Кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын абвесціў вайну Мінабароны Расеі. Супраць яго завялі крымінальную справу


Яўгеній Прыгожын абвінаваціў расейскую армію ў ракетным удары па лагеры наймітаў і абвесціў вайну міністэрству абароны. «Нас 25 тысячаў, і мы ідзем разбірацца, чаму ў краіне дзеецца безгранічча», – заявіў кіраўнік ПВК Вагнэра ў галасавым паведамленні, апублікаваным у Telegram-канале «Пресс-служба Пригожина». Міністра абароны Сяргея Шайгу ён назваў пачвараю і паабяцаў яго «спыніць».

Яўген Прыгожын. Скрыншот з відэа: concordgroup_official / Telegram

Паводле абвінавачванняў кіраўніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына, міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу загадаў атакаваць лагер наймітаў. Сцвярджаецца, што ў выніку ракетнага ўдару ёсць забітыя, аднак лік не называецца.

«Савет камандзіраў ПВК Вагнэра ўхваліў рашэнне: зло, што нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, мусіць быць спыненае. Яны грэбуюць жыццямі жаўнераў. Яны забыліся на слова «справядлівасць», і мы вернем яе. Таму тыя, хто знішчылі сёння нашых хлопцаў, хто знішчылі многія дзясяткі тысячаў жыццяў расейскіх жаўнераў, будуць пакараныя», – кажа голас, падобны на прыгожынскі, на запісы, апублікаванай у Telegram-канале «Пресс-служба Пригожина».

Кіраўнік ПВК Вагнэра прыгразіў знішчэннем усім, хто будзе супраціўляцца.

«Я прашу нікому не аказваць супраціў. Усе, хто будзе спрабаваць аказаць супраціў, – мы будзем лічыць, што гэта пагроза, і знішчаць неадкладна, у тым ліку любыя блокпасты, якія ўстануць на нашым шляху, любую авіяцыю, што ўбачым над сваімі галовамі. Я прашу ўсіх захоўваць спакой, не паддавацца на правакацыі, заставацца ў сваіх дамах, пажадана па маршруце нашага руху не выходзіць на вуліцу», – сказаў Прыгожын.

Ён паабяцаў «вярнуцца на фронт» пасля таго, як «скончыць пачатае».

«Прэзідэнцкая ўлада, урад, МУС, Расгвардыя ды іншыя структуры будуць працаваць надалей у звыклым парадку. Мы разбяромся з тымі, хто знішчае расейскіх жаўнераў, і вернемся на фронт. Справядлівасць у войску будзе адноўленая, а пасля – справядлівасць для ўсёй Расеі», – адзначыў галоўны «вагнэравец».

Hавiны
Прыгожын заявіў, што расейскія войскі адступаюць і нясуць страты, але гэта хаваецца
2023.06.21 20:39

Таксама канал «Пресс-служба Пригожина» распаўсюдзіў аўдыязапіс з ягонаю заяваю пра тое, што міністр Шайгу «баязліва збег з Растова»:

«Ён збег баязліва, як баба, дзеля таго каб не тлумачыць, навошта ён падымаў гелікоптары знішчаць нашых хлопцаў, навошта наносіў ракетныя ўдары. Гэтая пачвара будзе спыненая».

Яўгеній Прыгожын сцвярджае, што ў ягоных шэрагах – 25 тысячаў наймітаў:

«Нас 25 тысячаў, і мы ідзем разбірацца, чаму ў краіне дзеецца безгранічча. 25 тысячаў чакае як тактычны рэзерв. А стратэгічны рэзерв – уся армія і ўся краіна. Усе, хто хоча, далучайцеся. Трэба заканчваць з гэтым бязладдзем».

Акрамя таго, Прыгожын заявіў, што міністр Шайгу «адмыслова прыбыў у Растоў, каб зладзіць аперацыю знішчэння ПВК Вагнэра»: «Ён выкарыстаў артылерыстаў і пілотаў гелікоптараў уцёмную, каб нас знішчыць».

Відэа, як сцвярджаецца, з наступствамі ўдару па лагеры наймітаў апублікаваў Telegram-канал «Разгрузка Вагнера». Дзе і калі яно было знятае, невядома.

Тым часам спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін «праінфармаваны пра ўсе падзеі вакол Прыгожына». «Неабходныя захады прымаюцца», – сказаў ён.

Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расеі паведаміў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы за «заклік да ўзброенага мяцяжу». Ці ёсць у гэтай справе фігуранты, не ўдакладняецца.

«Сцвярджэнні, што распаўсюджваюцца ад імя Яўгенія Прыгожына, не маюць пад сабой ніякіх падставаў. У звязку з гэтымі заявамі ФСБ Расеі ўзбуджаная крымінальная справа паводле факта закліку да ўзброенага мяцяжу. Патрабуем неадкладна спыніць супрацьпраўныя дзеі», – гаворыцца ў паведамленні НАК.

Сам Прыгожын з такой фармулёўкаю не пагадзіўся. «Гэта не ваенны пераварот. Гэта марш справядлівасці. Нашыя дзеянні ніяк не перашкаджаюць войскам», – заявіў ён.

Раней у Мінабароны Расеі назвалі ілжывай інфармацыю пра тое, што армія атакавала тылавыя лагеры ПВК Вагнэра.

«Усе паведамленні, што распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках ад імя Яўгенія Прыгожына, і відэакадры аб нібыта «нанясенні міністэрствам абароны ўдару па тылавых лагерах ПВК Вагнэра не адпавядаюць рэчаіснасці і з’яўляюцца інфармацыйнай правакацыяй», – заявілі ў ведамстве.

У вайсковай частцы ў Растове-на-Доне неафіцыйна паведамілі, што там пачалі ўзбройваць салдатаў тэрміновай службы, піша «Вот Так»:

«Я ў рэзерве, маіх 30 людзей ужо адправілі «на браню». Яны атрымоўваюць браню, зброю, чакаюць БТР».

Пры гэтым камандаванне не дае аніякіх тлумачэнняў.

У цэнтр Растова-на-Доне ўвялі войскі, сведчыць выданне «161.RU».

У горадзе пачалі перакрываць вуліцы, а на федэральнай аўтатрасе «Дон» (Масква – Варонеж – Растоў) выстаўляюць блокпасты.

А ў Маскве, як паведамляе Telegram-канал «ВЧК-ОГПУ», абвесцілі план «Крэпасць». Ён прадугледжвае тэрміновы збор асабовага складу праваахоўных органаў і ўзяцце пад кантроль асабліва важных аб’ектаў МУС, ФСБ або Федэральнай службы выканання пакаранняў. Таксама блакуюцца будынкі праваахоўных органаў, а дзяжурныя змены гатуюцца адбівацца ад нападу.

У Генпракуратуры Расеі пацвердзілі, што крымінальная справа паводле артыкула аб узброеным мяцяжы заведзеная супраць Прыгожына:

«Следчым упраўленнем ФСБ Расеі 23 чэрвеня 2023 года законна і абгрунтавана ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненні Прыгожына Я.В. паводле артыкула 279 Крымінальнага кодэксу Расейскай Федэрацыі паводле факта арганізацыі ўзброенага мяцяжу. Ягоным дзеянням будзе дадзеная належная прававая ацэнка».

У ведамстве адзначылі, што гэты крымінальны артыкул прадугледжвае да 20 гадоў зняволення.

ФСБ Расеі, у сваю чаргу, назвала дзеянні Прыгожына «заклікам да пачатку ўзброенага грамадзянскага канфлікту» і «ударам у спіну расейскім вайскоўцам». Спецслужба заклікала наймітаў ПВК Вагнэра не выконваць «злачынныя загады» Прыгожына і прыняць захады дзеля ягонага затрымання.

Да баевікоў ПВК Вагнэра звярнуўся і генерал Сяргей Суравікін. Ягоную прамову абнародаваў «ваенкор» Андрэй Рудэнка ў сваім Telegram-канале:

«Мы разам з вамі адолелі складаны шлях. Мы разам з вамі ваявалі, ішлі на рызыку, зазналі страты, разам перамагалі. Мы адной крыві. Мы воіны. Я заклікаю спыніцца. Праціўнік толькі і чакае, калі ў нас абвастрыцца ўнутрыпалітычная абстаноўка».

Ён заклікаў наймітаў развязваць усе праблемы «толькі мірным шляхам пад кіраўніцтвам вярхоўнага галоўнакамандуючага».

Расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС паведаміла пра ўзмацненне захадаў бяспекі ў Маскве. У цэнтры гораду заўважылі вайсковую тэхніку.

«Пад узмоцненую ахову ўзятыя ўсе важныя аб’екты, органы дзяржаўнай улады і аб’екты транспартавай інфраструктуры», – заявіла крыніца ў праваахоўных органах.

Па трывозе паднятыя падраздзяленні АМАПу і САХРу Расгвардыі.

Набліжаны да ПВК Вагнэра Telegram-канал «AP Wagner» апублікаваў зварот да Нацыянальнай гвардыі Расеі: «Самы перспектыўны палітык звяртаецца да Расгвардыі з прапановаю, ад якой лепш не адмаўляцца. Выкананне злачынных загадаў і спроба перашкодзіць задуманаму паходу справядлівасці скончыцца для супрацоўнікаў, якія зрабілі няслушны выбар, сумна».

Прах некалькі гадзінаў пасля абвяшчэння вайны міністэрству абароны і ягонаму кіраўніку Шайгу ніякіх спраўджаных звестак пра манеўры сілаў, што падпарадкоўваюцца Прыгожыну, няма.

Аналітыка
Кульмінацыя набліжаецца. Да чаго прывядзе бунт Яўгенія Прыгожына?
2023.06.15 19:12

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў