Мядзведзеў прыгразіў ЗША ядравым ударам. Мы падлічылі – гэта ўжо 15-ы раз за год


Былы прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў 22 лютага прыгразіў ЗША прымяненнем ядравай зброі ў выпадку, калі РФ прайграе вайну ва Украіне. Аднак гэта далёка не першы раз за апошні год, калі палітык рабіў падобныя заявы. Карэспандэнты «Белсату» вывучылі яго тэлеграм і знайшлі яго папярэднія заявы.

Былы прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў і цяпер старшыня партыі «Адзіная Расея». 15 лютага 2021 года.
Фота: Yekaterina Shtukina / Pool / Tass / Forum

Дзмітрый Мядзведзеў раней быў прэм’ер-міністрам і, падчас ракіроўкі 2008 – 2012 гадоў, прэзідэнтам Расеі замест Уладзіміра Пуціна. Пры гэтым лічыўся больш ліберальным палітыкам. Зараз спіс яго пасадаў трохі больш сціплы – намеснік старшыні Ваенна-прамысловай камісіі, намеснік старшыні Рады бяспекі і старшыня партыі «Адзіная Расея». Затое яго рыторыка стала куды больш агрэсіўная, і рэгулярна ўключае ў сябе ядравы шантаж.

Не ўтрымаўся ён і 22 лютага, каментуючы заяву Пуціна аб прыпыненні Расеяй дзеяння пагаднення СНУ-3 аб стратэгічных наступальных узбраеннях:

«Калі ЗША хочуць паразы Расеі, то мы маем права абараняцца любой зброяй, уключаючы ядравую», – напісаў Дзмітрый Мядзведзеў.

Першы раз падобныя заявы Мядзведзеў апублікаваў у сваім тэлеграме 23 сакавіка 2022 года, калі праз месяц пасля нападу на Украіну стала зразумела, што «спецыяльная ваенная аперацыя» РФ ідзе не па плане і Кіеў за тры дні захапіць не атрымліваецца. Праўда, першапачаткова Мядзведзеў усё ж палохаў, што ў выніку ціску ЗША на месцы Расеі з’явіцца «найбуйнейшая ядравая дзяржава з нестабільным палітычным рэжымам, слабым кіраўніцтвам, разваленай эканомікай і максімальнай колькасцю ядравых боегаловак, накіраваных на цэлі ў ЗША і Еўропе». Чым гэты варыянт адрозніваецца ад сённяшняй Расеі, ён не ўдакладніў.

Далей Мядзведзеў увайшоў у раж і пачаў агучваць ядравыя пагрозы ледзь не кожны месяц. А то і часцей. Усяго за 11 месяцаў з сакавіка 2022 года па люты 2023-га мы налічылі 15 такіх публікацый. Вось яны, за выключэннем ужо згаданых:

19 студзеня 2023 года

«Пройгрыш ядравай дзяржавы ў звычайнай вайне можа справакаваць пачатак вайны ядравай. Ядравыя дзяржавы не прайгравалі буйных канфліктаў, ад якіх залежыць іх лёс».

1 лістапада 2022 года

«Мэта Украіны ў вайне названая кіеўскім рэжымам – вяртанне ўсіх тэрыторый, якія ёй раней належалі. Гэта значыць адарванне іх ад Расеі. Гэта пагроза існаванню нашай дзяржавы і распад цяперашняй Расеі. І значыць, прамая нагода для прымянення п. 19 «Асноваў дзяржаўнай палітыкі Расейскай Федэрацыі ў галіне ядравага стрымлівання». І хто тады плануе ядравы канфлікт, дазвольце даведацца? Што гэта, як не прамая правакацыя сусветнай вайны з ужываннем ядравай зброі?»

12 кастрычніка 2022 года

«Леон Панета, экс-дырэктар ЦРУ і міністр абароны, сказаў, што ЗША павінны быць гатовыя выкарыстоўваць усе вайсковыя сродкі, уключаючы самалёты і крылатыя ракеты, супраць Расеі, каб гарантаваць, што наша краіна не зможа пагражаць Украіне. Ён жа сам выдатна разумее, якія цэлі ў адказ унесеныя ў праграму расейскіх сіл ядравага стрымлівання».

27 верасня 2022 года

«Расея мае права ўжыць ядравую зброю, калі гэта будзе неабходна. У загадзя вызначаных выпадках. У строгай адпаведнасці з «Асновамі дзяржаўнай палітыкі ў галіне ядравага стрымлівання». Калі на нас ці нашых саюзнікаў будзе здзейснены напад з выкарыстаннем падобнага віду ўзбраенняў. Або калі пры агрэсіі з выкарыстаннем звычайнага зброі паўстане пагроза самому існаванню нашай дзяржавы».

22 верасня 2022 года

«Могуць быць выкарыстаны не толькі мабілізацыйныя магчымасці, але і любая расейская зброя, уключаючы стратэгічную ядравую і зброю на новых прынцыпах. Таму розным адстаўным ідыётам з генеральскімі лампасамі не трэба палохаць нас размовамі пра ўдар НАТА па Крыме. Гіпергук гарантавана здольны дасягнуць цэляў у Еўропе і ЗША значна хутчэй».

3 верасня 2022 года

«Гвалтоўны распад ядравай дзяржавы – заўсёды шахматная гульня са смерцю, у якой з дакладнасцю да ходу вядома, калі будзе шах і мат. Судны дзень чалавецтва».

6 ліпеня 2022 года

«Ідэя пакараць краіну, якая валодае найбуйнейшым ядравым патэнцыялам, абсурдная сама па сабе. І патэнцыйна стварае пагрозу існаванню чалавецтва».

17 чэрвеня 2022 года

«Найбуйнейшая дзяржава вырашыла пакараць іншых за дрэнныя паводзіны – Расею, Кітай, Іран, КНДР. Натуральна, беспаспяхова, паколькі палітыку замежнай (а тым больш – ядравай) дзяржавы ніяк не змяніць. Ні на ёту».

17 траўня 2022 года

«Гісторыя ядравага цэнтру ў Сарове назаўжды звязаная з імёнамі тых, хто стварыў ядравы шчыт нашай краіны. Арсенал сучасных, надзейных, эфектыўных узбраенняў і сёння астуджвае амбіцыі тых, хто сваімі і чужымі рукамі гатовы развязаць Трэцюю сусветную. Мы такой сітуацыі не дапусцім. Але вымушаныя пастаянна нагадваць, што ў выпадку нападу на нашу краіну здольныя даць неадкладны і звышмагутны адказ».

14 траўня 2022 года

«Яшчэ “сямёрачнікі” забыліся сказаць пра непазбежнае выкарыстанне Расеяй стратэгічных ядравых сіл у канфлікце і верагодныя пакаранні ўкраінскіх нацыяналістаў на Лобным месцы Чырвонай плошчы праз чвартаванне. Усё яшчэ наперадзе».

12 траўня 2022 года

«У такога канфлікту заўсёды існуе рызыка пераходу ў паўнавартасную ядравую вайну. Гэта будзе катастрафічным для ўсіх сцэнаром».

14 красавіка 2022 года

«Грамадскае меркаванне Швецыі і Фінляндыі ў пытанні пра неабходнасць уступлення ў НАТА расколатае прыкладна напалову. І гэта пры максімальных намаганнях дамарослых прапагандыстаў. Ніхто з разважных людзей не хоча павышэння коштаў і падаткаў, узмацнення напружанасці ўздоўж межаў, «Іскандэраў», гіпергуку і караблёў з ядравай зброяй літаральна на адлегласці выцягнутай рукі ад уласнага дому».

26 сакавіка 2022 года

«Расея з’яўляецца ядравай дзяржавай, уладальнікам найбольш магутнага запасу ядравай зброі, стратэгічных арсеналаў. Натуральна, ніхто нікому гэтым спецыяльна не пагражае. Адносна нядаўна стратэгічны патэнцыял нашай краіны быў пераведзены ў асаблівы рэжым, каб усе разумелі тыя пагрозы, з якімі сутыкнуцца іншыя дзяржавы, калі паспрабуюць вайсковымі сродкамі паўплываць на курс нашай краіны».

Усё гэта, праўда, не перашкодзіла Мядзведзеву 14 студзеня 2023 года пракаментаваць заяву лідараў ЗША і Японіі аб магчымым удары Расеі па Украіне як «параною пра ядравыя планы нашай дзяржавы».

Якуб Хруст /ІР belsat.eu

Стужка навінаў