У Беларусі задумалі зносіць хрушчоўкі. Што з імі не так і чаму лепш не зносіць


Хрушчоўкі маюць шмат праблемаў, але іх знос, хутчэй за ўсё, створыць новыя беды. «Белсат» пагутарыў з беларускімі эксперткамі ў архітэктуры пра тое, што рабіць з савецкаю жыллёваю спадчынаю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дом № 97 на праспекце Ракасоўскага ў Менску, Беларусь. 30 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Былы старшыня Менскага гарвыканкаму, віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак 27 кастрычніка агучыў ідэю знесці хрушчоўкі Аляксандру Лукашэнку. Ён прапанаваў зносіць хрушчоўкі, якія патрабуюць капітальнага рамонту, і пакідаць толькі падмурак для новых будынкаў. Лукашэнку ідэя спадабалася: сказаў «лічыць гэта прынятым» і ўносіць прапановы.

Гэта значыць, цяпер у Беларусі няма канкрэтных планаў зносу хрушчовак. Цяжка прадказаць, калі яны з’явяцца і якой колькасці дамоў будуць датычыць. Невядома нават, што на іх месцы хочуць будаваць: сучасныя дамы прыблізна той жа плошчы ці «чалавейнікі».

«Белсат» абмеркаваў ідэю Сівака з дзвюма беларускімі архітэктаркамі, якія пажадалі застацца ананімнымі.

Меркаванні
Лукашэнка даручыў знесці хрушчоўкі. Але не цалкам
2023.11.02 14:57

Што такое хрушчоўка

Усходняя Еўропа, у тым ліку Беларусь, моцна пацярпела ў Другую сусветную вайну, літаральна стаяла ў руінах. Першы час у Савецкім Саюзе замест зруйнаванага жытла будавалі шматлікія баракі, а таксама асобныя дамы ў стылі неакласіцызму. Першыя празвалі сталінскімі баракамі, другія – сталінскім ампірам або проста сталінкамі. У канцы 1950-х у СССР распрацавалі серыйныя шматкватэрныя дамы на прыклад нямецкіх рабочых паселішчаў.

Каб развязаць жыллёвы крызіс, выкліканы вайной і ўрбанізацыяй, за часоў савецкага кіраўніка Мікіты Хрушчова вырашылі будаваць без «архітэктурных празмернасцяў». Па ўсім СССР у 1960-ыя паўсталі амаль аднолькавыя максімальна танныя шэрыя будынкі – найчасцей панэльныя пяціпавярховыя.

Далейшае развіццё савецкіх панэльных дамоў назвалі «брэжнеўкамі» паводле імя наступнага генеральнага сакратара. Ды тое, што было пасля «брэжневак», ужо не называлі «гарбачоўкамі» ці «лукашэнкаўкамі».

Колькі будынкаў адносіць да хрушчовак, насамрэч невядома. Напрыклад, у 2019 годзе «Комсомольская правда» пісала, што ў Беларусі было 2568 хрушчовак (чвэрць цагляныя, тры чвэрці панэльныя) агульнай плошчай больш за 10 млн м². Але ў іншых крыніцах называлі розныя лічбы, агульную плошчу ацэньвалі ад 7 млн да 25 млн м².

Чым кепскія хрушчоўкі

Будынкі маюць кепскую рэпутацыю – нярэдка іх зняважліва называюць «хрушчобамі». Прэтэнзіі розныя: ад надта тонкіх сценаў да вонкавай неэстэтычнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Клумба каля шматкватэрнага дому ва Уруччы. Менск, Беларусь. 11 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Хрушчоўкі вельмі стыгматызаваныя часам свайго жыцця і жыцця людзей у іх, кажа адна з суразмоўцаў «Белсату». Яна згадвае, што кватэры ў такіх дамах часам абзываюць «бабушатниками», што часам скардзяцца на цесныя кухні, цемру ці холад, асацыююць з савецкай і ранняй постсавецкаю беднасцю.

Будавалі хрушчоўкі з разліку на кароткі тэрмін, каля 50 гадоў, але тое разлічвалі з «запасам трываласці». Калі будынак і камунікацыі не даглядаць і не рамантаваць, дык сапраўды яны папсуюцца ці разбурацца. Другая суразмоўца разважае: кепская рэпутацыя хрушчовак можа тлумачыцца тым, што людзі не ведаюць, што з імі рабіць. А ў галовах аднекуль з’яўляецца памылковая думка, што «танней знесці, чымся рэканструяваць».

Жылая прастора ў хрушчоўках сапраўды маленькая, бо яны будаваліся з прычыны «мільёнам людзей зусім няма дзе жыць». Але сучасная кватэра ў модным жылым комплексе можа быць меншая за кватэру ў хрушчоўцы, дый у кватэры можна перапланоўваць. Хрушчоўкі сапраўды вельмі неэнергаэфектыўныя, але гэтую праблему няцяжка развязаць уцяпленнем. У хрушчоўках няма ліфтаў, яны не разлічаныя на маламабільных людзей, але і гэта можна развязаць падчас рэканструкцыі. Таксама можна замяніць інжынерныя сеткі, з якімі праз век маюць праблемы хрушчоўкі.

Суразмоўцы згадваюць і праблемы з прасторавай арганізацыяй раёнаў, дзе будаваліся хрушчоўкі. Вельмі часта гэта шараговая забудова, калі дамы ставяцца адзін за адным без раздзялення на прыватныя і грамадскія прасторы. Такі падыход спрашчаў дзяленне забудовы на чэргі (этапы) будаўніцтва, спрашчаў шэраг тэхналагічных працэсаў. Але ў сучаснай забудове праблемы з прасторавай арганізацыяй таксама ёсць – і маюць тыя сама карані. Гэта можна развязаць рознымі падыходамі з прыцягненнем жыхароў да абмеркавання. І гэта не вырашаецца адной толькі пабудоваю дзіцячай пляцоўкі ў двары, але і не вырашыцца адным толькі будаўніцтвам новага дому на месцы старога.

Чаму лепш рэканструяваць, а не зносіць

У інтэрнэце шмат гадоў ходзяць здымкі нямецкіх хрушчовак пасля рэканструкцыі – напрыклад, такія. Або такія здымкі рэканструяваных савецкіх хрушчовак з расейскага Калінінграду, колішняга нямецкага Кёнігсбэргу. Адна з суразмоўцаў «Белсату» заўважае, што бачыла, як у 2023 годзе ў Менску збудавалі дом, які на 100 % выглядаў як рэканструяваны нямецкі дом 1960-х. Яна пытае: раз умеем так будаваць, дык, можа, умеем так рэканструяваць?

Трансфармацыя 180-метровага зборнага жалезабетоннага будынку. Ляйнэфэльдэ (Leinefelde), Нямеччына. Крыніца: sfa.de
Трансфармацыя 180-метровага зборнага жалезабетоннага будынку. Ляйнэфэльдэ (Leinefelde), Нямеччына. Крыніца: sfa.de
Будынак пасля трансфармацыі. Ляйнэфельдэ-Зюдштат (Leinefelde Südstadt), Нямеччына. Крыніца: sfa.de

«Таксама важна разумець кантэкст, у якім мы сёння жывём: у кожнага ёсць той ці іншы досвед сутыкненне з указамі, законамі ды іх зменамі не ў лепшы бок для гараджанаў, – канстатуе суразмоўца. – Як вынік – змены не выклікаюць даверу, а заўсёды ёсць адчуванне, што цябе падмануць ці пакрыўдзяць.

У нас ёсць досыць зразумелыя эмоцыі, калі мы чуем, што штосьці зносіцца: гэта недавер. Гэта першае, што мы адчуваем, калі нам нешта абяцаюць.

Ва ўмовах недаверу радыкальныя рашэнні абавязкова выклікаюць стрэс. Гэта асобная праблема: вось у нас жыве N тысяч асобаў у хрушчоўках. І мы разумеем, што пры прыняцці гэтых рашэнняў мы выклікаем пастаянны страх у тых людзей, якія атрымаюць „лісты шчасця“, што іх будуць зносіць».

Само тое, што цяперашнія навіны можна зразумець як «мы знясём усё», а не «мы знясём тое, што нявыгадна рэканструяваць», можа выклікаць у людзей страх за асабістую маёмасць, а гэта ніяк не падвысіць камфорт жыцця. Абедзве суразмоўцы не чакаюць, што ў цяперашніх умовах высяленне, пераезд і кампенсацыі прынясуць радасць большасці жыхароў хрушчовак.

Камунікацыі можна замяніць, сцены можна ўцяпліць – гэта ўжо робяць у Беларусі са старымі будынкамі. У архітэктурнай практыцы, расказвае адна суразмоўца, ёсць таксама паняткі рэканструкцыі з мадэрнізацыяй і рэканструкцыі з дабудоваю – можна і ліфты прыбудаваць, і гаўбцы, і дадатковыя жылыя метры. Можна будаваць нейкія дадатковыя элементы і асобна ад будынку, каб двары не былі панурымі.

Стан будынкаў, вядома, розны, дадае другая суразмоўца. Трэба даследаваць кожны асобна, але агулам будынкі серыйныя. Гэта значыць, не трэба будзе распрацоўваць тысячы ўнікальных праектаў, а выбіраць з тыповага набору тэхнічных магчымасцяў рэканструкцыі, што зробіць рэканструкцыю таннейшай. Але пры гэтым нішто не замінае «пагуляцца з дызайнам» у кожным выпадку – гэта не так моцна адаб’ецца на цане.

Да таго ж, у раёнах хрушчовак за некалькі пакаленняў склаліся свае супольнасці людзей, склалася інфраструктура, ёсць азеляненне. Калі замест пяціпавярховікаў збудуюць 20-павярховыя дамы, стасункі між суседзямі будуць ужо зусім іншыя, калі наагул будуць. Адказнасць суседзяў за агульную тэрыторыю можа стаць ніжэйшая, чымся была, калі ўсе адно аднаго ведалі.  Сацыяльная інфраструктура, якая разлічвалася на пяціпавярховікі, можа не справіцца з большаю шчыльнасцю забудовы, а гэта закране нават суседнія з ушчыльненымі раёны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дамы № 13 і № 15 на вуліцы Пляханава ў Менску, Беларусь. 28 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Пагроза зносу ўжо цяпер навісае над шмат якімі прыватнымі аднапавярховымі і двухпавярховымі паваеннымі дамамі, заўважае другая архітэктарка. Гэта, нагадваюць суразмоўцы, абмяжоўвае магчымасці людзей рабіць нешта са сваймі кватэрамі: калі чакаеш, што праз тры, пяць ці дзесяць гадоў дом знясуць, дык чаго рабіць нешта са сваёй кватэрай? А чакаць зносу можна і 10, і 20 гадоў.

І калі будынак знеслі, дадае суразмоўца, можна яшчэ шмат гадоў чакаць інвестара і забудоўніка, якія захочуць прыйсці на гэтую тэрыторыю.  Нават калі ўявіць, што на месцы знесенага пачнуць будаваць новае, дык на замену хрушчовак пойдзе не адзін год. Гэтак, за 2022 год у Беларусі ўвялі ў эксплуатацыю (PDF) 4,2 млн м² жытла, з якога 1,8 млн м² прыпадала на прыватныя, не шматкватэрныя дамы. А тых хрушчовак як мінімум на 7 млн м², а то і на ўсе 25 млн м².

«Зносіць танней»?

Беларускі Інстытут жытла ў 2017 годзе ацэньваў адзін толькі знос хрушчовак на $ 7 млрд, а будаўніцтва на іх месцы новага жытла – на яшчэ прынамсі $ 14 млрд. Суразмоўцы «Белсату» разважаюць: каб сказаць, танней ці даражэй будзе рэканструяваць хрушчоўкі, трэба спачатку зразумець, чаго хочам дамагчыся: падвысіць энергаэфектыўнасць, павялічыць шчыльнасць насельніцтва ў раёне, зрабіць прыгажэй?..

Вялікая праблема пры зносе старых будынкаў – пытанне кампенсацыі. Нярэдка тыя, чые дамы зносяць, скардзяцца, што ім прапануюць на замену неадэкватную колькасць квадратных метраў, што высяляюць далёка, што рынкавая цана замены ніжэйшая за тое, што было. Не гарантавана, што ў бюджэты разлічаць так, каб задаволіць большасць.

Калі трэба «ўшчыльніць», дык можна не зносіць хрушчовак, а забудаваць закінутыя тэрыторыі заводаў або знесці неэфектыўныя заводы і забудаваць іх тэрыторыю новымі дамамі, заўважае адна суразмоўца.

Эксперткі адзначаюць, што ў бюджэт трэба закласці яшчэ і тое будаўнічае смецце, якое ўтворыцца ад зносу будынкаў. І што рабіць з тымі горамі розных матэрыялаў, якія застануцца? Калі проста вывезці на сметнікі, гэта кепска адаб’ецца на экалогіі.

Праекты ўзроўню «знесці ўсе хрушчоўкі» цяжка рэалізаваць нават у вельмі заможных заходніх краінах, рэзюмуе адна з архітэктарак. Гэта вялізная колькасць жыхароў і вялізныя аб’ёмы працы, а калі прыняць такія рашэнні за адзін дзень, будуць толькі стрэс для людзей, неадэкватныя кампенсацыі і фінансавыя страты.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў