Прыгожын у Растове, анансуе марш на Маскву. Што адбываецца? Спецэфір


Увечары 23 чэрвеня лідар наймітаў «групы Вагнера» Яўген Прыгожын абвінаваціў расейскае войска ў ракетным удары па сваім лагеры. Раніцай 24 чэрвеня найміты, верагодна, захапілі як мінімум частку Растова-на-Доне. Што вядома, «Белсат» распавядае ў адмысловым выданні «Вот так».

Што адбываецца

  • Уладзімір Пуцін раніцай 24 чэрвеня даў загад задушыць ваенны бунт. Тэлезварот Пуціна пачаўся са спазненнем. Пуцін назваў бунт Прыгожына «здрадай і здрадніцтвам», «ударам па Расеі».
  • Увечары 23 чэрвеня Яўген Прыгожын абвінаваціў расейскае войска ў ракетным удары па лагеры баевікоў і абвесціў вайну Міністэрству абароны. Бізнесовец паабяцаў «аднавіць справядлівасць ва ўсёй Расеі».
  • Пазней увечары Прыгожын заявіў аб пераходзе ўкраінска-расейскай мяжы, у ноч на 24 чэрвеня распавёў аб збітым яго баевікамі расейскім верталёце, які нібыта адкрыў агонь па калоне «Вагнера».
  • Прыкладна ў 07:30 у тэлеграм-каналах, звязаных з «ПВК Вагнера», з’явілася відэа, на якім Прыгожын вядзе перамовы з намеснікам міністра абароны Юнус-Бекам Еўкуравым і генерал-лейтэнантам Уладзімірам Аляксеевым у штабе Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове. Затым Прыгожын распавёў, што ўсе вайсковыя абʼекты ў Растове, у тым ліку аэрадром, баевікі нібыта ўзялі пад кантроль.
  • Прыгожын таксама заявіў, што страты забітымі ў расейцаў ва Украіне нібыта ў 3-4 разы большыя, чым падаецца ў дакументах «наверх», а ў тых дакументах лічбы нібыта ў 10 разоў меншыя, чым кажуць па дзяржаўных тэлеканалах. Ён таксама заявіў, што начальнік Генеральнага штаба расейскай арміі Валерый Герасімаў нібыта збег з Растова, як толькі даведаўся, што прыгожынцы набліжаюцца да яго будынка.
  • З’яўляюцца непацверджаныя заявы аб тым, што найміты «Вагнера» ўвайшлі таксама ў Варонежскую вобласць.
  • Паводле Прыгожына, у яго 25 тысяч ваяроў, «гатовых памерці», а да наймітаў далучаюцца расейскія вайскоўцы.
  • Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расеі паведаміў, што паводле факту заяў Прыгожына была распачатая крымінальная справа за «заклік да ўзброенага мецяжу».
  • Спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін «праінфармаваны аб усіх падзеях вакол Прыгожына». Чакаецца тэлезварот Пуціна.
  • Адначасова ў Маскве і Падмаскоўі абвешчана аб правядзенні «антытэрарыстычных мерапрыемстваў». А ўлады Варонежскай вобласці каля 05:00 раніцы паведамілі, што па дарозе М-4 рухаецца калона вайсковай тэхнікі.
  • Камандзір «Расейскага Добраахвотніцкага корпуса» (ваюе на баку Украіны) Дзяніс Нікіцін назваў Прыгожына «патрыётам Расеі, без сарказму і іроніі». Ён не падтрымаў Прыгожына наўпрост, але заклікаў да нечага «рыхтавацца»
Hавiны
Мяцеж вагнэрацаў: Прыгожын разварочвае калоны. Пуціну дапамог Лукашэнка? Онлайн
2023.06.24 09:57

Што цяпер у Растове-на-Доне

Журналістка з Растова, імя якой» Белсат «не называе ў мэтах бяспекі, распавяла ў эфіры «Вот так», што людзі ў камуфляжы (а многія і ў балаклавах) сапраўды атачылі Будынкі шэрагу сілавых структур. Афіцыйнае кіраўніцтва горада ці вобласці не рабіла ніякіх заяў адносна гэтага.

Пригожин в Ростове
Кіраўнік баевікоў «ПВК Вагнера» Яўген Прыгожын. Растоў-на-Доне, Расея. 24 чэрвеня 2023 года. Скрыншот: Пресс-служба Пригожина / Telegram

Мяркуючы па тым, як гэтыя людзі сябе паводзяць, яны не ахоўваюць будынкі ад наймітаў, а сапраўды атачылі іх без супраціву з боку паліцыі, Расгвардыі або вайскоўцаў. Навокал шмат мінакоў, якія не баяцца гэтых людзей, маюць зносіны з імі ды нават абменьваюцца жартамі. Баевікі рэагуюць без агрэсіі, не забараняюць сябе здымаць.

«Як быццам бы на вуліцы няма наогул ніякай панікі, ніякага страху перад сітуацыяй, якая склалася. Хутчэй, людзям проста цікава«, – распавядае журналістка з Растова.

Журналістка распавядае: гадзіны ў дзве ночы людзі ў Растове яшчэ былі скептычна настроеныя: яшчэ не было зразумела, што будзе і ці ўвойдзе «Вагнер» у горад, ці не з’яўляецца гэта нейкі піяр-кампаніяй Прыгожына. Калі б нешта было, лічылі людзі, улады абвясцілі б ваеннае становішча, а раз маўчаць, усё будзе ў парадку.

Але раніцай, падобна на тое, людзі даволі спакойна прынялі, што на вуліцах Растова «нейкія вайскоўцы», ніякай агрэсіі адзін да аднаго яны не адчуваюць, а «хутчэй схільныя прыстасавацца да таго, што адбываецца». Буйны растоўскі прапуцінскі паблік іранічна адрэагаваў на тое, што «спецыяльная ваенная аперацыя» дакацілася да Растова.

Яна адзначыла навіну, якую можна назваць пацешнай: танк заграз у браме растоўскага цырка. Будынак цырка – па суседству са штабам Паўднёвай ваеннай акругі.

Для Расеі любы сцэнар – не добрыя навіны

Расейскі палітолаг Аляксандр Марозаў у эфіры «Вот Так» сказаў, што мэтай бунту Прыгожына, відавочна, зʼяўляецца адхіленне ад пасадаў кіраўніка Генштаба і міністра абароны – гэта асноўны элемент патрабаванняў. Калі гэта сапраўды так, то лінія канфлікту па-ранейшаму праходзіць паміж прыгожынцамі і асабіста міністрам абароны Шайгу, як гэта і было цягам апошніх месяцаў.

Федэральная служба бяспекі, Генеральная пракуратура Расеі, Расгвардыя, губернатары абласцей Цэнтральнай Расеі, мэрыя Масквы – даволі буйныя палітычныя гульцы разглядаюць дзеянні «групы Вагнера» як бунт і спробу дзяржаўнага перавароту, адзначае палітолаг.

«Сам па сабе такі бунт зʼяўляецца сведчаннем каласальнага дэфолту пуцінскай сістэмы. Чым бы ён ні скончыўся, ён ужо ўвойдзе ў гісторыю і гэтай ваеннай кампаніі, і наогул у постсавецкую палітычную гісторыю Расейскай Федэрацыі», – адзначае Марозаў.

Ён лічыць, што вынікі бунту стануць зразумелыя да канца дня. Відаць, што супраць Прыгожына «досыць кансалідаваная пазіцыя», таму «перспектывы спадара Прыгожына вельмі і вельмі сумныя».

Галоўнае пытанне, ці будзе зняты з пасады Шайгу, падкрэслівае Маразоў. Магчымы сцэнар, пры якім Шайгу застаецца на пасадзе, Крэмль можа цалкам «дэканструяваць» Прыгожына, а баевікі будуць вымушаныя падпісаць дамовы з Мінабароны. Іншы сцэнар – Шайгу здымаюць, замест яго ставяць генерала Аляксея Дзюміна, былога намесніка міністра абароны. Паведамлялася, што Дзюміна ноччу выклікалі ў Крэмль.

Так ці інакш, абодва сцэнары – «дэ-факта правы пераварот», кажа Марозаў. Прыгожын – прыхільнік «татальнай вайны», а Шайгу, верагодна, будзе прыхільнікам скарачэння ваенных дзеянняў, але таксама «чалавек вайны».

Паліцыя прыехала да бізнес-цэнтру прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра ў Санкт-Пецярбургу, Расея. 24 чэрвеня 2023 года.
Фота: Olga Maltseva / AFP / East News

Для Расеі, мяркуе палітолаг, «няма добрага палітычнага сцэнару, няма добрай навіны«. Для Украіны добрыя навіны ёсць: маштабны бунт сведчыць аб значнай страце кіравання ў крамлёўскай вертыкалі, а таксама аб тым, што спрэчка аб мэтах і характары вайны дайшла да ваеннага супрацьстаяння.

У Прыгожына наўрад ці хопіць сваіх сіл на пераварот, але яго могуць падтрымаць вайскоўцы

Расейскі вайсковы аналітык Ян Матвееў у эфіры «Вот так» узгадвае, што сцэнар бунту Прыгожына не раз абмяркоўваўся, але здаваўся малаверагодным: колькасць вагнераўцаў абмежаваная, у Растове цяпер іх, відавочна, не 25 тысяч. У прамым сутыкненні найміты, відавочна, прайграюць, але Прыгожын можа разлічваць на падтрымку арміі. Зараз поўнамаштабнага сутыкнення няма, распачатыя дзеянні больш падобныя на ультыматум, а не пачатак грамадзянскай вайны.

«Як толькі Прыгожын умоўна складзе зброю, для яго гэта будзе небяспекай, – канстатуе Матвееў. – Менавіта ў гэты момант яго змогуць схапіць, забіць, арыштаваць і гэтак далей. Зразумела, што Пуцін не гатовы трываць такіх актыўных людзей нават у сваім асяроддзі, гэта ён паказаў ужо за шмат гадоў ужо не адзін раз. Таму я думаю, Прыгожын гэта выдатна разумее, і магчыма, у яго будзе нейкая асабістая дамоўленасць з Пуціным».

Прадказаць сітуацыю складана, падкрэслівае аналітык: хтосьці выпусціць гранату – і пачнуцца поўнамаштабныя ваенныя дзеянні, якія будзе цяжка спыніць.

Расейская армія цяпер, магчыма, нават гатовая падтрымаць Пуціна, дапускае Матвееў. Многія падраздзяленні цяпер могуць быць гатовыя перайсці на бок вагнераўцаў. Але калі цяпер Прыгожын дамовіцца з Пуціным, а потым зноў пачне бунтаваць, яго наўрад ці падтрымаюць: за такое шараговых удзельнікаў могуць і пасадзіць.

Калі ў Прыгожына атрымаецца дамовіцца з Пуціным, гэта падвысіць яго палітычныя пазіцыі, але знізіць магчымасці наймітаў пачаць нейкую грамадзянскую вайну, разважае аналітык. Але нікуды не падзенуцца ні вайна ва Украіне, ні праблемы расейскага войска.

Прыгожына могуць падтрымаць: Пуцін вучыў не спрачацца з тым, у каго сіла

Кіраўнік фонда «Русь сидящая», праваабаронца Вольга Раманава ў эфіры «Вот Так» кажа, што Прыгожын цяпер – «заяц над безданню», якому трэба альбо скакаць наперад, альбо прыйдзецца падаць у бездань. Праваабаронцы было відавочна, што Прыгожын будзе ладзіць пераварот, і цяпер у яго ёсць невялікі шанец: армія зэкаў яму адданая, гатовая за яго паміраць, бо Прыгожын даў ім «пачуццё запатрабаванасці».

Тыя лічбы, якія называе Прыгожын, Раманава лічыць «справядлівымі»: у яго сапраўды можа быць 25 тысяч адданых ваяроў, а яшчэ столькі ж могуць да іх далучыцца ўнутры Расеі.

«Народ у прынцыпе гатовы падтрымаць любую сілу, калі яна сіла. Хто пераможа, той і малайчына. Цяпер перамагае Прыгожын – ён малайчына», – прагназуе Раманава.

Такое ж стаўленне дэманструе і вайсковае камандаванне, у тым ліку на растоўскім відэа Прыгожына, мяркуе яна. Расейскія сілавікі не аказваюць супраціву, бо Прыгожын рэальна папулярны. Праваабаронца бачыць у гэтым «вывучаную апалітычнасць», якую прышчапіў народу Пуцін: калі «Пуцін – начальнік, робіць, што хоча», то і «Прыгожын – начальнік, робіць, што хоча».

Паводле Раманавай, Прыгожын перахапіў у зняволенага апазіцыянера Аляксея Навальнага позву крытыкі верхавіны Міністэрства абароны, буйных чыноўнікаў і алігархата. Праўда, у Прыгожына, у адрозненне ад Навальнага, «усё маецца» як у алігархаў, таму для расейцаў крытыка Прыгожына выглядае не як «зайздрасць», а як «крытыка з разуменнем». І Прыгожын гаворыць на зразумелай народу мове – «мове турмы», мове маргінальнай культуры.

Прыгожын, рэзюмуе яна, чалавек «разумны і цынічны» – ён выступіў у момант, калі зразумеў, што вось-вось будзе знішчаны палітычнымі супернікамі ў Расеі.

Абноўлена
Ад «Мы сочым» да «Гэта рэальна». Як свет рэагуе на мяцеж Прыгожына
2023.06.24 11:23

Баевікі ведаюць, дзе цэнтры прыняцця рашэнняў

Расейскі палітолаг Іван Праабражэнскі ў эфіры «Вот так» прапануе лічыць тэлезварот Уладзіміра Пуціна «самым сур’ёзным сігналам, даступным Крамлю». Зусім невідавочна, што Пуцін « задзейнічаны ў сітуацыі і ў курсе таго, што адбываецца», мяркуе палітолаг.

Яшчэ ўвечары 23 чэрвеня, прызнае Праабражэнскі, здавалася, што ўсё «скончыцца, не пачаўшыся», бо ў «групы Вагнера» няма той колькасці войскаў, пра які заяўляў Прыгожын. Але аказалася, што паліцыя, Расгвардыя і вайскоўцы ў Расеі цалкам небаяздольныя і не гатовыя ўступаць у баі, а ў Прыгожына, падобна, «усё выдатна развіваецца», і ўжо не толькі Растоў-на-Доне, але і Варонеж можа быць пад кантролем баевікоў. Але для кантролю многіх гарадоў ды Масквы ў прыватнасці ў Прыгожына можа не хапіць людзей.

«Важная практыка: важна, хто будзе і ці будзе пераходзіць на іх бок. Ці будзе нейтралітэт, ці будзе падпарадкаванне Прыгожыну нейкіх іншых падраздзяленняў, дзе там наогул цяпер ФСБ, якое першапачаткова больш актыўна за ўсё сябе вяло, куды дзеўся Рамзан Кадыраў?..» – пытаецца Праабражэнскі.

Рамзану Кадыраву, адзначае ён, цяпер важна ўтрымаць кантроль над уласнымі наймітамі. Гэта ў тым ліку найміты, якія ў першую і другую чачэнскую вайну змагаліся супраць расейскай арміі, але яны могуць лёгка пазбавіцца і ад самога Кадырава, калі ім не трэба будзе выбудоўваць камунікацыю з Масквой.

Ці пойдзе Прыгожын на Крэмль, невядома. Але палітолаг адзначае, што вагнераўцы, у адрозненне ад грамадзянскай апазіцыі, ведаюць, дзе знаходзяцца сапраўдныя цэнтры прыняцця рашэнняў, якія трэба захопліваць. У Растове баевікі фактычна ўзялі на сябе аператыўнае кіраванне расейскай вайсковай аперацыяй ва Украіне.

Баец прыватнай групоўкі наймітаў Вагнэр паказвае знак перамогі ля штабу Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове-на-Доне, Расея. 24 чэрвеня 2023 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

Канфлікт пакуль не перарос у асабістае супрацьстаянне Прыгожына і Пуціна, застаюцца канспіралагічныя версіі пра тое, што «гэта Пуцін Прыгожына і накіраваў», заўважае Праабражэнскі. І Прыгожыну, калі ён пачне моцна перамагаць, гэта будзе зручна: утрымліваць уладу, не змяняючы фармальную структуру. Дзеянні Прыгожына не падобныя на спробу ўсяго толькі адхіліць вайсковае кіраўніцтва, але да канца незразумела, якія мэты ён пераследуе.

Другі чалавек, якога Пуцін баіцца называць па імю?

Журналіст расейскага цэнтра «Досье» Дзяніс Караткоў доўгі час займаўся «феноменам Прыгожына». У эфіры «Вот Так» Караткоў тлумачыць:

«Мы вельмі многае зможам зразумець, калі ён [Прыгожын] упершыню назаве прозвішча Пуціна, таму што пакуль мы гэтага не чуем».

Пасля тэлезвароту Пуціна Прыгожын будзе вымушаны нешта сказаць, працягвае журналіст. Магчыма, Прыгожын разлічваў на развязанне сітуацыі без супрацьстаяння з Пуціным, праз перамоваў і саступак. Але такога шляху цяпер, відавочна, няма, а Прыгожыну трэба вызначыць стаўленне да дзяржавы, а сітуацыя – відавочна не «спектакль».

Але і зварот Пуціна быў нявызначаным: нейкія сілы здзейснілі здраду, нешта нядобрае зрабілі, неабходна стабілізаваць абстаноўку… Караткоў пытаецца: а можа, Пуцін не ведае, хто і што робіць? Пуцін жа згадаў ПВК Вагнера, але цяпер Прыгожын як і Навальны: Пуцін не называе гэтых прозвішчаў. Няўжо Пуцін баіцца называць імя Прыгожына?

У Telegram-канале, звязаным з баевікамі «групы Вагнера» ужо зʼявіўся антыпуцінскі запіс.

«Пыпа зрабіў няправільны выбар. Тым горш для яго. Хутка ў нас будзе новы прэзідэнт», – піша адзін з каналаў, звязаных з баевікамі «Вагнера».

Аналіз такіх пастоў і іншых «незразумелых ролікаў і ціктокаў» Караткоў лічыць няўдзячнай справай: важна тое, што адбываецца на блокпастах, «што робіць чалавек са стрэльбай».

Пакуль тылавыя падраздзяленні, з якімі сутыкаюцца вагнераўцы, не аказваюць супраціву, заўважае журналіст. Але пытанне ў тым, ці змогуць Пуцін ды іншыя знайсці дастаткова матываваных і баяздольных частак, гатовых супрацьстаяць «Вагнеру».

Hавiны
Медыі: найміты ПВК Вагнэра ўзялі пад кантроль вайсковыя аб’екты ў Варонежы
2023.06.24 11:51

Для Украіны «вораг нашага ворага наш сябар»

Былы супрацоўнік Службы бяспекі Украіны, вайсковы экспэрт Іван Ступак у эфіры «Вот так» разважае: »Вораг нашага ворага – наш сябар». Ён не бачыць праблемы ў тым, што «Расейскі Добраахвотніцкі корпус» добразычліва выказаўся пра Прыгожына. Ступак падкрэслівае: добра вядома, якія злачынствы на тэрыторыі Украіны здзяйснялі баевікі «Вагнера».

«Наша задача – каб не было пуцінскага рэжыму, не было гэтай улады, каб яны спынілі вайну, – падкрэслівае Ступак. – Калі ваенныя дзеянні перанясуцца на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі, калі нейкія рэсурсы будуць залазіць, напрыклад, «Вагнерам» з тэрыторыі Украіны, хтосьці будзе далучацца з шэраговых ваяроў расейскага войска да «Вагнера», расейскае Мінабароны будзе забіраць сваіх людзей на тэрыторыю РФ і там весці нейкія абарончыя дзеянні-для нас гэта толькі адзін вялікі плюс».

Прыгожын не кажа аб заканчэнні вайны: наадварот, кажа аб неабходнасці яе працягваць, ды нібыта для гэтага і зладзіў мяцеж. Ступак на гэта адказвае: насамрэч ніхто не ведае, ці хоча Прыгожын працягваць вайну, ды гэта і не важна.

«Самае галоўнае для нас – каб баявыя дзеянні перайшлі на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі, каб максімальную колькасць людзей з украінскіх франтоў забралі туды», – тлумачыць украінскі экспэрт.

Нават калі ў Херсонскай вобласці стане не 20 тысяч расейскіх вайскоўцаў, а 15 тысяч, гэта будзе добрай дапамогай Зброеным сілам Украіны, падкрэслівае ён. ЗСУ змогуць хутчэй вызваліць новыя тэрыторыі, выйсці на новыя межы, а Прыгожын наўрад ці скажа: «Мы захапілі Маскву, цяпер ідзем зноў на Кіеў». Калі ён захопіць уладу, то відавочна зоймецца ўнутранай палітыкай, упэўнены эксперт. А ў дзейнай расейскай улады, падобна, няма пляну, як спыніць Прыгожына.

А калі абрынецца ці моцна саслабее рэжым Пуціна, полк Каліноўскага ды іншыя беларускія добраахвотнікі ва Украіне толькі і чакаюць, каб вярнуцца ў Беларус і вярнуць уладу народу Беларусі, нагадвае Ступак.

Расейцы за Прыгожына? Апытанні кажуць, што гэта так

Кіраўнік Інстытута канфлікталогіі і аналізу Расеі (IKAR), доктар сацыялагічных навук Аляксандр Шульга ў эфіры «Вот так» распавёў аб нядаўнім апытанні: у сераду, 21 чэрвеня даследчыкі скончылі палявы этап апытання аб Прыгожыне.

«61% расейцаў адказалі, што ставяцца да яго [Прыгожына] добра ці вельмі добра», – раскрыў Шульга вынікі чэрвеньскага даследавання.

Сімпатыі расейцаў да Прыгожына паступова ўзрасталі, пераважна пазітыўнае стаўленне да яго зафіксавалася ў апытаннях у канцы вясны, распавядае сацыёлаг. Толькі 13% расейцаў адказваюць, што негатыўна ставяцца да Прыгожына, гэтая лічба не змянялася са снежня 2022 года. Але калі ў снежні 41% не ведаў, хто такі Прыгожын, то цяпер толькі 17% выбралі такі варыянт адказу.

Разам з пазнавальнасцю Прыгожына павялічылася і пазітыўнае стаўленне да яго. Шульга тлумачыць гэта медыйнай актыўнасцю Прыгожына, наяўнасцю ў яго медыярэсурсаў, троляў і ботаў. Нават калі Прыгожына «адключылі» ад федэральнага тэлебачання, гэта не паўплывала на яго цытаванасць. Прыгожын стаў «сутнасцю ў сабе».

Прыгожын стараўся скарыць не толькі праваенны «Z-электарат», але спрабаваў выкарыстоўваць мэсіджы ліберальна-дэмакратычнай апазіцыі: крадзяжы, прадажнасць, некампетэнтнасць вышэйшага кіраўніцтва, ды не толькі Мінабароны, звяртае ўвагу Шульга. Гэта раней адзначаў і Навальны.

У Прыгожына, паводле сацыёлага, выходзіць такі мэсідж: «У Маскве засеў сапраўдны вораг, сапраўдныя героі на фронце. А вораг у Маскве, таму супраць яго мы і ваюем»» Прыгожын рыхтаваўся да таго, што адбываецца цяпер, і апраўдвае свае дзеянні больш складана – не проста сваркай з Мінабароны.

У нядаўнім даследаванні сацыёлагі запыталіся таксама пра прычыны канфлікту (тады яшчэ на словах, а не на справе) Прыгожына і Міністэрства абароны Расеі. Самы папулярны адказ, які выбралі 53% апытаных, быў такі: гэта «жаданне Прыгожына дапамагчы войску і выправіць памылкі Міністэрства абароны». 29% адказалі, што гэта проста «некампетэнтнасць Міністэрства абароны». Толькі 19% адказалі, што віной усяму «палітычныя амбіцыі Прыгожына».

Яшчэ адно пытанне было пра тое, ці бачаць расейцы палітычную будучыню Прыгожына ў Расеі. Роўна 50% адказалі сцвярджальна: «Дакладна бачаць» ці «Хутчэй бачаць». 36% былі супрацьлеглага меркавання. Прыгожына сапраўды бачаць палітыкам, а той фактычна пачаў палітычную кар’еру, робіць выснову сацыёлаг.

Меншае або большае ліха для Расеі Прыгожын, казаць яшчэ заўчасна, дадае Шульга.

Абноўлена
«Дзень у Растове быў цікавы». Сахашчык заклікаў беларускіх вайскоўцаў ратаваць Беларусь
2023.06.24 12:59

А Украіна яшчэ не пачала наступаць усімі сіламі

Украінскі вайскова-палітычны аглядальнік групы «Iнформацiйний спротив» Аляксандр Каваленка ў эфіры «Вот так» паведамляе: украінцы «рэагуюць з цікавасцю», «цікава, чым скончыцца». Украінцы цяпер «не могуць не вітаць» усе негатыўныя працэсы ў Расеі, таму што любая дэстабілізацыя ў Расеі значыць падрыў цэласнасці расейскай акупацыйнай групоўкі ва Украіне.

Тым часам асноўная ўдарная групоўка Украіны яшчэ не задзейнічаная, адзначае аглядальнік. Сілы абароны Украіны цяпер выконваюць дзеянні на першай лініі абароны. Казаць аб задзейнічанні асноўных ударных груп Украіны яшчэ рана – гэта стане відаць, калі ўкраінскія войскі выйдуць на другую і асноўную лінію абароны.

«Як на гэта паўплывае сітуацыя ў Расеі? – разважае Каваленка. – Можа быць парушаная сістэма кіравання перадавых падраздзяленняў, не выключаю. Але зноў-такі, для таго, каб адбыўся крытычны абвал баяздольнасці, патрэбны пэўны перыяд часу».

Ён таксама адзначае, што Прыгожын застаецца ворагам для ўкраінскай арміі – украінцам проста дастаўляе задавальненне назіраць, як адзін вораг забівае іншага. Каваленка ўзгадвае гісторыю Маскоўскага царства, Расейскай імперыі і Савецкага Саюза: любая няўдалая вайна сканчалася ўнутраным хаосам. Калі б Пуцін добра ведаў гісторыю, ён не пачынаў бы такую вайну, а цяпер, кажучы словамі самога Пуціна, «Нравится, не нравится – терпи, моя красавица».

Цяперашні хаос адбыўся раней, чым яго чакала Украіна, кажа Каваленка: думалі, такое адбудзецца пасля ўдалага наступу і вызвалення новых тэрыторый. Пакуль яшчэ можа быць рана казаць пра раскол Расеі, але ў перспектыве Расейская Федэрацыя цалкам можа ператварыцца ў нешта падобнае на феадальную раздробленасць.

Алесь Наваборскі / Авер belsat.eu

Стужка навінаў