Сведку забойства Шутава перавялі з СІЗА ў магілёўскую калонію


Кардзюкова асудзілі на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, бо ён нібыта ўчыніў замах на забойства невядомых у цывільным, узброеных пісталетамі. Тыя аказаліся вайскоўцамі.

Аляксандр Кардзюкоў, сведка забойства Генадзя Шутава, у судзе. 19 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Палітычнага вязня Аляксандра Кардзюкова перавялі з СІЗА № 6 у Баранавічах у папраўчую калонію № 15 Вейна ў Магілёве. Пра гэта «Белсату» паведаміла ягоная жонка Марына Кардзюкова.

11 жніўня 2020 года падчас пратэстаў у Берасці спецназавец з Мар’інай Горкі Раман Гаўрылаў застрэліў мінака Генадзя Шутава. Кардзюкоў быў сведкам гэтага эпізоду. Яго затрымалі праз некалькі дзён.

Першапачаткова Кардзюкова вінавацілі ў супраціве працаўніку органаў унутраных справаў (ч. 2 арт. 363 КК РБ). Мужчыну пагражала да пяці гадоў пазбаўлення волі. Пазней абвінавачанне перакваліфікавалі ў замах на забойства (ч. 2 арт. 139 КК РБ) і асудзілі на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Забітага прызналі вінаватым, забойцу – пацярпелым. 14 траўня Вярхоўны Суд адхіліў апеляцыю.

Абноўлена
Вярхоўны Суд адхіліў апеляцыю ў справе застрэленага вайскоўцам Шутава. Сведку забойства – 10 гадоў калоніі
2021.05.14 13:21

Канфлікт, які прывёў да забойства Шутава, трапіў на некалькі вулічных камераў назірання. Відэа з іх і разбор пабачанага публікавала «Медиазона»: хоць сам момант забойства не відаць ні на адным запісе, бачна, што, насуперак афіцыйнай версіі, Шутаў і Кардзюкоў не нападалі на вайскоўцаў і не мелі ў руках арматуры ці металічных трубаў.

Таксама на берасцейскім судзе прызналі, што супраць мірных грамадзянаў падчас пратэстаў выкарыстоўваліся ўзброеныя сілы, што вайскоўцаў выпраўлялі ў горад у цывільным адзенні і з агнявою зброяй. Загад выкарыстаць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў аддаў камандуючы войскамі сілаў спецыяльных аперацыяў генерал-маёр Вадзім Дзенісенка, а ён тлумачыў, што падпарадкоўваўся міністру абароны. «Беларускі народны трыбунал» апублікаваў дакумент, з якога вынікае: Аляксандр Лукашэнка дазволіў выкарыстоўваць вайскоўцаў для разгону дэманстрацыяў сакрэтным указам у 2012 годзе.

Абноўлена
Узгадваем тых, чые смерці звязваюць з пратэстамі 2020 года. Што сёння кажуць следчыя і сваякі?
2021.05.11 14:00

АС belsat.eu

Стужка навінаў