Аляксандр Класкоўскі: Хто ім перашкодзіць лупянуць з Беларусі і зваліць усё на Лукашэнку?..


«Тое, што мы чуем і што разгортваецца на нашых вачах у гэтым ядравым сюжэце, – гэта найперш інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя», – гэтак палітычны аглядальнік праекту @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі пракаментаваў у жывым эфіры «Белсату» нядаўнія заявы міністраў абароны Беларусі і Расеі аб вызначэнні парадку ўтрымання расейскай ядравай зброі на тэрыторыі РБ.

Аляксандр Класкоўскі, беларускі журналіст, палітычны аглядальнік.
Фота: АВ / Белсат

«Гэта найперш такая інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя. Таму што Крэмль хоча напалохаць Захад, прымусіць да нейкіх мірных перамоваў, каб у выніку падпісаць замірэнне на нявыгадных для Кіева ўмовах. На гэта ўсё і разлічанае», – сказаў Аляксандр Класкоўскі.

Паводле яго, два генералы «проста ўзялі пад казырок» і зрабілі тое, пра што раней дамовіліся два правадыры, крамлёўскі і менскі. Але пры гэтым, упэўнены аналітык, рэй вядзе Уладзімір Пуцін, а «Аляксандр Лукашэнка яму проста падгульвае», хоць і мае ўласныя ядравыя амбіцыі.

«Шантаж можа перарасці ў рэальныя справы»

Не надта жорсткую рэакцыю Захаду на словы Лукашэнкі пра тое, што ядравыя боегалоўкі ўжо едуць у Беларусь, Аляксандр Класкоўскі тлумачыць тым, што словы Лукашэнкі «трэба дзяліць на два, а іншым разам і на дзесяць».

«Або ўвогуле не прымаць на веру. Таму ці сапраўды гэтыя боезарады ўжо перамяшчаюцца, пра што ён заяўляе, нам невядома. Ды і па выніку мы не будзем ведаць. Магчыма, нам пакажуць па беларускім тэлебачанні гэтае сховішча, але што там будзе, можа, качаны капусты ці бульба ляжаць, мы не даведаемся», – кажа палітычны аглядальнік.

Што тычыцца Расеі, то Аляксандр Класкоўскі лічыць, што ЗША і іншыя краіны NATO паводзяцца ў дачыненні яе асцярожна, бо не хочуць паддавацца на гульню Уладзіміра Пуціна, на ягоны шантаж.

«Іншая рэч, што гэты шантаж можа перарасці і ў рэальныя справы. Бо да 24 лютага 2022 года многія аналітыкі лічылі, што Пуцін не наважыцца напасці на Украіну, маўляў, гэта толькі гульня мускулаў. Але высветлілася, што наважыўся. Таму і цяпер трэба ўсё-такі рабіць папраўку на ягоную авантурнасць, на тое, што ён закусіў цуглі. І таму не толькі размяшчэнне, але ў нейкай сітуацыі і ўдар гэтай тактычнай ядравай зброяй выключаць на сто адсоткаў у сённяшняй ці заўтрашняй сітуацыі нельга», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

«Каб «ответка» прыляцела беларусам»

Аналітык звяртае таксама ўвагу на тое, што Аляксандр Лукашэнка мае пэўную рацыю, калі кажа, што будзе «так ці іначай распараджацца расейскай ядравай зброяй», бо патэнцыйныя яе носьбіты – самалёты і перададзеныя Расеяй «Іскандэры» – стаяць на ўзбраенні Узброеных сілаў РБ. Але Крэмль, кажа Класкоўскі, не збіраецца рэалізоўваць так званы прынцып двух гузікаў.

«Таму што, па-першае, фармальна не хоча парушаць дамовы аб нераспаўсюдзе ядравага ўзбраення. І, па-другое, Пуцін у душы ўсё ж такі разумее, што Лукашэнка – такі фрукт, якому даваць у рукі кантроль над ядравай зброяй сабе даражэй будзе, як кажуць расейцы. Таму гэта ўсё такая гульня», – лічыць Аляксандр Класкоўскі.

Hавiны
Святлана Ціханоўская: Ядравая зброя на тэрыторыі Беларусі – гэта цэль для ўдару ў адказ
2023.05.25 21:50

Эксперт кажа, што трэба ўлічваць і тое, што Лукашэнка не вечны. І «калі сёння ў дачыненнях з Крамлём ён упірацца рогам, то заўтра на чале Беларусі можа быць пастаўленая такая марыянетка, якая толькі пад казырок будзе браць». І тады ўжо не будзе розніцы, беларускія гэта фармальна «Іскандэры» ці расейскія.

«Ну і потым расейцы ўжо цяпер трымаюць і сваю зброю, войскі і тэхніку ў Беларусі. І хто ім перашкодзіць у нейкую гадзіну чэ, так бы мовіць, проста падвезці гэтыя боегалоўкі да сваіх «Іскандэраў» і лупянуць з Беларусі? А потым зваліць усё на Лукашэнку, каб, як кажуць у Расеі, «ответка» прыляцела менавіта беларусам», – гаворыць Аляксандр Класкоўскі.

«Лукашэнка паспяхова рухаецца ў бок Паўночнай Карэі»

Паводле палітолага, жаданні і мары Лукашэнкі «мець ядравы дручок», каб яго баяліся «праклятыя супастаты» – характэрнае жаданне ўсіх дыктатараў. І Лукашэнка тут глядзіць на «нашчадкаў дынастыі Кімаў» у Паўночнай Карэі, перад якой «вымушаная вытанцоўваць нават Амерыка», бо «атрымаць у свой гарод ядравую ракету ніводная вялікая дзяржава не хоча».

Але Класкоўскі не выключае, што з дапамогай ядравай зброі Лукашэнка хоча таксама выкарыстаць «сямейны варыянт» перадачы ўлады, як гэта робіцца ў той жа Паўночнай Карэі.

«Калі ён кажа, што наеўся ўлады і ягоныя сыны не будуць прэзідэнтамі, то тут вялікае падазрэнне, што аднаго са сваіх сыноў – а ён, як бачна, найбольш любіць малодшага – бачыць, напэўна, у сваіх марах і летуценнях сваім прадаўжальнікам. Як у азербайджанскім ці туркменскім выпадку. У Еўропе гэта цяжэй зрабіць, але пасля 2020 года Лукашэнка рве гэтыя шаблоны і «паспяхова» рухаецца ў бок той самай Паўночнай Карэі.

Так што нічога дзіўнага ў гэтых летуценнях няма. Тым больш мы бачым, што ён нікому не давярае, перадаць стырно Наталлі Качанавай для яго страшна. Таму сямейны варыянт быў бы для Лукашэнкі найлепшы», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

25 траўня падчас сустрэчы ў Менску міністры абароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак утрымання расейскай нестратэгічнай ядравай зброі ў спецыяльным сховішчы на тэрыторыі Беларусі. Прадстаўнік Еўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасці Пэтэр Стана ў той жа дзень заявіў, што падпісаныя ў Менску дакументы вядуць толькі да эскалацыі канфлікту.

Інтэрв’ю
Генерал Роман Полька: Ядравая зброя ў Беларусі? Проста Пуцін перагуляў Лукашэнку
2023.04.17 16:34

belsat.eu

Стужка навінаў