У лістападзе нямецкі дэпутат сустракаўся ў Менску з Макеем і Савіных


Нямецкі дэпутат Бундэстагу ад папулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» («AfD») Пэтр Бістран падчас свайго таемнага візіту ў Менск у лістападзе 2022 года сустракаўся з уладамі Беларусі, паведамляе выданне «Bild».

Пэтр Бістран.
Фота: Achim Melde, Bundestag

Дэпутат прызнаўся, што ў Менску ў яго былі сустрэчы з кіраўніком МЗС Уладзімірам Макеем (за тыдзень да ягонай смерці), старшынёі камісіі Палаты прадстаўнікоў у справе замежнай палітыкі Андрэем Савіных, прадстаўнікамі Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў і Беларускага фонду міру.

Як піша выданне, Пэтр Бістран 9 лістапада зарэгістраваў у Бундэстагу дзелавую камандзіроўку ў Літву на 13–16 лістапада. У гэтай заяўцы ён не паведамляў пра намер ехаць у Беларусь і потым не даваў справаздачы Бундэстагу пра гэтае наведванне.

З Літвы нямецкі дэпутат 16 лістапада адразу скіраваўся ў Беларусь і быў там да 19 лістапада, пасля чаго зноў заехаў у Літву і адтуль вылецеў у Нямеччыну. Па прыбыцці ён даў справаздачу наконт паездкі ў звычайным парадку, дзе было пазначана, што ён пабываў у Менску. Прычынаю паездкі пазначанае «запрашэнне менскага парламенту», адна з тэмаў – «пабудова міру ва Украіне».

Пэтр Бістран, Алег Макараў і Андрэй Савіных (злева направа). Крыніца: bild.de

Тым часам у Нямеччыне працягваецца крытыка дэпутата праз ягоны візіт у Менск.

«Паводзіны дэпутата ад «AfD» Бістрана непрымальныя. Гэта шкодзіць Нямеччыне ў цэлым. «AfD» працягвае сваю хлуслівую гульню і тут. Вельмі добра, што цяпер вывучаюць усё, што звязана з гэтаю паездкай у Беларусь. Чальцы парламенту ад «AfD» становяцца балванамі рэжымаў, якія вядуць вайну ва Украіне, якая супярэчыць міжнароднаму праву, і актыўна падтрымліваюць яе. А парламенцкая група за гэта плаціць», – сказала першая парламенцкая сакратарка Сацыял-дэмакратычнай партыі Кат’я Маст.

У дзяржаўных беларускіх СМІ не было паведамленняў аб прыездзе і сустрэчах дэпутату Бундэстагу.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў