Фінляндыя далучылася да NATO, Расея пагражае. Ці хвалявацца беларусам?


Днём 4 красавіка завяршылася фармальная частка далучэння Фінляндыі да Паўночнаатлантычнага альянсу – цяпер фінскі сцяг лунае пад штаб-кватэрай NATO разам з яшчэ 30 дзяржаўнымі сцягамі. Крэмль ужо агучыў абстрактныя пагрозы. Чаго чакаць?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фінскія вайскоўцы перадаюць інфармацыю амерыканскай авіяцыі падчас вучэнняў «Dynamic Front 2022». Графэнвёр, Нямеччына. 19 чэрвеня 2022 года.
Фота: NATO / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, днём 4 красавіка заявіў, што ў Крамлі лічаць пашырэнне NATO «чарговым абвастрэннем сітуацыі» і «замахам на бяспеку і нацыянальныя інтарэсы Расейскай Федэрацыі». Ён прыгразіў контрмерамі, «якія РФ палічыць неабходнымі», але адзначыў, што, у адрозненне ад Украіны, «Фінляндыя не станавілася анты-Расеяй».

Hавiны
Фінляндыю афіцыйна прынялі ў NATO. Расеі не спадабалася
2023.04.04 17:50

Ці будзе эскалацыя, пагроза рэгіянальнай бяспецы?

Дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру «GLOBSEC Policy Institute» Алена Кудзько ў каментары «Белсату» выказала меркаванне, што рэгіянальная бяспека толькі палепшыцца ад далучэння NATO да Фінляндыі:

«Яшчэ да далучэння да NATO Фінляндыя з’яўлялася адным з гарантаў бяспекі ва ўсім Балтыйскім рэгіёне. Зараз, калі Фінляндыя ўжо з’яўляецца чальцом NATO, гэтую бяспеку краіны змогуць гарантаваць яшчэ лепш».

Наўрад ці будзе нейкая эскалацыя з боку Расеі, прагназуе яна. Калі Фінляндыя абвясціла аб жаданні далучыцца да NATO, рэакцыя з боку Расеі была «амаль зусім ніякая», згадвае яна. Пэўныя пагрозы былі, але цяпер «усе ведаюць, што Расея пагражае пастаянна», але нават само расейскае кіраўніцтва «ўсведамляе, што няма ні нагодаў для гэтых пагрозаў, ні магчымасцяў гэтыя пагрозы здзейсніць».

У Расеі праз вайну ва Украіне наўрад ці ёсць нават сур’ёзная колькасць караблёў ці танкаў, каб падвесці пад межы Фінляндыі на знак нязгоды, ці тым больш для буйной атакі, адзначае Кудзько. У гэтым кантэксце для Беларусі не з’яўляецца новых пагрозаў, але застаюцца старыя, бо Расея фактычна ператварае Беларусь у сваю вайсковую базу.

«NATO дакладна на Расею нападаць не збіраецца і ніколі не збіралася, – упэўненая Кудзько. – Расея ўсё ж імкнецца пазбегнуць прамога канфлікту з NATO, бо ведае, што выйграць яго ў Расеі няма вялікіх шанцаў. Беларусам хвалявацца трэба, але зусім не з нагоды далучэння Фінляндыі да NATO».

Аналітыка
Прывязка да РФ і традыцыйныя каштоўнасці. Што трэба ведаць пра новую Канцэпцыю нацбяспекі
2023.04.04 20:15

Падобныя думкі выказаў «Белсату» кансультант у міжнародных палітычных рызыках Мікола Пачкаеў. На яго думку, далучэнне Фінляндыі да NATO зробіць геастратэгічную сітуацыю больш бяспечнай, бо «ўносіць большую пэўнасць у разлікі бакоў» і засцерагае Расею ад «авантурызму»:

«Далучэнне да NATO Фінляндыі будзе найважнейшым фактарам умацавання бяспекі, апроч самой Фінляндыі, трох балтыйскіх сяброў NATO і нейтралізацыі магчымых авантураў Расеі вакол Калінінградскай акругі. Апроч таго, гэта істотна ўмацоўвае NATO агулам».

Ён патлумачыў, што ў NATO хіба Злучаныя Штаты і Турэччына ў апошні час будавалі сваё войска з разліку на самастойнае вядзенне вайны. Фінляндыя, як і Швецыя, гэта багатыя краіны, якія не былі ў NATO, таму іхныя войскі рыхтаваліся быць здольнымі дзейнічаць самастойна. І Фінляндыя, і Швецыя будуць матэрыяльнымі донарамі баявых рэсурсаў для NATO.

«Што зменіцца таксама, дык гэта доступ у межах NATO ў крытычных абставінах замежных кантынгентаў войскаў да тэрыторыі і паветранай прасторы іншых краінаў NATO, найперш ЗША, – звяртае ўвагу Пачкаеў. – І ў пэўных абставінах мажлівасць прасцейшага рашэння на тэрыторыі Фінляндыі, а пасля Швецыі, нават тактычнай ядравай зброі ЗША».

Ды Пачкаеў бачыць і негатыўны фактар бяспекі: Расея можа неяк рэагаваць, павялічыць вайсковую прысутнасць ва ўсходняй і паўночнай Балтыі. Ён лічыць імаверным нават рашэнне размясціць у Калінінградскай вобласці Расеі тактычную ядравую зброю, хоць, на ягоную думку, для выкарыстання на балтыйскім тэатры ваенных дзеянняў прызначаны якраз той арсенал ядравай зброі, які збіраюцца размясціць у Беларусі.

Чаму Фінляндыя наогул пайшла ў NATO: праз рэальную пагрозу ці на знак салідарнасці?

Гаворка не пра салідарнасць з Украінай, Фінляндыя падтрымлівае яе іншымі сродкамі, адзначыла Алена Кудзько. У NATO Фінляндыя уступіла для самой сябе, лічыць яна:

«Фіны сталі адчуваць для сябе рэальную пагрозу. Сучасная вайна вядзецца не толькі танкамі, ёсць розныя гібрыдныя сродкі. Канешне, ад танкаў і ракетаў – да якой-небудзь кібербяспекі ці ўнутранага сабатажу асобнымі вайсковымі групамі, асацыяванымі з Расеяй».

Раней Расея ўспрымалася як рацыянальная дзяржава, якая прытрымлівалася хоць нейкіх рамак. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне стала зразумела, што Расея гатовая на ўсё, калі бачыць слабейшага за сябе суседа – прынамсі, паводле ацэнак расейскага кіраўніцтва, зявярнула ўвагу суразмоўца. У Фінляндыі лічаць, што Расея адэкватна ацэньвае свае магчымасці ў параўнанні з NATO, таму, мяркуе Кудзько, «уступ у NATO – гэта жаданне фінаў прадухіліць нават думкі расейскага кіраўніцтва, што ў балтыйскім рэгіёне ў іх ёсць нейкія шанцы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фінскі салдат падчас трэнаванняў у школе вайсковых сабакаводаў пасля савецка-фінскай вайны. Хяменліна, Фінляндыя. Люты 1941 года. Сучасная каларызацыя здыму.
Фота: Jared Enos / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Мікола Пачкаеў заўважыў, што хоць у Фінляндыі і няма нейкіх супярэчнасцяў з Расеяй ці тэрытарыяльных спрэчак, для ўсяго балтыйскага рэгіёну ёсць вялікай засцярогай уразлівае становішча Літвы, Латвіі і Эстоніі, а таксама фактар Калінінградскай вобласці.

«Магчымыя сцэнары вакол Сувалкаўскага калідору, – дапускае эксперт. – Для баявой жыццяздольнасці трох балтыйскіх дзяржаваў найважнейшым ёсць фактар усталявання баявога панавання ў акваторыі і прасторы ўсходняй і сярэдняй Балтыі. Фінляндыі, як мы ведаем, належыць паўночны бок гэтае аператыўнай прасторы.

Памятаючы пра лёс нейтральнай Бельгіі, на якую ў 1914 годзе напала Нямеччына проста для таго, каб зрабіць магчымым свой далейшы наступ на Францыю, у Фінляндыі маглі быць засцярогі, што ў разе збройнага канфлікту вакол балтыйскіх сяброў NATO менавіта нейтральная Фінляндыя будзе часткова ці цалкам атакаваная і акупаваная Расеяй проста з прычыны расейскай аператыўнай неабходнасці».

Адметна, што пра расейскую акупацыю ў 2015–19 гадах здымала папулярны тэлесерыял «Акупаваныя» суседняя Нарвегія, якая ўваходзіць у NATO ад самага заснавання альянсу.

Эксперт нагадвае, што дэкларацыя аб нейтральнасці Фінляндыі мела выразныя агаворкі: нейтралітэт – толькі на мірны час. Пачкаеў рэзюмуе: для Фінляндыі і Швецыі цяпер ёсць поўная рацыя ў далучэнні да NATO, а расейскі напад на Украіну стварыў зрух у грамадскай думцы і зрабіў такое рашэнне магчымым:

«Адказ на «чаму цяпер» – гэта фундаментнальна de facto прызнанне таго, што мірны час, які быў дагэтуль, на жаль, у Еўропе скончыўся: Расея распачатала ў Еўропе вайну».

 Калі чакаць ў NATO Швецыю ?

Швецыя адначасова з Фінляндыяй у мінулым траўні падала заяўку на далучэнне да NATO. Заяўку Швецыі пакуль не ўхвалілі дзве з трыццаці краінаў альянсу: Турэччына і Вугоршчына. Першая крытыкуе Швецыю за «падтрымку курдскіх тэрарыстаў» і адмову ад экстрадыцыі ў Турэччыну чальцоў Курдскай працоўнай партыі. Другая мае крыўды за крытыку Стакгольмам унутранай палітыкі Вугоршчыны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шведскі лідар атраду дае каманды фінскім салдатам падчас вучэнняў «Trident Juncture 2018». Нарвегія. 27 кастрычніка 2018 года.
Фота: NATO / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Турэччына – адзіная краіна, якая напраўду прытарможвае ўступ Швецыі ў NATO, сцвярджае Кудзько. Чакаецца, што пасля выбараў у Турэччыне Швецыя таксама ўступіць у NATO:

«Выбары ў Турэччыне могуць сітуацыю змяніць, незалежна ад таго, хто выйграе: нават калі выйграе Эрдаган, у яго не будзе такой вялікай патрэбы мабілізаваць сваіх выбарнікаў удома», – прагназуе яна.

Пачкаеў жа лічыць, што выбары ў турэцкай сістэме – не той фактар, ад якога можна чакаць зменаў у вонкавай палітыцы. Да таго ж, Турэччына цяпер схільная ў сваёй палітыцы да складанай прывязкі рэчаў, якія на першы погляд не павінны быць звязаныя: Рэджэп Эрдаган патрабуе ад Швецыі перад дазволам на далучэнне да NATO экстрадыцыі журналіста, якую заблакаваў Вярхоўны суд, а не шведскі ўрад, і шведскія законы проста не дазваляюць ураду скасаваць гэтае рашэнне.

«Гэта наводзіць на думку, што, напэўна, будзе дасягнуты кампраміс праз нейкія саступкі Турэччыне ў іншых сферах і, магчыма, іншымі гульцамі – напрыклад, ЗША», – разважае ён.

З Вугоршчынай жа пытанне будзе вырашанае ў найбліжэйшы час, прагназуе ён, бо Вугоршчына не можа чакаць для сябе вялікіх выгодаў ад блакавання далучэння Швецыі да NATO.

Урок для Беларусі

Мікола Пачкаеў у тым, што адбылося, бачыць важны момант для будучых уладаў Беларусі. Далучэнне Фінляндыі да NATO не патрабавала дарожных мапаў, перыядаў адаптацыі, змены стандартаў і перавучэння афіцэраў. Краіны былой Варшаўскай дамовы, як Польшча ці Вугоршчына (а ў перспектыве мо і Украіна), мусілі мяняць шмат што ў сваіх войсках перад далучэннем. Тады як краіны Балтыі адразу стваралі свае войскі пад стандарты NATO.

«Урок можа быць у тым, што нават калі ў Беларусі не будзе грамадскага кансэнсусу для далучэння да NATO, мае сэнс будаваць тэхнічна і тактычна, ва ўсіх сэнсах, войска Беларусі абсалютна адпаведным і сумяшчальным са стандартамі NATO», – падказвае Пачкаеў.

У такім разе пры крытычнай сітуацыі далучэнне Беларусі да NATO будзе справай хуткага галасавання, а не гадоў ператварэнняў і рэформаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковаабавязаныя беларусы падчас праверкі боегатовасці Узброеных сілаў Беларусі. 4 красавіка 2023 года.
Фота: Анастасія Кузняцова / «Ваяр»

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў