Раніцаю 8 траўня па ўсёй Украіне больш за тры гадзіны гучала паветраная трывога. Расея атакавала ракетамі Кіеў і іншыя гарады, у выніку чаго былі пашкоджаныя аб’екты энергетыкі.
У бок Кіева расейцы запусцілі крылатыя ракеты Х-101/Х-555/Х-55 з бартоў стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС з розных кірункаў, паведамляе Кіеўская гарадская вайсковая адміністрацыя.
Сілы супрацьпаветранай абароны здолелі адбіць удар.
«Сіламі і сродкамі СПА ўсе паветраныя цэлі ў раёне сталіцы знішчаныя. Паводле папярэдніх звестак, ахвяраў і разбурэнняў у сталіцы няма», – гаворыцца ў паведамленні адміністрацыі.
«Укренерго» паведаміла пра ўдары па аб’ектах энергетыкі ў Вінніцкай, Запарожскай, Івана-Франкоўскай, Кіраваградскай, Львоўскай і Палтаўскай вобласцях. У выніку атакі былі пашкоджаныя некаторыя аб’екты генерацыі і абсталяванне на адным з аб’ектаў у цэнтральным рэгіёне.
У Палтаўскім раёне ў вынікі трапляння расейскага беспілотніка ў аб’ект энергетычнай інфраструктуры ўзнік пажар. Паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто не пацярпеў.
Энергетыкі ліквідуюць наступствы расейскай атакі.
«Вораг хоча пазбавіць нас магчымасці дастаткова вырабляць і перадаваць электраэнергію. Эканомнае выкарыстанне электраэнергіі – унёсак кожнага з нас у перамогу. Асабліва важнае адказнае спажыванне ў ранішнія і вечаровыя гадзіны», – напісаў на сваёй старонцы ў Facebook міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка.
8 траўня ва Украіне адзначаецца Дзень памяці і прымірэння, уведзены ў 2023 годзе замест Дня перамогі 9 траўня.
У пачатку траўня міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба паведаміў, што Расея сваімі ўдарамі пашкодзіла палову ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры.
Марыя Міхалевіч belsat.eu