У Францыі працягваюцца пратэсты супраць пенсійнай рэформы


Пратэсты ў Францыі былі выкліканы рашэннем ураду павысіць пенсійны ўзрост з 62 да 64 гадоў.

Першыя акцыі пратэсту супраць пенсійнай рэформы прайшлі яшчэ ў студзені 2023 году, калі ўлады прэзентавалі законапраект. У сакавіку сітуацыя абвастрылася. Акцыі 15 сакавіка суправаджаліся забастоўкай, якая ў рознай ступені ахапіла транспарт, электраэнергетыку, нафтаперапрацоўку і газавую галіну. 16 сакавіка дэманстрацыі перараслі ў беспарадкі, сілавікі выкарыстоўвалі спецсродкі.

18 сакавіка пратэсты працягнуліся па ўсёй краіне: людзі выйшлі з заклікамі да адстаўкі прэзідэнта. «Макрон, падаў у адстаўку!» і «Макрон зламаецца, мы выйграем», – скандавалі дэманстранты на плошчы Італіі на поўдні Парыжа, паведамляе Reuters.

У сталіцы адбыліся сутычкі пратэстоўцаў з паліцыяй. Удзельнікі акцыяў падпальвалі смецце, назапашанае праз забастоўку, а сілавікі выкарыстоўвалі слезацечны газ. Беспарадкі ў Парыжы скончыліся затрыманнем 81 чалавека, паведамляе BFMTV.

У Бардо, на паўднёвым захадзе Францыі, паліцыя таксама выкарыстоўвала слезацечны газ супраць удзельнікаў дэманстрацыі.

Прафсаюзы абвясцілі, што наступны Нацыянальны дзень пратэставых дэманстрацыяў і страйкаў адбудзецца 23 сакавіка. Палітолагі і сацыёлагі не выключаюць радыкалізацыі сацыяльнага пратэсту і страйку, адзначае RFI.

Цяпер узрост выхаду на пенсію ў Францыі – адзін з самых нізкіх сярод усіх развітых краінаў. Закон аб павышэнні пенсійнага ўзросту надзвычай важны для Макрона. Яго выбарчая кампанія была заснаваная на абяцанні зрабіць эканоміку краіны больш канкурэнтаздольнай у свеце, а для гэтага Францыя «павінна працаваць больш».

У той жа час пенсійная рэформа надзвычай непапулярная сярод жыхароў краіны. Паводле апытанняў грамадскай думкі, каля дзвюх трацін французаў катэгарычна з ёй не згодны, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў