Прыгожын заявіў, што расейскія войскі адступаюць і нясуць страты, але гэта хаваецца


Заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын распавёў аб цяперашнім становішчы расейскіх войскаў на вайне ва Украіне. Паводле ягоных словаў, усё ідзе даволі сумна, а «Кіеву аддадзены вялізныя кавалкі». Словы кіраўніка ПВК прыводзіць ягоная прэс-служба.

Яўген Прыгожын. Скрыншот з відэа: concordgroup_official / Telegram

«Салдаты цэлымі днямі пішуць лісты аб тым, што ім патрэбныя снарады, ім патрэбныя супрацьтанкавыя сродкі, гранаты і бранябойныя патроны. І таму ў нас зноў свет падзяліўся на дзве рэальнасці. У адным месцы цішком ад усіх, каб ніхто не ведаў, каб ні адзін ваенкор туды не патрапіў, затыкаюцца любыя інфармацыі», – сказаў Яўген Прыгожын.

Ён заявіў, што пры паспяховым контрнаступленні ЗСУ акупаваныя тэрыторыі могуць быць зноў пад кантролем Украіны. Таксама Прыгожын дадаў, што кіраўніцтва расейскіх вайскоўцаў імкнецца накіроўваць у Маскву прыгожыя даклады, не саромеючыся па-свойму ператасоўваць факты.

«Расея прачнецца ў нейкі дзень і высветліць, што ўжо і Крым перададзены ўкраінцам. Ідзе прамая здрада інтарэсаў РФ. І гэта ўсё адбываецца на фоне стратаў. Войскі трэба папаўняць, салдат не можа адзін ваяваць. Ён не можа ваяваць, калі ў падраздзяленнях недахоп асабовага складу 50-60 працэнтаў. Ён не можа адзін выстаяць на мяжы, на якім павінны стаяць двое ці трое. Усе гэтыя лічбы старанна хаваюцца», – адзначыў ён.

Прыгожын дадаў, што калі так будзе працягвацца далей, «мы застанемся без галоўнага, без Расеі».

Ён таксама задаўся пытаннямі, якім коштам афіцыйная Масква вядзе вайну і дзеля чаго. Няўжо РФ паплаціцца войскам для таго, каб «нейкі Швондэр атрымаў маршальскую зорку», кажа ён.

«Контрнаступленне ЗСУ нясе нам сур’ёзныя праблемы і страты, пра якія замоўчваюць, пра якія не ведае расейскі народ. Калі бяда прыйдзе, паўтараю, мы можам застацца без войска і без Расеі», – падсумаваў Прыгожын.

Раней кіраўнік ПВК «Вагнэр» скардзіўся, што расейскім салдатам не хапае пітной вады, паколькі ў арміі ўвялі рэгламентаваную норму спажывання. Але ў спякотнае надвор’е на перадавой яна не закрывае патрэбнасцяў.

Агляд
«Жаба-гадзюкінг» прыватных войскаў. У Расеі пасварыліся прыгожынцы з кадыраўцамі
2023.06.01 22:09

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў