Свет скаланаюць пратэсты і страйкі. Чаго дамагаюцца людзі, ці чакаць новых пратэсных хваляў?


Пачатак 2023 года адзначыўся некалькімі хвалямі маштабных пратэстаў і страйкаў, якія скаланулі шмат краінаў: ад Заходняй і Усходняй Еўропы да Блізкага Усходу і далей. Паглядзелі, чаго патрабуюць людзі ў розных краінах, і пацікавіліся ў экспертаў, ці ёсць агульнае тлумачэнне масавай незадаволенасці.

Францыя. Гэта, бадай, найбольш маштабныя пратэсты, якія на сённяшні дзень адбываюцца ў свеце. Прычым у гэты момант яны ўсё яшчэ ў гарачай фазе. З 19 студзеня 2023 года тут праходзіць серыя страйкаў і дэманстрацыяў, арганізаваных лідарамі прафсаюзных арганізацый. Страйкоўцы выказваюцца супраць увядзення пенсійнай рэформы, якая прадугледжвае павелічэнне ўзросту выхаду на пенсію з 62 да 64 гадоў.

Пратэсты ў Францыі, 18 сакавіка.
Фота: bfmtv.com

Урад Макрона мае намер правесці пенсійную рэформу ўжо другі раз. Упершыню такая спроба была на мяжы 2019–2020 гадоў, але з-за маштабных пратэстаў так званых «жоўтых камізэлек» і пандэміі вырашэнне гэтага пытання было прыпыненае.

Вельмі падобна, гэтым разам урад цвёрда намерыўся давесці задуманае да канца. Але ў той жа час ён сутыкаецца з не менш інтэнсіўным супрацівам грамадзянаў. На вуліцы выходзяць мільёны пратэстоўцаў. Так, 7 сакавіка выстувы ва ўсёй краіне сабралі амаль 1,3 мільёна чалавек, а абвешчаны страйк парушыў працу нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, тэрміналаў звадкаванага прыроднага газу, энергазабеспячэння і абслугоўвання рэактараў.

Ізраіль. У гэтай краіне пратэсты праходзілі з сярэдзіны студзеня 2023 года і былі не менш напружаныя, чым у Францыі. Мясцовыя медыі ахарактарызавалі іх як самыя масавыя ў гісторыі краіны. Колькасць пратэстоўцаў на вуліцах часам даходзіла да рэкордных 500 тысячаў.

Прычына выступленняў – непрыняцце судовай рэформы, ініцыяванай новым урадам на чале з Бэньямінам Нэтаньягу. Згодна з палажэннямі рэформы, кабінет міністраў Ізраілю набывае дадатковыя паўнамоцтвы для адбору суддзяў Вярхоўнага Суда, а паўнамоцтвы самога судовага органу будуць абмежаваныя. Крытыкі законапраекту абвінавачваюць Нэтаньягу ў спробе ўсталяваць дыктатуру ў краіне.

Пратэсты ў Ізраілі. Крыніца фота: eurotopics.net

26 сакавіка ў Ізраілі быў абвешчаны ўсеагульны страйк. На наступны дзень патрабаванні пратэстоўцаў падтрымаў і прэзідэнт Ізраілю Іцхак Гэрцаг. І ўжо ўвечары 27 сакавіка Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што прыняў рашэнне прыпыніць другое і трэцяе чытанне закону на бягучай сесіі парламенту, але дадаў: «Так ці іначай мы правядзём рэформу, якая верне згублены баланс паміж галінамі ўлады». Гэтая заява дазволіла прайсці вострую фазу крызісу, тым не менш некаторыя грамадскія арганізацыі ўсё яшчэ працягваюць пратэст, заяўляючы аб недаверы ўраду. 1 красавіка на вуліцы ізраільскіх гарадоў зноў выйшла каля 450 тысяч мітынгоўцаў, якія заявілі, што застануцца на вуліцах, пакуль не будзе гарантаваны «дэмакратычны характар дзяржавы Ізраіль».

Грузія. На пачатку сакавіка мы сталі сведкамі вельмі напружаных акцыяў пратэсту, якія прайшлі пасля прыняцця парламентам краіны ў першым чытанні законапраекту «Аб празрыстасці замежнага ўплыву». Тысячы людзей выйшлі 7 сакавіка на цэнтральныя плошчы Тбілісі. Паліцыя разганяла пратэсты з дапамогай вадамётаў і слезацечнага газу. Паводле пратэстоўцаў, гэты законапраект ставіў пад пытанне еўрапейскую будучыню Грузіі. Пазней ён быў адменены. Хоць кіроўная кааліцыя ўсё ж не адмаўляецца ад ідэі прыняць яго пазней.

Пратэст у Батумі, Грузія. 8 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Вялікая Брытанія. 1 лютага каля 500 тысячаў чалавек далучыліся да агульнага страйку ў цэнтры Лондану. Пратэставалі прадстаўнікі з розных галінаў, але аснову складалі працаўнікі сферы адукацыі – сярод іх больш за 300 тысячаў настаўнікаў з Англіі і Ўэльсу, а таксама каля 70 тысячаў працаўнікоў вышэйшых навучальных установаў. Далучыліся да акцыі і дзяржаўныя службоўцы, а таксама прадстаўнікі транспартнай галіны. Асноўным патрабаваннем пратэстоўцаў стала павышэнне заработнай платы. Таксама на 28 красавіка запланаваная новая забастоўка ў Лондане, да якой маюць далучыцца каля 100 тысячаў чалавек.

Нямеччына. 27 сакавіка пры ўдзеле прафсаюзу супрацоўнікаў чыгункі і транспарту EVG і прафсаюзу Ver.di ў краіне адбыўся маштабны папераджальны страйк прадстаўнікоў транспартных кампаніяў. Медыі ўжо ахрысцілі яго адным з найбуйнейшых выступленняў за некалькі дзесяцігоддзяў. Як вынік, тысячы немцаў зазналі вялікія нязручнасці праз адмененыя авіярэйсы, цягнікі і перабоі з грамадскім транспартам. Да страйку далучыліся каля 350 тысяч транспартнікаў па ўсёй Нямеччыне. Арганізатары патрабавалі падняць заробак прадстаўнікам галіны як мінімум на 500 еўраў на месяц. Падставай для выстаўлення такіх патрабаванняў стала надзвычай высокая для Нямеччыны інфляцыя, якая закранула найперш харчы, аплату за электра- і газазабеспячэнне. Пры гэтым, са словаў арганізатараў, нямецкія ўлады ўсё ніяк не могуць даць рады з гэтай сітуацыяй.

Страйк транспартнікаў у Нямеччыне 27 сакавіка 2023 года. Крыніца фота: euronews.com
Страйк транспартнікаў у Нямеччыне. 27 сакавіка 2023 года. Крыніца фота: euronews.com

Іспанія. 15 студзеня на вуліцы Мадрыду выйшлі дзясяткі тысячаў медычных работнікаў. Яны пратэставалі супраць разбурэння сістэмы грамадскай аховы здароўя. Паводле ўдзельнікаў акцыі, нягледзячы на тое, што сталіца Іспаніі ёсць найбольш заможным рэгіёнам краіны, яна выдаткоўвае найменшую суму на першасную медычную дапамогу ў пераліку на душу насельніцтва.

Акрамя таго, пры моцным падтрыманні прафсаюзаў USCA і CCOO у Іспаніі адбыўся страйк авіядыспетчараў. Да яго далучыліся 16 аэрапортаў. У выніку 7, 14, 21 і 29 сакавіка ў краіне былі адмененыя або перанесеныя некаторыя авіярэйсы. Страйк стаў магчымы з-за таго, што прафсаюзы не дасягнулі паразумення ў перамовах з бізнес-асацыяцыяй APCTA. Прычым падобныя акцыі авіядыспетчараў праходзілі і месяцам раней.

Польшча. 22 сакавіка дальнабойнікі выйшлі на пратэст, вінавацячы ў сваіх праблемах беларусаў і расейцаў. Выступ быў арганізаваны пераважна кампаніямі з Люблінскага ваяводства разам з палітыкамі польскай правай партыі «Канфедэрацыя». Паводле страйкоўцаў, яны страцілі доступ да ўсходніх рынкаў, віною чаму сталі ўведзеныя санкцыі. Але беларускія і расейскія перавозчыкі карыстаюцца дзіркамі ў санкцыйным заканадаўстве і пачынаюць выцясняць з рынку палякаў. У той жа час адзін з суразмоўцаў «Белсату» выказаў меркаванне, што сапраўдная прычына пратэсту хаваецца ў палітычных планах такіх арганізацыяў, як «Канфедэрацыя», якія напярэдадні выбарчай кампаніі ў Польшчы спрабуюць набраць палітычнай вагі.

Балгарыя. Нацыянальная асацыяцыя вытворцаў зерня гэтай краіны з 29 да 31 сакавіка ладзіць акцыі пратэсту на чатырох пунктах перасячэння мяжы з Румыніяй. Мэта – запатрабаваць ад ураду змяніць правілы ўвозу зерня з Украіны, што, паводле сцвярджэння актывістаў, падрывае бізнес айчынных вытворцаў. Пратэстоўцы выкарыстоўваюць транспарт для перакрыцця мытных зонаў і прылеглых дарог.

Малдова. 12 сакавіка тут адбылася акцыя пратэсту, арганізаваная прарасейскай партыяй «Шор». Асноўнай прэтэнзіяй дэманстрантаў былі высокія рахункі за электраэнергію і патрабаванне да ўладаў пагасіць расходы на камунальныя паслугі за зімовыя месяцы. Падчас мітынгу адбыліся сутычкі з паліцыяй, у выніку чаго было затрымана некалькі дзясяткаў чалавек. Пры гэтым кіраўнік генінспектарату паліцыі Віярэл Чэрнэўцану заявіў, што праваахоўнікі Малдовы сарвалі расейскія планы дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне. З гэтай мэтай у краіну перакідваліся арганізатары беспарадкаў, якія мусілі б дзейнічаць у групах, кіраваных з Расеі.

Пратэст у Малдове быў інспіраваны Расеяй. 12 сакавіка 2023 года.
Фота: dw.com

Гон-Конг (Кітай). Вельмі красамоўная акцыя адбылася 28 сакавіка ў гэтым кітайскім горадзе. Упершыню за тры гады, пасля стотысячных пратэстаў супраць узмацнення кантролю Пекіну над гэтым горадам, прайшла дэманстрацыя, у якой узялі ўдзел усяго 100 чалавек. Пратэстоўцы выступалі супраць мясцовага меліяратыўнага праекту, які, паводле іх, павялічыць забруджванні ў адным з раёнаў гораду. Пры гэтым яны імкнуліся ніяк не ўзаемадзеяць са СМІ, баючыся, што дэманстрацыю адменяць. Уся акцыя праходзіла пад строгім кантролем 40 паліцыянтаў, і, паводле некаторых ацэнак, менавіта так у бліжэйшай будучыні будуць выглядаць магчымыя пратэсты ў Гон-Конгу, калі ўвогуле іх можна будзе правесці.

Пратэст у Гон-Конгу. 28 сакавіка 2023 года. Крыніца фота: cnn.com

Чаго яны пратэстуюць?

Найперш мы пацікавіліся ў экспертаў, ці не здаецца, што ў Еўропе апошнім часам вырасла колькасць пратэстаў? А таксама паспрабавалі знайсці падабенствы гэтых пратэстаў і зразумець, як можа развівацца сітуацыя.

«Мне падаецца, што гэта не першы год, калі ў Еўропе праходзяць пратэсты, – адказаў нам палітолаг Дзмітрый Балкунец, – калі прафсаюзы праводзяць страйкі, перакрываюць чыгуначныя рэйкі, пратэстуюць. Гэта паказчыкі таго, што гэтыя грамадствы маюць такую магчымасць, што ў людзей ёсць права баставаць, пратэставаць у розных формах.  Пры гэтым, калі там праходзяць справядлівыя выбары, калі выбарнікі, якія аддалі голас сваім дэпутатам ці міністрам, прэзідэнтам, не атрымліваюць зваротнай сувязі ад гэтых людзей, калі іх не чуюць, яны змушаныя выкарыстоўваць такія метады. У гэтым я не бачу ўвогуле нічога дрэннага. Калі б у Беларусі штодня праходзілі розныя пратэсты, то гэта таксама быў бы паказчык якасці грамадзянскай супольнасці і ўвогуле дэмакратыі ў краіне. Але ў Беларусі няма нічога падобнага, таму гэта для нас ёсць нечым асаблівым: маўляў, яны прыйшлі пратэставаць, значыць, яны ворагі дзяржавы. Ды не!»

Разважаючы аб прычынах некаторых пратэстаў, гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман звярнуў нашую ўвагу на тое, што ў сувязі з вайной, санкцыямі і цэнамі на энерганосьбіты адчуваецца пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, інфляцыя і іншыя падобныя працэсы. «Усё гэта, – кажа палітычны аглядальнік, – уплывае на настроі насельніцтва. Праблема яшчэ ў тым, што людзі, асабліва ў Заходняй Еўропе, страцілі надзею і ўпэўненасць у будучыні… У грамадстве адбываецца палярызацыя і, калі [надыходзяць] такія складаныя часы і такая няўпэўненасць у будучыні, то схільнасць да пратэстаў, нават да радыкальных, цалкам зразумелая. Тут нічога надзвычайнага насамрэч няма».

Другі фактар, на які звярнуў увагу Аляксандр Фрыдман: наяўнасць пратэснай культуры, якая яскрава выяўляецца ў некаторых краінах. У прыватнасці, у Францыі пратэсная культура мае радыкальны характар: яна правакуе моцныя страйкі, сутычкі з паліцыяй – усё гэта адбываецца ў краіне не першы раз. Асаблівасць сённяшняй сітуацыі ў тым, кажа наш суразмоўца, што «французскі ўрад паводзіць сябе бескампрамісна, і ў Макрона ёсць усе магчымасці [для правядзення рэформы], яму не трэба пераабірацца. Ён ведае, што гэта ягоны другі тэрмін, таму лічыць гэтую рэформу патрэбнай. І ён яе будзе праводзіць, не адмовіцца ад яе».

У Нямеччыне, паводле Аляксандра Фрыдмана, адрозненне ад папярэдніх страйкаў у тым, што «прафсаюзы ідуць на вельмі радыкальныя крокі, якіх не было раней», і патрабуюць істотнага павелічэння заробкаў. Яны адчуваюць, што цяпер той момант, калі можна дамагчыся свайго, скарыстаўшыся пэўнымі тэндэнцыямі ва ўрадзе, дзе партыя зялёных заяўляе аб прыхільным стаўленні да развіцця чыгункі. А з другога боку, напружанасць у грамадстве настолькі высокая, што калі зараз выйсці са страйкам, то верагоднасць дамагчыся выканання патрабаванняў нашмат вышэйшая.

Аналізуючы ізраільскія пратэсты, Аляксандр Фрыдман звярнуў увагу на тое, што Бэньямін Нэтаньягу, нягледзячы на багаты палітычны досвед, дапусціў некалькі істотных памылак. Адна з іх – нядаўняе зняцце міністра абароны, што не спадабалася нават некаторым прыхільнікам прэм’ер-міністра і, у прыватнасці, студэнцтву. Менавіта студэнты сталі асноўным рухавіком пратэстаў, што цягнуцца ў краіне амаль трэці месяц. Стратэгія, абраная Нэтаньягу, аказалася вельмі жорсткай і памылковай. У сувязі з гэтым яму прыйшлося калі не адмяніць судовую рэформу, то адмовіцца ад яе хаця б на пэўны момант. А гэта, у сваю чаргу, прывяло да незадаволенасці чальцоў сфармаванай ім кааліцыі. Таму ў хуткім часе можна чакаць развалу гэтай самай кааліцыі і, як вынік, новых выбараў, на якіх ужо Нэтаньягу, хутчэй за ўсё, прайграе.

Аляксандр Фрыдман пагадзіўся з тым, што на пачатку года ў Заходняй Еўропе стварылася даволі напружаная пратэсная сітуацыя. Што да таго, ці чакаць узнікнення новых пратэстаў, палітычны аглядальнік выказаў такое меркаванне: «Сапраўды, сітуацыя досыць напружаная. Ёсць цікавая сітуацыя з рухам за мір, які таксама ўзнік у Нямеччыне. Яны ўжо праводзілі першыя акцыі, падпісвалі петыцыі, каб спыніць пастаўкі зброі Украіне. Іхныя акцыі ў Берліне збіралі дзясяткі тысяч людзей. Сваёй мэтай яны ставяць спыніць пастаўкі зброі і тым самым скончыць вайну. Пакуль з гэтага вялікага руху не атрымалася, але цалкам магчыма, што такія рэчы будуць таксама адбывацца».

Сапраўды, мы ўжо маглі назіраць падобныя акцыі ў Нямеччыне, Францыі, Іспаніі. Так, 25 лютага ў Берліне і некаторых іншых нямецкіх гарадах прайшоў мітынг супраць паставак узбраенняў Украіне і за пачатак мірных перамоваў з Расеяй. Ён сабраў каля 13 тысячаў чалавек. Падобныя пратэсты збіраліся і ў Парыжы 26 лютага і 18 сакавіка, Мадрыдзе. І трэба меркаваць, гэткія выступы будуць працягвацца.

І яшчэ адна тэма, якая, на думку Аляксандра Фрыдмана, будзе актыўна выкарыстоўвацца, гэта пастаўкі ядравай зброі ў Беларусь.

«Я паглядзеў на іхныя сённяшнія заявы. Яны фактычна адкрыта пачынаюць пужаць насельніцтва на Захадзе і казаць, што, маўляў, мы завозім ядравую зброю ў Беларусь, бо вы ў гэтым вінаватыя. Вы, заходнія ўрады, вінаватыя ў напружанай сітуацыі. Так што яны будуць імкнуцца інспіраваць новы вялікі рух за мір супраць вайны. Ён не будзе, уласна кажучы, прарасейскім, але будзе суадносіцца з расейскімі мэтамі», – адзначыў палітычны аглядальнік.

І шанцы на паспяховасць правядзення акцыяў з такімі лозунгамі, гаворыць палітычны аглядальнік, могуць быць даволі высокія – як у Нямеччыне, так і ў Францыі. Асабліва пасля таго, калі Макрон нарэшце правядзе сваю пенсійную рэформу. Незадаволенасць у грамадстве не знікне. Французы не забудуць, якім чынам гэтая рэформа была праведзеная. «Я нават не выключаю, што гэтыя пратэсты зробяцца ў Францыі штодзённасцю», – адзначыў наш суразмоўца.

Аналітыка
Крызіс у Ізраілі: Нэтаньягу замарожвае спрэчныя рэформы, але пратэсты пакуль не спыняюцца
2023.03.27 22:27

Раман Шавель  belsat.eu

 

Стужка навінаў