Беларускі мартыралог. Яны загінулі за часы лукашызму


Кіраванне Аляксандра Лукашэнкі амаль ад самога пачатку суправаджалася смерцю і знікненнем ягоных палітычных апанентаў. Пасля ж пройгрышу ім прэзідэнцкіх выбараў 2020 года колькасць ахвяраў сярод праціўнікаў дыктатуры стала расці яшчэ хутчэй.

Міліцыянер паведамляе пратэстоўцам, што дэманстрацыя незаконная і скончыцца затрыманнем удзельнікаў. Некалькі дзясяткаў чалавек узялі ўдзел у акцыі пратэсту, прымеркаванай да 7-й гадавіны знікнення Юрыя Захаранкі, аднаго з лідараў беларускай апазіцыі. Менск, Беларусь. 10 траўня 2006 года. Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

«Белсат» склаў спіс тых беларускіх палітыкаў, актывістаў, журналістаў і простых дэманстрантаў, якія загінулі, зніклі без вестак або памерлі пры падазроных абставінах з 1994 года. У пералік уключаныя і ахвяры міліцэйскага гвалту з 2020 года.

Загінулі да 2020 года

Анатоль Майсеня. Журналіст-расследавальнік і палітолаг трапіў у аварыю 12 лістапада 1996 года – за 12 дзён да рэферэндуму, праціўнікам якога ён быў. Афіцыйна ён заснуў за стырном і памёр па дарозе ў шпіталь. Былы міністр унутраных справаў Юрый Захаранка лічыў ягоную гібель забойствам.

Аляксей Філіпчанка. Праваабаронца і юрыст з Наваполацку, вычарпаўшы ўсе легальныя спосабы дапамогі простым людзям у супрацьстаянні з чыноўнікамі, 6 ліпеня 1998 года ўчыніў самаспаленне перад будынкам гарадскога суду. Праз 23 дні ён памёр.

Аляўціна Воранава, жанчына, якой дапамагаў перад смерцю юрыст, у палаце Філіпчанкі.
Фота: «Віцебскі кур’ер» / nashaniva.com

Генадзь Карпенка. Былы кіраўнік Маладзечна і віцэ-старшыня Вярхоўнага Савету памёр ад інсульту 6 красавіка 1999 года. У 1996 годзе ён быў адным з ініцыятараў імпічменту Аляксандра Лукашэнкі, а пасля стаў адным з лідараў апазіцыі і збіраўся балатавацца на альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах 1999 года. Незадоўга да смерці ён заяўляў, што яго спрабавалі атруціць, а ў 1996 годзе ягоны аўтамабіль абстралялі.

Арнольд Пячэрскі. Старшыня прафсаюзу «Садружнасць» і давераная асоба альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты Міхаіла Чыгіра арганізоўваў акцыю пратэсту 1 траўня 1999 года, але 24 красавіка ягоны аўтамабіль трапіў у аварыю. Афіцыйная версія – заснуў кіроўца, які сам пры гэтым не пацярпеў.

Юрый Захаранка. Былы міністр унутраных справаў і разжалаваны Лукашэнкам генерал-маёр знік 7 траўня 1999 года. З лютага 1998 года ён узначальваў Камітэт бяспекі аб’яднанай апазіцыі. Паводле шматлікіх сведчанняў за выкраданнем і пазнейшым забойствам стаялі «эскадроны смерці» Лукашэнкі.

Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. 16 верасня 1999 года знік яшчэ адзін праціўнік Лукашэнкі падчас рэферэндуму 1996 года – былы старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар. У 1999 годзе ён узначаліў альтэрнатыўны парламент і арганізоўваў працу альтэрнатыўнага ЦВК. Разам з ім знік і ягоны сябар бізнесовец Анатоль Красоўскі, які спансаваў дэмакратычны рух. У іх смерці таксама вінавацяць «эскадроны смерці».

Дзмітрый Завадскі. Беларускі журналіст расейскага ОРТ і былы асабісты аператар Лукашэнкі знік 7 ліпеня 2000 года, калі ехаў сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета. На думку апошняга, за выкраданнем таксама стаялі лукашэнкаўскія сілавікі. Паводле афіцыйнай версіі – гэта зрабілі байцы «Алмазу», пра якіх распавядаў журналіст.

Андрэй Зайцаў. Гомельскі актывіст «Зубра» скончыў жыццё самагубствам 20 снежня 2001 года праз ціск і спробы вербавання з боку КДБ. Каб прымусіць яго стаць інфарматарам, яго збівалі і пагражалі крымінальным пераследам, у тым ліку сяброў і сваякоў.

Вераніка Чаркасава. Журналістка была забітая 20 кастрычніка 2004 года ў сваёй кватэры. Забойца нанёс ёй 46 нажавых удараў. Паводле журналісцкага расследавання, нагодай магла стаць сабраная Чаркасавай інфармацыя пра незаконны гандаль зброяй з Іракам. А прафесійны кілер проста інсцэнаваў забойства на бытавой глебе.

Васіль Гроднікаў. Чарговы журналіст загінуў 17 кастрычніка 2005 года ў выніку «кантакту з тупым прадметам». Перад тым ён ужо перажыў адзін замах. Прычынай забойства магло стаць расследаванне кватэрных махінацыяў з удзелам супрацоўнікаў КДБ і МУС.

Яна Палякова. Праваабаронца і актывістка з Салігорску была асуджаная за «паклёп» на міліцыянта на 2,5 гады «хіміі», яе збівалі і цкавалі ў дзяржаўнай прэсе. 7 сакавіка 2009 года яна скончыла жыццё самагубствам.

Алег Бябенін. Рэдактар «Хартыі 97» і сябар каманды апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава быў знойдзены павешаным 3 верасня 2010 года за тры месяцы да прэзідэнцкіх выбараў. Відавочцы казалі пра сляды гвалту на ягоным целе.

Люты 1999 года. Чальцы аргкамітэту «Хартыі’97» (злева направа) Зміцер Бандарэнка, Андрэй Саннікаў і Алег Бябенін.
Фота: Юрый Дзядзінкін / «Абажур»

Павел Шарамет. Журналіст і асабісты праціўнік Лукашэнкі быў забіты 20 ліпеня 2016 года ў Кіеве. Узарвалася выбухоўка, прымацаваная да аўтамабілю, у якім ён ехаў. У 2021 годзе стала вядома, што кіраўнік КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў раней ставіў падначаленым задачу падарваць Шарамета.

Ахвяры тэрору з 2020 года

Аляксандр Тарайкоўскі. Забіты 10 жніўня 2020 года прыблізна ў 23:00 прамым стрэлам недалёка каля станцыі метро «Пушкінская» ў Менску, калі ішоў у бок групы сілавікоў з узнятымі ўгору рукамі. Спачатку афіцыйная версія сцвярджала, што ён спрабаваў кінуць выбухоўку, але пасля давялося прызнаць, што ён быў бяззбройным.

Аляксандр Віхор. Затрыманы ў Гомлі 9 жніўня 2020 года. Праз тры дні яго даставілі з СІЗА ў псіханеўралагічны дыспансер, дзе яго адмовіліся прымаць, а пазней у стане клінічнай смерці і з ацёкам галаўнога мозгу – у тубдыспансер. Рэанімаваць хлопца ўжо не змаглі.

Генадзь Шутаў. Яму 11 жніўня 2020 года ў Берасці стрэліў у галаву пераапрануты ў цывільнае капітан спецназу Раман Гаўрылаў. Мужчына памёр 19 жніўня. Забойца быў прызнаны пацярпелым, а сведку забойства Аляксандра Кардзюкова асудзілі на 10 гадоў калоніі.

Канстанцін Шышмакоў. Дырэктар музею ў Ваўкавыску знік 15 жніўня 2020 года па дарозе дадому з працы. Ён быў сябрам выбарчай камісіі і адмовіўся ўкідваць фальшывыя бюлетэні ў выбарчую скрынку, а таксама падпісваць выніковы пратакол на выбарах. 18 жніўня мужчыну знайшлі павешаным у лесе. На целе Шышмакова былі бачныя гематомы і драпіны.

Мікіта Крыўцоў. Футбольны фанат быў удзельнікам паслявыбарчых пратэстаў у Маладзечне. Знік па дарозе на працу 12 жніўня 2020 года, а 22 жніўня быў знойдзены павешаным у Менску.

Пахаванне Мікіты Краўцова
Пахаваньне ўдзельніка пратэстаў Мікіты Краўцова. Мікіта знік 12 жніўня. Паводле сваякоў, раніцай гэтага дня ён паехаў на працу ў пасёлак Каралёў Стан пад Менскам. Цела Мікіты Крыўцова знайшлі 22 жніўня ў лесапаласе ў межах Менску. Паводле паведамлення СК, ён задушыўся, слядоў крымінальнага характару на целе не было. Па факту смерці крымінальнай справы ўлады не распачалі. Маладзечна, Беларусь. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Аляксандр Будніцкі. Знік 11 жніўня 2020 года ў Менску. Пра смерць стала вядома 31 жніўня. Яго цела знайшлі ў парку каля ўніверсама «Рыга», дзе адбываліся сутычкі пратэстоўцаў з сілавікамі. Афіцыйная дата смерці – 12 жніўня.

Генадзь Кісель. Работнік «Беларуськалію» быў забіты 12 жніўня 2020 года вартаўніком салігорскага КДБ Леанідам Штайдам ударам садовых нажніцаў у шыю. Прычына – Кісель выказваўся ў сацсетках супраць палітыкі лукашэнкаўскага рэжыму.

Арцём Парукаў. Удзельнік пратэстаў загінуў у ноч на 16 жніўня 2020 года пад коламі аўтамабіля на Партызанскім праспекце ў Менску. Паводле неафіцыйнай версіі, ён трапіў пад машыну, спрабуючы ад некага ўцячы.

Станіслаў Чур. Работнік Менскага электратэхнічнага заводу імя Казлова быў актыўным удзельнікам пратэстаў у жніўні 2020-га. 19 жніўня ён засіліўся на тэрыторыі заводу ў выніку канфліктаў з кіраўніцтвам.

Сяргей Радчэня. Жыхар Смалявічаў 18 верасня 2020 года абліўся гаручай вадкасцю і падпаліў сябе на ганку будынку смалявіцкай міліцыі. Памёр 25 верасня.

Дзяніс Кузняцоў. Памёр, атрымаўшы шматлікія траўмы цела і адкрытую чэрапна-мазгавую траўму ў ізалятары на Акрэсціна ў Менску. Яго шпіталізавалі 29 верасня 2020 года. Афіцыйна ён упаў з нараў, але сам ён перад смерцю паспеў паведаміць, што яго збілі супрацоўнікі Акрэсціна.

Раман Бандарэнка. 11 лістапада 2020 года быў збіты прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі, якія зразалі бела-чырвона-белыя стужкі ў двары аднаго з дамоў «Плошчы Перамен». У лякарню Бандарэнку даставілі з ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай і шматлікімі гематомамі. 12 лістапада, нягледзячы на праведзеную аперацыю, ён памёр.

Сяргей Шчацінка. Жыхара Асіповічаў затрымалі 12 лістапада 2020 года. Яму прысудзілі 10 содняў арышту. У зняволенні мужчына заразіўся каронавірусам і 11 снежня памёр ад хваробы.

Вітольд Ашурак. Грамадскі дзеяч з Бярозаўкі і актыўны ўдзельнік пратэстаў у студзені 2021 года быў асуджаны да пяці гадоў зняволення. 21 траўня 2021 года ён памёр у шклоўскай калоніі. Сваякі атрымалі цела з перабінтаванай галавой ад макаўкі да носу.

Дзмітрый Стахоўскі. Маладзён фігураваў у крымінальнай справе за ўдзел у пратэстаў у жніўні 2020 года. 25 траўня 2021 года пасля допыту ён скочыў з 16-павярховіка, абвінаваціўшы ў сваёй смерці Следчы камітэт.

Алена Амеліна. У верасні 2021 года адбывала пакаранне ў нечалавечых умовах у ізалятары на Акрэсціна, дзе хварэла на каронавірус. З ЦІП яе шпіталізавалі на штучную вентыляцыю лёгкіх, але выратаваць не здолелі.

Імя не раскрываецца. Мянчук быў затрыманы на самым пачатку верасня 2021 года за нацыянальны сцяг на балконе. Яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна, адкуль праз дзевяць дзён скіравалі ў больніцу, дзе ён і памёр.

Андрэй Зельцар. Айцішніка забілі супрацоўнікі КДБ ва ўласнай кватэры 28 верасня 2021 года пры «адпрацоўцы» адрасоў людзей, нібыта датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. Абараняючыся, ён паспеў забіць аднаго з нападнікаў – Дзмітрыя Федасюка.

Акцыя памяці Андрэя Зельцара адбылася ў Кіеве ля беларускай амбасады.  28 верасня 2021 года Андрэй Зельцар адкрыў агонь па супрацоўнікам КДБ, калі тыя ўварваліся да яго ў кватэру. У выніку мужчына быў забіты ў перастрэлцы. Кіеў, Украіна. 29 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Павел Сібілёў. Кіроўца аўтобусу атрымаў шматлікія раненні гранатай 10 жніўня 2020 года каля станцыі метро «Пушкінская» ў Менску. Раны спрычыніліся да анкалагічнага захворвання, і 10 кастрычніка 2021 года ён памёр.

Дзмітрый Усхопаў. Быў затрыманы 31 снежня 2021 года ў Рэчыцы двума міліцыянтамі. Праз некаторы час яго вынеслі з пастарунку ў стане клінічнай смерці. 1 студзеня 2022 года Усхопаў памёр. Пасля смерці сілавікі сталі затрымліваць ягоных блізкіх, некаторыя з іх уцяклі з Беларусі.

Дзмітрый Дудойць. Жыхар Смаргоні быў асуджаны да двух гадоў «хіміі» за каментар пра начальніка Ганцавіцкага РАУС. Адбываў пакаранне ў магілёўскай папраўчай установе адкрытага тыпу №43. 5 студзеня 2022 года ён скокнуў з моста і разбіўся, калі вяртаўся з паліклінікі без суправаджэння.

Максім Л. (прозвішча не раскрываецца). 24-гадовы жыхар Ваўкавыску 30 красавіка 2023 года выскачыў з кайданкамі на руках з акна 4-га паверха ў Ваўкавыскім РАУС выскачыў чалавек. Раней яго затрымлівалі ў Ваўкавыску 9 жніўня 2020 года.

Мікалай Клімовіч. Актывіст і блогер з Пінску быў асуджаны ў лютым 2023-га за карыкатуру на Лукашэнку. Ён атрымаў год зняволення, нягледзячы на цяжкую хваробу сэрца і інваліднасць. 7 траўня стала вядома пра яго смерць.

Андрэй Макарэвіч. Памёр 12 чэрвеня 2023 года ў камеры ЦІП на Акрэсціна ў Менску, дзе адбываў адміністратыўныя арышты за рэпосты.

Дзмітрый Арлоў. 8 ліпеня 2023 года выкінуўся ўніз галавою з верхняга паверху аднаго з карпусоў вязень бабруйскай калоніі, які адбываў пакаранне за незаконны абарот наркотыкаў. Прычынаю самагубства мог стаць вялікі тэрмін, які прысудзілі загінуламу (10 гадоў), і «асаблівае» стаўленне адміністрацыі да асуджаных за наркотыкі.

Алесь Пушкін. Мастак і акцыяніст, які неаднаразова ў сваіх творах крытыкаваў Лукашэнку, быў затрыманы 26 сакавіка 2021 года. За партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара яму прысудзілі пяць гадоў калоніі. У ноч на 11 ліпеня 2023 года ён памёр у рэанімацыі ў Горадні, куды яго даставілі напярэдадні з турмы.

Аналітыка
Некалькі смяротных прысудаў: якія законы парушыў Лукашэнка і што яго чакае на сумленным судзе
2022.05.03 17:52

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў