news
Рэпартаж
Колькі беларусаў за незалежнасць, колькі за Лукашэнку, колькі чакае пераменаў – і што рабіць
База падтрымання не расце, беларусы чакаюць пераменаў, ды вакно магчымасцяў пакуль зачыненае.
17.11.202307:00

Беларускія і польскія эксперты абмеркавалі ў Варшаве хісткасць рэжыму Лукашэнкі. «Белсат» пераказвае цікавыя думкі, заявы і лічбы.

У Інстытуце філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук (IFIS PAN) 16 лістапада прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Аўтарытарызм пад пагрозаю. Рэжым Беларусі пасля выбараў 2020 года: стан і перспектывы трансфармацыі». Навукоўцы паставілі на мэце шматбакова ацаніць стан беларускай палітычнай сістэмы пасля выбараў-2020 і імаверных сцэнароў далейшага развіцця Беларусі.

«Белсат» выступіў медыйным партнёрам канферэнцыі, а ў першай дыскусіі канферэнцыі мадэратаркай выступіла вядоўца перадачы «Intermarium» на «Белсаце» Наста Ільіна.

навукова-практычная канферэнцыя ў IFIS PAN
Злева направа: Пётр Рудкоўскі, Павел Баркоўскі, Артур Міхальскі, Наста Ільіна і Анджэй Гняздоўскі на канферэнцыі «Аўтарытарызм пад пагрозай». Варшава, Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Ва ўступным слове палітолаг Пётр Рудкоўскі згадаў, як у групе экспертаў анансаваў канферэнцыю. Адзін чалавек падумаў, што няправільна пачуў назву: як гэта, у Беларусі «аўтарытарызм пад пагрозаю»? Рудкоўскі ж прапануе ўважлівей паглядзець на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які мае свае слабасці і рызыкі.

База падтрымкі Лукашэнкі – 26 %, шмат ягоных прыхільнікаў не бачылі жыцця без яго

Адмысловы прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Польшчы ў сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі згадаў, што прыехаў амбасадарам у Беларусь у час «лібералізацыі», якую ўлады Беларусі дазволілі сабе, бо не бачылі пагрозы. Цяперашнія ж рэпрэсіі, эвалюцыя аўтарытарызму ў таталітарызм, сведчаць, што рэжым адчувае пагрозу, бо стан грамадства пасля 2020 года ўжо іншы – грамадства стала праціўнікам улады. Патэнцыялу на рост у рэжыму няма, ідзе працэс гніення, таму рэжым асуджаны на паразу, мяркуе ён.

Артур Міхальскі, адмысловы прадстаўнік МЗС Польшчы ў сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Варшава, Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Павел Баркоўскі, філосаф і сацыяльны аналітык, казаў, што для нармальнага аўтарытарызму грамадства мусіць быць, словамі Лукашэнкі, нармалізаванае – каб не лезла ў палітыку. Гэтай нармальнасці рэжым Лукашэнкі ўсё яшчэ не адчувае: чым больш «ворагаў» садзіш, тым больш новых «ворагаў» утвараецца. І грамадства ўсё яшчэ вельмі палітызаванае: як паказваюць апытанні, каля 40 % людзей цікавяцца палітыкаю, што шмат для любой еўрапейскай краіны.

Рэжым Лукашэнкі, як адзначыў Баркоўскі, ніколі не быў нацыянальна арыентаваным – за выключэннем асобных чыноўнікаў кшталту экс-міністра культуры Паўла Латушкі (які цяпер у апазіцыі рэжыму – у Пераходным кабінеце). Рэжым не бачыў вартасці ў беларускай культурніцкай традыцыі, а толькі вёў палітычную гульню з Расеяй: даць трошкі беларускай аўтэнтыкі, каб сказаць Уладзіміру Пуціну «беларусы не расейцы», бо калі былі б расейцамі, дык навошта Беларусі нерасейскі кіраўнік. Цяпер Лукашэнка не мае гэтага козыру, не можа дазволіць існаваць «беларускаму гета», але Пуціну пакуль проста нявыгадная магчымая дэстабілізацыя пры змене кіраўніка ў Беларусі або змене сцягоў на расейскія. Лукашэнка ў шахматным цугцвангу: мусіць рабіць шкодныя хады, каб не здацца адразу.

Павел Баркоўскі, IFIS PAN. Варшава, Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

База падтрымання Лукашэнкі – каля 26 % у шэрагу апытанняў, якія згадваў Баркоўскі. Хай гэта не мэмныя 3 %, але і не 50 ці 80, як расказвае прапаганда. Гэтая база падтрымання, што важна, не павялічваецца.

Ды Баркоўскі згадаў адно апытанне, вынікі якога не публікаваліся. З таго апытання вынікае, што галоўная база Лукашэнкі цяпер – людзі 18–30 гадоў. Яны нарадзіліся за Лукашэнкам, іх вучылі не мець сваіх думак і цынічна ставіцца да ідэалогіі. Аналітык заклікае: паглядзіце на суддзяў і пракурораў – там шмат хлопцаў і дзяўчат! Свядомыя лукашысты, кажа аналітык, – гэта цынічныя кар’ерысты, якія не адчуваюць асаблівай адказнасці за сваю краіну, а развязваюць прагматычныя справы. Пенсіянеры ж, як паказалі пратэсты, зусім не аднародныя, там ёсць праціўнікі Лукашэнкі.

Увайсці ў Расею хочуць 4 %, а больш як дзве траціны – за незалежнасць

Прафесар Андрэй Вардамацкі, заснавальнік Беларускай аналітычнай майстэрні, расказаў пра некалькі высноваў з сацыялагічных даследаванняў. Агульную атмасферу ў Беларусі ён апісаў дзвюма карцінкамі. Грамадства да 2020 года – шклянка з рознымі элементамі: кружочкамі, квадрацікамі, зорачкамі ды іншым. Цяпер, пасля 2020-га, са шклянкі выціскаюць усё, што не квадрацікі. У шклянцы-Беларусі зніжаецца разнастайнасць, выроўніваюцца кіроўная сістэма і тое, чым яна кіруе. Але ў шклянцы ёсць пэўныя канстанты.

Прафесар Андрэй Вардамацкі (BAW). На фоне – выява шклянкі-Беларусі. Варшава, Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У тэлефонным апытанні 1000 рэспандэнтаў, вынікі якога паказаў Вардамацкі, падтрыманне ўваходу Беларусі ў саюз з Расеяй паволі спадала з часам, але рэзка абвалілася з 55 % да 40 % між вераснем і снежнем 2019 года, у той жа час падтрыманне ўваходу ў Еўразвяз скокнула з 24 % у 32 %. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне беларусы, згодна з вынікамі апытання, не адвярнуліся ад Расеі, падтрыманне саюзу з Расеяй падскочыла. Вардамацкі тлумачыць гэта ўплывам расейскіх медыяў, моцнаю прапагандай. Але ён адзначае рэзістэнтнасць беларусаў: пасля скачка ў пачатку вайны прарасейскія настроі сталі паступова падаць. І давер да расейскіх дзяржаўных медыяў, колькі б намаганняў яны ні прыкладалі, не большы, чымся да незалежных беларускіх.

Ёсць і геапалітычная канстанта: больш як дзве траціны беларусаў – за незалежнасць Беларусі ад Расеі пры захаванні прыязных стасункаў і адкрытых межаў, але за ўваход Беларусі ў склад Расеі – толькі 4 %. За міжурадавы саюз Беларусі і Расеі (без паглынання) 13 %, за незалежнасць з межамі і візамі – 12 %. Гэтыя лічбы з цягам часу практычна не змяняюцца. Таксама, дадаў Вардамацкі, у беларусаў ёсць канстанта адчування надзеі.

Рэпартаж
«Ніякія рэпрэсіі Лукашэнкі не перакрэсляць памяць пра змаганне, у якім вы ўдзельнічалі»: французскі прафесар пра беларускую «прыпыненую» рэвалюцыю
2023.07.09 08:00

Акрамя таго, у 2020 годзе ў Беларусі адбылася зафіксаваная сацыёлагамі вулканічная змена каштоўнаснай арыентаванасці: каштоўнасці самавыражэння да таго паціху станавіліся больш важнымі для беларусаў, у 2020 годзе жа скокнулі ў важнасці. І гэта ўжо няпроста адкаціць назад, мяркуе Вардамацкі.

І беларусы кансалідаваныя без сцяга: больш за 80 % супраць увядзення беларускіх войскаў ва Украіну, хай пры тым больш за 40 % і кажуць, што станоўча ставяцца да размяшчэння расейскіх войскаў у Беларусі. Тое, што беларусы не ўспрымаюць расейскіх войскаў як акупацыйных, Вардамацкі назваў геапалітычным рамантызмам.

Што далей? 41 % чакаюць пераменаў

Аналітык Польскага інстытуту міжнародных справаў Анна Дынэр расказала, што Захад не можа разглядаць сітуацыі ў Беларусі ў адрыве ад вайны ва Украіне ды падзеяў у Расеі. У найбліжэйшай перспектыве, калі не скончыцца вайна ва Украіне, немагчымыя істотныя змены ў Беларусі – найперш таму, як Беларусь разглядае Расея. Таму дэмакратычны свет разглядае Беларусь як частку расейскай вайсковай прасторы і крыніцы пагрозаў.

Канферэнцыя «Аўтарытарызм пад пагрозай». Злева направа: Павэл Коваль, Павел Усаў, Пётр Рудкоўскі (спінай), Анна Дынэр, Аліна Коўшык, Паўлюк Быкоўскі, Максім Руст, Каміль Клысіньскі. Варшава, Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Палітолаг Павел Усаў адзначыў, што змены ў Беларусі малаімаверныя, але з папраўкаю: калі не будзе «чорных лебедзяў» кшталту мяцяжу вагнэраўцаў. Адлігі ў Беларусі ён не чакае, а чакае стагнацыі сістэмы. На патэнцыйныя прэзідэнцкія выбары 2025 года глядзіць як на спробу Лукашэнкі аднавіць легітымнасць. Сыход Лукашэнкі з пасады прэзідэнта ў Прэзідыум Усебеларускага народнага сходу быў бы небяспечны для сістэмы. Усаў верыць, што Лукашэнка хоча быць прэзідэнтам да канца жыцця (а Дынэр пазней нагадала, што Лукашэнка знаёмы з лёсам Нурсултана Назарбаева).

Ды трэба ўлічваць фактар Расеі – у 2024 годзе там будуць, як сказаў Усаў, выбары Пуціна. Таксама «чорны лебедзь» можа прыляцець з боку фізічнага стану Лукашэнкі і Пуціна – немаладых асобаў у стрэсавай сітуацыі. Але, заўважыў Усаў, крамлёўская сістэма кансалідаваная, ва ўладзе Расеі склалася група людзей, якія захочуць у выпадку смерці Пуціна перахапіць уладу і захаваць сістэму. Шанцы на перабудову расейскай сістэмы Усаў ацэньвае як невысокія, хай і не нулявыя.

Павел Усаў, UW. Варшава, Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык расказала пра сацыялагічныя звесткі за верасень, крыніцу якіх не стала называць з меркаванняў бяспекі. Гэтак, 41 % асобаў у Беларусі маюць запыт на палітычныя змены ў краіне. З улікам пагрозы рэпрэсіяў гэта вельмі шмат, кажа яна, і паказнік не спадае. Можна казаць, што беларускае грамадства палярызаванае, але палярызаванае ў той ці іншай ступені любое грамадства. А ўлады не прапануюць сцэнароў пазітыўных зменаў, толькі пужаюць вонкавымі ворагамі. Хай змены малаімаверныя цяпер, але трэба быць да іх гатовымі, а таксама будаваць масты з суседзямі, найбольш зацікаўленымі ў станоўчых зменах у Беларусі.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў у 2024 годзе, прагназуе Коўшык, пройдуць ціха і незаўважна, а дэмакратычныя сілы паспрабуюць даць альтэрнатыву: выбары ў Каардынацыйную раду. Разглядаюцца (але яшчэ не ўхваленыя) і сцэнары нейкіх дзеянняў адносна лукашэнкаўскіх выбараў – не ўдзелу, але, магчыма, актыўнага байкоту.

Андрэй Вардамацкі і Артур Міхальскі. Варшава, Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Эксперт «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі выказаў сумневы ў тым, што ўвагу беларусаў удасца перацягнуць з лукашэнкаўскіх выбараў на выбары ў Каардынацыйную раду. Ён нагадаў, што лукашэнкаўскія выбары ўжо на носе, а кансалідаванай стратэгіі апазіцыі на іх няма. Разам з тым, Быкоўскі перакананы: калі адкрыецца вакно магчымасцяў, людзі могуць перастаць баяцца патрабаваць зменаў. Найбольш імаверны сцэнар – бег на месцы, але рэвалюцыі ніколі не адбываліся прадказальна, нагадаў ён, а часам не адразу нават было заўважна, што рэвалюцыя адбылася.

Большасць удзельнікаў канферэнцыі разглядала два сцэнары: Лукашэнка сыходзіць і замест яго прыходзяць дэмакратычныя сілы, Лукашэнка застаецца на пасадзе прэзідэнта або нават калі сыходзіць, то сістэма Лукашэнкі захоўваецца. Але даследнік Каміль Клысіньскі, галоўны эксперт у справах Беларусі, Малдовы і Украіны польскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў згадаў пра імавернасць трэцяга сцэнара: не змена ўлады, а нешта сярэдняе, аморфнае і цякучае, неакрэсленае. Укараненне новых паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу нават пад жорсткім кантролем уладаў уносіць непрадказальнасць, бо яму даюць шырокія паўнамоцтвы. Не выключана, што нават такі орган можа стацца платформаю для новага павароту.

Пётр Рудкоўскі і Пётр Ліхач. Варшава, Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Пётр Рудкоўскі па выніках адзначыў, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ўсё яшчэ могуць выклікаць актывізацыю грамадства, нават калі здаецца, што ўсё вельмі зачышчана і апатычна. Гэтыя выбары наўрад ці пойдуць паводле сцэнара нейкіх мінулых беларускіх выбараў, але стануцца момантам асаблівага выкліку для сістэмы. У час кампаніі ўжо мусіць функцыянаваць Усебеларускі сход, мае аформіцца партыя ўлады. Будзе момант рашэння для Лукашэнкі: заставацца на той жа пасадзе, пайсці старшынём Усебеларускага сходу ці скамбінаваць пасады, і кожны з гэтых варыянтаў нясе свае рызыкі.

Дык што рабіць тут і цяпер?

На думку Рудкоўскага, якую ён выказаў «Белсату», тыя, хто цяпер у бяспецы, перадусім мусяць захаваць сваю тоеснасць – не толькі ў нацыянальным сэнсе застацца беларусамі, але думкамі і дзеяннямі падтрымліваць той кірунак, які ўтварыўся ў 2020 годзе і ўсё яшчэ не развязаны, чакае працягу. Ён таксама заклікаў беларусаў за мяжою да салідарнасці з тымі, хто застаецца ў Беларусі.

А тым, хто ў Беларусі, раіць паводзіць сябе асцярожна, берагчы сябе і блізкіх. У Беларусі яшчэ застаюцца пэўныя прасторы, у якіх можна бяспечна дзеяць на карысць пераменаў, але найважней – захаваць сілы на момант больш спрыяльных акалічнасцяў. Яшчэ невядома, якія будуць тыя спрыяльныя акалічнасці, але раней ці пазней, упэўнены Рудкоўскі, яны з’явяцца.

Разбор
Хэпі-энд для Беларусі. Чатыры сцэнары таго, як ён можа адбыцца
2023.06.30 07:15

Алесь Наваборскі. Фота: Карына Пашко belsat.eu