Навошта ў Беларусі ўводзяць «трупны сінод»? Разважае юрыст


У Беларусі могуць увесці магчымасць заводзіць крымінальныя справы і судзіць памерлых, калі справа тычыцца генацыду, ваенных злачынстваў і яшчэ шэрагу артыкулаў. Гэта прадугледжвае праект закону «Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу», унесены Саветам міністраў на разгляд у Палату прадстаўнікоў. «Белсат» паспрабаваў высветліць, навошта ўладам Беларусі спатрэбілася судзіць памерлых людзей. 

Здымак насіць ілюстрацыйны характар.
Фота: БелТА

Улады хочуць змяніць арт. 29 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, пасля чаго з’явіцца магчымасць заводзіць у дачыненні памерлых людзей крымінальныя справы, датычныя злачынстваў, пералічаных у артыкуле 85 Крымінальнага кодэксу, а менавіта:

  • рыхтаванне або вядзенне агрэсіўнай вайны (арт. 122);
  • акт міжнароднага тэрарызму (арт. 126);
  • генацыд (арт. 127);
  • злачынствы супраць бяспекі чалавецтва (арт. 128);
  • вытворчасць, назапашванне або распаўсюд забароненых сродкаў вядзення вайны (арт. 129);
  • экацыд (арт. 131);
  • выкарыстанне зброі масавага паражэння (арт. 134);
  • парушэнне законаў і звычаяў вайны (арт. 135);
  • злачынныя парушэнні нормаў міжнароднага гуманітарнага права падчас узброеных канфліктаў (арт. 136);
  • бяздзейнасць або адданне злачыннага загаду падчас узброенага канфлікту (арт. 137).

Памерлым абвінавачаным у такіх справах будзе прызначацца адвакат і адмовіцца ад яго будзе нельга, нават калі гэтага захочуць сваякі абвінавачанага, якія буду яго прадстаўляць. Таксама сілавое ведамства, што будзе весці працэс, мусіць прыняць захады для пошуку блізкіх сваякоў памерлага абвінавачанага, каб яны маглі стаць яго прадстаўнікамі. Калі такіх асобаў не знойдуць, працэс будзе праходзіць без іхнага ўдзелу.

Ідэю судзіць памерлых агучваў сёлета ў лютым генпракурор Андрэй Швед, аднак тады гаворка ішла толькі пра завочныя суды ў справе генацыду беларускага насельніцтва падчас Другой сусветнай вайны (гэтая справа таксама была адкрытая з ініцыятывы генпракурора). «Я думаю, у канцы гэтага года мы пачнём завочныя працэсы ў беларускіх судах у дачыненні не толькі яшчэ жывых катаў, але і памерлых», – казаў тады Андрэй Швед. Цяпер жа спіс артыкулаў значна пашырыўся.

Каментар
Фрыдман: «Генацыд беларускага народу» ў прапагандзе – не пра людзей, а пра вобраз ахвяры Захаду
2023.05.15 10:15

Навошта ўладам судзіць памерлых?

Судзіць памерлых улады Беларусі пастанавілі не толькі дзеля таго, каб прызнаць іх вінаватымі ў нечым, а каб апраўдаць свае правалы і сённяшнія праблемы ў краіне за кошт людзей з мінулага, мяркуе беларускі юрыст і прававы дарадца НАУ Міхаіл Кірылюк.

«З пункту гледжання права і рэальнай сітуацыі ў Беларусі больш важны не тэкст закону, а тое, як ён ужываецца ў канкрэтны час і ў канкрэтнай краіне. Цяпер мы бачым, што сітуацыя ў Беларусі з правам вельмі дрэнная. Гледзячы на ўсё гэта, я маю толькі адзіную гіпотэзу, для чаго гэты закон уводзіцца: каб зрабіць такі палітычны мэсэдж і абвінаваціць нейкіх людзей з мінулага ў сённяшніх праблемах беларускай улады», – распавядае Міхаіл Кірылюк у размове з «Белсатам».

Кірылюк звяртае ўвагу, што калі зазірнуць у гісторыю, то вядомы суд пасля смерці злачынцы адбываўся больш за тысячагоддзе таму – у 897 годзе ў Рыме. Тады царкоўны трыбунал, так званы Трупны сінод, адбыўся над эксгумаваным трупам папы Фармозы. Гэта найбольш вядомы прыклад такога судовага працэсу.

«Як тады, так і цяпер гэта такі інструмент дасягнення палітычных мэтаў. Уладам трэба нешта прадэманстраваць і даць грамадству палітычны мэсэдж, быццам бы задэклараваць нейкія сумнеўныя рэчы метадам прысуду», – распавядае ён.

Юрыст лічыць, што такім чынам улады Беларусі хочуць давесці да людзей думку, што калі чалавека прызнаў вінаватым суд, значыць, ён сапраўды вінаваты і абмяркоўваць гэта далей няма патрэбы. «Як у нас разважаюць людзі, якія маюць дачыненне да ўлады: вось ёсць у Крымінальным кодэксе палажэнне аб тым, што калі нейкія рэчы ўсталяваныя прысудам, то яны ўжо не патрабуюць далейшага даказвання. І такія рэчы прысутнічаюць у юрысдыкцыях шмат якіх краінаў. Зроблена гэта для простасці даказвання віны».

«Як кажуць: калі хочаш добрую ідэю сапсаваць, давядзі яе да максімальнага абсурду. Гэта тое, што робіць цяпер незаконная ўлада Беларусі. Калі трэба грамадства ў нечым пераканаць, што яно не лічыць праўдай, трэба вынесці прысуд. І тады ў нас будзе быццам бы афіцыйны дакумент, на падставе якога можна казаць: вось, глядзіце, гэта прызнаў суд! Значыць, гэта праўда, значыць, вы мусіце ў гэта верыць! Далей гэта будзе інфаповадам, які будуць абмяркоўваць і пісаць аб ім. Такім чынам гэты абсурдны мэсэдж будзе данесены да аўдыторыі», – мяркуе Кірылюк.

Здымак насіць ілюстрацыйны характар.
Фота: sb.by

Таксама юрыст дадае, што Лукашэнка можа выкарыстоўваць такое ачарненне да памерлых сваякоў сваіх палітычных непрыяцеляў і паказваць такую гістарычную паралель: вось бацькі гэтых людзей, якія цяпер не падтрымліваюць уладу Беларусі, напрыклад, супрацоўнічалі з фашыстамі.

Нейкіх іншых мэтаў, на думку Міхаіла Кірылюка, такія суды пераследваць не могуць.

Фальсіфікаваць такія крымінальныя справы над памерлымі на падставе фальшывых доказаў будзе няцяжка, мяркуе юрыст, бо ўжо цяпер ёсць практыка фальсіфікацыі ў справах жывых людзей. Да таго ж, гэта вельмі лёгкія справы для следчых і пракурораў, бо нікога шукаць не трэба, як і не трэба змагацца з рэальнымі злачынцамі.

«Трупныя сіноды» ўжо маюць працяг у сучаснасці

Падобны выпадак з судом над памерлым злачынцам адбыўся ў Расеі у 2021 годзе. Тады ў судзе разглядалі крымінальную справу ў дачыненні суддзі Куйбышаўскага райсуда Омску Сяргея Маскаленкі, які скончыў жыццё самагубствам. Ужо пасля смерці яго прызналі вінаватым у атрыманні буйнога хабару. Акрамя таго, памерлага суддзю хацелі прыцягнуць да адказнасці за забойства падсуднага.

Суды над памерлымі ужо праходзілі і ў сучаснай Беларусі. Так, у 2021 годзе ў Берасцейскім абласным судзе пасмяротна судзілі параненага сілавікамі падчас пратэстаў у Берасці Генадзя Шутава, якога прызналі вінаватым «у супраціве асобе, якая выконвае абавязкі аховы грамадскага парадку». Інтарэсы памерлага абвінавачанага прадстаўляла ягоная дачка Настасся, якая адмовілася ад прапановы закрыць крымінальную справу ў сувязі з гібеллю бацькі.

Таксама ў жніўні 2022 года ў Рэчыцы вынеслі прысуд 27-гадоваму Дзмітрыю Усхопаву, які загінуў пасля затрымання сілавікамі ў ноч на 1 студзеня 2022 года. Аднак судзілі не сілавікоў, пасля сустрэчы з якімі памёр Дзмітрый, а яго самога – пасмяротна. Паводле афіцыйнай версіі, у яго знайшлі пакецік з марыхуанай, за што і асудзілі без прызначэння пакарання.

Аднак у новых папраўках да закону сказана, што раней судзіць памерлых маглі толькі «ў мэтах яго магчымай рэабілітацыі».

Hавiны
У Беларусі дазволяць заводзіць крымінальныя справы супраць мёртвых
2023.06.12 16:13

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў