Святлана Ціханоўская: Ядравая зброя на тэрыторыі Беларусі – гэта цэль для ўдару ў адказ


У сваім звароце да беларусаў Святлана Ціханоўская адзначыла, што два месяцы таму дыктатары толькі заяўлялі пра намеры размяшчэння ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі, а сёння ўжо падпісалі адпаведныя дамовы.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Вільня, Літва. 21 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Ядравая зброя, кажа абраная прэзідэнтка, гэта ніякі не парасон, які абароніць ад небяспекі, «гэта ў першую чаргу мішэнь, цэль для ўдару ў адказ». Гэта прамая пагроза жыццю і здароўю беларусаў, якія супраць размяшчэння ядравай зброі ў сваёй краіне.

«Размяшчэнне ядравай зброі ў нашай краіне ўзмоцніць і без таго велізарны кантроль Расеі над Беларуссю. Гэтую зброю складана будзе вывесці, яна можа стаць прадметам гандлю і агрэсіі з боку Расеі. Наступствы гэтага будуць гадамі разграбаць беларусы», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

Паводле яе словаў, пасля чарнобыльскай трагедыі беларусы, як ніхто, ведаюць цану міру і бяспекі. Але менавіта зараз, на яе думку, мір і бяспека кожнага беларуса знаходзяцца пад пагрозай. Бо ядравая зброя па волі дыктатара зноў можа вярнуцца ў Беларусь.

«Але мы з вамі, – кажа Ціханоўская, – павінны зрабіць усё, каб сарваць планы Пуціна і Лукашэнкі па размяшчэнні ядравай зброі з Беларусі. Нашая галоўная мэта – цалкам пазбавіць Беларусь расейскага ўплыву. Выйсці з АДКБ і Саюзнай дзяржавы – бо нам не патрэбныя саюзы, якія разбураюць нашу краіну, супярэчаць нашым інтарэсам і ставяць пад пагрозу нашы жыцці».

Дэмакратычныя сілы, адзначыла абраная прэзідэнтка, ужо працуюць з міжнароднымі арганізацыямі, нацыянальнымі ўрадамі, лідарамі вядучых краін свету над стратэгіяй дзеянняў. «Але нам не абысціся без вашай дапамогі і падтрымкі», – кажа Ціханоўская.

Яна пералічыла, што для гэтага можа рабіць кожны беларус ужо зараз.

Беларусаў унутры краіны яна заклікала сачыць за навінамі ў незалежных СМІ, распаўсюджваць інфармацыю аб тым, што адбываецца ў краіне і пра рызыкі, звязаныя з распаўсюджаннем ядравай зброі, далучацца да грамадскіх ініцыятываў і кампаніяў, але пры гэтым абавязкова сачыць за ўласнай бяспекай.

Да беларусаў замежжа Святлана Ціханоўская звярнулася з просьбай распаўсюджваць інфармацыю пра ядравую зброю ў тых краінах, дзе яны знаходзяцца, расказваць у медыях пра сітуацыю ў Беларусі, размаўляць з мясцовымі палітыкамі і пераконваць іх, што размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі – гэта праблема для ўсёй Еўропы.

«І самае галоўнае – не заставайцеся абыякавымі. Ад нашых дзеянняў залежыць, што будзе з Беларуссю і ці змогуць там жыць нашыя дзеці. Вырашаць, што рабіць з краінай, павінны не дыктатар, а народ», – завершыла свой зварот Святлана Ціханоўская.

Раман Шавель belsat.eu

 

Стужка навінаў