Закон «Аб генацыдзе беларускага народу» апраўдвае гвалт і рэпрэсіі супраць беларусаў


Рэжым Лукашэнкі прыняў у студзені 2022 года закон «Аб генацыдзе беларускага народу». Цынічна выкарыстоўваючы памяць пра ахвяраў Гітлера, ён мае апраўдаць гвалт і рэпрэсіі ў лукашэнкаўскай Беларусі супраць беларусаў і патлумачыць агрэсію пуцінскай Расеі супраць Украіны і яе заходніх саюзнікаў.

Невыпадкова лукашэнкаўскі рэжым 2022 год – свой «Год гістарычнай памяці» – пачаў з прыняцця закону «Аб генацыдзе беларускага народу». Разам з законамі «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» і «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Паводле даследніцы Галакосту Веранікі Лапуцькі, адбываецца нешта абсалютна ненармальнае, на што звярнулі ўвагу ізраільскія гісторыкі.

Паводле закону «Аб генацыдзе», беларускі народ – гэта ўсе людзі, якія пражывалі ў Беларусі ў 1941–1951 гадах. Гэткая фармулёўка размывае мяжу паміж Галакостам і паміж тэрорам, што чынілі гітлераўцы ў дачыненні беларусаў, якіх таксама знішчалі, але не паводле этнічнай прыкметы, як у выпадку габрэяў і ромаў.

«Такім чынам у нас тут дзве вялікія праблемы: па-першае, гістарычныя фармулёўкі і канструкты абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасці. Тут ідзе маніпуляцыя фактамі. А з іншага боку, ідзе інструменталізацыя гістарычнай памяці, каб выкарыстоўваць гвалт, рэпрэсіі супраць тых беларусаў, якія выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі».

Вераніка Лапуцька (Беларусь) – даследніца Галакосту ў Беларусі, стыпендыятка 2022 года Музею-мемарыялу Галакосту ў Вашынгтоне

Фактычна гэты закон адмаўляе Галакост і працягвае палітыку гларыфікацыі так званай Вялікай Айчыннай вайны, распачатую Аляксандрам Лукашэнкам у 1995–1995 гг.

Вераніка Лапуцька. Скрыншот з праграмы «Intermarium»

Эксперты ўдзельнічаюць у рэпрэсіях разам з сілавікамі

Такія законы залучаюць у рэпрэсіі не толькі сілавікоў, але і гісторыкаў. Адзін з прыкладаў у праграме «Intermarium» прывёў даследнік гісторыі Другой сусветнай вайны Марк Салонін. Ён распавёў пра адну з крымінальных справаў пра фальсіфікацыю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Там у якасці доказаў выкарыстоўваліся вынікі судова-гістарычнай экспертызы, якую напісалі некалькі гісторыкаў у адказ на запыт следчага. Сярод гісторыкаў быў і Аляксей Ісаеў.

«Звяртаю ўвагу, гэтыя «таварышы», якія пісалі экспертызу, ВЫРАЗНА РАЗУМЕЛІ, што яны прымаюць удзел у судовай расправе над заведама нявінным чалавекам».

Даведка
Марк Салонін (Украіна) – расейскі незалежны гісторык, аўтар працаў пра Другую сусветную вайну

Тут можна ўзгадаць і гібель мастака Алеся Пушкіна, які загінуў за кратамі, куды яго кінулі, абапіраючыся на экспертызу Сняжаны Сямернік з Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Людзі за межамі Расеі і Беларусі таксама ў небяспецы

Гэтыя законы скіраваныя не толькі супраць людзей на тэрыторыі Беларусі і Расеі. Інструменталізацыя памяці прызначаная для вонкавай экспансіі. Доктар гістарычных навук Юрый Амір Радчанка кажа, што пуцінская прапаганда выкарыстоўвае пэўныя прарэхі ды памылкі ў палітыцы памяці ва Украіне, Літве і Польшчы, каб атакаваць і дэлегітымізаваць дзяржаўнасць Украіны.

«Адзін з галоўных цынізмаў расейска-ўкраінскай вайны, якая цяпер адбываецца, – тое, што яна адбываецца ў імя «дэнацыфікацыі». Быццам Пуцін ваюе з нацыстамі. Пры гэтым урываючыся і ў эканоміку, і ў палітыку памяці, забіваючы ўсіх, хто тут [ва Украіне – заўв. «Белсат»] жыве, бамбуючы і цэрквы, і касцёлы, і мячэці, і сінагогі, забіваючы ўсіх людзей, якія тут ёсць, у імя «дэнацыфікацыі» і ў нечым нават спецыфічнага шанавання памяці ахвяраў Другой сусветнай вайны».

Даведка
Юрый Амір Радчанка (Украіна) – доктар гістарычных навук, сузаснавальнік і дырэктар Цэнтру вывучэння міжэтнічных стасункаў ва Усходняй Еўропе. Быў узнагароджаны міжнароднай прэміяй за публікацыю «Габрэі і неліберальныя рэжымы ва Усходняй Еўропе пасля 1917 года»
Доктар Юрый Амір Радчанка. Скрыншот з праграмы «Intermarium»

Рэжымы яшчэ раз пацвердзілі свой таталітарны характар

Вераніка Лапуцька падкрэслівае жахлівасць інструменталізацыі гістарычнай памяці. Яна можа пераходзіць і на поўнамаштабную вайну ва Украіне, падмацоўваючы вялікі канструкт «нацызму ва Украіне» і «нацызму ў Беларусі».

«То бок усе, хто не прымае парадыгмы аўтарытарнага кіравання Расеяй або Беларуссю, быццам бы нацысты. Падмена паняццяў. Тое, што выкарыстоўвалася вельмі часта ў таталітарных рэжымах: і ў нацысцкай Нямеччыне, і ў Савецкім Саюзе – усё гэта ў нас ёсць».

Ці можна гэтаму супрацьстаяць? – Так!

Доктар Міхал Трэмбач баіцца, што веды пра Галакост і падзеі Другой сусветнай вайны не засцерагаюць нас ад паўтору гэтай гісторыі. Пасля 1945-га не раз здараліся акты генацыду і масавых забойстваў. Была свядомасць таго, што здзяйсняецца генацыд, але рэакцыя свету не была ані лепшай, ані горшай – яна не была дастатковай, каб гэты генацыд стрымаць.

«Адзіны спосаб супрацьстаяць гэтаму, змагацца супраць спробы змены погляду, замены наратыву на такі, у якім ахвяры перастануць быць ахвярамі, – глыбейшы пошук нюансаў у тым, што адбывалася ў час вайны».

Даведка
Міхал Трэмбач (Польшча) – доктар гуманітарных навук, выканальнік абавязкаў дырэктара Габрэйскага гістарычнага інстытуту імя Эмануэля Рынгельблюма ў Варшаве
Доктар Міхал Трэмбач. Скрыншот з праграмы «Intermarium»

Даследнік нямецкай акупацыйнай палітыкі ў Літве доктар Крыстаф Дыкман лічыць, што наіўна было б спадзявацца, быццам веды пра мінулае могуць перадухіліць паўтор гэтых падзеяў. Каб перадухіліць злачынства, патрэбная контрсіла.

«Палітыка – гэта пра ўладу, пра тое, каб яе пашыраць, каб змушаць людзей паводзіцца пэўным чынам. І адзіным сродкам супраць гэтага будзе не эмпатыя да ахвяраў, а контрсіла. Гэта спаборніцтва – хто мацнейшы, хто мае больш улады. Палітыка – гэта не пра тое, якую версію гісторыі я ведаю, а пра тое, якія варыянты дзеянняў мае мой апанент і што магу зрабіць я. І ў гэты момант мне сорамна за нямецкі ўрад, які дагэтуль не можа наважыцца, каб абараніць украінцаў ад агрэсіі. Гэта сорам. І гэта прыклад таго, што гісторыя не вучыць. І не таму, што яны не ведаюць пра Галакост, канкрэтна гэтыя веды тут не патрэбныя, а патрэбнае большае разуменне таго, што такое палітыка».

Даведка
Крыстаф Дыкман (Нямеччына) – доктар гістарычных навук, Міжнародны цэнтр даследаванняў і адукацыі аб Галакосце, Хайфа, Ізраіль. Узнагароджаны міжнароднай кніжнай прэміяй «Яд Вашэм» за даследаванне «Нямецкая акупацыйная палітыка ў Літве 1941–1944 гадоў»
Доктар Крыстаф Дыкман. Скрыншот з праграмы «Intermarium»

Падрабязней – у праграме «Intermarium» (відэа ў пачатку артыкулу).

Вядоўца Наста Ільіна. Скрыншот з праграмы «Intermarium»

Праграма паўстала пры падтрыманні Фонду польска-нямецкай супрацы / Das Programm wurde durch die Stiftung für deutsch-polnische Zusammenarbeit gefördert.

 

Інтэрв’ю
«Уладу цікавіць не гістарычная праўда, а прапагандысцкія патрэбы». Гісторык – пра міфы і праўду Хатыні
2024.03.22 15:17
Агляд
Пра што Пуцін дзве гадзіны размаўляў з амерыканскім інтэрв’юерам Карлсанам. Пераказ
2024.02.09 03:36
Каментар
Навошта ў Беларусі ўводзяць «трупны сінод»? Разважае юрыст
2023.06.14 12:38

Калаж з фота: president.gov.by

Стужка навінаў