Прыгожын амаль дайшоў да Масквы, але заявіў пра разварот калон. Што вядома на вечар – спецэфір


У Расеі – вайсковы мяцеж. Лідар баевікоў «групы Вагнэра» Яўгеній Прыгожын пайшоў на прамы канфлікт з Уладзімірам Пуціным, вагнэраўцы ж, імаверна, працягваюць рух на Маскву і не сустракаюць сур’ёзнага супраціву. Што вядома на вечар – у спецэфіры «Вот Так» на «Белсаце».

Што вядома

  • Уладзімір Пуцін раніцай 24 чэрвеня даў указ здушыць вайсковы мяцеж. Тэлезварот Пуціна пачаўся са спазненнем. Пуцін назваў мяцеж Прыгожына «здрадай», «ударам па Расеі».
  • Лідар баевікоў «ПВК Вагнэра» Яўген Прыгожын адмаўляецца яму падпарадкоўвацца і кажа, што Пуцін «глыбока памыліўся». Баевікі, імаверна, часткова або цалкам кантралююць Растоў-на-Доне і Варонеж.
  • Паводле апошніх паведамленняў на момант публікацыі, баевікі маглі ўвайсці ў Маскоўскую вобласць.
  • Пуціна падтрымоўваюць Рамзан Кадыраў, патрыярх Кірыл і іншыя. Але саюзнікі Расеі з АДКБ дапамогі не прапаноўвалі.
  • Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абяцае «абараніць Еўропу ад распаўзання расейскага зла і хаосу».
  • Якая частка расейскай арміі падтрымоўвае Прыгожына, невядома: баі з вагнэраўцамі, імаверна, ідуць пакуль не вельмі інтэнсіўна, а баевікі часта не сустракаюць супраціву.
  • З замежных лідараў Пуціна падтрымаў толькі Аляксандр Лукашэнка, іншыя не хочуць умешвацца ва «ўнутраныя справы» Расеі. Праціўнікі Лукашэнкі тым часам абмяркоўваюць план перавароту ў Беларусі.
  • Ананімны Telegram-канал, які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі, сцвярджае, што Лукашэнка па ўзгадненні з Пуціным правёў перамовы з Прыгожыным і нібыта знайшоў «абсалютна выгадны і прымальны варыянт развязкі сітуацыі, з гарантыямі бяспекі для байцоў ПВК Вагнэр». Прыгожын заявіў, што разгортвае калоны і сыходзіць у зваротным кірунку ў палявыя лагеры.
  • Падтрымку Пуціну паабяцаў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган.
Hавiны
Мяцеж вагнэрацаў: Прыгожын разварочвае калоны. Пуціну дапамог Лукашэнка? Онлайн
2023.06.24 09:57

Лукашэнка падтрымаў Пуціна, але не наўпрост

Палітычны аглядальнік беларускага праекта @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі ў эфіры «Вот так» разважае пра ранішнюю размову Пуціна і Лукашэнкі: імаверна, размова была непрыемная для абодвух кіраўнікоў, з «вельмі моцнымі выразамі», бо бунт Прыгожына – удар па абодвух рэжымах.

«Гэтыя падзеі ў Расеі, незалежна ад таго, ці ўдасца Крамлю здушыць гэты мяцеж ці там будзе змена ўлады, усё роўна паказваюць гніласць сістэмы Пуціна, – канстатуе Класкоўскі. – І яны аслабляюць пазіцыі рэжыму Лукашэнкі, які завязаў усю сваю ўладу, усю сваю сістэму менавіта на Маскву».

Пры тым Лукашэнка не выказваўся проста ў падтрымку Пуціна, а паказвае пазіцыю ўскосна: праз паведамленні пра стэлефанаваўся з Пуціным, заяву сваёй Рады Бяспекі, нараду з сілавікамі… Класкоўскі тлумачыць: Лукашэнка вельмі гаваркі, калі хоча папіярыцца, калі ёсць выгадная сітуацыя, а тут выхваляцца няма чым. Калі Расею ахопіць «расейскі бунт, бессэнсоўны і бязлітасны», то і пазіцыя Лукашэнкі аслабне. Каб не патрапіць у просак у выпадку змены ўлады ў Расеі, Лукашэнку лепш не дэманстраваць адданасць Пуціну лішні раз.

Класкоўскі не выключае, што Пуцін мог нават прасіць вайсковай падтрымкі ў Лукашэнкі: асноўныя сілы Расеі знаходзяцца на фронце ва Украіне, «тылы аголеныя», што паказалі рэйды праўкраінскіх расейскіх добраахвотнікаў і выбух дрона ля Купалы Крамля. Калісьці «міратворцы» Пуціна і Лукашэнкі «ўціхамірвалі беспарадкі» ў Казахстане, цяпер жа «старэйшы брат можа прасіць дапамогі малодшага».

Байцы ПВГ «Вагнера» стаяць у варце ля штаба Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове-на-Доне, Расея. 24 чэрвеня 2023 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

Наўрад ці сілавікоў Лукашэнку просяць стаць грудзьмі на шляху вагнэраўцаў, але могуць, як было ў Казахстане, паставіць ахоўваць якія-небудзь склады, дапускае Класкоўскі. Але праціўнікі Лукашэнкі, у тым ліку беларускія добраахвотнікі ва Украіне, заклікаюць рыхтавацца вызваляць Беларусь. Класкоўскі звяртае ўвагу, што тыя яшчэ не абяцаюць увайсці ў Беларусь проста заўтра. З іншага боку, сілавікі Лукашэнкі служаць «правадыру» таму, што ён моцны, а не з ідэйных або маральных меркаванняў, а паслабленне падтрымкі Расеі моцна ўдарыць па іх гатовасці «класціся касцямі» за рэжым Лукашэнкі.

Цалкам магчыма, што расейскія войскі цяпер выходзяць з Беларусі, каб душыць бунт у Расеі, а Лукашэнка можа застацца сам-насам са сваім народам, мяркуе аглядальнік. З іншага боку, Пуцін можа захацець «запоўніць праломы на фронце» за кошт сіл Лукашэнкі, бо вагнэраўцы змагаліся за Пуціна ва Украіне, а цяпер «павярнулі кувалду супраць Масквы».

Hавiны
«Зараз найлепшы шанец». Ціханоўская заклікала выгнаць расейскіх вайскоўцаў з Беларусі
2023.06.24 18:55

Расейскія добраахвотнікі ва Украіне «заўзеюць за абедзве каманды»

Аляксей Бараноўскі, прадстаўнік палітцэнтра легіёну «Свабода Расе» (які змагаецца на баку Украіны) у эфіры «Вот Так» распавядае, што легіён атрымлівае ў чат-бот пытанні ад расейскіх вайскоўцаў: ці не збіраецца ў гульні з’явіцца трэцяя сіла. Легіён бачыць, што не ўсіх расейскіх вайскоўцаў задавальняе выбар «ці ты за Шайгу, ці за Прыгожына», хочуць далучыцца да нейкай трэцяй сілы.

Легіён, кажа ён, атрымлівае сотні паведамленняў, якія складана аператыўна апрацаваць і верыфікаваць. Папярэдне – пішуць больш за ўсё маладыя тэрміновікі, якія не хочуць трапіць на вайну ва Украіне, пралічваюць варыянты сваёй будучыні. Але цікавасць ёсць у самых розных ведамствах.

«І ў Легіёне «Свабода Расеі», і ў РДК, і ў палку Каліноўскага беларускіх нашых пабрацімаў усё вельмі пільна сочаць за падзеямі ў сябе на радзіме, – сцвярджае Бараноўскі. – Калі на стол будуць выкладзеныя нашы карты, вырашыць ваеннае кіраўніцтва. Але безумоўна, падрыхтоўка ідзе самая сурʼёзная. Паглядзім, у якім месцы расейскай дзіравай мяжы гэта адбудзецца!»

Калі гэта адбудзецца, Бараноўскі не кажа. Але адзначае, што «цікток-войскі» Рамзана Кадырава прыехалі да Растова: маўляў, паглядзім, ці пачнецца там «руска-чачэнская разборка». Нацыянальна-рэлігійны фактар можа быць выбуханебяспечным. Але калі вагнэраўцы і кадыраўцы перабіваюць адзін аднаго, легіёну «Свабода Расеі» і ўкраінскім войскам будзе «менш працы» – так што легіён «хварэе за абедзве каманды».

Вагнераўцы сустракаюць цяпер вельмі абмежаваны супраціў з боку расейскіх сілавікоў. Бараноўскі прызнае, што такога не чакаў: чакаў, што калі Украіна вызваліць Крым, у Расеі «ўсё пасыплецца», але Прыгожын разлічыў, што пара пачынаць цяпер – і падобна, не пралічыўся. Невядома, ці ўдасца яму штурмаваць Маскву ці давядзецца стварыць нейкі анклаў у Растоўскай і Варонежскай абласцях – «Новороссию» або «Югороссию».

Што думаюць ва Украіне

Карэспандэнтка «Белсата» ў Кіеве Юлія Макаранка распавядае, што ва Украіне пільна назіраюць за бунтам Прыгожына, на гэта адрэагавалі ў тым ліку Зяленскі і прадстаўнікі ягонага офісу, сакратар Рады нацыянальнай абароны, кіраўнік выведкі, міністр замежных спраў. Сярод афіцыйных рэакцый – заклікі даць Украіне больш зброі. За навінамі сочаць і звычайныя кіяўляне – кажуць, што «абы ад нас адсталі».

Hавiны
Уладзімір Зяленскі: Слабасць Расеі відавочная
2023.06.24 14:26

Расейскія сілавікі могуць захацець перачакаць бунт і далучыцца да пераможцы

Вайскова-палітычны аглядальнік Юрый Фёдараў у эфіры «Вот Так» распавядае, што сітуацыя, падобна, развіваецца «паводле інерцыйнага сцэнару»: ёсць каманда абараняць – абараняюць нейкія пазіцыі, але камандны склад прыслухоўваецца да сігналаў з «вялікай зямлі» і разлічваюць, справіцца ці не справіцца Пуцін, хто будзе ва ўладзе.

«Вынік усёй гэтай гісторыі будзе звязаны з тым, хто кантралюе Маскву, – мяркуе Фёдараў. – Калі Маскву будзе кантраляваць »Вагнэр», значыць, уся расейская бюракратыя зразумее, што ўлада ў руках Прыгожына, Пуцін ужо вычарпаў свае магчымасці цалкам«.

Бюракратыя, лічыць ён, пойдзе на паклон да Яўгена Прыгожына, як у свой час маскоўскія баяры хадзілі на паклон да Ілжэдзмітрыя, калі лічылі, што ён сапраўды валодае ўладай і сілай.

Калі расейскае войска выступіць на загад Пуціна ці Шайгу, то досыць лёгка скончыць з «Вагнэрам», прагназуе Фёдараў. Колькасць баевікоў невялікая. Нават калі, як сцвярджае Прыгожын, у яго 25 тысяч чалавек, гэта несупастаўна з патэнцыялам арміі. Але цікава, што войска і сілавікі пакуль фактычна бяздзейнічаюць – і незразумела, з якім энтузіязмам будуць выконваць ці не выконваць загады ў залежнасці ад інтарэсаў начальнікаў.

Тыя начальнікі ж, верагодна, цяпер у разгубленасці, а кіраўнікі на месцах аддаюць перавагу заняць нейтральную пазіцыю, лічыць Фёдараў. Можа паўтарыцца сітуацыя путчу 1993 года: сілавікі як быццам бы атрымалі загад і хацелі б яго выканаць, але «ведаеце, у нас тут бензіну няма», «з патронамі праблемы», «усімі сіламі хочам выконваць загад, але не атрымліваецца з абʼектыўных прычын».

Да таго ж, калі Прыгожын сапраўды захопіць уладу, Прыгожын цалкам можа аддаць войскам загад выходзіць з Украіны, мяркуе аглядальнік. Прыгожын жа не раз казаў, што вайна ва Украіне вядзе проста да знішчэння расейскага войска, а перспектыў перамогі няма.

А дзе АДКБ?

Эксперт па Цэнтральнай Азіі Аркадзь Дубноў у эфіры «Вот Так» мяркуе, што Пуцін не прасіў у кіраўнікоў краін АДКБ дапамогі, а тэлефанаваў, каб пераканаць, што бачыць у тых «давераных калегаў». Пуціну было важна заручыцца падтрымкай Эрдагана (а той паабяцаў падтрымку), бо Эрдаган у 2016 годзе здушыў мяцеж, які »выглядаў значна строме« таго, што цяпер адбываецца ў Расеі.

Умяшанне АДКБ, мяркуе Дубноў, цяпер выключана, бо статутныя дакументы мяркуюць вонкавае ўмяшанне, а прыкмет такога ў Расеі цяпер няма: нават МЗС Расеі забыўся згадаць «англасаксаў», якіх традыцыйна вінаваціць у сваіх бедах. Ва ўмяшанні АДКБ у пратэсты ў Казахстане ў 2022 годзе была фармальная нагода: заява, што 20 тысяч нейкіх баевікоў уварваліся ў краіну.

Адпаведныя папраўкі ў статут АДКБ абмяркоўваліся па прапанове Лукашэнкі, але пакуль яны не замацаваныя – фармальна АДКБ не можа ўмешвацца ва ўнутраныя канфлікты краін-удзельніц. Ды і калі казахі або кіргізы прыйдуць падзяляць паміж сабой рускіх, гэта будзе «дасканалая катастрофа для расейскага рэжыму», заключае эксперт.

Агляд
«Пуцін ніколі не выглядаў настолькі слабым». Як сусветныя СМІ рэагуюць на падзеі ў Расеі
2023.06.24 20:21

Сістэма не выбудаваная для больш аднаго цэнтру сілы

Расейскі апазіцыйны палітык Леў Шлосберг у эфіры «Вот Так» тлумачыць, што сітуацыя ў Расеі застаецца цяжка прадказальнай, бо ўся сістэма была настроена на манаполію ўлады ў аднаго чалавека і не была разлічаная на канкурэнцыю.

«Узброены мяцеж Прыгожына паставіў перад расейскімі ўладамі задачы, для якіх яны не прыстасаваныя, – мяркуе Шлосберг. – Весці барацьбу з мірнымі пратэстоўцамі, іншадумцамі, дысідэнтамі, праваабаронцамі, апазіцыйнымі дэмакратычнымі палітыкамі – гэта сістэма можа лёгка, таму што мы мірныя людзі».

Цяпер жа, працягвае ён, сістэме супрацьстаіць чалавек, якога расейскія ўлады самі «выкармілі», далі стварыць незаконнае ўзброенае фармаванне з дзясяткамі тысяч байцоў і самымі складанымі відамі тэхнікі.

Шлосберг пакуль не робіць высноў пра канфлікты ў эліце вакол Пуціна, але адзначае, што расейская сілавая машына «не ведае, як дзейнічаць супраць узброенага праціўніка», а рэгіянальная ўлада не прыстасаваная да існавання іншага цэнтру сілы. Гаворка не пра раскол элітаў, а пра тое, як наогул сістэма зможа справіцца з двума цэнтрамі ўплыву – незразумела, якія спецслужбы могуць узяцца за спробу ліквідацыі Прыгожына на загад Пуціна.

Пытанне не ў колькасці баевікоў, мяркуе Шлосберг: ключавым з’яўляюцца стасункі Пуціна і Прыгожына. На думку палітыка, Прыгожын адчуў сябе «другім пасля Бога» і вырашыў, што Пуцін залежыць ад яго, «без яго не зможа». Ці праўда гэта, ці гатовыя войскі ўступаць у бітву з баевікамі, невядома.

Шлосберг скептычна ставіцца да заяваў расейскай эміграцыі ў падтрымку бунту Прыгожына: дамаўляцца з тым можна будзе хіба што «аб колькасці шыбеніц і завес». Тое, што Прыгожыным можна скарыстацца, каб «разгайдаць сітуацыю», ён называе ілюзіямі і глупствам. Прыхільнікі Прыгожына «патрабуюць праўды і крыві», а ідэал Прыгожына – ваюючая дзяржава, упэўнены апазіцыянер. «Саюз з дʼяблам можа прывесці толькі ў пекла», – перасцерагае Шлосберг.

Прыгожын беларусам не хаўруснік

Намеснік кіраўніка апазіцыйнага Абʼяднанага пераходнага кабінета Беларусі і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў эфіры «Вот Так»  распавёў, што праціўнікі Лукашэнкі цяпер разглядаюць Расею як ворага, а дакументы, падпісаныя Лукашэнкам з Расейскай Федэрацыяй – як нацэленыя на паглынанне і ліквідацыю незалежнай Беларусі.

Мэта дэмакратычных сілаў, кажа ён, такая: ліквідацыя рэжыму Лукашэнкі і дэакупацыя Беларусі ад расейскіх войскаў.

«Вядома, мы разумеем, што Расея будзе мець свой пункт гледжання, Лукашэнка будзе мець свой пункт гледжання. Але мы ў сапраўдны момант гаворым пра важнасць стварэння двоеўладдзя. Без стварэння сітуацыі двоеўладдзя, без спробы ўзмацніць дзеянні, накіраваныя на гэтую мэту, наўрад ці можна казаць пра тое, што ўлада будзе вернутая ў рукі беларускага народу».

Беларускія дэмакратычныя сілы даўно рыхтавалі план «Перамога»  для дзеянняў у гадзіну ікс – і цяпер, як кажа Латушка, вядуць падрыхтоўку да актывізацыі дзеянняў у рамках плана, зацікаўленыя ў «максімальна шырокай камунікацыі» з беларускімі добраахвотнікамі ў складзе Узброеных Сілаў Украіны. Але важная і міжнародная падтрымка, таму дэмакратычныя сілы звяртаюцца да суседзяў Беларусі з просьбай прызнаць Абʼяднаны пераходны кабінет як адзінага легітымнага прадстаўніка беларускага народу.

Каб для Беларусі адкрылася акно магчымасцяў, трэба акумуляваць увесь рэсурс, рэзюмуе Латушка. Прыгожын, кажа ён, не можа быць хаўруснікам Беларусі, але можа быць трыгерам дэстабілізацыі сітуацыі ў Расеі, што можа паменшыць уплыў Расеі на тэрыторыі Беларусі.

Агляд
«Як там Януковіч у Растове зараз…» Падборка мэмаў на тэму мяцяжу ў Расеі
2023.06.24 20:10

Алесь Наваборскі /MM belsat.eu

Стужка навінаў