Звыш 136 тысяч беларусаў пацярпелі ад рэпрэсіяў з траўня-2020. Даследаванне «Justice Hub»


У Беларусі чыняцца злачынствы супраць чалавецтва, заяўляюць даследнікі. І гэта абавязвае міжнародную супольнасць рэагаваць. У даследаванні не толькі пералічваюць задакументаваныя злачынствы, але і даюць прапановы аб тым, як з імі змагацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нядаўна памерлы за кратамі мастак Алесь Пушкін трымае бел-чырвона-белы сцяг перад байцамі АМАП на акцыі пратэсту. Лета 2020 года.
Фота: асабісты архіў Алеся Пушкіна

Даследаванне «Злачынствы супраць чалавецтва ў Беларусі: юрыдычны аналіз і варыянты адказнасці» на 114 старонак апублікаваў Цэнтр закону і дэмакратыі «Justice Hub», заснаваны ў ліпені 2021 года з ініцыятывы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту пры падтрыманні Еўрапарламенту. Даклад даступны на ангельскай мове ў фармаце PDF.

Аўтары дакладу – нідэрландская экспертка ў міжнародным праве, доктарка Марыке дэ Гоўн (Marieke De Hoon), беларускі эксперт у міжнародным праве і былы дыпламат Андрэй Васільеў і вядомая беларуская адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна.

⚠️ Звярніце ўвагу: ніжэй будуць апісаныя катаванні, гэты тэкст не для людзей са слабымі нервамі.

Якія злачынствы супраць чалавецтва згадалі даследнікі

У даследаванні падлічылі колькасць зняволеных, катаваных, забітых, згвалтаваных, выкрадзеных і зніклых, асуджаных, дэпартаваных і вымушаных уцякаць з Беларусі з палітычных прычынаў, пачынаючы з траўня 2020 года (менавіта ў канцы таго траўня былі затрыманыя Сяргей Ціханоўскі і фігуранты «справы Ціханоўскага», у тым ліку палітык Мікола Статкевіч).

Пазбаўленых волі ў сувязі з пратэстамі ў той ці іншай форме за рэалізацыю палітычных правоў, або са значным парушэннем права на справядлівы суд і адвольным характарам прысуду, або без легальнай падставы, паводле розных крыніцаў, толькі за першы год з выбараў-2020 было не менш за 30–35 тысячаў чалавек. Арышты працягваліся і ў 2022 годзе, і ў 2023-м. Цяпер у Беларусі каля 1500 чалавек прызнаныя палітвязнямі і застаюцца ў няволі.

Да катаванняў, згодна Рымскаму статуту, адносяць не толькі прычыненне фізічнага болю і пакутаў, але таксама і прычыненне ментальных пакутаў, калі яны не звязаныя з законнымі захадамі адносна зняволеных. За першы год рэпрэсіяў беларусы падалі следчым 4644 скаргі на такія катаванні, але ўлады іх адрынулі – і пачалі пераследаваць праваабаронцаў, юрыстаў, актывістаў і журналістаў.

Разбор
«Катуюць не палітвязняў, а тых, хто мае «жоўтую бірку». Ці трэба баяцца статуса палітзняволенага?
2023.04.23 08:00

У Беларусі сілавікі шырока і сістэмна жорстка збівалі людзей, без прычыны пазбаўлялі магчымасці рухацца (не толькі закоўвалі ў кайданкі – напрыклад, падвешвалі за рукі, скаваныя за спінай, або прымушалі стаяць на каленах 18 гадзінаў), душылі з мяшкамі на галаве, ужывалі электрашокеры, прымусова распраналі, чынілі сексуальны гвалт (задакументаваныя сярод іншага шэсць згвалтаванняў у міліцэйскіх пастарунках і машынах – чатырох мужчынаў і двух хлопцаў) і прыцэльна білі па геніталіях, труцілі хімічнымі рэчывамі (як то залівалі камеры хлёркай або аблівалі ўжо зняволеных пярцовым газам), пазбаўлялі сну, ладзілі псіхічныя катаванні (як то пагражалі жыццю і здароўю не толькі затрыманых, але і іхных блізкіх, пагражалі сексуальным гвалтам).

76 % затрыманых пасля 9 жніўня 2020 года, апытаных Міжнародным камітэтам расследавання катаванняў у Беларусі, паведамілі пра моцнае збіванне іх рукамі, нагамі, дручкамі – найчасцей білі людзей у аўтазаках, калі тыя ляжалі тварам уніз. Многія згадвалі «калідоры смерці» – зняволеных праганялі па вузкіх калідорах, па баках якіх стаялі сілавікі, якія збівалі тых, хто бег праз калідор. Збіццё магло працягвацца гадзінамі. Усе просьбы аб медычнай дапамозе былі адхіленыя.

У даследаванні згадваюцца як непасрэдныя забойствы з палітычных матываў, так і смерці ў зняволенні. Названыя імёны застрэленых на пратэстах Аляксандра Тарайкоўскага і Генадзя Шутава, застрэленага ў сваёй кватэры Андрэя Зельцара (адзначаецца, што ён супраціўляўся арышту, бо сілавікі паводзілі сябе як рабаўнікі), памерлых у выніку катаванняў Аляксандра Віхора, Дзяніса Кузняцова, Рамана Бандарэнкі, Вітольда Ашурка, памерлых у няволі без належнай медычнай дапамогі Сяргея Шчацінкі, Алены Амелінай, Мікалая Клімовіча. Адзначаецца, што яшчэ многія памерлі пры нявысветленых абставінах, некаторыя падазроныя смерці названыя самагубствамі.

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за часы лукашызму
2023.07.13 08:00

Асобна даследнікі падкрэсліваюць, што, слова «дэпартацыя» не абавязкова значыць ужыванне фізічнай сілы для выкідання чалавека на іншую тэрыторыю, а значыць таксама і прымус з’ехаць, пры якім ахвяра не мае іншага выбару на фоне апісаных вышэй катаванняў і забойстваў, пагрозы зняволення (міжнароднае крымінальнае права таксама лічыць гэта дэпартацыяй, гвалтоўным перамяшчэннем). З траўня 2020 года з гэткіх прычынаў Беларусь пакінулі звыш 100 тысяч чалавек – без уліку тых, каго прымусова выкінулі за мяжу. Сярод іншага, згадваецца прыклад выкрадання і прымусовай дэпартацыі, у якім Івана Краўцова і Антона Раднянкова прымусілі сысці ва Украіну, а выкрадзеную разам з імі Марыю Калеснікаву не змаглі прымусіць сысці, асудзілі на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Згадваюць і прымусовыя дэпартацыі ў Еўразвяз мігрантаў з трэціх краінаў: людзі пераважна з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі – гэта не толькі інструмент супраць Еўразвязу, але і ахвяры гвалту ўладаў Беларусі.

Агулам колькасць пацярпелых ад розных формаў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі з траўня 2020 года ўжо перавышае 136 тысяч чалавек з улікам тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну. Ацэнка відавочна мінімальная.

Што з таго, што пра гэта зноў напісалі

Мэтаю даследавання, як пішуць даследнікі, быў аналіз злачынстваў згодна стандартам міжнароднага крымінальнага права. Яно скіраванае перадусім на палітыкаў і расследавальнікаў і мусіць паспрыяць распрацоўцы эфектыўных захадаў у адказ на задакументаваныя зверствы.

Аўтары заяўляюць, што даследаванне адпавядае стандартам, каб даваць «разумныя падставы верыць» у тое, што рэжымам Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага цывільнага насельніцтва былі ўчыненыя злачынствы супраць чалавецтва, а атака на беларусаў носіць шырокі і сістэмны характар – характар дзяржаўнай палітыкі.

Згодна артыкулу 1(1) Статуту Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, міжнародная супольнасць абавязаная прымаць эфектыўныя калектыўныя захады для перадухілення і ліквідацыі гэткіх злачынстваў супраць чалавецтва, якія ўяўляюць пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы, адзначаюць даследнікі.

Злачынствы закранаюць не толькі Беларусь, а Польшчу, Літву, Латвію і Украіну, а значыць, трапляюць пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага судуа Даследнікі апісваюць і іншыя варыянты судоў у Беларусі і за мяжою адпаведна дактрыне ўніверсальнай юрысдыкцыі, прапаноўваюць варыянт стварэння спецыяльнага трыбуналу аб злачынствах супраць чалавецтва ў Беларусі.

Інтэрв’ю
«Чаму беларусы так здзекуюцца над беларусамі?». Размова з Марынай Касінеравай, стваральніцай dissidentby.com
2023.05.21 15:52

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў