У Варонежскай вобласці распачаліся баявыя сутыкненні паміж вагнэраўцамі і сілавікамі


Адразу некалькі крыніцаў паведамляюць, што аддзелы Узброеных сілаў РФ уступілі ў бой з байцамі ПВК Вагнэра ў Варонежскай вобласці. Найміты нібыта збілі адзін верталёт. Улады пацвярджаюць толькі факт сілавой аперацыі.

Губернатар Варонежскай вобласці Аляксандр Гусеў паведаміў, што ў «рамках контртэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Варонежскай вобласці ўзброенымі сіламі РФ праводзяцца неабходныя аператыўна-баявыя мерапрыемствы». Што маецца на ўвазе пад гэтымі аператыўна-баявымі мерапрыемствамі, ён не ўдакладніў.

Паводле звестак «The Insider»,  пад Паўлаўскім Варонежскай вобласці адбылося баявое сутыкненне паміж вагнэраўцамі і праўладнымі сіламі. У выніку згарэлі  пікап і фура. У Паўлаўску чуваць страляніну.

Тэлеграм-каналы «Рыбарь» і «Vоенкор Котенок Z» паведамляюць, што франтавая авіяцыя нібыта наносіць удары па трасе М4 (гэта траса злучае Маскву з Растовам-на-Доне).

«Франтавая авіяцыя нанесла ўдары па М4, але мяркуючы з усяго «не пацэліла» – гэта падобна на папераджальны агонь. У калонах ПВК разгорнутыя комплексы СПА, якія кантралююць паветраную прастору.

Паводле паведамленнях з месцаў, часткова калоны вагнэраў ужо прайшлі Варонежскую вобласць і працягваюць рух да Масквы», – піша «Рыбарь».

Прапрыгожынскі канал «AP Wagner» пацвярджае, што ў Варонежскай вобласці была атакаваная адна з калонаў ПВК Вагнэра. Аўтар каналу сцвярджае, што адзін з верталётаў толькі што быў збіты. «Грамадзянская вайна афіцыйна пачалася», – піша ён.

«Baza» таксама паведамляе, што ў Варонежскай вобласці каля паселішча Кантэміраўка ўпаў самалёт АН-24. «Імаверна, ён мог быць збіты», – піша выданне. Загінулі мінімум 3 чалавекі.

Раней Прыгожын паведамляў, што яшчэ на шляху да Растова па калоне вагнэраўцаў нібыта быў нанесены авіяўдар, але ніхто не пацярпеў, а найміты верталёт знішчылі.

Telegram-канал «Fighterbomber» сцвярджае, што агулам за 24 чэрвеня вагнэраўцы нібыта збілі 2 верталёты Мі-8, адзін верталёт Мі-35 і самалёт Іл-18.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў