра патрэбу ў адпаведных сродках казалі ў Офісе прэзідэнта Украіны (ОПУ) і Галоўным упраўленні разведкі (ГУР).

«Сёння ключавая праблема заключаецца ў замінаваных палях. Яны глыбокія – да 16 кіламетраў… Каб размінаваць такую колькасць мінаў, патрэбная адпаведная зброя. Вось калі гэтая зброя будзе паступаць сёння, гэта істотна паскорыць наступ», – заявіў дарадца кіраўніка ОПУ Міхайла Падаляк 2 жніўня.

Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны 16 жніўня паведаміў, што пытанне пра пастаўкі прыладаў дыстанцыйнага размінавання сярод іншага абмяркоўвалі на перамовах з брытанскімі ды амерыканскімі партнёрамі.

Хаця згадкі пра адпаведную тэхніку сталі даволі часта сустракацца ў медыях, няма звестак, якую канкрэтна наменклатуру тавараў Украіна патрабуе, у якіх аб’ёмах і ці здольныя саюзнікі аператыўна развязаць гэтую праблему. Варта прызнаць, што ў пытанні паставак сродкаў размінавання Украіна не мае падставаў наракаць на нерашучасць Захаду: падобна на тое, што важнасць гэтага тэхнічнага складніку стала зразумелая толькі пасля пачатку контрнаступу. Прынамсі раней у публічных заявах афіцыйнага Кіева гэтая тэхніка не фігуравала ў якасці ключавых патрэбаў ЗСУ.

Дэфіцыт тэхнікі размінавання шчыльна звязаны з іншаю праблемаю – нястачаю падрыхтаваных сапёраў. Тут таксама патрэбная дапамога Захаду. «У нас ёсць кваліфікаваныя сапёры, сучасная тэхніка, але іх вельмі недастаткова для фронту», – падкрэсліў міністр абароны Аляксей Рэзнікаў у інтэрв’ю «The Gurdian».

Яшчэ адным новым выклікам ва ўмовах контрнаступу сталася актывізацыя вайны дронаў, у якой Расея цяпер мае відавочную перавагу (падрабязней пра гэта можна прачытаць тут). Залужны называе гэтае пытанне вельмі важным і ўказвае на неабходнасць нарасціць супрацьдзеянне варожым дронам. «Дамовіліся з партнёрамі засяродзіць працу ў гэтым кірунку», – адзначыў галоўнакамандуючы ЗСУ 16 жніўня.

Доўгатэрміновая надзея на F-16

Неабходнасць прарваць глыбока эшаланаваную абарону расейскай арміі абвастрыла даўнюю праблему – перавагу Расеі ў авіяцыі. Калі ЗСУ абараняліся, дысбаланс не адчуваўся настолькі востра: украінскія сілы паветранай абароны не былі знішчаныя, расейцы не рызыкавалі забяспечваць беспасярэдняга агнявога падтрымання сваім войскам на полі бою. Аднак войска, якое наступае, робіцца больш уразлівым для авіяўдараў. Былы камандуючы арміяй ЗША ў Еўропе Бэн Годжэз у адным з інтэрв’ю адзначыў, што натаўскія генералы наагул ніколі б не кінулі сваіх вайскоўцаў у наступ на падрыхтаваныя пазіцыі без поўнай перавагі ў паветры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Знішчальнікі F-16 вайскова-паветраных сілаў Партугаліі бяруць удзел у місіі NATO ў патруляванні паветранай прасторы краінаў Балтыі. 23 траўня 2023 года.
Фота: Petras Malukas / AFP / East News

Таму Украіна мае патрэбу ў самалётах і сродках паветранай абароны, у тым ліку малой і сярэдняй далёкасці. Праблемы паставак сучасных баявых самалётаў развязваецца найбольш марудна. «Ужо відавочна, што мы не зможам абараніць Украіны самалётамі F-16 на працягу восені і зімы», – канстатаваў 16 жніўня спікер Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат. Агучваліся і больш песімістычныя ацэнкі. Газета The Washington Post у артыкуле за 11 жніўня паведамляла, што насамрэч Украіна застанецца без сучасных знішчальнікаў яшчэ на год.

20 жніўня намеціўся рэальны прарыў у пытанні паставак F-16: Нідэрланды і Данія першымі з саюзнікаў далі канкрэтныя абяцанні перадаць Украіне свае самалёты. Данія плануе перадаць 19 знішчальнікаў F-16, а Нідэрланды, калі верыць Зяленскаму, 42.

Hавiны
Украінскія пілоты распачалі навучанне палётам на знішчальніках F-16
2023.08.20 09:06

Аднак не факт, што гэтыя дамоўленасці прывядуць да кардынальнага пераносу тэрмінаў паставак самалётаў. Імаверна, гэта ўсё роўна будзе расцягнуты па часе працэс. Напрыклад, прэм’ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн заявіла, што Украіна атрымае першыя шэсць знішчальнікаў пад Новы год, яшчэ восем перададуць у 2024 годзе, а астатнія – у 2025-м.

Аглядальнік даследчай суполкі «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка мяркуе, што ўкраінцам не варта ўпадаць у эйфарыю ад апошніх навінаў. Паводле эксперта, на паўнавартасную эскадрыллю F-16 Украіна ўсё роўна зможа разлічваць не раней за першую палову 2024 года. Акрамя таго, ён сумняецца, што Нідэрланды сапраўды гатовыя перадаць 42 самалёты – паводле Каваленкі, у іх толькі 24 баяздольных F-16.

Праблема зацягвання паставак заходніх самалётаў сама па сабе не з’яўляецца фатальнай. Генерал ВПС ЗША ў адстаўцы Філіп Брыдлаў у інтэрв’ю The New York Times сказаў, што Украіна здольная дасягнуць поспеху ў контрнаступе нават без значнага падтрымання ў авіяцыі. Але ясна, што без авіяцыі гэта будзе рабіць значна складаней і прывядзе да больш сур’ёзных стратаў.

Пастаўкі самалётаў і сілаў паветранай абароны важныя не толькі для контрнаступу, але і для каб Украіна магла абараніць свае гарады ад паветранага тэрору Расеі. Паводле Ігната, знішчальнікі F-16 дапамогуць закрыць неба ад дронаў-камікадзэ і крылатых ракетаў, павялічыўшы адсотак знішчэння з 70–80 % да 100 %.

Што датычыць паветранай абароны, то, паводле Падаляка, для закрыцця неба над украінскімі гарадамі спатрэбяцца яшчэ 10–12 амерыканскіх зенітных сістэмаў «Patriot». Праблема нястачы «Patriot» актуалізаваліся ў звязку з тым, што Расея пачала кампанію паветраных атак на поўдні, у прыватнасці па Адэсе – гэтыя тэрыторыі першапачаткова былі слаба прыкрытыя паветранаю абаронаю.

Ракеты: далёкасць робіцца палітыкаю

Каб пераламаць хаду пазіцыйнай вайны, ЗСУ маюць вострую патрэбу ў пастаўках дальнабойных ракетаў з радыусам 200, 300 і 500 км. «Менавіта на такой адлегласці размешчаныя ключавыя месцы, з якіх падвозяць рэсурсы для нападу на Украіну», – адзначаў Міхайла Падаляк у пачатку жніўня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Запуск армейскай тактычнай ракетнай сістэмы (ATACMS) з невядомага месца на ўсходнім узбярэжжы Паўднёвай Карэі. 5 кастрычніка 2022 года.
Фота: Handout / South Korean Defence Ministry / AFP / East News

Пры наяўнасці дальнабойных ракетаў ЗСУ здолеюць знішчаць у глыбокім тыле сілы праціўніка, склады, камандныя пункты і камунікацыі. Каб цалкам разбурыць лагістыку, сістэму забеспячэння і кіравання, трэба мець такія ракеты ў вялікай колькасці, паводле Падаляка, аж да 1,5–2 тысячаў.

Гаворка цяпер пра ракеты ATACMS, «Storm Shadow», SCALP або «Taurus». У развязанні гэтай праблемы назіраецца пэўны прагрэс. Брытанскія крылатыя ракеты класу паветра – зямля «Storm Shadow» ужо некалькі месяцаў паспяхова выкарыстоўваюцца ЗСУ на фронце – гэта пакуль самая дальнабойная зброя, якую ўкраінцы атрымлівалі ад саюзнікаў (далёкасць – да 250 км). У жніўні ЗСУ атрымалі на ўзбраенне і французскі аналаг «Storm Shadow» – SCALP-EG. Праўда, імаверна, маштабы паставак даволі сціплыя. Паводле Reuters, Францыя перадала Украіне ўсяго 50 SCALP-EG – для фронту працягласцю 1200 км гэтага замала.

Афіцыйны Кіеў вельмі разлічвае на пастаўкі амерыканскіх балістычных ракетаў класу зямля – зямля ATACMS (далёкасць – 300 км) і нямецкіх крылатых авіяцыйных ракетаў «Taurus» (далёкасць да 500 км). Гэтыя ракеты адразу ў шэрагу параметраў лічацца значна больш эфектыўнымі за «Storm Shadow» і SCALP.

Аднак іх далёкасць пераўтвараецца ў палітычную праблему. Заходнія палітыкі баяцца, што пры дапамозе ATACMS і «Taurus» пачне біць углыб расейскай тэрыторыі, а гэта ў сваю чаргу прывядзе да эскалацыі канфлікту. Таму Вашынгтон і Берлін дасюль не ўхвалілі гэтага рашэння. Хаця ўкраінскае кіраўніцтва разлічвала дамовіцца наконт ATACMS яшчэ падчас візіту Зяленскага ў ЗША ў снежні 2022 года.

Аналітыка
Без «чырвоных лініяў». Як вайна паступова дабіраецца да Масквы
2023.05.30 18:05

Чаму пастаўкі Захаду спазняюцца

Страх перад эскалацыяй перашкаджае пастаўкам не толькі ATACMS і «Taurus», але і тых жа самалётаў F-16. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн раней папярэджваў, што калі Украіна атрымае F-16, то выкарыстоўваць іх на расейскай тэрыторыі не будзе. Афіцыйны Кіеў не раз пагаджаўся (як публічна, гэтак і непублічна) на такія ўмовы выкарыстання заходняй тэхнікі. Аднак падобна на тое, што поўнага даверу да гэтых абяцанняў у саюзнікаў няма.

Занепакоенасць наконт таго, што Украіна насуперак дамоўленасцям будзе выкарыстоўваць зброю на тэрыторыі РФ, не беспадстаўная. У чэрвені разгарэўся скандал вакол выкарыстання бельгійскіх вінтовак і амерыканскіх браняваных машынаў MRAP байцамі Расейскага добраахвотніцкага корпусу падчас баявых рэйдаў у Белгародскую вобласць. Гэтую зброю перадалі Украіне на ўмовах выкарыстання толькі пры абароне ўкраінскай тэрыторыі, а аказалася ў руках узброеных фармаванняў, ад дзеянняў якіх Кіеў афіцыйна спрабуе дыстанцыявацца. Прычым няясна, з якой прычыны ўкраінскае камандаванне дапусціла такую памылку: ЗСУ мае дастаткова трафейнай расейскай зброі і тэхнікі, каб забяспечыць РДК усім неабходным і падтрымаць тым самым легенду пра яго самастойнасць.

У выніку Бельгія пачала расследаванне і публічна запатрабавала тлумачэнняў ад Украіны. Незваротных наступствах скандал не меў: ні да эскалацыі з боку Расеі, ні да згортвання вайсковай супрацы з саюзнікамі гэта не прывяло. Але ўмацаванню даверу да Кіева інцыдэнт яўна не спрыяў. Праціўнікі паставак новага ўзбраення на Захадзе атрымалі такім чынам дадатковы козыр.

Разам з тым гэта не азначае, што тыя ці іншыя праблемы з пастаўкамі зброі звязаныя выключна з палітычнаю кан’юктурай і страхам перад эскалацыяй. Стрыманасць заходняй дапамогі тлумачыцца не толькі суб’ектыўнымі, але і аб’ектыўнымі прычынамі. Пасля завяршэння халоднай вайны краіны Захаду зыходзілі з таго, што маштабны франтавы канфлікт у Еўропе проста немагчымы і, згодна з гэтым меркаваннем, ставілі задачы перад сваім ВПК. Да новых выклікаў саюзнікі Украіны аказаліся проста не падрыхтаваныя. Напрыклад, у лютым 2023 года генеральны сакратара NATO Ёнс Стольтэнбэрг тлумачыў, што Украіна расходуе падчас баявых дзеянняў значна больш боепрыпасаў, чымся вырабляюць на Захадзе. Таму, каб забяспечыць ЗСУ, краіны NATO мусяць істотна нарошчваць вытворчасць у сваёй абароннай прамысловасці.

Пастаўкі некаторых еўрапейскіх краінаў могуць падавацца мізэрнымі ў маштабах цяперашняга канфлікту, але ў маштабах іх уласных арсеналаў гэта істотныя аб’ёмы. Напрыклад, Францыя перадала Украіне толькі 50 SCALP, але ў яе самой засталося ўсяго каля 400 адзінак, то бок французы аддалі больш за 10 % сваіх запасаў. Пры тым што 400 ракетаў не панацэя: нагадаем, што, паводле Падаляка, ЗСУ патрэбныя 1,5–2 тысяч дальнабойных ракетаў. У выніку часам краіны Захаду асцерагаюцца сітуацыі, калі яны значна аслабяць свае вайсковыя рэсурсы, а кардынальным чынам сітуацыю на фронце гэта ўсё роўна не зменіць.

Аналітыка
Еўрапейскае турнэ Зяленскага: што Захад паабяцаў Украіне напярэдадні контрнаступу
2023.05.17 18:35

Глеб Нержын belsat.eu