Хадаркоўскі: Пуцін гатовы выкарыстаць Беларусь як адмазку, каб ядравы ўдар у адказ быў па ёй


Калі Уладзімір Пуцін пастановіць выкарыстаць ядравую зброю, то будзе ўжываць Беларусь як пункт, з якога можна запусціць ракеты і не атрымаць адказу па тэрыторыі Расеі. Пра гэта ў інтэрв’ю «Белсату» сказаў расейскі апазіцыйны палітык Міхаіл Хадаркоўскі на Форуме свабоднай Расеі, які адбыўся 26 траўня ў Вільні.

Міхаіл Хадаркоўскі (справа) і Гары Каспараў на Форуме свабоднай Расеі ў Вільні.
Фота: «Белсат»

«Размяшчэнне ядравага ўзбраення на тэрыторыі Беларусі мае два непрыемныя сэнсы. Па-першае, гэта паказвае спробу інтэграцыі Беларусі ўнутры пуцінскай Расеі, што, на мой погляд, павінна быць начным жахам для любой краіны, нават якая жыве пад уладай Аляксандра Лукашэнкі. А па-другое, тое, што Уладзімір Пуцін гатовы ў нейкі момант выкарыстоўваць Беларусь як адмазку, каб не пачынаць глабальнай ядравай вайны, а перанесці ядравы ўдар у адказ на тэрыторыю Беларусі. І адно, і другое, на мой погляд, зусім сумна», – заявіў Міхаіл Хадаркоўскі.

«Нельга перакласці адказнасць на Беларусь»

Адзінае, што могуць зрабіць сёння прадстаўнікі дэмакратычнай Расеі, каб «спыніць ядравы грыб», гэта размаўляць з заходнімі ўрадамі і тлумачыць ім, што такога дапусціць нельга, мяркуе палітык:

«Пераконваць іх у тым, каб яны вельмі выразна казалі Уладзіміру Пуціну, што, маўляў, хлопец, такі вось прыкол не пракоціць, нельга перакласці адказнасць за тваё рашэнне на Беларусь».

Палітык выказаў меркаванне, што гаварыць з гэтай нагоды з Аляксандрам Лукашэнкам ужо не мае сэнсу: «Вы ж бачылі, у якім ён стане. І разумееце, нягледзячы на тое, што для Пуціна Лукашэнка не самы ўдалы партнёр, на сёння ён абсалютна падкантрольны Крамлю чалавек. Ён, вядома, спрабуе яшчэ нешта рабіць. Але калі ты да сябе на тэрыторыю пусціў чужыя войскі, то ўвогуле, ведаеце, як у нас кажуць, позна піць «Баржомі».

Каспараў: Нічога спыніць нельга, пакуль Украіна не пераможа ў вайне

У сваю чаргу расейскі палітык Гары Каспараў мяркуе, што за размяшчэннем расейскай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі не будзе «нейкіх сур’ёзных дзеянняў».

«Гэта працяг той жа палітыкі ядравага шантажу. Крэмль выкарыстоўвае любую магчымасць, каб запалохаць заходні свет. Натуральна, такое пагадненне выкліча новую хвалю, якую пагоняць панікёры на Захадзе – пуцінскія лабісты. Яны будуць крычаць пра новыя пагрозы ядравай вайны і тое, што трэба прымусіць Украіну сесці за стол перамоваў», – кажа Каспараў.

Але гэта, на думку палітыка, нічога не зменіць. «Адчайная спроба Пуціна», які прадбачыць паразу, спрабуе такім чынам паўплываць на заходніх палітыкаў, каб спыніць непазбежны ўкраінскі наступ, ні да чаго не прывядзе, шантаж не атрымаецца.

«Захад паставіў на перамогу Украіны, і мы бачым, як паступова прыбывае новая зброя, праходзяць трэнаванні. Гэты працэс ужо запушчаны. І каб яго спыніць, трэба больш, чымся нейкая заява Пуціна з Лукашэнкам пра тое, што яны размесцяць у Беларусі ядравую зброю. Ну, сказалі і сказалі, у прынцыпе», – мяркуе Каспараў.

Паводле палітыка, стаўленне Захаду да Аляксандра Лукашэнкі ў звязку з размяшчэннем расейскай ядравай зброі ў Беларусі таксама не зменіцца. Для заходніх палітыкаў ён ужо не самастойная постаць, і ўся ягоная «здольнасць да самастойных рашэнняў практычна зведзеная да нуля».

Hавiны
Такаеў ацаніў жарт Лукашэнкі пра ядравую зброю і ўступленне ў саюз Беларусі і Расеі
2023.05.29 13:11

«Так што гэты рух аднабаковы. Беларусь губляе рэшткі суверэнітэту, калі ўжо не ператварылася ў плацдарм для расейскай агрэсіі. І ясна, што здольнасці Лукашэнкі манеўраваць і пазбягаць поўнага падпарадкавання Расеі не стае для таго, каб спыніць хаду гісторыі», – падкрэсліў Каспараў.

Што плануюць зрабіць расейскія дэмакратычныя сілы, каб спыніць гэта ядравае вар’яцтва? «Насамрэч нічога спыніць нельга, пакуль Украіна не пераможа ў вайне», – сказаў на заканчэнне Гары Каспараў.

Форум свабоднай Расеі праходзіў у Вільні ўжо 9-ы раз. У цэнтры ўвагі цяперашняй канферэнцыі была вайсковая агрэсія Расеі супраць Украіны і будучыня Расейскай Федэрацыі. Удзел у узялі Міхаіл Хадаркоўскі, Гары Каспараў, Ян Рачынскі ды іншыя.

Святлана Ціханоўская: Ядравая зброя не парасон, а мішэнь

Міністры абароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу 25 траўня падчас сустрэчы ў Менску падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак размяшчэння расейскай нестратэгічнай ядравай зброі ў спецыяльным сховішчы на тэрыторыі Беларусі.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская ў афіцыйным звароце да беларусаў у дзень падпісання дакументаў падкрэсліла, што расейская ядравая зброя на тэрыторыі Беларусі робіць нашую краіну мішэнню.

«Ядравая зброя – ніякі не парасон, які абароніць ад небяспекі. Гэта ў першую чаргу мішэнь, цэль для ўдару ў адказ. Гэта беспасярэдняя пагроза здароўю і жыццю беларусаў», – заявіла Святлана Ціханоўская.

У звароце беларуская лідарка падкрэсліла, што дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо працуюць з міжнароднымі арганізацыямі, нацыянальнымі ўрадамі і лідарамі асноўных краінаў свету над стратэгіяй дзеянняў.

Палітычны аглядальнік праекту @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі ў жывым эфіры студыі «Белсату» назваў падпісанне дакументаў міністрамі абароны Беларусі і Расеі пра размяшчэнне ядравай зброі «інфармацыйна-псіхалагічнай аперацыяй», але не выключыў таго, што «шантаж можа перарасці ў рэальныя справы».

«Расейцы ўжо цяпер трымаюць і сваю зброю, і тэхніку ў Беларусі. І хто ім перашкодзіць у нейкую гадзіну Ч проста падвезці гэтыя боегалоўкі да сваіх «Іскандэраў» і пальнуць з Беларусі? А потым зваліць усё на Лукашэнку, каб адказ прыляцеў менавіта беларусам», – сказаў эксперт.

Каментар
Аляксандр Класкоўскі: Хто ім перашкодзіць лупянуць з Беларусі і зваліць усё на Лукашэнку?..
2023.05.26 16:35

Віктар Хрэнін заявіў, што размяшчэнне нестратэгічнай расейскай ядравай зброі ў Беларусі ёсць адказам «на агрэсіўную палітыку несяброўскіх нам краінаў». Ягоны расейскі калега Сяргей Шайгу падкрэсліў падчас падпісання дакументаў, што Расея не будзе перадаваць кантролю над нестратэгічнай ядраваю зброяй Беларусі. Выкарыстоўваць яе ці не, будзе вызначаць Масква.

belsat.eu

Стужка навінаў