У Кіеве прайшла канферэнцыя каліноўцаў. На ёй амаль падпісалі супольныя дакументы


Абмеркаванне стратэгіі вызвалення Беларусі, справаздача паводле аўдыту палка Каліноўскага і напалову падпісаныя супольныя дакументы – у Кіеве прайшла канферэнцыя прадстаўнікоў нацыянальна-вызвольнага руху Беларусі «Шлях да волі». Тая самая, якую каліновец Павел (Віллі) Кухта анансаваў на II канферэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні. Перад падзеяй рабочая група, у якую ўвайшлі асноўныя структуры беларускіх дэмакратычных сілаў, працавала над двума дакументамі, але калі прыйшоў час іх падпісаць, у зале амаль не аказалася прадстаўнікоў з правам подпісу.

Байцы палка Кастуся Каліноўскага з пазыўнымі Дзядзька і Дэн пад гімн «Пагоні» выносяць палкавы сцяг на сцэну памяшкання, дзе праходзіць канферэнцыя «Шлях да волі». У цэнтры кадру – камандзір палка Дзяніс Прохараў з пазыўным Кіт. Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

Каб не зрабіцца прадметам гандлю іншых краінаў

Прысутных папрасілі ўстаць: пад гімн «Пагоня» беларускія добраахвотнікі ўрачыста вынеслі бела-чырвоны-белы сцяг з гербам палка Каліноўскага, пасля прагучаў гімн Украіны. Можна сесці – зыніцыяваная Фондам Кастуся Каліноўскага канферэнцыя «Шлях да волі» ў Кіеве пачалася. Сярод удзельнікаў беларускія добраахвотнікі, прадстаўнікі палітычных дэмакратычных структураў, народныя дэпутаты Украіны.

Месца сустрэчы паведамілі ўдзельнікам толькі раніцай. У сакрэтнай зале залатая ляпніна, залатая жырандоль і залатыя крэслы. Паводле рэгламенту, тэлефоны з увагі на бяспеку мусяць быць выключаныя, фатаграфаваць альбо адкрываць сацсеткі на ноўтбуках не дазваляецца. Зрэшты, хутка тэлефоны ўсё роўна пачалі ўздымацца, каб рабіць здымкі.

Лідары беларускіх дэмакратычных сілаў асабіста да канферэнцыі не далучыліся. Святлана Ціханоўская звярнулася да каліноўцаў з вітальнымі словамі праз відэа (пазней яна таксама праз відэасувязь прамаўляла на адной з панэляў). «Я думаю, вы таксама адчулі, як гэта бывае цяжка сабраць усіх разам і якой цярплівасці гэта патрабуе. У нас могуць быць розныя палітычныя погляды, але ў нас ёсць супольная мэта – свабодная Беларусь», – сказала яна напачатку.

Баец палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным Дэн на канферэнцыі «Шлях да волі». Гэта адзін з самых вядомых беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну. Менавіта ягоная фатаграфія з баявой задачы была абраная арганізатарамі канферэнцыі яе своеасаблівым сімвалам. Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

Народны дэпутат Украіны Багдан Ярэменка агучыў заяву міжфракцыйнага аб’яднання дэпутатаў «За дэмакратычную Беларусь» Вярхоўнай Рады Украіны, у якой яно звяртаецца да прэзідэнта Украіны, кабінету міністраў Украіны ды Вярхоўнай Рады Украіны з заклікам зрабіць усё магчымае для падтрымання беларускага руху супраціву. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ў сваім відэазвароце падкрэсліла неабходнасць супольнай стратэгіі дзеянняў, без якой Беларусь «можа зноў, як у ХХ стагоддзі, зрабіцца прадметам гандлю іншых краінаў замест таго, каб самастойна вызначаць свой лёс».

Hавiны
«У нас могуць быць розныя палітычныя погляды, але ў нас супольная мэта» – Святлана Ціханоўская прывітала ўдзельнікаў канферэнцыі каліноўцаў
2023.11.29 15:07

Абвясцілі хвіліну маўчання па загінулых ва Украіне беларускіх ваярах. Да мікрафона выйшаў ксёндз Вячаслаў Барок і сказаў, што нам трэба гаварыць аб тым, як стварыць сваё войска: «Нам патрэбная свая ўзброеная сіла, якая будзе здольная даць прама прапарцыйны адказ на любыя выклікі і пагрозы агрэсара. Гасподзь дазволіў у гэтым свеце з’явіцца такой нацыі, якая называецца беларусы, а калі Гасподзь дазволіў нам быць, жыць, то Гасподзь і дае нам права абараняць сваё жыццё і абараняць сваю краіну».

На канферэнцыі, паводле арганізатараў, мусіла адбыцца абмеркаванне стратэгіі вызвалення Беларусі, стварэнне кансультацыйнай пляцоўкі для рыхтавання і рэалізацыі гэтай стратэгіі ды падпісанне дакументаў.

«Беларусы, рыхтуйце рукі да рукапашнай»

Акурат да стратэгіі вызвалення Беларусі спікеры прыступілі на першай з трох дыскусійных панэляў. «Нашае цела дэмакратычных сілаў – гэта нейкі халадзец», – сказаў кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько, маўляў, трэба пераўтварацца ў кулак. На канферэнцыі ішло менавіта абмеркаванне стратэгіі, а не, як можна было чакаць, збор канкрэтных прапановаў, хаця часамі са словаў спікераў здавалася, што нейкія напрацоўкі існуюць. Канкрэтныя напрацоўкі, як урэшце высветлілася, сапраўды былі, толькі не пра стратэгію.

Народны дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Багдан Ярэменка (партыя «Слуга народу») выступае перад прысутнымі на канферэнцыі «Шлях да волі». Багдан ёсць сябрам дэпутацкага абʼяднання «За дэмакратычную Беларусь», якое адстойвае правы беларускіх добраахвотнікаў і лаяльных Украіне беларусаў. Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

«Гэта не стратэгія ў поўным сэнсе, але на пляцоўцы, якая ствараецца, спадзяемся, яна будзе выпрацаваная, узгодненая і выконвацца, – сказаў палітычны прадстаўнік палка Каліноўскага Дзмітрый Шчыгельскі. – Нам неабходна ствараць сілу, якая можа прымусіць перайсці да перамоваў, пры гэтым без Лукашэнкі як абсалютна непрымальнага для большасці беларускага народу чалавека. Мы лічым: каб дэакупаваць Беларусь і прымусіць рэжым перайсці да перамоваў, трэба выкарыстоўваць усе магчымасці – палітычныя, дыпламатычныя, санкцыйныя, міжнародна-прававыя і сілавыя».

Паводле спікера Каардынацыйнай рады Андрэя Ягорава, стратэгія дэмакратычных сілаў мусіць уключаць не толькі беларускія суб’екты, але таксама міжнародных партнёраў Беларусі і, вядома, Украіну: «Без стратэгіі з яснымі мэтамі вызвалення Беларусі ад гібрыднай акупацыі, перазаснавання Беларусі як нацыянальнай дзяржавы, вяртання ўлады беларукаму народу мы не можам думаць пра тое, што сённяшні крызіс вырашыцца».

Намеснік камандзіра палка Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук гаварыў пра дыпламатычны ціск за кошт дэлегітымізацыі і крыміналізацыі рэжыму Лукашэнкі і грамадскі ціск за кошт узмацнення санкцыяў на прадстаўнікоў пралукашэнкаўскага бізнесу і вайсковую прамысловасць, правядзенне акцыяў грамадскага непадпарадкавання і разбурэнне беларускага і расейскага ВПК.

Андрэй Ягораў, спікер Каардынацыйнай рады, слухае пытанне аднаго з удзельнікаў канферэнцыі «Шлях да волі» падчас дыскусійнай панэлі, прысвечанай абмеркаванню стратэгіі аб’яднання і вызвалення Беларусі. Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

«Я не ведаю, у якой форме мы будзем вызваляць Беларусь, могуць быць розныя падыходы і канцэпцыі, – сказаў Вадзім Кабанчук, – Але мне відавочна, што гэты рэжым, які з’яўляецца вытворнай ад рашысцкага рэжыму Пуціна, ніколі не пойдзе сам, нават калі Лукашэнка здохне, ён перадасць уладу малодшаму ці старэйшаму сыну, таму, беларусы, рыхтуйце рукі да рукапашнай, без гэтага не абыдзецца».

На пазіцыю аднаго з галоўных партнёраў тут прапаноўваецца Украіна, бо «ніхто так добра не разумее беларусаў, як украінцы, і ніхто так не разумее ўкраінцаў, як беларусы», ды спрэс гучыць, што вырашаць будзе ўрэшце народ Беларусі ўнутры краіны.

«Гэта не букет, а жалобны вянок»

Святлана Ціханоўская распачала размову пра беларуска-ўкраінскія стасункі. «Без свабоднай Украіны не будзе свабоднай Беларусі, але і без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Украіны», – сказала дэмакратычная лідарка праз відэасувязь і пасля выступу знікла. Народныя дэпутаты Сяргей Собалеў і Багдан Ярэменка адказвалі на дыскусіі за палітычныя сілы Украіны, а прадстаўніца Каардынацыйнай рады Паліна Бродзік альбо Юліяна Шаметавец ад «Кіберпартызанаў» – за беларускую дэмакратычную супольнасць.

Наведнікі канферэнцыі «Шлях да волі», ініцыяванай Фондам Кастуся Каліноўскага. Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

Хіба самая эмацыйная частка цэлай «дэмакратычнай» канферэнцыі, дзе кожны можа выказацца, пачалася. «Ёсць такі выраз «хай квітнее сто кветак». Тое, што мы робім сёння, – гэта жалобны вянок, а не букет са ста кветак», – бескампрамісна пракаментавала па выніку стваральніца суполкі «Хватит бояться» Таццяна Мартынава. Тым не менш, гэты «жалобны вянок» быў далікатны і паважлівы адзін да аднога. «Мы перасталі называць беларускую апазіцыю беларускай апазіцыяй. Давайце вызначымся, што Лукашэнка – калабарант, а гэта не апазіцыя, а дэмакратычныя сілы, якія прадстаўляюць народ Беларусі», – такога кшталту каментары гучалі з залы.

Полк Каліноўскага сімвалічна завяршыў частку, уручыўшы падзяку міжфракцыйнаму аб’яднанню дэпутатаў «За дэмакратычную Беларусь», а прысутным паабяцалі, што самае важнае – наперадзе.

«Можа быць гістарычная справа, а можа быць вялікая ганьба»

«Пазняк мусіў быць адразу!» – выказваўся хтосьці з удзельнікаў раней. Але Зянон Пазняк далучыўся да трэцяй часткі, праанансаванай як самая важная на сустрэчы. «Можа стаць гістарычнай справай, а можа – вялікай ганьбай», – сказаў вядоўца перад панэллю.

Для пачатку прадстаўніца палка Каліноўскага адсправаздачылася аб фінансах фармавання ад 1 ліпеня 2023 года, назваўшы сумы і асноўны склад выдаткаў, ды прэзентавала вынікі аўдыту, праведзенага былым кіраўніком аўдытарскай палаты Украіны. Паводле вынікаў, імавернасць махлярства мінімальная ці адсутнічае ўвогуле. З вынікамі аўдыту ў зялёнай тэчцы прапанавалі тут жа знаёміцца асабіста.

Ініцыяваная Фондам Кастуся Каліноўскага канферэнцыя «Шлях да волі». На здымку – Анатоль Лябедзька, Юліяна Шаметавец, Паліна Бродзік, Юрый Кміць, Сяргей Собалеў, Багдан Ярэменка і мадэратар Яўген Магда. Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

А калі слова перадалі Зянону Пазняку, ён пачаў каментаваць пэўны дакумент, і толькі калі скончыў, стала вядома, што адмысловая рабочая група, у якую ўвайшлі асноўныя структуры беларускіх дэмакратычных сілаў, ці то месяц, ці то два працавала над двума дакументамі да подпісу. Гаворка пра Мемарандум па выніках канферэнцыі і Адозву да вольных народаў свету. Хіба задача абодвух – засведчыць дэклараванне супольных намаганняў. Абодва дакументы зачыталі тут жа. Зрэшты, выявілася, што не ўсе прысутныя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў былі з імі знаёмыя.

Дзяніс Прохараў з пазыўным Кіт падышоў падпісаць дакументы ад імя палка Каліноўскага першым. Калі ж дайшло да Анатоля Лябедзькі, што рэпрэзентуе Офіс Святланы Ціханоўскай, то ён падпісаў іх ад імя «Еўрапейскага дыялогу». Генадзь Манько паставіў подпіс ад сябе асабіста, маўляў, Аб’яднаны пераходны кабінет патрабуе дзень-два на прыняцце рашэння аб подпісе. Андрэй Ягораў таксама паставіў подпіс ад сябе асабіста: Каардынацыйная рада павінна прагаласаваць за подпіс. Зянон Пазняк звярнуў увагу на зробленыя раней заўвагі, але пагадзіўся, што падпіша дакумент з будучай яго дапрацоўкай.

Удзельнікі яшчэ доўга абмяркоўвалі дакумент і чаму, хоць ён і рыхтаваўся загадзя, да канферэнцыі далучыліся прадстаўнікі без права яго подпісу. Па выніку арганізатары прапанавалі фармат, у якім дакумент будзе дапрацоўвацца – у тым ліку паводле заўвагаў Зянона Пазняка ды заўважаных граматычных памылак – і падпісвацца.

«А што, калі дакумент па выніку не будзе падпісаны?» – спыталі ў Вячаслава Барка. «Не падпісвайце, чалавек мае вольную волю, але пекла існуе», – адказаў той, і ўсе рассмяяліся. Да абодвух дакументаў, як паведамілі, беларускія рухі і арганізацыі змогуць далучацца на сваё жаданне.

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў