«Практычна не было шанцаў на ўратаванне». Сталі вядомыя абставіны смерці Алеся Пушкіна


Крыніца, знаёмая з акалічнасцямі смерці мастака Алеся Пушкіна, распавяла выданню «MOST», што адбылося з палітвязнем у гарадзенскай лякарні.

Мастак Алесь Пушкін.
Фота: mediazona.by

У Алеся Пушкіна была прабадная язва, яму своечасова не дапамаглі ў турме. У лякарню мастака прывезлі 11 ліпеня ў непрытомным стане, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.

«Пушкіна прывезлі ў лякарню фактычна пры смерці. У яго быў развіты перытаніт, быў септычны стан і поліворганная недастатковасць. Калі казаць простай мовай, у яго была дзірка ў страўніку. Практычна не было шанцаў на ўратаванне», – распавяла крыніца.

Суразмоўца «MOST» патлумачыў, што прабадная язва выклікае востры боль, які прымушае пацыента адразу паскардзіцца на свой стан. Як правіла, у чалавека ёсць некалькі дзён, каб атрымаць дапамогу. Але калі не зрабіць аперацыі своечасова, прабадзенне язвы выкліча перытаніт і пасля – септычны шок.

«Сітуацыя з Пушкіным? Яго проста забілі ў турме, інакш я гэтага не назаву. Проста не магло быць такога, каб ён не звяртаўся ў турме па дапамогу, таму што такая клінічная карціна выклікае вельмі востры боль. Ён мусіў моцна пакутаваць, гэта як кінжал у жываце», – зазначыла крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

Рэпартаж
«Апошні перформанс». Беларусы нясуць знічы і кветкі да муралу з выявай Алеся Пушкіна ў Варшаве
2023.07.12 00:49

На думку суразмоўцы «MOST», язва ў Пушкіна магла запаліцца праз турэмнае харчаванне, а таксама адсутнасць медычнай дапамогі:

«Кормяць у гарадзенскай турме не вельмі, таксама сітуацыя з наданнем медычнай дапамогі там на нізкім узроўні. У выніку мы атрымліваем чарговую смерць палітвязня. Нельга замоўчваць такое бесчалавечнае стаўленне, беларусаў проста знішчаюць у турмах».

Паводле крыніцы журналістаў, за своечасовую дапамогу асуджаным у гарадзенскай турме адказвае начальнік медычнай часткі турмы Віктар Лутцаў. У ягоныя абавязкі ўваходзіць рашэнне аб шпіталізацыі.

Падобныя праблемы са здароўем у зняволенні ўзніклі ў Марыі Калеснікавай, але яе паспелі ўратаваць. У лістападзе 2022 года Марыя трапіла ў аддзяленне лякарні хуткай дапамогі Гомля з перытанітам, выкліканым прабадзеннем язвы.

Пра смерць Алеся Пушкіна ў рэанімацыі гарадзенскай лякарні стала вядома 11 ліпеня.

Агляд
Мастак, перформер, акцыяніст, палітвязень. Памёр Алесь Пушкін, які нічога не баяўся, акрамя Бога
2023.07.11 19:06

Алесь Пушкін – беларускі мастак, жывапісец-нонканфарміст, перформер, арт-куратар. Яго затрымалі ў сакавіку 2021 года і пакаралі 5 гадамі калоніі нібыта за глумленне з дзяржсімвалаў (арт. 370 КК РБ) і распальванне варожасці (ч. 3 арт. 130 КК).

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў