Фашысты, камуністы і шпіёны. Хто з еўрапейскіх палітыкаў падтрымлівае рэжым Лукашэнкі


Нягледзячы на рэпрэсіі ўнутры Беларусі і саўдзел у вайне супраць Украіны, рэжым Лукашэнкі працягвае захоўваць сувязі з еўрапейскімі палітыкамі. Хтосьці гэта робіць таемна, хтосьці – публічна. Карэспандэнты «Белсату» паглядзелі, хто ў Еўропе не баіцца запэцкаць сваё імя кантактамі з уладамі ў Менску.

Міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэра Сіярта (злева) ў Беларусі. 13 лютага 2023 года. Крыніца: Szijjártó Péter / Facebook

На пачатку лютага стала вядома, што ў лістападзе 2022 года Беларусь наведаў дэпутат Бундэстагу ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) Пэтр Бістран. Пры гэтым палітык не паведаміў Бундэстагу пра свой візіт. Не казалася пра яго і ў дзяржаўных беларускіх медыях.

Пазней дэпутат прызнаўся, што ў Менску сустракаўся з кіраўніком МЗС Уладзімірам Макеем (за тыдзень да ягонай смерці), старшынём камісіі Палаты прадстаўнікоў у справе замежнай палітыкі Андрэем Савіных, прадстаўнікамі Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў і Беларускага фонду міру.

Таксама ў лютым Беларусь наведаў міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта, які сустрэўся з кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Алейнікам. Спачатку ён заявіў, што візіт звязаны з вайной ва Украіне: «Чалавечыя жыцці трэба ратаваць зараз, а гэта можна зрабіць толькі з мірам». Затым ён удакладніў, што ён прасіў афіцыйны Менск «не рабіць ваяўнічых крокаў, крокаў, якія могуць прывесці да зацягвання вайны ў часе або, у залежнасці ад абставінаў, яе геаграфічнага пашырэння».

Гэтую ж тэму летась, відаць, абмяркоўваў з Лукашэнкам і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, які патэлефанаваў яму 26 лютага, калі расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі атакавалі Украіну.

Карэспандэнты «Белсату» вырашылі паглядзець, хто яшчэ з еўрапейскіх палітыкаў за мінулы год не цураўся кантактаў з уладамі ў Менску, якія цяпер не толькі рэпрэсуюць уласны народ, але і падтрымліваюць Расею ў вайне супраць Украіны.

Еўрадэпутаты на службе дыктатур і вайны

Сярод тых, хто падтрымлівае рэжым у Беларусі, знаходзіцца і дэпутат Еўрапейскага парламенту ад Партугаліі Жуан Пімэнта Лопіш. У верасні 2022 года да яго ездзіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, таксама камуніст Сяргей Клішэвіч. Паводле апошняга, Лопіш выказаў «салідарнасць беларускаму народу і ўсім прагрэсіўным сілам Беларусі, якія супрацьстаяць спробам вонкавага ўмяшання».  Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ён назваў «умяшаннем ва ўнутраныя справы дзяржавы».

Еўрадэпутатка Таццяна Жданок. Крыніца: Tatjana Ždanoka / Facebook

Дае каментары дзяржаўным медыям Беларусі яшчэ адна еўрадэпутатка – «расейскамоўная латышка» Таццяна Жданок з русафільскага і сацыялістычнага «Расейскага саюзу Латвіі». Яшчэ ў 2014 годзе яна ездзіла ў Крым у якасці назіральніка на «рэферэндум», а ў 2020-м заяўляла пра польскі ўплыў на пратэсты ў Беларусі.

Падтрымліваюць гэтыя еўрадэпутаты і іншыя дыктатарскія рэжымы. Гэтак, 2 сакавіка Лопіш і Жданок былі сярод з 13 еўрадэпутатаў, якія галасавалі супраць асуджэння расейскай агрэсіі ва Украіне. А 15 верасня яны і яшчэ 14 дэпутатаў галасавалі супраць асуджэння масавых рэпрэсіяў у Нікарагуа. За нежаданне асудзіць Расею Жданок выключылі з фракцыі «Зялёныя – Еўрапейскі вольны альянс».

Сярод актыўных госцяў СТВ бывае і еўрадэпутат ад ужо згаданай нямецкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Максміліян Кра. Раней ён таксама актыўна раздаваў каментары «Russia Today», а ў ягоным офісе працуе французскі палітык, якога вінавацілі ў антысемітызме і за якога заступаўся Кра. Не любяць еўрадэпутата нават у ягонай ультраправай фракцыі «Ідэнтычнасць і дэмакратыя», за шкоду якой яму ўжо двойчы прыпынялі сяброўства: на шэсць месяцаў у 2022 годзе і яшчэ на тры з лютага 2023-га.

Былыя і не вельмі дэпутаты

Кантактуюць прадстаўнікі лукашэнкаўскага рэжыму і з дэпутатамі мясцовых парламентаў. Гэтак, у верасні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Завалей распавёў пра сваю сустрэчу з італьянскім дэпутатам ад правай партыі «Ліга Поўначы» Маўрам Лучэнтыні. Сваю палітычную кар’еру той пачынаў з неафашысцкіх партыяў «Нацыянальны альянс» і «Правыя – Полымя Трыкалору». Паводле Завалея, палітык заявіў, што «эканоміка Італіі нясе вялізныя страты ад санкцыяў, якія ўвёў Еўразвяз і ад высокіх цэнаў на энергарэсурсы» і што «ўсе пакутуюць ад агрэсіўнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі і Расеі». Дарэчы, у новым складзе італьянскага парламенту, што працуе з кастрычніка, Лучэнтыні няма.

Малдаўскі дэпутат Богдан Цырдзя. Крыніца: Bogdan Ţîrdea / Facebook

3 ліпеня ў эфіры «Беларусь 1» віншаваў беларусаў з афіцыйным Днём незалежнасці малдаўскі дэпутат Богдан Цырдзя. Паводле яго, «сённяшняя Беларусь – адна з самых развітых краін свету», якой варта «ўмацоўваць сяброўства з Расейскай Федэрацыяй, з іншымі дзяржавамі і верыць, што вялікія перамогі наперадзе». Сам дэпутат належыць да прарасейскай Партыі сацыялістаў і актыўна ўдзельнічае ў пратэстах супраць праеўрапейскіх уладаў Маі Санду, за чым, як кажуць, можа стаяць Крэмль. Цырдзя таксама ўзначальваў у Малдове разнастайныя фонды і арганізацыі з каранямі ў РФ, у тым ліку «Ізборскі клуб». У 2022 годзе супраць яго пачалі крымінальную справу за незаконнае ўзбагачэнне, а ў 2021-м яго ўнеслі ў базу ўкраінскага «Міратворца» за «пракрамлёўскую прапаганду».

Калабаранты і шпіёны

Сярод актыўных каментатараў беларускіх дзяржаўных медыяў у 2022 годзе быў Аляксей Жураўко, былы дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны ад «Партыі рэгіёнаў», які з пачаткам расейскай поўнамаштабнай агрэсіі супрацоўнічаў з акупацыйнай адміністрацыяй у Херсоне. У прыватнасці, ён распавядаў БелТА пра ілжывасць украінскіх медыяў. Казаў, што вайну развязала Еўропа, а Пуцін і Лукашэнка нібыта «імкнуліся прынесці ва Украіну мір». 25 верасня Жураўко загінуў у Херсоне ў выніку ракетнага ўдару. Горад жа быў 11 лістапада вызвалены ад расейскіх войскаў.

У  красавіку БелТА выпусціла размову з былым дэпутатам літоўскага Сейму Альгірдасам Палецкісам, які актыўна крытыкаваў Захад і ўкраінскія ўлады, адмаўляў універсальнасць правоў чалавека ды абараняў агрэсію Расеі. Адносна Беларусі ён, напрыклад, казаў, што ўлада ў краіне жорсткая, але «за сацыяльную справядлівасць, за простага чалавека, за працоўных аграпрамысловага комплексу, а не за алігархаў». У Літве Палецкіс, прадстаўнік спадчыннай савецкай наменклатуры, быў лідарам партыі Сацыялістычны народны фронт. У 2012 годзе яго асудзілі за адмаўленне савецкай акупацыі, а ў 2018-м – за шпіянаж на карысць Расеі.

Былы дэпутат літоўскага Сейму Альгірдас Палецкіс (другі справа). Крыніца: Algirdas Paleckis / Facebook

Яшчэ адным «траянскім канём» з Еўразвязу, які карыстаецца папулярнасцю ў дзяржаўных медыях Беларусі, з’яўляецца польскі палітык Матэўш Піскорскі. Гэтак, ён прадказваў масавыя беспарадкі ў Еўразвязе праз рост коштаў і масавае наведванне палякамі па танныя прадукты і паліва Беларусі, якая, паводле яго, «адзіная ў Еўропе стварыла ўнікальную сацыяльна-эканамічную сістэму». Сам Піскорскі пачынаў сваю палітычную кар’еру з неанацысцкіх арганізацыяў ды абіраўся ў Сейм ад радыкальнай «Самаабароны Рэчы Паспалітай». У 2014 годзе ён ездзіў назіральнікам на «рэферэндум» у Крыме. У 2016 годзе быў затрыманы паводле падазрэнняў у шпіянаж на карысць Расею і Кітаю. Пасля вызвалення супрацоўнічаў з расейскімі медыямі ды папулярызаваў у Польшчы пераклад кнігі расейскага палітолага Аляксандра Дугіна.

Чарговы палітык у нашым спісе – былы камсамольскі актывіст з Казахстану Вальдэмар Герт, які ў 2017-2021 гадах прадстаўляў у нямецкім Бундэстагу ўсё тую ж «AfD» ды агітаваў за прызнанне Крыму расейскім. У эфіры «Беларусь 1» ён не толькі заступаўся за канстытуцыйны рэферэндум 2022 года ў Беларусі, але і прадказваў, што Расея можа разбурыць эканоміку Нямеччыны « адным абаротам рубільніка». Таксама, паводле яго, можа знікнуць і сам Еўразвяз. Нямецкія ж медыі адзначаюць, што Герт адзначыўся таксама антысеміцкімі выказваннямі, а цяпер «распаўсюджвае канспіралагічныя міфы ў інтарэсах Крамля».

Палітычныя маргіналы

Дзейнымі і былымі дэпутатамі-радыкаламі кола падтрымкі рэжыму Лукашэнкі ў Еўропе не абмяжоўваецца. Хапае там і прадстаўнікоў маргінальных партыяў. Гэтак, лідар латвійскай партыі «Цэнтр» Нормунд Гростыньш распавядае беларускай прапагандзе, што кіраўніцтва Латвіі з’яўляюцца нашчадкамі хаўруснікаў нацыстаў.

Пра сваю павагу да Лукашэнкі і ягонай палітыкі казаў і лідар марксісцкай Вугорскай працоўнай партыі і выпускнік МГІМО Дзьюла Цюрмэр, які сустракаўся са сваім кумірам у лістападзе 2020 года ў Менску. А прадстаўнік Камуністычнай партыі Швейцарыі Давідэ Росі падчас візіту ў Беларусь распавядаў, што «меркаванне аб Беларусі на Захадзе памылковае і фармуецца дзякуючы НАТА». Памылковае ж яно, бо з ім нязгодныя ў Кітаі.

Лідар марксісцкай Вугорскай працоўнай партыі Дзьюла Цюрмэр. Крыніца: Gyula Thürmer / Twitter

Яскравым прыкладам сапраўднага прэзідэнта і анты-фашыстам назваў Лукашэнку лідар італьянскай партыі «Сацыялістычная Радзіма» Ігар Камілі, які адмыслова прыязджаў у Менск, каб ускласці кветкі да помніка Леніну 7 лістапада і да стэлы на плошчы Перамогі 9 траўня. На старонках жа партыі ў сацсетках можна знайсці ўспаміны пра расейскіх баевікоў на Данбасе: Міхаіла Гіві Талстых, Аляксандра Захарчанку і іншых. Сама яна на выбарах 2022 года ў кааліцыі з пяццю іншымі партыямі разам набрала трохі больш як 1% галасоў.

Часты госць і эксперт у прапагандзе таксама Олівэр Шнээман з «Нямецкага цэнтру» – дробнай нямецкай партыі, чальцамі якой з’яўляюцца каля 3000 асобаў супраць 380 000 у кіроўнай Сацыял-дэмакратычнай партыі. Ён яшчэ ў 2019 годзе наведваў акупаваны Расеяй Крым ды распавядаў пра «вясёлыя, радасныя твары» на беларускіх выбарах. І хоць, паводле яго ж, на Захадзе сваю пазіцыю можна выказаць толькі раз, сам ён выказваецца толькі беларускай прапагандзе сваё меркаванне распавядае чацвёрты год.

Пра палітычную вагу гэтых партыяў можа сведчыць тое, што ў пяці краінах на іх усіх прыпадае толькі два рэгіянальныя дэпутаты ў Швейцарыі, не кажучы ўжо пра адсутнасць прадстаўніцтва ў парламентах. Але ў любым разе нават сёння палітычныя маргіналы – гэта не адзіныя сілы ў Еўропе, якія захоўваюць кантакты з рэжымам у Менску. А непублічныя кантакты, пэўна, яшчэ шырэйшыя.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў