Ці гатовы Захад павышаць стаўкі, каб спыніць расейскую агрэсію ва Украіне?


Апошнім часам на Захадзе абвастрыліся дыскусіі наконт таго, ці варта краінам NATO накіраваць сваіх вайскоўцаў ва Украіну і дазволіць ЗСУ выкарыстоўваюць заходнюю зброю на расейскай тэрыторыі. Адныя палітыкі выступаюць катэгарычна супраць гэтых крокаў, іншыя лічаць іх дапушчальнымі пры пэўных умовах. Belsat.eu распавядае, як далёка гатовы зайсці Захад у сваёй падтрымцы Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сумеснай прэс-канферэнцыі ў Кіеве, Украіна. 29 красавіка 2024 года.
Фота: Roman Pilipey / AFP / East News

Скасаванне табу

У лютым 2024 году прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў: нельга выключаць, што заходнія краіны ўсё ж накіруюць свае войскі ва Украіну.

«Цяпер няма кансэнсусу наконт выпраўлення войскаў «на зямлю». Аднак нішто не мусіць быць выключана. Мы зробім усё, што мусім, каб Расея не перамагла», – зазначыў ён.

Заява Макрона мела пераважна тэарэтычны характар і не прадугледжвала нейкіх неадкладных захадаў. Аднак такім чынам прэзідэнт Францыі дэ-факта зняў табу на публічнае абмеркаванне гэтай тэмы на Захадзе.

ЗША, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Італія, Іспанія і шэраг іншых еўрапейскіх дзяржаваў адразу адназначна заявілі, што не маюць намеру накіроўваць сваіх вайскоўцаў ва Украіну. «Амерыканскіх войскаў на тэрыторыі Украіны не будзе», – запэўнілі ў Белым доме. «У нас няма планаў па размяшчэнню баявых падраздзяленняў NATO ва Украіне», – падкрэсліў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг. «Ніхто ў Еўропе не збіраецца адпраўляць войскі ва Украіну», –  заявіў прэм’ер-міністр Чэхіі Петр Фіала.

Аднак некаторыя краіны ўспрынялі ідэю Макрона не столь катэгарычна. Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс назваў ініцыятыву Парыжа вартай разгляду. Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі станоўча ацаніў словы Макрона, зазначыўшы, што «прысутнасць сілаў NATO ва Украіне не ёсць чымсьці неймаверным». Паводле міністра, Захад павінен быць гатовы да «творча акрэсленай і асіметрычнай эскалацыі». Пра гатовасць разгледзіць магчымасць накіравання вайскоўцаў ва Украіну заявілі ў абаронных ведамствах Латвіі і Швецыі. Не выключаюць гэтага ўлады Нарвегіі і Нідэрландаў.

Дарадца прэзідэнта Эстоніі па нацыянальнай бяспецы Мадыс Рол заявіў, што цяпер праводзіцца сур’ёзны аналіз гэтага патэнцыйнага кроку. Ён падкрэсліў, што Эстонія аддала б перавагу адпраўленню войскаў ва Украіну ў рамках паўнавартаснай місіі NATO, аднак не выключае, што гэта будзе зроблена ў складзе меншай кааліцыі.

Аналітыка
Мэсідж Крамлю. Выпраўленне войскаў ва Украіну можа стаць для ЕЗ немінучым
2024.02.27 18:29

Адпраўка ва Украіну: магчымыя ўмовы і фармат

Праціўнікі ініцыятывы Макрона лічаць, што накіраванне войскаў ва Украіну прывядзе да прамога ваеннага сутыкнення з Расеяй і створыць рызыку ядравай вайны. Супрацьлеглы бок у сваю чаргу настойвае на тым, што дапусціць паразу Украіны ў вайне ні ў якім разе нельга, бо тады наступнай мішэнню Уладзіміра Пуціна стануць краіны Балтыі і Польшча. У такім выпадку вайна Расеі і NATO сапраўды будзе непазбежна.

«Der Spiegel» сцвярджае, што ў канцы траўня на палях канферэнцыі ў Талліне дэпутаты балтыйскіх краінаў папярэдзілі прадстаўнікоў ураду Нямеччыны: калі расейцы дасягнуць стратэгічнага прарыву на фронце, краіны Балтыі і Польшча скіруюць ва Украіну свае войскі.

«Іх аргумент такі: калі расейцы здолеюць учыніць прарыў на ўсходзе Украіны праз тое, што Захад толькі напалову дапамагае Кіеву, сітуацыя можа рэзка абвастрыцца. У такім выпадку краіны Балтыі і Польшча не будуць чакаць разгортвання расейскіх войскаў на сваіх межах, яны самі адправяць войскі ва Украіну», – піша нямецкае выданне.

Ніхто пры гэтым не дапускае, што еўрапейскія краіны адправяць сваіх жаўнераў непасрэдна на лінію фронту. У асноўным кажуць пра трэнаванне навабранцаў і абслугоўванне тэхнікі на ўкраінскай тэрыторыі ў глыбокім тыле. Акрамя таго, медыі паведамляюць, што Францыя можа пайсці на размяшчэнне значнага кантынгенту на мяжы з Беларуссю і (або) на Дняпры, каб абараніць правабярэжную Украіну.

Такім чынам, вайскоўцы саюзнікаў тэарэтычна маглі б узяць на сябе частку небаявых задач, што дазволіць ЗСУ накіраваць больш сілаў на фронт і павысіць маральны дух украінцаў. Акрамя таго, гэта стала бы выразным палітычным сігналам для Масквы: Захад не дапусціць паразы Украіны і гатовы павышаць стаўкі.

Аўтарытэтны часопіс Foreign Affairs дапускае, што вайскоўцы заходніх краінаў маглі б узяць на сябе частку абарончых баявых задач: напрыклад, дапамагчы ЗСУ прыкрыць паветраную прастору ад расейскіх ракетных удараў. Прамога баявога сутыкнення вайскоўцаў з Расеі і краінаў Альянсу такі сцэнар таксама не прадугледжвае. На думку аўтараў выдання, рызыка таго, што разгортванне еўрапейскіх вайскоўцаў ва Украіне прывядзе да эскалацыі канфлікту, увогуле перабольшана.

Аналітыка
Расея нападзе на NATO праз 6-10 гадоў? На чым грунтуецца гэты прагноз і што азначае
2023.11.22 16:08

У пошуку новых рашэнняў

На сённяшні дзень адпраўка значнага кантынгенту заходніх вайскоўцаў ва Украіну застаецца выключна гіпатэтычным сцэнаром. Па сутнасці, цяпер еўрапейскія лідары рыхтуюць не канкрэтны ваенны план, а разважаюць пра саму магчымасць накіравання войска ва Украіну пры пэўным развіцці падзеяў. Той факт, што гэтая тэма актыўна абмяркоўваецца, мусіць стаць трывожным сігналам для Пуціна: значыць, ягоных пагрозаў баяцца ўсё менш. Аднак зусім не факт, што словы заходніх палітыкаў пераўтворацца ў канкрэтныя дзеянні. Як слушна заўважыў сам Макрон, «не выключаць чагосьці – не азначае рабіць гэта».

Разам з тым, заява Макрона і публічныя дыскусіі на гэты конт – з’ява заканамерная. На трэцім годзе вайны стала зразумела, што той падтрымкі, якую аказвае цяпер Захад, недастаткова для перамогі Украіны. З восені 2023 году расейская армія валодае ініцыятывай на фронце і ЗСУ з цяжкасцю стрымлівае націск ворага. Расея па-ранейшаму мае перавагу ў жывой сіле, тэхніцы і боепрыпасах, і працягвае нарошчваць ваенную вытворчасць. Каб не дапусціць перамогі Пуціна, Захад мусіць быць гатовы павышаць стаўкі. Накіраванне вайскоўцаў ва Украіну – адзін з варыянтаў адказу на цяперашнія выклікі. Аднак паралельна абмяркоўваюцца і менш радыкальныя сцэнары.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія ракеты ляцяць у бок Украіны з Белгародскай вобласці Расеі. Харкаў, Украіна. 18 красавіка 2024 года.
Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News

Ад самага пачатку вайны амаль усе краіны Захаду перадавалі зброю і тэхніку Украіне з умовай, што ЗСУ не будуць выкарыстоўваць яе на расейскай тэрыторыі. Саюзнікі баяліся, што гэта выклікае непрадказальную рэакцыю Масквы і прывядзе да некантралюемай эскалацыі канфлікту.

Гэтыя абмежаванні сталі сур’ёзнай праблемай для Украіны. Каб пераламаць хаду пазіцыйнай вайны, ЗСУ трэба наносіць высокадакладныя ўдары па тылах расейскай арміі, знішчаць склады боепрыпасаў і вайсковыя базы, уносіць хаос у лагістыку. А саюзнікі дазваляюць Украіне біць толькі ў межах акупаваных Расеяй тэрыторыяй, а на ўласнай тэрыторыі агрэсар можа адчуваць сябе ў адноснай бяспецы.

Галасы супраць гэтага абмежавання апошнім часам гучаць на Захадзе ўсё мацней, у тым ліку на афіцыйным узроўні. На мінулым тыдні генеральны сакратара NATO Ёнс Стольтэнбэрг заявіў у інтэрв’ю The Economist, што прыйшоў час скасаваць забарону на выкарыстанне Украінай заходняй зброі.

«Мы павінны памятаць, што гэта такое. Гэта захопніцкая вайна Расеі супраць Украіны. Украіна мае права абараняцца. І гэта ўключае нанясенне ўдараў па мэтам на тэрыторыі Расеі», – падкрэсліў ён.

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль 28 траўня заявіў, што ЗСУ мае права біць па аб’ектах на тэрыторыі РФ, а таксама паведаміў, што абмежаванні на выкарыстанне сваіх узбраенняў ужо гатовыя адмяніць некаторыя краіны.

Настроі змяняюцца

Асобныя дзяржавы гэта ўжо зрабілі. Як распавяла журналістам міністарка замежных справаў Латвіі Байба Бражэ, некаторыя краіны проста не абвяшчаюць публічна, што перадаюць Украіне зброю без усялякіх абмежаванняў на выкарыстанне. Іншыя краіны пра гэта кажуць адкрыта. Улады Вялікай Брытаніі публічна дазволілі Украіне наносіць удары па аб’ектах у РФ. «Ва Украіны ёсць на гэта права», – заявіў міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэмэран падчас візіту ў Кіеў. Дарадца міністра па стратэгічных галінах прамысловасці Украіны Юрый Сак на гэтым тыдні паведаміў Bloomberg, што ЗСУ ўжо выкарыстоўвае Storm Shadow супраць цэляў у РФ.

Міністр абароны Швецыі Пол Ёнсан заявіў, што «Украіна мае права абараняцца ваеннымі дзеяннямі, накіраванымі на тэрыторыю праціўніка, калі яны адпавядаюць законам вайны». Кіраўнік Міністэрства абароны Польшчы Цэзарый Томчык паведаміў, што Варшава таксама дазволіла Украіне прымяняць польскую зброю для нанясення ўдараў па аб’ектах на тэрыторыі Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец 148-й асобнай артылерыйскай брыгады паветрана-штурмавых войскаў запускае беспілотнік «Фурыя» на перадавой у Данецкай вобласці, Украіна. 9 траўня 2024 года.
Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo/ East News

Разам з тым, ЗША і Нямеччына ад абмежаванняў адмовіцца дасюль не гатовыя, хаця менавіта ў іх станоўчым рашэнні Украіна зацікаўлена больш за ўсё. ЗСУ вельмі разлічвае на амерыканскія балістычныя ракеты класу зямля – зямля ATACMS (далёкасць – 300 км) і нямецкія крылатыя авіяцыйныя ракеты «Taurus» (далёкасць да 500 км).

Першую партыю ракетаў ATACMS, якія афіцыйны Кіеў выпрошваў у амерыканцаў на працягу двух гадоў, Украіна нарэшце атрымала вясной 2024 году, аднак з абмежаваннямі на ўдары па тэрыторыі РФ. А ракеты «Taurus» урад Нямеччыны дасюль не наважыўся паставіць, бо баіцца эскалацыі. Канцлер Оляф Шольц заявіў, што пастаўка крылатых ракет «Taurus» апраўдана толькі ў тым выпадку, калі немцы будуць самі вызначаць цэлі, аднак гэта немагчыма зрабіць, не стаўшы бокам канфлікту. Шольц таксама выступае за захавання ранейшых правілаў выкарыстання нямецкай зброі, якую ўжо мае ЗСУ.

Пакуль нішто не ўказвае на тое, што Нямеччына можа змяніць сваю пазіцыю ў агляднай будучыні. Затое змена палітыкі ЗША ў гэтым пытанні цалкам магчыма. Як паведаміла газета The New York Times, пасля травеньскага візіту ў Кіеў дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен пачаў лабіяваць у Вашынгтоне прапанову аб скасаванні забароны на выкарыстанне амерыканскай ракетнай і артылерыйскай зброі супраць аб’ектаў на тэрыторыі РФ. Цяпер на гэты конт у адміністрацыі Джо Байдэна вядуцца актыўныя дэбаты. Паводле выдання, на пазіцыю Блінкена паўплывала расейскае наступленне на поўначы Харкаўскай вобласці, калі агрэсар здолеў спакойна сканцэнтраваць свае сілы ў памежжы, не баючыся трапіць пад украінскія абстрэлы.

За вырашэнне гэтай праблемы выступаюць не толькі ў Дзярждэпартаменце. Раней камітэт па разведцы Палаты прадстаўнікоў ЗША апублікаваў зварот групы кангрэсменаў ад абедзвюх партый да Пентагону з заклікам паскорыць пастаўкі ўзбраенняў Украіне і дазволіць ЗСУ атакаваць цэлі ў Расеі.

Аналітыка
Лічбы паразы або парытэту? Разбіраемся, колькі інвестуюць у вайну РФ, Украіна і Захад
2024.05.21 06:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў