Пра што Пуцін дзве гадзіны размаўляў з амерыканскім інтэрв’юерам Карлсанам. Пераказ


Амерыканскі інтэрв’юер Такер Карлсан дзве гадзіны размаўляў з Уладзімірам Пуціным. «Белсат» пераказвае, што Пуцін распавёў пра напад на Украіну, Кітай і амерыканскую выведку.

Такер Карлсан і Уладзімір Пуцін
Такер Карлсан і Уладзімір Пуцін. Масква, Расея. 6 лютага 2024 года. Скрыншот: Tuckercarlson.com

Такер Карлсан – былы тэлевядоўца амерыканскага каналу «Fox News», звольнены ў 2023 годзе, і адкрыты прыхільнік былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. 6 лютага 2024 года Карлсан запісаў інтэрв’ю з Уладзімірам Пуціным у Маскве.

Яшчэ да публікацыі інтэрв’ю Карлсана крытыкавалі за саму ідэю такой размовы. І хоць ён не выказваўся ў падтрымку Пуціна і вайны падчас інтэрв’ю, некаторыя палічылі гэтае інтэрв’ю дапамогай Пуціну, а некаторыя нагадалі пра ранейшыя прапуцінскія выказванні Карлсана. Пасля інтэрв’ю Карлсан выпусціў каментар для падпісантаў свайго сайту, у якім назваў Пуціна разумным суразмоўцам і абвінаваціў ЗША ў тым, што Штаты дамагаюцца з’яўлення ў Расеі слабага кіраўніцтва, а Расея – не «экспансіўная» сіла, якая не хоча заваёўваць больш тэрыторыяў.

Дзве гадзіны відэа апублікавалі ў ноч на 9 лютага на сваім сайце Tuckercarlson.com. Тэкст размовы ў перакладзе на расейскую абяцалі апублікаваць на сайце Крамлю ранкам 9 лютага. «Белсат» сцісла пераказвае, што было ў гэтай дзвюхгадзіннай размове.

Урок альтэрнатыўнай гісторыі заняў больш за 40 хвілін

Такер Карлсан у пачатку відэа расказаў, што найперш спытаў у Пуціна самае відавочнае пытанне пра вайну ва Украіне: навошта Пуцін гэта зрабіў? Адказ, як сказаў Карлсан, шакаваў яго: Пуцін на паўгадзіны падаўся ў гісторыю Расеі аж да VIII стагоддзя. Карлсан думаў, што гэта тое, што ў ангельскай мове завецца словам «filibuster» – загаворванне зубоў, каб не даць другому боку дасягнуць мэты. У кантэнсце інтэрв’ю гэта значыла б сыход ад пытанняў. Але агулам Пуцін даваў інтэрв’ю дзве гадзіны, а Карлсан прыйшоў да высновы, што Пуцін не сабатаваў размову.

Карлсан пачаў інтэрв’ю з пытання пра заяву Пуціна перад поўнамаштабным нападам на Украіну: 22 лютага 2022 года Пуцін казаў, што гэта Злучаныя Штаты праз NATO могуць раптам атакаваць Расею. Карлсан адзначыў, што для амерыканцаў гэта гучала паранаідальна, і спытаў, ці Пуцін праўда ў гэта верыў. У той прамове ён заявіў аб прызнанні так званых ДНР і ЛНР у межах Данецкай і Луганскай абласцей Украіны.

Пуцін адказаў, што такога не казаў. Гэта часткова праўда: даслоўна такой фразы ў ягоных словах (поўны тэкст ёсць на сайце Крамлю) не было. Але Пуцін казаў тады, напрыклад, што NATO таемна «нарошчвае вайсковую групоўку» ва Украіне, а пашырэнне NATO на ўсход і далучэнне Украіны да NATO – «гэта прамая пагроза бяспецы Расеі».

Аналітыка
Расея нападзе на NATO праз 6-10 гадоў? На чым грунтуецца гэты прагноз і што азначае
2023.11.22 17:08

Затым Пуцін сказаў, што за паўхвіліны-хвіліну дасць Карлсану гістарычнае тлумачэнне. І гаварыў пра сваё разуменне гісторыі 25 хвілін, калі лічыць толькі пра даўніну, і 46 хвілін, калі лічыць з нядаўняй гісторыяй і ўяўленнямі Пуціна аб ранейшым пашырэнні NATO і Рэвалюцыі годнасці ва Украіне (якую Пуцін лічыць пераваротам, зладжаным Цэнтральным выведным ўпраўленнем ЗША). Пазней у размове Пуцін яшчэ не раз вяртаўся да гісторыі, аж да Рымскай імперыі.

А бачанне гісторыі Пуціным моцна адрозніваецца ад прынятага абсалютнай большасцю гісторыі. Так, сярод іншага ў сваім «уроку гісторыі» Пуцін апраўдваў Адольфа Гітлера і напад нацысцкай Нямеччыны на Польшчу, бо гэта, маўляў, Польшча вымусіла Гітлера напасці (падобнае бачанне Пуцін ужо выказваў прынамсі з 2019 года).

Пуцін сярод іншага нават выдаў Карлсану тэчку з «дакументамі з архіву» – лісты Багдана Хмяльніцкага пра звяз з Маскоўскім царствам. Інтэрв’юэр адзначыў, што не ўпэўнены ў тым, што гэта тычыцца тэмы размовы.

Карлсан неаднаразова спрабаваў перавесці размову да сваіх пытанняў, Пуцін жа пераконваў, што трэба дагаварыць, бо гэта «сур’ёзная размова, а не ток-шоў».

Hавiны
Беларусь і Расея дамовіліся стварыць агульныя падручнікі гісторыі для школаў і ўніверсітэтаў
2024.02.01 19:40

Дык чаму напаў на Украіну?

На 49-й хвіліне размовы Карлсан спытаў Пуціна, калі той вырашыў «зрабіць гэта» – распачаць поўнамаштабны напад на Украіну. Праз яшчэ некалькі хвілінаў «урока гісторыі» Пуцін адказаў, што прычынай нападу было тое, што Украіна нібыта адмовілася выконваць менскія пагадненні – хоць на самой справе сам заявіў аб іх спыненні пасля прызнання так званых ДНР і ЛНР.

Пуцін заявіў, што «не мы распачалі гэтую вайну ў 2022 годзе, мы спрабавалі яе спыніць». Карлсан перапытаў: «Ці думаеце Вы, што спынілі яе цяпер?». Пуцін прызнаў, што Расея не дасягнула сваіх мэтаў, у тым ліку «дэнацыфікацыі» Украіны. Карлсан перапытаў, што значыць «дэнацыфікацыя». Пуцін заявіў, што Украіна нібыта паставіла ў аснову сваёй ідэнтычнасці «фальшывых герояў, якія супрацоўнічалі з Гітлерам» (тым, якога сам апраўдваў у сваім «уроку гісторыі» паўгадзіны раней).

Аналітыка
Слоўнік Пуціна. Якімі словамі Крэмль тлумачыць вайну з Украінай і што за гэтым стаіць
2022.03.07 18:53

Як збіраецца скончыць вайну?

На пытанне Карлсана аб тым, ці будзе Пуцін задаволены той тэрыторыяй, якую мае цяпер, Пуцін адказваць не захацеў і вярнуўся да свайго разумення «дэнацыфікацыі». Карлсан затым перапытаў, як Пуцін збіраецца знішчыць культуру або ідэалогію краіны, якую не кантралюе. Пуцін сказаў, што гэта можна вырашыць шляхам перамоваў, бо, маўляў, на заканадаўчую забарону нацызму ва Украіне пагадзіліся на перамовах у Стамбуле вясной 2022 года.

Карлсан спытаў, ці будуць мірныя перамовы па вайне ва Украіне. Пуцін адказаў, што пасля адвядзення расейскіх войскаў ад Кіева Украіна нібыта выкінула амаль фіналізаваныя дамовы, падпарадкаваўшыся інструкцыям заходніх краінаў. Затым Пуцін прапанаваў свае ўмовы для пачатку мірных перамоваў (не з Украінай, а з ЗША): спыненне паставак заходняй зброі Украіне, пасля чаго «ўсё будзе завершана за некалькі тыдняў», а пасля можна пачынаць перамовы.

Сярод іншага Пуцін сказаў, што не памятае, калі апошні раз размаўляў з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, ад чаго Карлсан гучна рассмяяўся і адзначыў, што Байдэн фінансуе вайну, у якой змагаецца Пуцін, таму сустрэча мусіла бы запомніцца.

Аналітыка
Чаму Захад не можа забяспечыць Украіне перавагу ў вайсковых рэсурсах?
2023.12.06 07:00

Хто ўзарваў «Паўночную плынь»?

Гэта Карлсан раптоўна спытаў на 72-й хвіліне размовы. Пуцін адказаў: «Вы, канешне ж». Карлсан пасмяяўся: «Я быў заняты ў той дзень». Пуцін растлумачыў, што меў на ўвазе Цэнтральнае выведнае ўпраўленне ЗША, бо дыверсія на газаправодзе ў  27 верасня 2022 года была нібыта выгадная Штатам.

Карлсан перапытаў, чаму ж Пуцін не паказаў доказаў, каб атрымаць прапагандысцкую перамогу. Пуцін адказаў амерыканскаму інтэрв’юеру, што ЗША кантралююць усе сусветныя медыі. А чаму Нямеччына тады не прызналася, што гэта ЗША ўзарвалі газаправод, пацікавіўся Карлсан. Пуцін адказаў, што яго гэта здзіўляе, але Нямеччына кіруецца не сваімі інтарэсамі, а інтарэсамі «калектыўнага Захаду».

Ці не баіцца Кітаю?

Карлсан таксама пытаў Пуціна пра пагрозу дамінавання кітайскай эканомікі ў блоку BRICS. Пуцін адказаў, што гэта «страшылкі», а Расея і Кітай – суседзі, якіх не выбіраюць, а замежная палітыка Кітаю не агрэсіўная, і кааперацыя з Кітаем развіваецца з Еўропай хутчэй, чым з Расеяй. Кіраўніка Кітаю Сі Цзінь Піна Пуцін назваў сябрам.

Пуцін у размове пра кітайскую эканоміку пахваліўся тым, што Расея займае шостае месца ў свеце ў паказніку валавага ўнутранага прадукту на душу насельніцтва, нягледзячы на санкцыі (Пуцін не згадаў, што паводле гэтага паказніка на душу насельніцтва Расея ў шостым дзясятку). Ад гэтага ён перайшоў да таго, што Захад пастаянна цісне на Расею і пашыраецца на Захад, бо ў Захад хоча падзяліць Расею на некалькі квазідзяржаваў дзеля наступнага супрацьстаяння з Кітаем.

ВІДЭА
Ці прымусіць Кітай расейцаў спыніць вайну? Інтэрв’ю з Вадзімам Дэнысэнкам
2023.12.27 17:31

Наколькі Зяленскі самастойны?

На пытанне аб тым, ці лічыць Пуцін прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага вольным самастойна весці мірныя перамовы, Пуцін адказаў, што не ведае, але бацька Зяленскага змагаўся з нацыстамі ў Другой сусветнай (насамрэч, бацька Уладзіміра Зяленскага нарадзіўся ў 1947 годзе, праз два гады па заканчэнні той вайны), а Зяленскі нібыта падтрымлівае нацыстаў ва Украіне. Пасля таго, як Карлсан паўтарыў пытанне пра самастойнасць Зяленскага, Пуцін адказаў: «Чаму б і не».

Але пасля звінаваціў у зрыве мірнай дамовы, нібыта нават падпісанай прадстаўніком Украіны, колішняга прэм’ер-міністра Злучанага Каралеўства Борыса Джонсана. Чаму Джонсану было трэба зрываць мірныя перамовы Расеі і Украіны? Пуцін адказаў Карлсану: «А хрэн яго знае». Затым Пуцін выказаў здагадку, што гэта было таму, што «ўсе маюць ілюзію, што Расею можна перамагчы на полі бою».

Ці не адпусціць зняволенага амерыканскага журналіста?

Карлсан пытаў Пуціна таксама пра веру ў Бога, штучны інтэлект і іншае. На заканчэнне інтэрв’ю Карлсан спытаў, ці не адпусціць Пуцін у якасці дэманстрацыі годнасці карэспандэнта «The Wall Street Journal» Эвана Гершкавіча, затрыманага ў Расеі ў канцы сакавіка 2022 года паводле абвінавачвання ў «шпіянажы». Пуцін адмовіў: «Мы зрабілі столькі жэстаў добрай волі, што мы вычарпалі ўсе нервы». Але дадаў, што спецслужбы Расеі і ЗША трымаюць кантакт і не выключаюць вызвалення Гершкавіча, калі будуць крокі ў адказ.

Аналітыка
«Па трупах ходзяць». Расейская армія хоча зрабіць падарунак Пуціну, але пакуль усё марна
2023.12.06 19:02

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў