ФСБ Расеі затрымала журналіста «Wall Street Journal». Яго падазраюць у шпіянажы


У Екацярынбурзе Федэральная служба бяспекі Расеі затрымала карэспандэнта «Wall Street Journal», амерыканскага грамадзяніна Эвана Гершкавіча ў межах крымінальнай справы аб шпіянажы «на заданне ЗША», паведамляе ТАСС.

Эван Гершкавіч.
Фота: Evan Gershkovich / Facebook

«Устаноўлена, што Эван Гершкавіч дзейнічаў на заданне амерыканскага боку і ажыццяўляў збор звестак, што складаюць дзяржаўную таямніцу, пра дзейнасць аднаго з прадпрыемстваў расейскага вайскова-прамысловага комплексу. Пры спробе атрымання сакрэтных звестак замежнік быў затрыманы ў Екацярынбурзе», – паведамляе ТАСС са спасылкай на ФСБ.

Супраць амерыканскага журналіста заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу за шпіянаж. Журналісту пагражае пакаранне да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Раней расейскія медыі паведамлялі, што Гершкавіч знік падчас паездкі ў Екацярынбург, а рэдакцыя «Wall Street Journal» страціла з ім сувязь. Там ён пісаў матэрыял пра тое, як у рэгіёне ставяцца да ПВК «Вагнэр», і аб вербаванні мясцовых жыхароў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў