Лукашэнка даручыў знесці хрушчоўкі. Але не цалкам

Цытата дня: «У нас сёння застаюцца дамы, якія трэба капітальна рамантаваць. Яны ў памежным стане. Можна пяціпавярхоўку хрушчоўку знесці, каробку, пакінуўшы падмурак, і на яго паставіць». Спецыялістаў такое рашэнне павінна паставіць у тупік. Але на тое ж яны і спецыялісты, каб супраціўляцца мудрым інавацыйным рашэнням кіраўніцтва. Пра самое рашэнне крыху ніжэй, а пакуль паспрабуем разабрацца, зірнем на гэтыя самыя хрушчоўкі пільна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дом №14 па вуліцы Фабрычнай. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Калісьці, у пасляваенную пару, яны былі, без усялякіх сумневаў, патрэбным і своечасовым рашэннем. Калі верыць савецкім гісторыкам, пасля вайны СССР здолеў аднавіць прамысловасць за 5 гадоў. Але тое прамысловасць, а з жыллёвым фондам усё было значна горш. Паводле афіцыйнай ацэнкі, 1700 населеных пунктаў у еўрапейскай частцы краіны было разбурана, і патрабавалася простае і эфектыўнае рашэнне, якое дазваляе хутка аднавіць аб’ём жылога фонду. Краіна проста не магла сабе дазволіць будаваць па даваенным стандартам – індывідуальнае праектаванне кожнага дому, гарышчы, цагляныя сцены ў метр таўшчынёй. Гэта было зусім недапушчальнай раскошай.

Рашэнне было знойдзена ў сярэдзіне 1950-х. Савецкія архітэктары, інжынеры і канструктары нарадзілі эфектыўны аналаг цяперашняга LEGO – праект вельмі лёгкага стандартнага дому, які павінен быў збірацца за 45 дзён. Цалкам, з улікам унутраных работ. Нязручнасць была, у першую чаргу, у памерах саміх кватэр. Выразна разлічаныя мінімальна дапушчальныя спажывецкія якасці былі сапраўды мінімальнымі, у прамым сэнсе слова. Не разгарнуцца. Ну і, безумоўна, якасць самога будаўніцтва. Роўныя вуглы ў гэтых дамах не сустракаліся. Такія традыцыі.

Аднак гэтая крытыка – дробнае буржуазнае бурчанне на фоне магчымасці хутка забяспечыць масы савецкіх грамадзян уласнымі асобнымі кватэрамі, хай і з таўшчынёй унутраных перагародак 4–8 сантыметраў. Будаваліся яны да пачатку 1970-х з заяўленым тэрмінам жыцця ад 25 да 50 гадоў. 1970 + 50 = 2020. Гэта значыць тэрмін ужо скончыўся. Быў ды ўвесь выйшаў.

У гэтым унікальнасць хрушчовак. Дамы, пабудаваныя як раней, так і пазней, маюць тэрмін эксплуатацыі каля 100 гадоў і да часу іх фізічнага зносу яшчэ далёка. І справа не ў саміх канструкцыях. Рэдка можна ўбачыць выпадак, калі цагляны мур гэтых дамоў альбо старыя панэлі настолькі дрэнныя, што сапраўды патрабуецца знос. Часцей за ўсё яны падлягаюць капітальнаму рамонту і далейшай эксплуатацыі.

Але дом, з пуць складаецца з апорных канструкцый, тнкту гледжання сабекошту, толькі на чвэрры чвэрці – гэта ўнутраная начынне і яна ў хрушчоўках ужо знасілася ўсур’ёз. Яна проста не разлічаная на 100 гадоў эксплуатацыі.

Ну, дык што, зносім? Трэба было б. Маральна састарэлыя хрушчоўкі, крывыя, без ліфтаў, размешчаныя ў цэнтральных, абжытых раёнах гарадоў, сапраўды аджылі свой век. Пара б і развітацца. Толькі як гэта зрабіць?

Можна было б звярнуць увагу на вопыт Масквы, дзе рэалізуецца масавая праграма мадэрнізацыі, якая прадугледжвае перасяленне грамадзян з прадастаўленнем ім жылля большага памеру і будаўніцтва на месцы знесеных хрушчовак (і не толькі) сучасных жылых раёнаў. Можа быць, так і паступім? Хацелася б, ды не атрымаецца.

У Маскве мадэрнізацыя – камерцыйна выгадная гісторыя. Так, сярэдняя цана 1 квадратнага метра жылля (каля $3000) разы так у два больш будаўнічага сабекошту і менавіта гэтая маржа пакрывае ўсе выдаткі на знос і перасяленне насельнікаў хрушчовак. У Менску ж такога дабрабыту не назіраецца. Сярэднерыначная цана – $1400 за квадрат, і няма тут гэтай самай маржы, якая дазваляе рэалізоўваць глабальныя праекты.

Ды і заканадаўства Беларусі ўсё яшчэ не дазваляе проста так пазбавіць грамадзяніна яго ўласнасці (калі не браць пад увагу «ворагаў народу»). Яно прапануе альбо дамаўляцца з грамадзянінам палюбоўна, альбо вынесці абгрунтаванае рашэнне аб неабходнасці зносу і прадастаўленні пакінутым без даху над галавой квадратаў аналагічных спажывецкіх якасцяў у памеры не менш за 15 метраў на чалавека (у Менску).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дом № 97 на праспекце Ракасоўскага. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Можна быць упэўненым, што дзеля высялення насельнікаў 2700 беларускіх хрушчовак плошчай каля 9 млн кв.м (3% усяго жылога фонду) спатрэбіцца ніяк не менш за 15 млн новых квадратаў. Менавіта з гэтай прычыны ніякая эканоміка не складзецца, калі, вядома, не высяляць жыхароў сілком за 101-ы кіламетр. Пакуль гэта не практыкуецца, але чым чорт не жартуе.

Ці можна абысціся без акупнасці? Проста плюнуць на грошы, узяць і пабудаваць 15 млн новых квадратных метраў за бюджэтныя грошы і раздаць іх людзям, а самі адселеныя хрушчоўкі аддаць інвестарам (за грошы, вядома), і хай будуюць? Тэарэтычна можна, але практычна – дзяржава ў нас вельмі бедная і калі б яна мела вось такія фінансавыя магчымасці, то, напэўна, не дапусціла б чаргі з тых, хто мае патрэбу, у 600 000 чалавек? Даўжыня чаргі – 20 гадоў.

Лішніх грошай няма. І, значыць, прыйдзецца займацца бясконцым латаннем хрушчовак і чакаць. Чаго чакаць? Іншых рынкавых умоваў.

Калі б сёння інвестар, які прыходзіць у Беларусь, бачыў краіну, дзе яго чакаюць, дзе інтарэсы прадпрымальніка можна абараніць праз суд, дзе стабільная падатковая сістэма і сама эканоміка ўстойліва расце, дзе працуюць інстытуты, а не «я асабіста гарантую»… У такой краіне была б магчымая рэалізацыя вялікіх, мільярдных праектаў з дзесяцігадовымі перспектывамі. У такой краіне хацелася б жыць.

Сёння ж пра дзесяцігадовыя гарызонты казаць не даводзіцца. Тут бы да вясны пратрымацца. Таму і выглядае прапанова знесці хрушчоўкі недарэчным глупствам, утопіяй.

І думка: «А давайце знясем хрушчоўкі, але не будзем прыбіраць падмурак, што-небудзь пабудуем зверху?» – што гэта? Прыкмета зусім дрымучай непісьменнасці таго, хто гаворыць. Спроба захаваць падмурак, закапаны ў зямлю 70 гадоў таму, прывядзе да неабходнасці захавання той жа планіроўкі ўсяго раёну. Той самай планіроўкі, якая рабілася ў зусім іншых умовах, пры іншых задачах, якія вырашаліся. У тыя часы, калі наяўнасць асабістага аўтамабіля лічылася неабавязковай, была прыкметай прыналежнасці да самага высокага савецкага класу. Ну і апорныя якасці гэтага падмурку былі дакладна і эфектыўна разлічаныя на 4–5 паверхаў над ім, ніяк не больш. Такая была задача.

Кошт падмурка не перавышае 10% ад агульных выдаткаў на будаўніцтва дому. І ўяўная эканомія гэтых 10%, выкананне геніяльнага даручэння нашага вусатага архітэктара, павінна была б прывесці да зусім ненатуральнай з’явы – зʼяўленню на месцы раёнаў старых хрушчовак новай 4–5-павярховай жылой забудовы ў цэнтральных, добраўпарадкаваных раёнах гарадоў, але без падземных паркінгаў, таму як падмуркі ж чапаць нельга… Дзіўнае было б відовішча. Але, мы яго, вядома, не ўбачым.

Глупства гэта, балаўство. Пан жартаваць зрабіў ласку.

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў